“Звезда”, 1923 год, пра праблему беспрацоўя сярод менскіх цырульнікаў:
“У Менску налічваецца цяпер 34 беспрацоўныя цырульнікі, што складае 25 адсоткаў агульнага ліку сяброў сэкцыі. Лічба для мясцовага маштабу салідная. Галоўнае ядро беспрацоўных складаюць уцекачы, што прысталі ў Менску і ня могуць выехаць, і дэмабілізаваныя чырвонаармейцы. Барацьба зь беспрацоўем зьяўляецца ў нас справай дзяржаўнай і грамадзкай. Сэкцыя цырульнікаў ня ў стане сама апанаваць гэтую задачу. Неабходная дапамога звонку. Будзем спадзявацца, што нашыя савецкія арганізацыі пачуюць голас пралетараў-цырульнікаў, якія перажываюць цяжкі пэрыяд беспрацоўя, і прыдуць ім на дапамогу”.
“Чырвоная зьмена”, 1933 год, Пастанова Савету Народных Камісараў БССР “Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу”:
“Беларускі нацыянал-дэмакратызм, выходзячы з сваіх буржуазных, контаррэвалюцыйных мэт, праводзіў падрыўную, шкодніцкую работу як на гаспадарчым, так і на культурным фронце, у тым ліку і ў галіне мовы, тэрміналёгіі і правапісу. Нацыянал-дэмакратызм імкнецца ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, стварыць штучны бар’ер паміж беларускай і расейскай мовамі. Існуючы беларускі правапіс значна засьмечан указанымі нацыянал-дэмакратычнымі плынямі і таму падлягае зьменам. Старшыня Савету Народных Камісараў БССР М.Галадзед. Кіраўнік спраў Савету Народных Камісараў БССР С.Кандыбовіч”.
“Народная газета”, 1993 год, “Сталічны транспарт у гарачцы”:
“На мяжы спыненьня знаходзяцца аўтобусныя паркі Менску. У чацьвер ім завезьлі толькі чвэрць нормы бэнзыну, а дызпаліва — палову. Як вынік, не адбыліся 192 прыгарадныя рэйсы. Учора да 11 гадзінаў паліва наогул не прывезьлі, і парк прыгарадных аўтобусаў, што працуюць на бэнзыне, спыніўся наогул. Прыкладна на чвэрць упалі аб’ёмы грузавых аўтамабільных перавозак у сталіцы за апошнія паўтары месяцы. Пяць дзён у жніўні прастаялі сталічныя таксаматоры, сытуацыю выратавала закупка бэнзыну па камэрцыйных коштах, што выклікала павелічэньне тарыфаў на перавозку”.