Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 26 ЖНІЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Савецкая Беларусь”, 1923 год, рэдакцыйны матэрыял, прысьвечаны Ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выставе:

“Перад павільёнам вялікі беларускі хор Беларускага Дзяржаўнага Тэатру ў нацыянальных касьцюмах вітае гасьцей “Інтэрнацыяналам” у беларускай мове і беларускімі народнымі песьнямі. У песьнях і сьледу няма тае забітасьці і прыніжанасьці беларусаў, якія па трафарэту зьвязаныя са словам “беларус”. Наадварот, у песьнях чулася магутная сіла народу, паўстаўшага да будаўніцтва новага жыцьця… Закруціліся ручкі кінематаграфічных апаратаў, зашчолкамі фатаграфічныя апараты, замільгалі алоўкі на блёк-нотах замежных журналістаў, а тысячны натоўп стаяў і слухаў, затрымліваючы задніх”.


“Чырвоная зьмена”, год 1933. Пад загалоўкам “Павялічым выпуск навучальных прылад” піянэрская база заводу імя Варашылава заклікае:

“Для пашырэньня нашай лёгкай прамысловасьці для выпуску прадукцыі шырспажыву і разгортваньню калгаснага гандлю, для пашырэньня політэхнічнага абсталяваньня і навучальных прылад патрэбны сыравінныя рэсурсы. Гэтай дадатковай сыравінай зьяўляюцца ўціль-адкіды вытворчасьці, фабрык, заводаў, саўгасаў, калгасаў. Надаючы вялікае значэньне гэтай рабоце ЦК МОПРу БССР узяў на сябе палітычны абавязак па зборы ўцільсыравіны і абвясьціў мопраўскі паход па зборы шляхам арганізацыі інтэрнацыянальных суботнікаў. Гэтым мы акажам вялікую дапамогу палітзьняволеным, якія гінуць у фашыстаўскіх турмах. Кожны піянэр абавязваецца здаць на пункт Беларускай канторы Саюзуціль адну пару старых галёш, поўкілёграма рызьзя, поўкілё касьцей і кілёграм макулатуры”.


“Европейское время”, 1993 год, Ігар Сінякевіч, “Моцны прэзыдэнт — добра ці дрэнна?”:

“Уласна кажучы, выбар паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам зводзіцца да наступнай дылемы. Пры дэмакратыі больш гарантыяў ад прыходу да ўлады няздольнага палітыка. Але ж у выпадку прыходу да ўлады здольнага дзяяча ў яго менш свабоды ў правядзеньні уласнай лініі. А пры аўтарытарных формах праўленьня — наадварот. Ніякіх перашкодаў для правядзеньня сваёй палітыкі ў кіраўніка дзяржавы няма. Але й ніякіх гарантыяў, што галавой краіны ня зробіцца вар’ят. Будзе дужа шкада, калі Беларусь на тым самым месцы сядзе, што й Расея з Украінай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG