“Наша ніва”, 1913 год. Артыкул “Паэты і алькаголь”:
“Шмат паміж вядомых паэтаў і пісьменьнікаў з усяго сьвету праз лад ужывалі спірытусных напіткаў. Праз нейкі час было нават перакананьне, што гэта ім памагало да самога пісаньня і што найважнейшыя думкі радзіліся толькі ў п’янай галаве. Тымчасам, як цяпер паказваецца, усё гэта непраўда. З запіскаў такіх вялікіх паэтаў і пісьменьнікаў, як Эдгар По, Тэафіль Готэ і другіх, каторыя шмат ужывалі алькаголю, відаць, што па п’янаму ніколі нічога добрага напісаць яны не маглі, а калі і пачалі якую працу, то ніводнай з іх ня скончылі, бо ўвесь час арганізм п’янага чэлавека вельмі скора слабее”.
“Вечерний Минск”, 1983 год. Нататка А.Стулавай “Чые красоўкі больш шчасьлівыя?”:
“Калі я прыйшла да танцзалі “Менск”, першае, што ўбачыла, была аб’ява: у спартовых тапках, кедах, красоўках уваход не дазволены. Пазьней у гутарцы з рэжысэрам танцавальнай залі Я.Мадорскім высьветлілася, што красоўкі транспартуюць у залю самым неверагодным чынам: перадаюць праз вокны, праносяць “кантрабандай”. Красоўкі цяпер — адзін з найбольш распаўсюджаных відаў абутку моладзі. Дыскатэкі — месца масавага адпачынку. Дык ці варта спрабаваць перакрыць плыню там, дзе яна не нясе з сабой нічога нягожага?”
“Мы и время”, 1993 год. Сяргей Алесьеў у артыкуле “Хто паслаў гэтых хлопчыкаў” настаўляе карэспандэнтаў “Народнай газеты”:
“Люблю “НГ”. Яна сумаваць не дае ніколі. Вось сабрала рэдакцыя за кошт піва-безалкагольнага аб’яднаньня “Крыніца” двух спэцкораў у Югаславію. Карэспандэнты, выказваючы масавы гераізм, калясілі па зруйнаванай краіне, а пасьля пісалі ў родны Менск заліхвацкія рэпартажы. За дакладнасьць іх зьместу няхай адказваюць самі аўтары. Сівы-Плыткевіч выдалі такое… Бязбожна перакруціўшы словы, яны скончылі свой опус страфой з рамансу Аляксандра Вярцінскага, напісанага ў кастрычніку 1917 году. Праўда, як сьцьвярджае Сівы-Плыткевіч, гэта былі “словы зь песьні Барыса Грабеншчыкава” (“НГ”, №154). Дарэчы, хлопцы, чаму вы Сівы-Плыткевіч, а не Ляпіс-Трубяцкі?”