“Савецкая Беларусь”, 1923 год:
“У Віленскай беларускай гімназіі адбыўся чацьвёрты ўжо выпуск скончыўшых гімназію. Выпускныя экзамэны трымалі 31 чалавек, вытрымалі 28, у тым ліку 19 хлапцоў і 9 дзяўчат. Па веры скончыўшыя дзеляцца так: праваслаўных — 12, каталікоў — 2, лютэранаў — 2 і жыдоў — 12. Тое, што ў Віленскай беларускай гімназіі супольна і дружна вучыцца моладзь розных рэлігіяў як хрысьціянскай, гэтак і жыдоўскай, моцна злуе польскіх чорнасоценцаў і застаўляе іх дабівацца зачыненьня гімназіі”.
“Народная газета”, 1993 год. Сяргей Ваганаў пад загалоўкам “Бясьсільле большасьці” разважае пра наш парлямэнт:
“Ёсьць спроба “падвязацца” не да расейскіх рэформаў, а да таннай расейскай сыравіны, не да расейскай дэмакратыі, а да расейскай вялікадзяржаўнасьці, замешанай на ідэалёгіі імпэрскага таталітарызму, не да расейскай цывілізаванай дыпляматыі, якая імкнецца мірна разьвязаць вузлы, што дасталіся ў спадчыну, а да расейскіх “стратэгічных інтарэсаў”… У гэтай спробе сувэрэнітэт робіцца разьменнай манэтай, свайго роду таварам, які можна выгадна прадаць ці, у крайнім выпадку, абмяняць па бартэру: вы нам нафту і ваенныя заказы, а мы… Ня можа быць моцнай і даўгавечнай большасьць, скалочаная страхам і самападманам”.
“Свабода”,1993 год. Артыкул “У суд на Кебіча”:
“Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў зьвярнулася ў суд Маскоўскага раёну г.Менску з пазовам да Старшыні Саўміна В.Кебіча. Студэнты патрабуюць прыцягнуць прэм’ера да адказнасьці за абразу іх арганізацыі. Маецца на ўвазе падпісанае В.Кебічам “Распараджэньне аб забароне праводзіць на тэрыторыі Беларусі “якія-колечы мерапрыемствы, зьвязаныя з так званым Саюзам Беларускай Моладзі”. Спроба менскіх студэнтаў правесьці 26 чэрвеня ў тэатры ймя Янкі Купалы вечарыну, прысьвечаную 50-м угодкам СБМ, названая “профашистским сборищем”. Такога кшталту абвінавачаньні і вымусілі студэнтаў зьвярнуцца ў суд. Як заявіў старшыня Рады Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Аляксей Глушко, “гэта вельмі падобна да таго, як у свой час ЦК КПБ забараняла сьвяткаваць Купальле, Каляды і г.д.”.