Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 30 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“ЛіМ”, 1933 год:

“З 6-га па 13-га ліпеня ў Ленінградзе знаходзіўся народны паэта Янка Купала. Сустрэнуты работнікамі кіно-фабрыкі “Савецкая Беларусь”, Янка Купала падзяліўся аб мэце свайго прыезду ў Ленінград: “Я прыехаў, каб азнаёміцца з сацыялістычным будаўніцтвам і культурнымі дасягненьнямі гораду Леніна, у якім я некалі да рэвалюцыі працаваў, вучыўся, пісаў свае першыя творы…” Дырэкцыя кіно-фабрыкі “Савецкая Беларусь” арганізавала сустрэчу Янкі Купалы з творчымі работнікамі. На спатканьні Янка Купала даў таварыскае абавязаньне выступіць з лістом да пісьменьнікаў БССР у стварэньні беларускай савецкай кінэматаграфіі. Для кіно-хронікі на фабрыцы зазьняты гукавым спосабам Янка Купала ў час чыткі ўрыўку сваёй новай паэмы “Над ракой Арэсай”.


“Народная газета”, 1993 год. Антон Піліпчык, намесьнік рэдактара газэты “Іўеўскі край”, піша:

“Калі вы думаеце, што сёньня ў прэсе пануе плюралізм думак, дык глыбока памыляецеся. Прынамсі, у “правінцыі” ім і ня пахне… Былыя першыя сакратары райкамаў, гаркамаў, абкамаў, якія паселі ў крэслы старшыняў саветаў, пачалі проста помсьціць сродкам масавай інфармацыі за спробы зрабіцца незалежнымі. А чаму ж гэтак не рабіць мясцовым кіраўнікам, калі сам старшыня нашага ўраду не перастае пацьвярджаць сваю адданасьць прынцыпу, сутнасьць якога заключаецца ў простай формуле: “Хто плаціць, той і замаўляе музыку”? Хоць насамрэч і старшыня Саўміну, і мясцовыя кіраўнікі фінансуюць газэты не з асабістай кішэні, а са сродкаў падаткаплатнікаў”.


“Glos z-nad Niemnu”, 1993 год. Артыкул “Беларусь прымала прэзыдэнта Жэчы Паспалітай”:

“У канцы ліпеня афіцыйны візыт на Беларусі склаў прэзыдэнт Жэчы Паспалітай Лех Валенса з жонкаю. На плошчы Перамогі адбылася першая неафіцыйная сустрэча зь мясцовай палёніяй. Прэзыдэнт падышоў да некалькіх дзясяткаў палякаў, якія скандавалі словы прывітаньня. Іх транспаранты выказвалі незадавальненьне датыхчасовай палітыкай беларускіх уладаў у адносінах да польскай нацыянальнай меншасьці: “Чаму палякі ў Менску ня маюць уласнага дому? Таму што тут па-ранейшаму правіць камуна”. Размова прэзыдэнта Валенсы са Старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі Шушкевічам адбывалася “ў чатыры вокі” безь перакладчыкаў і працягвалася даўжэй, чым было заплянавана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG