Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 29 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Мюнхенская “Бацькаўшчына”, 1953 год:

“У нумары “Бацькаўшчыны” за 22 лютага сёлета мы паведамлялі, што рэспубліканскі кангрэсмэн із штату Вісконзін Лёрэнс Сьміт унёс у палату рэпрэзэнтантаў праект рэзалюцыі аб устанаўленьні дыпляматычных дачыненьняў ЗША зь Беларускай і Ўкраінскай савецкімі рэспублікамі і пра ўстанаўленьне пасольстваў ЗША ў Менску і Кіяве. Гэтая рэзалюцыя разглядалася ейным аўтарам як удалы палітычны крок у псыхалягічнай вайне, які ўзбудзіў-бы ў двух гэтых неспакойных і варожа да бальшавізму настроеных народаў надзею на іхнае вызваленьне. Юрыдычнымі падставамі для такога вызнаньня мелі-б служыць канстытуцыі гэтых рэспублікаў, якія фармуюць прадстаўленьне іх як незалежныя дзяржавы”.


“На страже Октября”, 1983 год. Маёр А.Яфімчанка:

“Яшчэ тады, калі А.Туркоў упершыню стаў у міліцэйскія шэрагі, у памяць глыбока ўрэзаліся словы камандзіра: галоўнае — гарантаваць бясьпеку руху, але калі побач апынецца п’яніца, хуліган, спэкулянт, а мы будзем сачыць толькі за дарогай, — дык грош нам цана! У той дзень ён нёс службу на скрыжаваньні Ленінскага праспэкту і вуліцы Сурганава. Увагу прыцягнуў мужчына, які нешта прытрымліваў пад плашчом. “Нешта” аказалася вынесенымі з прадпрыемства каштоўнасьцямі. Для грамадзяніна Новікава гэта быў ня першы крадзеж. І ён ня мог зразумець, што ў гэтай выпадковасьці праявілася заканамернасьць, якая спрацоўвае таму, што ў савецкай міліцыі не прынята дзяліць абавязкі на “свае” і “чужыя”.


“Звязда”, 1993 год. Артыкул “Данайскія дары ад расейскага банку”:

“У сувязі з аднабаковым рашэньнем ЦБ Расеі аб зьняцьці з абарачэньня казначэйскіх білетаў і банкнотаў узору 1961–1992 гадоў Валянцін Жданко зьвярнуўся па камэнтар да старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Станіслава Багданкевіча. Той адказаў: “Мы атрымалі 10 мільярдаў рублёў і не разгружалі іх. Літаральна перад абменам нам выслалі стар’ё. Праўда, у адпаведнасьці з нашымі настойлівымі просьбамі. Але ж я ня ведаў, што ў іх у думках. Я ж думаў, што зьвярнуўся да сяброў, у рублёвую зону”. Далей Валянцін Жданко піша: “Магчыма, гэты факт падасца некаму нязначным і выпадковым, хоць цяжка ахарактарызаваць яго інакш як цынічную акцыю, што ня мае нічога агульнага з тымі прынцыпамі даверу і дружалюбнасьці, якія ўвесь час дэкляруе беларускае кіраўніцтва ў адносінах да Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG