Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 24 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Минские губернские ведомости”, 1853 год. Высачайшы маніфэст:

“Божай міласьцю Мы, Мікалай Першы, імпэратар і самадзержац Усерасейскі і іншая, і іншая, і іншая Маніфэстам нашым у дзень 1 жніўня 1834 году ўсталяваўшы штогадовыя прыватныя па Дзяржаве рэкруцкія наборы, загадваем:… 3. З губэрняў: Пскоўскай, Віцебскай і Магілёўскай, якія Маніфэстамі 31 Кастрычніка 1845 і 26 Верасьня 1846 гадоў, з выпадку няўраджаю, былі вызваленыя ад пастаўкі рэкрутаў у 1846 і 1847 гадах, сабраць незапатрабаваных у 1852 годзе астатніх трох рэкрутаў з тысячы душ; а з габрэяў Віцебскай і Магілёўскай губэрняў узяць, на роўных з габрэямі іншых губэрняў, па дзесяці чалавек з тысячы, на дакладным трыманьні правілаў, выкладзеных у Рэкруцкім статуце”.


“Советская Белоруссия”, 1963 год. Артыкул “Суд вынес рашэньне”:

“У кастрычніку мінулага году ў памяшканьні ЖКГ Менскага камвольнага камбінату адбыўся таварыскі суд. Падсудныя: Ганна Гаўрылава, Тамара Мысьліцкая, Марыя Яфрэмава і Марыя Федарэнка. Яны часта зьбіраюцца ў Яфрэмавай з шумнай кампаніяй, п’юць, скандаляць. Пачалося гэта яшчэ ў 1959 годзе. Завадатарам зьяўляецца Яфрэмава. Днём яна сьпіць, таму што нідзе не працуе, ноччу гуляе. Таварыскі суд вырашыў Гаўрылаву, Яфрэмаву, Мысьліцкую і Федарэнку выселіць па-за межы Менску і прыцягнуць да грамадзка-карыснай працы. Адбылося пасяджэньне народнага суду, які пастанавіў: Т.Мысьліцкую і М.Яфрэмаву за хуліганства, скандалы і амаральныя паводзіны з гораду Менску выселіць тэрмінам на тры гады”.


“Народная газета”, 1993 год. “Сумесная дэклярацыя аб адносінах паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь”:

“Прэзыдэнт Клінтан і Станіслаў Шушкевіч пагадзіліся з тым, што незалежнасьць Рэспублікі Беларусь і яе прыхільнасьць да дэмакратыі і рынкавых эканамічных рэфармаў могуць унесьці значны ўклад ва ўмацаваньне стабільнасьці ў рэгіёне Эўропы, які перажыў вялікую трагедыю і вялікія перамены. Прэзыдэнт і Старшыня дамовіліся захоўваць і разьвіваць тыя каштоўнасьці, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную садружнасьць дзяржаваў, уключаючы свабодныя і справядлівыя выбары, свабоду эміграцыі, вяршэнства закону і павагу да правоў чалавека, уключаючы свабоду слова і свабоду прэсы, а таксама павагу да правоў людзей, якія належаць да меншасьцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG