“ЛіМ”, 1933 год:
“Кампазытар Аладаў рыхтуе матэрыял да напісаньня опэры на лібрэтто Ю.Дрэйзіна “Адзінкі і масы” і піша музычныя творы да ленінскіх дзён (у студні 1934 г.). Ю.Дрэйзін працуе над падручнікам па гісторыі музыкі, заканчвае апрацоўку лібрэтто опэры “Адзінкі і масы” і працуе над перакладам на беларускую мову опэры Барадзіна “Князь Ігар”. Кампазытар Іваноў закончыў да сьвята вызваленьня Беларусі ад белапалякаў марш для духавога аркестру і працуе над музыкай для дзіцячай п’есы “Шлях далёкі”.
“Вечерний Минск”, 1973 год. Пра выданьне кнігі “Гукі роднай мовы”, аўтары якой — кандыдат філялягічных навук загадчык лябараторыі экспэрымэнтальнай фанатэкі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Аляксандар Падлужны і старшы навуковы супрацоўнік гэтай лябараторыі Валеры Чэкман. Аляксандар Падлужны гаворыць:
“У мінулым стагодзьдзі некаторыя філёлягі выказвалі думку, што ў беларускай фанэтыцы няма гукавых асаблівасьцяў, рысаў, якія нельга было б сустрэць у суседніх мовах. Наша дасьледаваньне дае права казаць: у беларускай фанэтыцы існуюць такія рысы, якія не ўласьцівыя суседнім славянскім мовам. Найбольш яскравыя асаблівасьці выяўлены пры вымаўленьні шыпячых і мяккіх сьвісьцячых гукаў”. Валеры Чэкман тлумачыць: “Я магу вызначыць, ці зьяўляецца для майго субяседніка беларуская мова роднай і, калі гэта так, у якой прыблізна вобласьці ён нарадзіўся. Шмат гутарыць для гэтага ня трэба. Дастаткова, каб чалавек палічыў ад 1 да 10”.
“Звязда”, 1993 год. Прэс-цэнтар Міністэрства абароны Беларусі выступае з заявай, якая датычыцца прынятага Першым зьездам беларусаў сьвету дакумэнту ў пытаньнях ваеннага будаўніцтва ў рэспубліцы:
“У падагульняючых дакумэнтах зьезду, нагадаем, гаварылася, што “Беларусь ня мае надзейнага, адданага справе абароны беларускай дзяржаўнасьці войска”. Да таго ж, было заяўлена, што ў войску рэспублікі вядзецца прасьледаваньне патрыятычна настроеных вайскоўцаў. Прэс-цэнтар Міністэрства абароны ў сваёй заяве назваў гэтыя канстатацыі выклікаючымі неўразуменьне, “галаслоўнымі абвінавачваньнямі, якія ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю”, “палітычна пашарпанай фразэалёгіяй БЗВ” і вынікам таго, што зьезд “пайшоў на повадзе ў кучкі экстрэмістаў, якія супрацьпастаўляюць Узброеныя сілы беларускаму народу, імкнуцца раскалоць грамадзтва па нацыянальнай прыкмеце”.