Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 15 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Камуніст”, 1933 год. Пастанова прэзыдыюму бабруйскага раённага выканаўчага камітэту “Аб забароне вывазкі клубнікі зь межаў Бабруйскага раёну”:

“1. Да поўнага выкананьня плянаў па нарыхтоўцы клубнікі забараніць усім нарыхтовачным арганізацыям за выключэньнем Райзага і Белплодагародніны нарыхтоўку і вывазку клубнікі з Бабруйскага раёну. 2. Прапанаваць Райспажыўсаюзу і Белплодагародніне ўзмацніць працу па нарыхтоўцы клубнікі асабліва сельпо і суліфікацыі клубнікі з тым, каб экспартныя пляны былі выкананы поўнасьцю і ў тэрмін. Старшыня РВК Аксючыц”.


“Сталинская молодёжь”, 1953 год. Пра адкрыцьцё помніка дзеду Талашу:

“Многія тысячы народных герояў — ураджэнцаў Палесься — пакрылі сябе неўміручай славай народных мсьціўцаў. І сярод гэтых імёнаў асабліва вядомае імя дзеда Талаша — легендарнага беларускага партызана. У нядзелю, 2 ліпеня, у горадзе Петрыкаве, паблізу якога нарадзіўся і пражыў усё сваё жыцьцё дзед Талаш, адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка легендарнаму народнаму герою. Мітынг адкрыў сакратар Палескага абкаму КПБ т.Лабанок. Ад імя Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Беларусі і ўраду рэспублікі з прамовай… выступіў першы намесьнік Старшыні Савету Міністраў БССР т.Абрасімаў. Пад гукі Дзяржаўнага гімну СССР т.Абрасімаў пераразае стужку покрыва. На высокім пастамэнце — бронзавы бюст Васіля Ісакавіча Талаша (аўтар бюста — народны мастак БССР Заір Азгур). На бронзавай дошцы, увенчанай ляўрам, надпіс: “Партызану В.І.Талашу (Дзеду Талашу). 1844–1946”.


“Народная газета”, 1993 год. Ліст Таварыства беларускай культуры ў Літве з нагоды візыту ў Вільню беларускай урадавай дэлегацыі:

“Паводле тых зьвестак, якія даходзяць да нас з друку, амаль заўсёды на гэтых сустрэчах беларускі бок выяўляў некампэтэнтнасьць у справах гістарычнай і культурнай беларускай спадчыны на Віленшчыне, абыякавасьць да мясцовага беларускага насельніцтва. Між тым, мы цьвёрда перакананыя, што без разуменьня ролі Вільні немагчыма ніякае нацыянальна-культурнае адраджэньне ў Рэспубліцы Беларусь… Мы за тое, каб Вільня была адкрытая для Беларусі, каб тут адрадзілася беларускае нацыянальнае жыцьцё, каб былі адноўленыя беларуская гімназія, музэй, друк. Але бачыць Бог, што адных нашых высілкаў і дапамогі літоўскага ўраду для гэтага недастаткова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG