Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 9 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1933 год:

“Выдаць да 15 ліпеня 100 назваў стабільных падручнікаў, зь якіх — 64 беларускіх і 36 нацменаўскіх — вось заданьне, якое абавязкова павінна быць выканана ў вызначаны тэрмін. Першы арыгінальны падручнік “Лемантар Сіўко”, які паступіў у ДВБ 23 сакавіка, сустрэў работнікаў выдавецтва зьнянацку. Непадрыхтаванасьць, дрэнны падбор стылістаў, карэктароў, мастакоў — усё гэта адбілася на ўвесь ход работы. Усе мытарствы выхаду ў сьвет “Лемантару Сіўко” яскрава характарызуюць усю згубленасьць, усё галавацяпства як ДВБ, так і Наркомасьветы”.


“Знамя юности”, 1993 год. Юры Сьвірко на беларускай мове піша пра адкрыцьцё І зьезду беларусаў сьвету:

“Адкрыў зьезд народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. Ён распавёў пра цяжкі шлях, на якім былі і пажарныя машыны МУС БССР, што лілі ваду на вогнішчы Купальля, і героі Афганістану, што змагаліся з гуканьнем вясны ў Траецкім прадмесьці, і сталічная міліцыя, якая спрабавала спыніць ля Маскоўскіх могілак сьвяткаваньне Дзядоў. Але гэты шлях усё ж прывёў на сёньняшні форум, дзе сабраліся сыны зямлі беларускай. Хоць Васіль Быкаў заявіў, што “тут гаспадараць чужынцы”, многія зь якіх і нарадзіліся на гэтай зямлі, ён прывітаў кангрэс і пажадаў яму добрай працы. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч адзначыў, што дагэтуль ёсьць у парлямэнце і ўрадзе “асатанелыя ворагі Беларушчыны”. Ён падкрэсьліў: “Беларуская дзяржава яшчэ ня стала беларускай. Гэта адбудзецца, калі беларусамі пачуюцца наш парлямэнт і ўрад”.


“Могилёвские ведомости”, 1993 год:

“Напярэдадні правядзеньня ў Магілёве міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа” ў гарвыканкаме разразіўся нечаканы скандал, які паставіў пад пагрозу правядзеньне самога фэстывалю. Старшыня Ленінскага райсавету Магілёва Валеры Палякоў заявіў на нарадзе ў гарвыканкаме, што шэраг заплянаваных на фэстывалі мерапрыемстваў не стасуюцца з законам рэспублікі аб рэлігіі, а таму ён як прадстаўнік дзяржавы вымушаны забараніць на тэрыторыі свайго раёну гэтыя мерапрыемствы. У правядзеньні фэстывалю маецца і “падводная плыня”. Як паведамілі арганізатары, прыхільнікі каталіцкай царквы, праваслаўная царква Магілёва адмовілася ад удзелу ў фэстывалі. І яшчэ невядома, як гэта адаб’ецца на далейшых дачыненьнях магілёўскіх католікаў і праваслаўных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG