Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 27 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“Аэрадромнай камісіяй Беларускага Таварыства Сяброў Паветранага Флёту з удзелам спэцыялістаў мясцовай вайсковай эскадрыльлі было зроблена дасьледаваньне ваколіц Менску для пошуку належнага месца для пабудовы аэрадрому. Камісія спынілася на адзіна зручным месцы — насупраць прыгараду Серабранка. Плошча гэтая падчас імпэрыялістычнай вайны і нямецкай акупацыі была вайсковым аэрадромам. Восеньню гэтая плошча будзе адведзеная Камгасам пад аэрадром. Пакуль жа пры наладжваньні лініі Масква–Смаленск–Менск–Варшава будзе выкарыстоўвацца аэрадром вайсковай эскадрыльлі ў Сьляпянцы”.

“Настаўніцкая газэта”, 1973 год. Рэцэнзія І.Жыдовіч на манаграфію Алеся Есакова “Янка Купала і беларускі тэатар”:

“Аўтару ўдалося прасачыць фармаваньне ідэйна-мастацкіх поглядаў Янкі Купалы ў той час, калі ён працаваў над п’есай “Тутэйшыя”. Разглядаючы сатырычную п’есу “Тутэйшыя”, Алесь Есакоў мала гаворыць аб яе дзеючых асобах, аб разьвіцьці сюжэту, аб псыхалягічнай абумоўленасьці ўчынкаў герояў, а больш спыняецца на аналізе моўных сродкаў. П’еса “Тутэйшыя” не была творчай удачай аўтара. А.Есакову варта было больш месца адвесьці разгляду недахопаў твору, падкрэсьліць, што падзеі мінулага атрымліваюць у ёй не зусім правільнае асьвятленьне”.

“Прессбол”, 1993 год. Артыкул “Зянон Пазьняк — найлепшы сябар беларускіх фізкультурнікаў і спартоўцаў”:

“Галоўная спартовая падзея мінулага тыдня — неўключэньне на парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі другога чытаньня “Закону аб фізычнай культуры і спорце”. 50 парлямэнтарам здароўе беларусаў, якія галасавалі за іх на выбарах, відаць, да лямпачкі — яны наогул ня ўдзельнічалі ў галасаваньні, а свае дзяржаўную сілу і мудрасьць, відаць, вырашылі зьберагчы для прыняцьця закону аб штучным асемяненьні племянных цялушак. На вячэрнім паседжаньні 18 траўня першым у паўторную барацьбу за “Закон аб фізычнай культуры і спорце” кінуўся лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Клопатам пра здароўе нацыі, тарпэдаванае чарнобыльскай трагедыяй, ён спрабаваў крануць калег. І быў падтрыманы прадстаўнікамі розных палітычных фракцыяў. Але парлямэнцкая большасьць стаяла насьмерць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG