“Нашае жыцьцё”, 1923 год. Пра Першы Валынскі Зьезд Асьвятовы і палітыку палянізацыі:
“Апосталы-інквізытары казённай палянізатарскай школы ідуць у імя духоўнага і фізычнага гвалту над прыродай і душою дзіцяці-чалавека і духам цэлага народу, у імя калечаньня яго вольнага самабытнага разьвіцьця — дзеля чужой для народу мэты. Словамі і вобразамі любосьці й ісьціны гэтыя школьныя інквізытары прыкрываюць ясна пастаўленую сабе мэту: рабіць змалку кожнага ўкраінскага дзіцёнка духовым самагубцам, каб гэтым мала-памалу сыстэматычна павышаць “polskosc cygrowa” ў Краі, дзе яна зусім нязначная”.
“Беларускі ўнівэрсытэт”, 1973 год:
“Нядаўна выйшла з друку кніга “Песьні сямі вёсак”. Гэта шматгадовая праца студэнтаў філялягічнага факультэту і выкладчыкаў катэдры беларускай літаратуры. У 1960 годзе быў створаны фальклёрны гурток, якім кіруе дацэнт Н.С.Гілевіч. Асноўная ягоная задача была ў той час — сабраць багаты народны скарб. “Песьні сямі вёсак” — першая з трохтомнага выданьня. Зараз гурткоўцы падрыхтавалі да выданьня другі том фальклёрных запісаў. Тут будуць прадстаўленыя матэрыялы абрадавай паэзыі, запісаныя ў розных кутках Беларусі. Ня менш цікавым будзе і трэці том. Ён зьмесьціць песьні сацыяльна-бытавыя і частушкі”.
“Звязда”, 1993 год:
“Сёньня на Беларусі створана каля палутара дзясятка грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Але прыхільнікі гэтага веравызнаньня маюць праблем больш, чым іншыя. Вядучыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, народныя дэпутаты зьвярнуліся ў іх падтрымку з адкрытым лістом да Старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, Старшыні Савету Міністраў Вячаслава Кебіча і міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі. “Вернікі-уніяты, — гаворыцца ў лісьце, — ня могуць не выклікаць сымпатыі сваёй беларушчынай і патрыятызмам. У той час, як у рыма-каталікоў і праваслаўных лічаныя абшчыны і вернікі паслугоўваюцца беларускай мовай, усе ўніяцкія сьвятары, абшчыны і вернікі ўжываюць толькі беларускую. Аднак уніяцкая царква ня мае сваіх храмаў, апрача сьціплых каплічак у Менску і Старых Дарогах”… Аўтары звароту просяць празь Міністэрства замежных справаў паскорыць вырашэньне пытаньня аб прызначэньні біскупа для грэка-каталікоў Беларусі, а таксама аб перадачы ўніяцкай царкве будынка былога касьцёлу Сьв.Язэпа па вуліцы Кірылы і Мэфодыя, 4, у Менску”.