“Наша ніва”, 1913 год. Нататка “Эміграцыя і танны павер”:
“Едучы поездам зь Менску на Лібаву ўсягды спаткаеш селян, убраных па “цывільнаму”: дзяцюкоў, дзяўчат; гэта едуць у Амэрыку на заработкі. Цяперашняй вясной народ моцна сыпнуў прадаваць свае сілы за амэрыканскія доляры. Напрыклад, каля мястэчка Радашковіч зь вёсак ужо выехала больш сотні душ і гэтулькі сама яшчэ выбіраецца… Тут ізноў байку баіць трэба пачынаць з канца: прычына ўсяго гэтага ляжыць у эканамічнай палітыцы гасударства. У казённых банках ёсьць найбольш грошы, трэба, каб казна іх пазычала ў хаўрусныя банкі за танны працэнт, тагды грошы стануць таньней і ў Амэрыку па грошы ня трэба будзе высылаць свае лепшыя рабочыя сілы”.
“ЛіМ”, 1983 год. Выступленьне сакратара ЦК КПБ А.Кузьміна на рэспубліканскай нарадзе крытыкаў:
“Даволі цікавая сытуацыя склалася ў Саюзе кампазытараў. Тут на кожных двух творцаў прыпадае адзін музыказнавец. Але хто рызыкне сказаць, што ўсе віды і жанры музычнай творчасьці, новыя значныя творы атрымліваюць у нас своечасовую, кваліфікаваную ацэнку? Наш друк, літаратурна-мастацкая крытыка павінны зрабіць больш у пляне выкрыцьця спроб імпэрыялістычнай ідэалёгіі навязаць савецкім людзям буржуазнае разуменьне нацыянальнай самасьвядомасьці і сувэрэнітэту, дыскрэдытаваць саюз сацыялістычных нацый. Усімі наяўнымі сродкамі і сіламі належыць паказваць гістарычнае значэньне ўтварэньня СССР для лёсу кожнай савецкай рэспублікі, даказваць беспадстаўнасьць “канцэпцый” саветолягаў па нацыянальных адносінах у нашай краіне”.
“Прессбол”, 1993 год:
“Назіраючы за калізіямі, што цяпер разгортваюцца вакол трэнэрскіх званьняў, часам задаесься пытаньнем: а нашто, уласна кажучы, людзям тое трэба? Ну, гонару ад рэспубліканскіх тытулаў цяпер, вядома, паболела. Значок заслужанага трэнэра Беларусі сёньня пазбаўлены правінцыялізму, як некалі ў СССР. Але гаворка не пра тое. Калі разабрацца, акрамя некаторага гонару і самапавагі, вышэйшае трэнэрскае званьне не дае нічога. Сорамна сказаць, але ацэньваецца яно ў нас прыблізна на… бутэльку “Пэпсі”. 60 рублёў — на такі сьмешны цяпер дадатак штомесяц ацэньваецца “заслужанасьць” працы найлепшых настаўнікаў рэспублікі”.