Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 18 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год. Ліст з рэдакцыйнай пошты “Спыніць паток браку ў бручным цэху”:

“Бручны цэх фабрыкі “Сьцяг індустрыялізацыі” па масавым выпуску браку прэўзышоў палітовы цэх. У цэху скапілася 65 000 касьцюмных брук. 185 выкладак пінжакоў чакаюць падборкі да іх брук. Іх топчуць бруднымі нагамі і яны ператвараюцца ў трапкі. Такое зьявішча прывяло фабрыку да цяжкага фінансавага становішча. Гора-кіраўнікі цэху Казьлянскі і Клавір, супакойваючыся тым, што, моў, “не заўсёды так будзе”, не мабілізавалі рабочую масу на ліквідацыю прарыву. Шматтыражка таксама ня ўдзяляе гэтаму аніякай увагі. Маўчаць партыйная і прафэсійная арганізацыі цэху, як быццам у цэху ўсё благапалучна. Ня цацкаліся ж з палітовым цэхам, калі ён рабіў дрэнную прадукцыю. Чаму ж змазваюць тыя агіднасьці, якія тварацца ў бручным цэху?”


“Вечерний Минск”, 1973 год:

“Менская гарадзкая сьветлавая газэта “Новости” маладая. Ёй і году няма. Яна працуе са жніўня мінулага году, аднак першыя пробныя выданьні адбыліся крыху раней — у траўні 1972-га. Даўжыня газэты — 40 мэтраў, вышыня літары — 170 сантымэтраў, уся газэта — гэта 4800 лямпаў. На пэрфастужку набіваецца 5–5,5 знакаў — адно выданьне, якое паўтараецца да пяці разоў. Асноўную ўвагу менская газэта надае гарадзской, саюзнай, замежнай інфармацыі. І толькі ў апошнюю чаргу — рэкляме (ня больш за 20% выданьня). Абслугоўваюць яе восем чалавек — два рэдактары, машыністка-апэратар і інжынэрна-тэхнічныя работнікі”.


“Могилёвские ведомости”, 1993 год. Ягор Рыбакоў пад загалоўкам “28 абкамаўскіх мільёнаў: Лявонаў бароніць Сайкова” піша:

“Пракуратура вобласьці скончыла сьледзтва па гучнай справе, у якой галоўнай “дзейнаю асобай” зьяўляецца былы кіраўнік справамі абкаму КПБ Аляксандар Сайкоў. Рэдакцыі стала вядома, што былы шэф Сайкова экс-першы сакратар АК КПБ Васіль Лявонаў… абвінаваціў абласную пракуратуру ў неаб’ектыўным дасьледаваньні справы. Пры гэтым Лявонаў фактычна абвінавачвае аблвыканкам, які зрабіўся спадкаемцам абкаму, у тым ліку і ў частцы абкамаўскіх грошай, і гарвыканкам — у крадзяжы дзяржаўных сродкаў. Аднак генэральны пракурор Васіль Шаладонаў у сваім адказе народнаму дэпутату Лявонаву не пагадзіўся зь меркаваньнем апошняга пра неаб’ектыўнасьць сьледзтва і адмовіў у перадачы справы ў іншыя рукі”.
XS
SM
MD
LG