Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 4 ЧЭРВЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год, “У Машканах правальваюць злучную кампанію”:

“У калгасе імя Сталіна, Машканскага сельсавету, існуе каняводчая фэрма. Пры фэрме маецца злучны пункт з двума сталымі вытворнікамі, якія здольны пакрыць у злучнай кампаніі да 100 кабыл. На 28 мая пакрыта толькі 43 кабылы. Гэткае становішча ні што іншае, як правал кампаніі, бо прайшло ўжо 2/3 часу злучнага сэзону, і за гэты час магчыма было пакрыць 60-70 кабыл. Горш абстаіць справа са злучкай калгасных рабочых кабыл. Усяго ў калгасе імя Сталіна пакрыта 18 кабыл, а трэба было пакрыць 60-70 кабыл. Гэта і ёсьць фактычны зрыў злучнай кампаніі. Работа пушчана на самацёк. Яшчэ трэба дадаць, што праўленьне не забясьпечыла кармавы фонд для вытворнікаў, што зрывае бесьперапынную работу па злучцы”.


Бабруйская раёнка “Трыбуна працы”, 1983 год, “Агляд выкарыстаньня рабочага часу”:

“Выканаўчы камітэт райсавету народных дэпутатаў, райкам прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі і райкам ЛКСМБ прынялі пастанову аб правядзеньні агляду выкарыстаньня рабочага часу на прадпрыемствах, будоўлях, у калгасах і саўгасах, у арганізацыях і ва ўстановах раёну. Падвядзеньне вынікаў агляду праводзіцца аглядавымі камісіямі па паказчыках выкарыстаньня рабочага часу з абавязковым прадстаўленьнем інфармацыі аб эфэктыўнасьці праведзенага агляду, прынятых мерах па паляпшэньню выкарыстаньня рабочага часу, умацаваньню працоўнай дысцыпліны і скарачэньню цякучасьці кадраў. Вынікі агляду прадстаўляюцца ў раённую камісію штогод да 10 студзеня”.


“Европейское время”, 1993 год, “Галавакружэньне ад посьпехаў”:

“Дакладна адчуўшы, што народ пойдзе за тым, хто скіне кошты на пярлоўку на 20 капеек, урад В.Кебіча ўсе свае намаганьні скіроўвае на тое, каб паразытаваць на стратэгічных інтарэсах Расеі. Паставіць кропельніцу хворай беларускай эканоміцы з таннай расейскай нафты — вось усё, на што стае цяперашняга ўраду. Было б дзіўным, калі б дарадцы прэм’ера не разумелі, што пасьля “першай шлюбнай ночы”, як толькі Беларусь страціць самастойнасьць, а значыць згубіць свой галоўны козыр — выгаднае геапалітычнае становішча, рэспубліка адразу ж зробіцца нецікавай Расеі. Аднак В.Кебіча, відаць, тое і не хвалюе. Зьберагчы рэальную ўладу, але перакласьці адказнасьць на Маскву — ці ня гэта выйсьце для палітыкаў, што стаяць на грані банкруцтва?”
XS
SM
MD
LG