“Наша ніва”, 1913 год, “Новы закон аб школах”:
“Ёсць людзі, каторые мэтай сваей працы наставілі зніштажэньне слабейшых падуластных ім нацый, зніштажэньне мовы гэтых нацый і ўсяго таго, чым яны розняцца ад пануючай нацыі. Такіе людзі ёсць і ў Расеі: гэта — націоналісты і ўсе правые. Яны вядуць вайну асабліва проці тых нацый, каторые стаяць бліжэй да расейцаў, як іх сваякі. Гэтак правые і націоналісты ваююць перш-на перш з украінцамі і беларусамі, ды найболей рупяцца аб тое, каб зніштожыць тую “апратку душы”, якой ёсць родная мова: тады і душу народу лёгка забіць…”
“Знамя юности”, 1983 год, Эдуард Ханок у гутарцы з Леанідам Паўлючыкам дзеліцца сакрэтамі прафэсіі:
“Як зрабіць сапраўдную, яскравую, мэлядычную, разумную, глыбокую песьню? Я ня ведаю, гатовых рэкамэндацый тут быць ня можа. Адзіны “рэцэпт” — гэта прыслухвацца да жыцьця, лавіць ягоны рытм, адчуваць ягоныя токі. Я сустракаўся з маладымі рабочымі, якія прад’яўляюць высокія патрабаваньні да масавай песьні. Узьняцца на ўзровень гэтых патрабаваньняў няпроста, аднак неабходна імкнуцца да таго, каб словы “нам песня строить и жить помогает” гучалі актуальна і сёньня…”
Газэта “Мы и время”, 1993 год, выступ Віктара Чыкіна на ІІ зьезьдзе Партыі камуністаў Беларусі:
“Кожныя гістарычныя аналёгіі заўсёды адносныя. І ўсё ж відавочная паралельнасьць вектару постперабудоўнага разьвіцьця нашае краіны і таго шляху, па якім паўстагодзьдзя назад ішла да сваёй нацыянальнай ганьбы Германія, ня можа не трывожыць. Спрыяльнае асяродзьдзе для бацылаў “карычневай чумы” сазрэла. Сярэдняя кляса сапраўды выступае сацыяльнай базаю буржуазнай дэмакратыі, але ж толькі ў сытым выглядзе. Галодны ж крамнік — база фашызму, таму што фашызм — гэта і ёсьць бунт дробнага буржуа. Паўстагодзьдзя таму тое адбылося ў Германіі”.