Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 26 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Сталинская молодёжь”, 1953 год, рэпартаж “Выхадны дзень сталіцы”:

“Адно з улюбёных месцаў адпачынку жыхароў сталіцы Беларусі — парк імя Чалюскінцаў. Нядзеля ў парку робіцца сьвятам… На дарожках парку ўжо ранкам зьявіліся першыя бегуны. Гэта студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя У.І.Леніна. Старт дадзены! З вынікам 18 хвілінаў 14,4 сэкунды першым скончыў забег на 5000 мэтраў Ігар Дабралюбаў…

Сустракаючы сьвітанак, сталіцу рэспублікі поўняць дзясяткі гудкоў заводаў і фабрык. Выхадны дзень скончаны. З новымі сіламі маладыя мінчане гатовыя стаць за станок, каб працягваць вялікае і ганаровае змаганьне за выкананьне пятай пяцігодкі”.


“Вячэрні Мінск”, 1983 год, адказ на пытаньне жыхароў сталіцы – дзе ў парадку жывой чаргі можна набыць білеты, каб скарыстацца паслугамі фінскіх саўн:

“Фізкультурна-аздараўленчы комплекс на вул.Чырвонаармейскай, 32-а, які мае саўны, пераведзены на абанэмэнтную сыстэму платы за паслугі. Плата робіцца толькі праз ашчадныя касы на месяц наперад. Згодна з правіламі санітарнага ўтрыманьня лазьняў сыстэмы Мінжылкамгасу ва ўсіх фінскіх саўнах наладжанае толькі групавое наведваньне. У нумарах падвышанага разраду лазьняў №1 па вул.Хмяльніцкага, 12, і №6 па вул.Мар’еўская, 3, маюцца саўны, дзе можна набыць разавы абанэмэнт у парадку жывой чаргі”.


Шклоўская раёнка “Ударны фронт”, 1993 год, Іван Кірыленка, сябар Сацыял-дэмакратычнай Грамады пад загалоўкам “Колькі можна падманваць?” дае адказ камуністу І.Караўскаму:

“Цікава, які сьмелы чалавек гэты член РК ПКБ. Праз газэту не пабаяўся палаяць С.Шушкевіча за тое, што ён прымушае старшыняў калгасаў растранжырваць калгасную зямлю. Па-першае, выдзяляць зямлю для фэрмэрскай гаспадаркі, гэта не азначае растранжырваць. Па-другое, ці даўно асьмялелі камуністы Шклоўшчыны, каб так лаяць адкрыта галаву дзяржавы? З Гарбачовым, кіраўніком СССР і КПСС, так не паступалі. Калі ён быў ва ўладзе, усе маўчалі і адабралі яго дзеяньні. А цяпер, аказваецца, гэта была “здрада справе народа”. Як хочаце, паважаны І.Караўскі, але Вы няшчырыя, я Вам ня веру. Выказваць свае перакананьні — гэта адно, падпяваць іншым — гэта другое. У Вас атрымліваецца значна лепш другое”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG