Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 21 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1953 год, карэспандэнцыя БелТА з Магілёва “Вобразы В.І.Леніна і І.В.Сталіна ў творчасьці дзяцей”:

“Выхаванцы Магілёўскага дзіцячага дому №6 закончылі работу над мазаічным партрэтам І.В.Сталіна. Партрэт складаецца з 216 864 кавалачкаў дрэва васямнаццаці парод. Зараз рабяты рыхтуюцца да работы над партрэтам В.І.Леніна. У сваіх творах яны імкнуцца адлюстраваць шчасьлівае жыцьцё савецкіх людзей. Міша Дзенісевіч выразае барэльеф “Ленін і Сталін”. Леанід Хаміза — барэльеф “Мы патрабуем міру!” Многія свае работы прысьвячаюць вялікім правадырам савецкага народа выхаванцы Чаўскага дзіцячага дома. Вышыты імі “Абрус міру” зьяўляецца творам вялікай ідэйнай насычанасьці. Добра задумалі і таленавіта выканалі карціну-вышыўку “Сталін — гэта мір” навучаючыяся Чаўскай рускай сярэдняй школы”.

“Жодзінскія навіны”, 1993 год, артыкул “Танна, але сёньня”:

“Ляжала і пылілася на складах гуманітарная дапамога з Польшчы, дасланая яшчэ ў 1991 годзе. Нарэшце і яе вырашылі распрадаць, але не раздаць тым, хто яе востра вымагае. І даручылі гэтую ўдзячную справу жансаветам нашых гарадзкіх прадпрыемстваў. Як нам паведамілі, распрадавацца будзе гэтая гуманітарная дапамога па цэнах 1991 году. А гэта сёньня — танна. Што ж гэта за тавары, якія гэтак доўга не маглі рэалізаваць? Бракаваны абутак (самы вялікі памер — 23), джэмпэры мужчынскія (многія з асымэтрычным малюнкам, пабітыя мольлю), джынсавыя спадніцы і жылеткі. Канечне ж, такая вопратка камусьці патрэбная, і яе рады будуць набыць многія малазабясьпечаныя гараджане. Але ж чаму мы ня памятаем, што толькі віно з гадамі паляпшае сваю якасьць, а ня вопратка…”

“Знамя юности”, 1993 год, карэспандэнт БелаПАН Алесь Ліпай, артыкул “Двойчы плаціць ня толькі скнара”:

“Пракуратура Беларусі скончыла праверку выкарыстаньня валютных сродкаў, выдадзеных Саветам Міністраў рэспублікі для закупкі за мяжой мэдычнага абсталяваньня. Пацьверджана, што кантракт на закупку ў Польшчы вырабаў мэдычнай тэхнікі візавала Алена Кебіч. Сродкі ў суме 3 млн. даляраў ЗША былі выдаткаваныя распараджэньнем старшыні Савету Міністраў Беларусі Вячаславам Кебічам і аплачаныя зь дзяржаўнага бюджэту. Аднак пазьней атрыманае ад польскіх фірмаў абсталяваньне аплацілі яшчэ раз. Як падкрэсьлена ў інфармацыі пракуратуры, непрапарцыйна шмат было закуплена аправаў для карэкцыі зроку — на гэта пайшоў 1 млн. даляраў. Тым ня менш, генэральны пракурор Беларусі Васіль Шаладонаў фактаў знарокавага выкарыстаньня службовага становішча з карысьлівымі мэтамі ці іншай зацікаўленасьцю ў дзеяньнях службовых асобаў не знайшоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG