Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 14 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Калгасьнік Мазыршчыны”, 1933 год:

“Усім сакратарам партячэек, старшыням сельсаветаў і загадчыкам школ Мазырскага раёну. За апошні час наглядаецца вялікі адсеў вучняў са школ, школ непісьменных і малапісьменных, што ставіць пад пагрозу выкананьне пастановаў партыі і ўраду аб усеагульным навучаньні і ліквідацыі непісьменнасьці і малапісьменнасьці. Правядзіце шырокую растлумачальную работу сярод бацькоў і насельніцтва аб неабходнасьці наведваньня школ да канца навучальнага году. Прымайце меры аж да штрафаваньня злосных ненаведвальнікаў”.

Газэта “Беларускі ўнівэрсытэт”, 1973 год:

“Першае траўня гэтага году стала днём нараджэньня ўнівэрсытэцкай радыёгазэты. У 10 гадзінаў раніцы студэнты і выкладчыкі БДУ праслухалі “сваю” першую перадачу. Па радыё выступілі рэктар унівэрсытэту прафэсар У.М.Сікорскі, дацэнт факультэту журналістыкі М.Е.Дастанка, доктар гістарычных навук Д.П.Жмуроўскі, студэнтка філялягічнага факультэту Т.Жук, сакратар камсамольскай арганізацыі ўнівэрсытэту А.Слука і замежныя студэнты Марыян Іванаў (Баўгарыя), Іяханэс Шук (ГДР), Нгуен Шы Тхін (ДРВ). Першы выпуск радыёгазэты “Беларускі ўнівэрсытэт” падрыхтавалі студэнты групы радыё і тэлебачаньня факультэту журналістыкі Сяргей Ціванаў, Уладзімер Субат, Тацяна Тарлецкая, Аляксандар Міхальчанка, Уладзімер Купрыенка. Вялі перадачу Алена Сінькевіч і Вячаслаў Ракіцкі”.

Штотыднёвік “Фэміда”, 1993 год. Праект “Закону аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” за подпісам генэральнага дырэктара фірмы “Эридан” А.Патупы і сустаршынь Савету Руху за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі В.Абрамавай і Л.Злотнікава. У прадмове гаворыцца:

“Аўтары праекту лічаць, што “Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, які дзейнічае зараз, парушае асноўныя прынцыпы фармаваньня прававой дэмакратычнай дзяржавы… Дзяржаўная мова (дзяржаўныя мовы), якія ёсьць адным з дзяржаўных інстытутаў, таксама павінны выбірацца, зыходзячы з волевыяўленьня большасьці. Аўтары праекту прапануюць унесьці неабходныя праўкі ў артыкул 68 дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і сфармуляваць артыкул 17 новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наступным чынам: “Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская і расейская мовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG