Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 12 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Полесская правда”, 1923 год, Вірганскі пра Ўсесаюзны царкоўны сабор:

“Рэзалюцыя Ўсесаюзнага царкоўнага сабору аб стаўленьні да рэвалюцыі і Савецкай улады ўяўляе сабой ўзор “стараннасьці не па розуму”. Такія пярліны папоўскае тупасьці, як блаславеньне камуністаў хрыстовым імем, ці аб’яўленьне вайны капіталу пад кіраўніцтвам Хрыста — апрача ўласнага глупства ўяўляюць і небясьпеку ў выглядзе распаўсюду “хрысьціянскага сацыялізму”. Калі на першым Усесаюзным саборы ў 1917 годзе патрыярх Ціхан даў дакладную фармулёўку стаўленьня царквы да Савецкай улады ў выглядзе праклёнаў і аб’яўленьня вайны, дык на другім саборы ў 1923 годзе гэткімі ж простымі і дакладнымі пастановамі цалкам вызначаныя спачувальныя адносіны сабора да Савецкай улады”.

“ЛіМ”, 1933 год, рубрыка “Над чым працуюць пісьменьнікі”:

“Зьмітрок Бядуля перакладае з яўрэйскай мовы твор выдатнага пісьменьніка Бергельсона “Ля Дняпра” і твор Альбэртона “Бірабіджан”. Працуе над аповесьцю з жыцьця прыгранічча, сцэнізуе аповесьць “Салавей”. Кузьма Чорны заканчвае раман “Зрэбнае палатно”, адначасна працуе над кнігай “Філёзофскія навэлі”. Аркадзь Куляшоў — канчае паэму “Гарбун”. Гэтымі днямі выйшла асобным выданьнем ягоная паэма “Аманал”. Валеры Маракоў і Станіслаў Шушкевіч перакладаюць зборнік выбраных вершаў з польскае мовы В.Бронеўскага”.

Шклоўская раёнка “Ўдарны фронт”, 1993 год:

“Неўзабаве ў Менску стане яшчэ на адну царкву болей. Дакумэнты для рэгістрацыі падалі вернікі Беларускай эвангельскай царквы. Усе набажэнствы ў ёй будуць праводзіцца на беларускай мове. Вернікі Беларускай эвангельскай царквы зьбіраюцца падрыхтаваць да выданьня сьпеўнікі, зрабіць моўны перагляд перакладу Эвангельля Луцкевіча, друкаваць і іншую царкоўную літаратуру на беларускай мове. Дарэчы, у Шклове таксама ў раёне ільнозаводу ўзводзіцца будынак эвангельскай царквы. Недалёка і да яе адкрыцьця. Праўда, невядома, на якой мове будуць у ёй праводзіцца набажэнствы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG