Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 9 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1953 год. Пра агітцеплаход “Максім Горкі”:

“Цеплаход прызначан да правядзеньня агітацыйна-масавай работы сярод суднавых каманд Верхне-Дняпроўскага параходзтва. На ім ёсьць усё неабходнае для наладжваньня шырокай палітыка-масавай работы. Тут маюцца добраўпарадкаваная лекцыйная заля, кіназаля на 70 месц, радыёвузел. На агітцеплаходзе падабрана спэцыяльная агітбрыгада ў складзе 7 чалавек. Гэтымі днямі агітцеплаход завяршыў свой першы дзесяцідзённы рэйс па маршруце Гомель-Кіеў-Чэрнабыль-Гомель. За час свайго плаваньня ён абслужыў 14 параходаў. Агітцеплаход аказаў вялікую дапамогу суднавым камандам у наладжваньні палітвучобы, лекцыйнай прапаганды, у рабоце камсамольскіх арганізацый. Удзельнікі агітбрыгады прачыталі 22 лекцыі і даклады на розныя тэмы, правялі рад сэмінараў з прапагандыстамі палітгурткоў, з сакратарамі суднавых камсамольскіх арганізацый”.

“Советская Белоруссия”, 1983 год. Эдуард Скобелеў:

“Блякадная кніга” А.Адамовіча і Д.Граніна — наватарскі літаратурны твор. Пісьменьнікі выступаюць своеасаблівымі арганізатарамі, рэжысэрамі соцень галасоў людзей, дырыжорамі трагічнай сымфоніі, якая ў сукупнасьці раскрывае вялікую праўду нашага часу — подзьвіг савецкага народу, што перакрыў шлях фашызму, яго змаганьне за зьберажэньне міру сёньняшняга ад замахаў новых прэтэндэнтаў на сусьветнае ўладараньне. “Блякадная кніга” прынцыпова рассоўвае гарызонты дакумэнтальнай прозы, адкрывае перад літаратурай новыя магчымасьці ў мастацкім засваеньні рэчаіснасьці”.

Газэта “Фэміда”, 1993 год, аглядальнік Генадзь Навіцкі піша:

“Яшчэ зусім нядаўна мы адзначалі 5 траўня як Дзень друку. Якога, спытаецеся? Ды таго самага, які, як нам даводзілі дзесяцігодьдзямі, быў створаны правадыром сусьветнага пралетарыяту. У нас, па сутнасьці, забівалі думку, што толькі ён — творца аднаго з найбольш магутных сродкаў узьдзеяньня на розумы і сьвядомасьць людзей. Між тым, усяляк хавалася тое, што менавіта Ленін быў аўтарам першых драконаўскіх рашэньняў рабоча-сялянскага ўраду, які часова забараніў усе друкаваныя выданьні, апрача бальшавіцкіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG