“Наша ніва”, 1913 год, “Аб нашай песьні” за подпісам М.Арол:
“Я ўжо гаварыў, што ў нашай вёсцы ўсё болей запаноўвае расейская песьня, а такжэ казаў, зь якой прычыны наша вясковая моладзь пяе гэтыя песьні. Можа хто скажа, што расейская песьня багацейшая за беларускую, больш гаворыць чалавеку да душы? Я не хачу гаварыць, што ў расейцаў няма добрых песень, бо гэта было-б ня праўда, але ёсьць і ў нас, беларусаў таксама песьні, каторыя па моцы і па багацтве душы а ні званьня ня горшыя ад расейскіх”.
“Звязда”, 1973 год, прамова першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава на першамайскіх урачыстасьцях на Цэнтральнай плошчы Менску:
“Усім добра вядомы вялікі асабісты ўклад таварыша Л.І.Брэжнева ў вырашэньне актуальных, надзвычай складаных міжнародных праблем, у справу ўмацаваньня міру і дружбы паміж народамі. І сёньня, у дзень Першамая, працоўныя нашай рэспублікі, як і ўсе савецкія людзі, з пачуцьцём глыбокага задавальненьня і адабрэньня сустрэлі радасную вестку аб прысуджэньні Леаніду Ільлічу Брэжневу міжнароднай Ленінскай прэміі і шлюць яму самыя гарачыя віншаваньні і добрыя пажаданьні”.
“Знамя юности”, 1983 год, рэпартаж з плошчы Леніна ў Менску:
“Плячом да пляча з пасланцамі рабочай клясы крочаць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. “Доўгатэрміновай праграмай дзейнасьці, крыніцай натхненьня стала для майстроў мастацтваў пастанова ЦК КПСС “Аб рабоце партыйнай арганізацыі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, — гаворыць сакратар партыйнай арганізацыі Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету БССР Уладзімер Будкевіч. — Гэты травень для калектыву нашага тэатру асабліва радасны: мы адзначаем 50-годзьдзе. На юбілей прынята запрашаць найлепшых сяброў. Самыя ганаровыя месцы на нашых урачыстасьцях зоймуць рабочыя МАЗу, працаўнікі калгасаў “Праца” і “Бальшавік” Капыльскага раёну, зь якімі нас зьвязвае даўняе сяброўства, замацаванае дамовамі аб творчым супрацоўніцтве… У гэты дзень мы бачым рэальнае ўвасабленьне ленінскага лёзунгу “Мастацтва належыць народу”.