Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 10 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская газэта”, 1943 год, артыкул “Захоўвайце дысцыпліну на вуліцах” за подпісам Генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ:

“Таго ж самага роду й захоўваньне нямецкіх і мясцовых вэлёсыпэдыстаў, што дзеля сваіх артыстычных танцаў на вэлёсыпэдах выкарыстоўваюць проста ходзішчы (тратуары). Калі зьвярнуць увагу такому нікчэмніку на неўзгадаванасьць і неадпаведнасьць ягонага захоўваньня, дык ён пераважна грубіяніць, бо думае, што за межамі Нямеччыны яму ўсё дазволена… Я прашу ўсё прыстойнае жыхарства й немцаў дапамагчы ў правядзеньні нямецкае дысцыпліны на дарогах”.


“Звязда”, 10 красавіка 1973 году, сакратар Аршанскага гаркаму партыі Абакановіч распавядае пра будучы суботнік:

“Усе жыхары выйдуць і на суботнік трэцяга, рашаючага году пяцігодкі. Калектывы прадпрыемстваў будуць выпускаць прадукцыю, будаўнікі — узводзіць аб’екты, а работнікі ўстаноў і арганізацый добраўпарадкоўваць горад. На ордэна Леніна ільнокамбінаце ў гэты дзень стануць за ткацкія, прадзільныя і аддзелачныя станкі 7890 рабочых. Калектыў ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга завода “Легмаш” выпусьціць 220 прамысловых швейных машын і дасьць некалькі тон чыгуннага ліцьця. Заробленыя грошы ў суме 18 тысяч рублёў будуць пералічаны ў фонд пяцігодкі”.


“Знамя Юности”, 1993 год. Карэспандэнт Юры Сьвірко адзначае два найбольш істотныя моманты апошняга пасяджэньня беларускага парлямэнту:

“Першы — учора яшчэ больш сур’ёзна абвастрыліся адносіны Станіслава Шушкевіча і міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі. Спадар Шушкевіч нават нагадаў міністру аб ягонай у мінулым дзейнасьці ў ідэалягічным аддзеле гаркаму КПБ, хоць раніцай і зрабіў заўвагу дэпутату Кузьмянкову, які з трыбуны працытаваў верш Ніла Гілевіча, што быў напісаны ў 1953 годзе і сьцьвярджаў: “Сталінцам быць назаўсёды — гэта наша жыцьцё”. А другі момант таксама зьвязаны з этыкай. Дэпутат Лукашэнка зьвярнуўся да дэпутата Пазьняка з просьбай утаймаваць “шпану” на плошчы, якая ледзь не дайшла да зьбіцьця дэпутатаў. “Шпана” ж учора скандавала: “Здрад-ні-кі!”, “Хунта!” А хунтай перад тым назваў Вярхоўны Савет Зянон Пазьняк”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG