“Віцебскі пралетарый”, 1933 год. Нататка “Плёны апартуністычнага самацёку”, Рыгор Вярхоўскі:
“На долю Шумнянскага сельспажыўтаварыства выпала закупіць 12 тон бульбы. Пайшлі каапэратары ў калгас “Новы сьвет” загатаўляць бульбу. Ну, і загатовілі… 4 пуды, і тую яшчэ не атрымалі. Калгасны актыў на гэтую справу не мабілізаваны. Кулацкім разважаньням з боку старшыні Драгапэннага “Я лепш 20 пудоў калгаснай бульбы прадам на рынку па 30 рублёў” не далі рашучага адпору. Хіба гэта не гаворыць аб апартуністычных адносінах да справы закупкі бульбы?”
“Вячэрні Мінск”, 1973 год, допіс чытача газэты сп. Ліхтэнштэйна пад назвай “Не анэкдот, а факт”:
“Я зь вялікім задавальненьнем прачытаў паведамленьне пра выхад з друку новага даведніка тэлефоннай сеткі. І калі на днях зьвярнуўся ў сувязі зь ягоным набыцьцём у кіёск “Саюздруку”, кіяскёрка адказала: даведніка ў продажы яшчэ няма. І адразу ж увяла ў курс справы: учора ў “Саюздруку” адбылася нарада, на якой кіяскёрам загадалі ў якасьці нагрузкі да тэлефоннага даведніка прапаноўваць часопіс “Связь Белоруссии” коштам 1 рубель 60 капеек. На жаль, сярод гандлёвых работнікаў яшчэ не перавяліся дзялкі, якія гатовыя пры рэалізацыі дэфіцытных тавараў сьпіхнуць ляжалы, нехадавы тавар”.
“Биржи и банки. Белорусская деловая газета”, 1993 год, артыкул “Back In The USSR”:
“Як і трэба было чакаць, навязаная парлямэнту ўрадам дыскусія адносна эканамічнага і ваенна-палітычнага збліжэньня з Масквой скончылася на задавальненьне яе ініцыятараў. Зыход можна было прадбачыць дастаткова лёгка: праўрадавая камуністычная большасьць Вярхоўнага Савету галасуе з нудлівай аднастайнасьцю практычна за ўсё, што б яму ні прапанаваў Саўмін. Тут зноў праявілася практычная бессэнсоўнасьць усяго, што адбываецца апошнія тыдні ў парлямэнце, што дакладна адзначыў спадар Ганчар”.