У гэты дзень у 1923 годзе нехта Абрамаў на старонках “Звязды” надрукаваў допіс “Апошні Вялікдзень”, у якім ён пісаў: “Для габрэйскіх рабочых гэты Вялікдзень быў апошні. Больш Вялікдзень яны сьвяткаваць ужо ня будуць. Яны ня толькі не спраўлялі традыцыйных вялікодных звычаяў, але і ўсяляк імкнуліся цалкам парваць са стар’ём, выканаць наказ камуністычнай партыі — сапраўдны пралетарый ня мае анічога агульнага са старым рэлігійным хламам. Габрэйскія рабочыя працавалі ў Вялікдзень. Шчаціншчыкі, нягледзячы на пастанову большасьці, у пераважнай частцы працавалі. Працавалі друкары, за выключэньнем нязначнай групы наборшчыкаў “Вакера”. Працавалі з запалам, з асаблівай любоўю, працавалі лепш, чым у звычайны дзень. Ня будзе больш рэлігійных сьвятаў у габрэйскіх рабочых — такая агульная аснова менскага рабочага”.
На старонках газэты “Віцебскі пралетарый” у 1933 годзе спэцкарэспандэнт Азаронак з трывогай занатоўвае: “Саўгас “Падбярэзьзе” ня можа распачаць сяўбу”. Ён піша: “У рэзультаце поўнай абязьлічкі і шкодніцтва на стайні з 33-х маючыхся ў саўгасе коней 26 выбылі са строю. Рабочы Марозаў (ужо аднойчы, між іншым, асуджаны) зьбіў каня да таго, што ён уставаць ня можа. Таксама падвешаны конь, прымацаваны да рабочага Петрусевіча. Рабочы Самцоў канчаткова замучыў мерына па клічцы “Барсук”. На ўчастку “Падбярэзьзе-Кашына”, дзе загадчыкам работае кулак Радзэвіч (якім-та чынам пралезшы ў кандыдаты партыі), конскае пагалоўе даведзена да пагражальнага стану. Самага лепшага каня пад клічкай “Козыр” Радзэвіч закарміў, а потым зарэзаў. Вэтурач Судзілоўскі злачынна адносіцца да сваіх абавязкаў — замест дапамогі і лячэньня коней па яго загадзе прырэзаны чатыры кані. Саўгас ня можа распачаць сяўбу”.
3 красавіка 1973 году “Вячэрні Мінск” у інфармацыі “Сеяць разумнае, навуковае” пад рубрыкай “Канфэрэнцыі” задаецца пытаньнем: “Ці шмат сярод нашай моладзі людзей, ачмураных лісьлівымі байкамі рэлігіі? Навукова абгрунтаваныя даныя і сацыяльныя дасьледаваньні пацьвярджаюць з поўнай на тое падставай: мізэрны працэнт. Аднак гэта не дае нам, атэістам, права меркаваць аб рэлігіі як аб зьяве, якая аўтаматычна адмірае, не вымагае выкараненьня. Яшчэ і таму, што навуковы сьветапогляд савецкіх людзей складаецца ў барацьбе зь перажыткамі мінулага, сярод якіх рэлігійныя — найбольш жывучыя”.