Газэта “Савецкая Беларусь”, якая выдавалася ў 1923 годзе на беларускай мове, зьмясьціла ў гэты дзень за подпісам “Крапіва” “Частушку-Чыстушку”.
Мы савецкую разруху
Цяжкім молатам па бруху — раз!
Мы саўдурачку палечым
Краснай мешалкай па нечым — плясь!
Лайдаку дадзём мы гонку,
Каб ня гнаў так самагонку ён.
Нам папоў-дзякоў ня трэба —
Хай служыць ідуць на неба — вон!
Мы другім дзеля прыкладу
Гультаю каленам ззаду — трах!
Ў трыбунал крадзеж загонім,
На злачынцаў так нагонім страх!
2 красавіка 1953 году карэспандэнт “Звязды” пад загалоўкам “Умацоўваць магутнасьць Радзімы” паведамляе з Баранавічаў: “Зь вялікім задавальненьнем сустрэлі працоўныя вобласьці пастанову Савету Міністраў і ЦК КПСС аб новым зьніжэньні дзяржаўных розьнічных цэн на прадметы масавага ўжытку. На прадпрыемствах, ва ўстановах, калгасах, саўгасах і МТС праходзяць мнагалюдныя мітынгі і сходы, на якіх працоўныя выказваюць сваю ўдзячнасьць роднай Камуністычнай партыі, савецкаму ўраду за сталінскія клопаты аб народзе, заяўляюць аб сваёй гатоўнасьці не шкадуючы сіл працаваць над выкананьнем гістарычных рашэньняў ХІХ зьезду партыі”.
У 1983 годзе “Советская Белоруссия” пад рубрыкай “Партыйнае жыцьцё: мацаваць дысцыпліну працы” за подпісам В.Багуцкі надрукавала нататку аб фактах парушэньняў дысцыпліны на Менскім заводзе аўтаматычных лініяў. Цягам 1982 году тут больш за 170 чалавек агулам прагулялі 473 працоўныя дні. За гэты ж час “прадпрыемства атрымала 360 паведамленьняў зь міліцыі, у якіх інфармавалася пра непрыстойныя паводзіны некаторых завадчан у грамадзкіх местах. Сярод парушальнікаў аказаліся 69 камсамольцаў і 11 камуністаў. Зараз 130 работнікаў пастаўленыя на дыспансэрны ўлік як хранічныя алькаголікі, яшчэ 37 праходзяць стацыянарнае лячэньне...”