Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірвін Уэлш – чалавек, які прымусіў сьвет чытаць па-шатляндзку


Аляксей Знаткевiч, Прага

Уявiце, што расейскамоўная публiка – ад Берасьця да Нью-Ёрку – зачытваецца раманам на “трасянцы” пра жыцьцё кампанii наркаманаў у Сьветлагорску. У любым параўнаньнi заўсёды можна знайсьцi плойму заганаў, але нешта падобнае адбылося ў сярэдзiне мiнулага дзесяцiгодзьдзя зь першай кнiгай шатляндца Ірвiна Ўэлша.

Гэтую кнiгу – “Trainspotting” – нельга назваць чыста лiтаратурным фэномэнам, бо сапраўдным бэстсэлерам яна стала толькi пасьля выхаду аднайменнага фiльму, якi ў расейскамоўным пракаце называўся “На игле”. “Trainspotting” – на слэнгу моладзевай субкультуры рэйвэраў, зазiраньне праз плячо ды-джэя, каб пабачыць, якi грае дыск – зрабiўся самым пасьпяховым шатляндзкiм фiльмам, калi, натуральна, не лiчыць галiвудзкае “Адважнае сэрца”.

* * *
“Выбiрай жыцьцё. Выбiрай працу. Выбiрай кар’еру. Выбiрай сям’ю. Выбiрай здаравенны тэлевiзар. Выбiрай пральныя машыны, проста машыны, музычныя цэнтры i электрычныя адкрывалкi.

Выбiрай добрае здароўе, нiзкi ўзровень халестэрыну ў крывi i страхоўку на паслугi стаматолага. Выбiрай крэдыты на жыльлё. Выбiрай дом, выбiрай сабе сяброў.

Выбiрай адзеньне для адпачынку i сумку, каб пасавала пад адзеньне. Выбiрай касьцюм, вечарынку i бадун ў нядзелю ранiцай. Выбiрай сядзеньне на канапе i глядзеньне дэбiльных тэлевiктарынаў, хрумкаючы якiмi-небудзь чыпсамi. Выбiрай гнiеньне да самага канца, калi ты будзеш сцацца пад сябе, а тваё месца зоймуць крэтыны, якiх ты напладзiў. Выбiрай сваю будучыню. Выбiрай жыцьцё.

Я выбраў не выбiраць жыцьцё: я выбраў нешта iншае. Якiя таму прычыны? Няма прычынаў. Каму трэба прычыны, калi ёсьць гераiн?”

Маналёг галоўнага героя “Trainspotting” – хлопца з рабочага раёну шатляндзкай сталiцы, Эдынбургу – як i сам фiльм ды кнiга, патрапiлi ў балючую кропку. Як пiша адзiн з чытачоў на iнтэрнэт-старонцы Amazon.com, “Trainspotting” – гэта кнiга, якую можа адчуць кожны, хто бачыў, як нехта зь ягоных блiзкiх скатвацца ўнiз. У гэтай кнiзе няма герояў. Кожны перажывае сваю долю падзеньняў i няшчасьцяў”.

Лёнданская газэта “Sunday Times” назвала Ўэлша “найлепшай зьявай у брытанскай лiтаратуры за апошнiя дзесяцiгодзьдзi”. Сам Ўэлш кажа, што ён найперш шатляндзкi пiсьменьнiк. Ён падкрэсьлiвае, што шатляндзкая лiтаратура вельмi адрозьнiваецца ад ангельскай – найперш таму, што яна грунтуецца на кельцкай традыцыi размоўных гiсторыяў. Вось што Ўэлш сказаў у iнтэрвiю Радыё Свабода падчас Праскага пiсьменьнiцкага фэстывалю:

(Уэлш: ) “Атрымліваецца, што ты маеш падвойную тоеснасьць. Ты думаеш пра сябе, як пра шатляндца, але калі прыяжджаеш на лiтаратурныя iмпрэзы, то цябе запрашаюць альбо як шатляндца, альбо як брытанца – у залежнасьці ад таго, хто яго ладзіць. На некаторыя фэстывалі цябе запросяць як шатляндзкага пісьменьніка, разам зь іншымі шатляндзкімі пісьменьнікамі, у адрозьненьне ад ангельскіх, валійскіх, індыйскіх, канадзкіх ці, там, пакістанскіх пісьменьнікаў. А ў іншае месца цябе запросяць, як брытанца – і шатляндцы, ангельцы і валійцы патрапяць у адзін гатунак. У прынцыпе, гэта бюракратычны момант, але я, пэўна, утульней сябе адчуваю, калі мяне назваюць шатляндзкім, а не брытанскім пісьменьнікам".

У кнiгах Ўэлша ня ўбачыш iдылiчнага захапленьня Шатляндыяй – краiнай азёраў, валынак i народных танцаў. У большасьцi Ўэлшавых твораў дзеяньне адбываецца ў Лiсе – партовым раёне Эдынбургу, якi некалi быў асобным горадам. Большасьць дзейных асобаў – гэта жыхары так званых “схемаў” – фiнансаваных дзяржавай новабудоўляў, шмат у чым падобных да новых раёнаў былога Савецкага Саюзу. Вось што кажа галоўны пэрсанаж “Trainspotting” Марк, калi расчулены прыродай сябра пытаецца ў яго: “Хiба гледзячы на гэта, ты не адчуваеш гонару ад таго, што ты шатляндзец?”

“Ненавiджу сябе за тое, што я шатляндзец. Мы найнiжэйшая раса, набрыдзь, гаўно, самае мудацкае, паслужлiвае, убогае, нiкчэмнае сьмецьце, якое засрала цывiлiзацыю. Некаторыя ненавiдзяць ангельцаў, але я – не. Яны проста засранцы. А вось нас калянiзавалi засранцы. Мы нават ня здолелi выбраць прыстойных калянiзатараў. Намi кiруюць слабакi”.

Вось што кажа сам Ўэлш пра ўплыў iмпэрыi на шатляндцаў.

(Уэлш: ) “Тут ёсьць дзьве рэчы. Шатляндыя – гэта апошняя калёнія Брытанскай імпэрыі. Але ў той жа час шатляндцы – вялікія памагатыя брытанскага імпэрыялізму. Яны дапамаглі болей, чым хто іншы. Шатляндцы – адначасна калянізаваныя і калянізатары. Тут дзіўны выпадак шызафрэніі.

Шатляндцы вельмі добра сябе адчувалі ў Брытанскай імпэрыі. У часы імпэрыялізму і капіталістычнага росту Брытаніяй кіравалі з дапамогай шатляндцаў. Шмат хто з шатляндцаў вельмі добра ўладкаваліся. Калі пагледзець на шатляндзкую дыяспару па ўсім сьвеце, то можна ўбачыць, што яна адрозьніваецца ад, напрыклад, ірляндзкай. Бо ёсьць ясна вызначаныя ірляндзкія супольнасьці. А шатляндцы, як імпэрыялісты, былі добра ўбудаваныя ў імпэрыю. Яны інтэграваліся ў Амэрыцы, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зэляндыі. Таму няма шатляндзкіх супольнасьцяў, але людзей шатляндзкага паходжаньня можна сустрэць у кіраўніцтве прыватных кампаніяў ці сярод палітыкаў. Калі шатляндцы вандруюць, яны не трымаюцца разам, але інтэгруюцца ў чужыя грамадзтвы і спрабуюць заняць кіраўнічыя пасады. Таму побач з мэнтальнасьцю калянізаваных існуе імпэрская мэнтальнасьць”.

Адным з галоўных апiрышчаў Брытанскай iмпэрыi некалi сталася ангельская мова, якая апанавала палову сьвету. Кельтская гэльская мова шатляндцаў цяпер захавалася толькi ў горных раёнах i на некаторых невялiкiх выспах.

У Ўэлшавых кнiгах аўтарскi тэкст падаецца традыцыйнай ангельскай мовай, але як толькi размова йдзе ад першай асобы, пачынаецца фанэтычны запiс гаворкi з мноствам слэнгавых i дыялектных словаў. Паколькi большасьць Уэлшавых герояў жывуць у Эдынбургу, яны й размаўляюць тамашнiм дыялектам ангельскай, якi нечым падобны да нашай “трасянкi”. Ўэлш кажа, што апошнiмi гадамi многiя пiсьменьнiкi ў Шатляндыi спрабуюць увесьцi мясцовыя дыялекты ангельскай i кельцкую мову ў сучасны культурны кантэкст.

(Уэлш: ) “Напрыклад, ёсьць вельмі добры шатляндзкі пісьменьнік Мэт'ю Фіт – ён піша не па-гэльску, але на іншым дыялекце шатляндзкай мовы, якім размаўляюць у цэнтральнай Шатляндыі, і ён піша фантастыку. Замест таго каб глядзець на гэты дыялект, як на рэч зь мінуўшчыны, ён разглядае яго, як рэч будучыні. Я не вялікі экспэрт у гэтым, але мне здаецца, што тое ж самае адбываецца з гэльскай мовай. Людзі глядзяць на яе, як на жывую мову, а не як на мову, якой размаўляюць толькі старыя ў нацыянальных касьцюмах, што граюць на скрыпачках”.

Некаторыя чакалi, што ў сваiх кнiгах пасьля “Trainspotting” Ўэлш зменшыць ужытак дыялекту, каб пашырыць кола патэнцыйных чытачоў па-за межамi Шатляндыi. Але гэтага не адбылося. Тым ня менш, Ўэлшавы кнiгi добра прадавалiся ня толькi па ўсёй Брытанii, але i ў iншых англамоўных краiнах. “Trainspotting” патрапiў у дзясятку бэстсэлераў паводле статыстыкi амэрыканскай газэты “Los Angeles Times”. Нават найменш прадавальная (хоць, на маю думку, найлепшая) кнiга Ўэлша “Кашмары бусла марабу” разыходзiлася лепей, чым творы пераважнай большасьцi пiсьменьнiкаў на “агульназразумелай” ангельскай. Можна сказаць, што добраму пiсьменьнiку дыялект не замiнае, а наадварот.

У “Кашмарах бусла марабу” ад першай асобы распавядаецца гiсторыя хлопца, якi ляжыць ў коме, а ягоны розум вандруе памiж галюцынацыямi i ўспамiнамi – ён намагаецца i адначасова баiцца ўзгадаць падзеi свайго жыцьця. Вось што пiша пра гэтую кнiгу на сайце Amazon.com чытачка з Паўдзённай Карэi Янiпу:

“Першы раз, калi я яе чытала, я сядзела некалькi гадзiнаў уначы каля свайго пакою ў iнтэрнаце на халоднай бэтоннай падлозе – вiльготнай, бо была залева. І я не магла спынiццца i адкласьцi гэтую кнiжку”.

На тым жа сайце можна знайсьцi шмат водгукаў чытачоў з краiнаў Эўропы ды Амэрыкi. Вось што кажа Ўэлш.

(Уэлш: ) “Я думаю, што літаратура прывязаная да канкрэтнага месца, але ў той жа час унівэрсальная. Яна пачынаецца ў канкрэтным месцы, а пасьля разыходзіцца кругамі. Калі ўзяць твор, напрыклад, чэскага ці польскага пісьменьніка, і перакласьці яго на ангельскую, ён ня будзе мець такога ўплыву, як ў Польшчы ці Чэхіі, але калі ён дастаткова ўнівэрсальны, то ўплыў будзе ў любым месцы сьвету”.

Творы Ўэлша вельмi цяжкiя для перакладу, але ён кажа, што цiкавей за пераклад трансфармацыя твору – падгонка яго пад iншыя, хоць у нечым падобныя, рэалii. Уэлш кажа, што найбольшае задавальненьне ад спэктаклю паводле адной са сваiх кнiгаў ён атрымаў у Партугалii, дзе Лiсабонскi тэатар зрабiў шмат зьменаў, перанесшы дзеяньне на мясцовую глебу.

(Уэлш: ) “Калі ты перарабляеш нешта, то найбольшае задавальненьне атрымліваеш, пакідаючы на гэтым свой уласны адбітак. Такім чынам ты найлепей выказваеш павагу чужому твору, які табе падабаецца. Таму я вельмі спакойна рэагую, калі іншыя перарабляюць мае рэчы”.

У сярэдзiне 1990-х Уэлш прыкладна год пражыў у Амстэрдаме, дзе напiсаў сваю чацьвертую кнiгу – “Экстазi”. Апошнiя некалькi гадоў ён жыве ў горадзе Чыкага ў Злучаных Штатах.

(Уэлш: ) “Я раней правёў там шмат часу, так што нельга сказаць, што для мяне пераезд стаўся нейкім шокам. Я люблю Амэрыку – заўсёды любіў яе. Гэта вельмі цікавае месца, культурна разнастайнае. Паколькі я ня вельмі добра вучу мовы, дык мне там лягчэй і ў гэтым пляне. Іншая рэч – палітыка, асабліва замежная палітыка ЗША. Яе я цярпець не магу. Але ёсьць шмат вартых рэчаў у амэрыканскай культуры і амэрыканскім ладзе жыцьця”.

Падчас сустрэчы з чытачамi на Праскiм пiсьменьнiцкiм фэстывалi Ўэлшу задавалi шмат палiтычных пытаньняў. Розныя крытыкi ў свой час вiнавацiлi яго як у тым, што ён пазьбягае палiтыкi ў сваiх творах, гэтак i ў тым, што ён, наадварот, любiць выстаўляць напаказ свае левалiбэральныя палiтычныя перакананьнi. Уэлш называе цяперашнiя заходнiя грамадзтвы “пост-дэмакратычнымi”. Вось як ён гэта мне патлумачыў:

(Уэлш: ) “Здарылася вось што: вялікая няроўнасьць у даходах дазваляе тым, хто мае звышбагацьці, абысьці дэмакратычныя мэханізмы, купіць дэмакратыю. Ты можаш атрымаць патрэбныя табе вынікі. Стала абсалютна відавочна, што дэмакратыя залежыць ад твайго уплыву, статусу і магчымасьці ўмешвацца ў працу рынку, кантраляваць рынак. Болей няма свабоднага рынку – практычна ўсё пад кантролем карпарацыяў. Усё вырашае невялікая група людзей у касьцюмах; астатнія 99.99 адсоткаў насельніцтва сьвету пазбаўленыя магчымасьці на гэта рэальна ўплываць. Кожныя чатыры ці пяць гадоў адбываюцца выбары, але іх вынікі шмат у чым вызначае прапаганда ў мэдыях. Мне здаецца, мы прайшлі этап дэмакратыі і перайшлі ў алігархію”.

Уэлш таксама кажа, што ў заходнiх краiнах словы кшталту роўнасьцi i сацыяльнай справядлiваьцi зрабiлiся табу. Гэта ня значыць, што ён мае сымпатыi да сыстэмаў, якiя прыкрываюць такiмi словамi татальны кантроль за грамадзствам. Але пасьля падзеньня камунiзму, лiчыць Уэлш, традыцыйныя вызначэньнi “правых” i “левых”, згубiлi большую частку сэнсу, а заходнiя грамадзтвы ў шмат якiх нэгатыўных сэнсах сталi больш падобныя да былога Савецкага Саюзу, чым яны хочуць прызнаць.

(Уэлш: ) “Тут няма лёгкіх адказаў. Відавочна, што і капіталізм зьмяніўся. Гэта ўжо ня чысты капіталізм у тым сэнсе, як яго разумеў, напрыклад, Адам Сьміт. Цяпер усё залежыць ад такіх рэчаў, як карапарацыі, доступ да рынку, пратэкцыянізм. Болей няма справядлівай канкурэнцыі, бо існуе столькі шмат бар’ераў для доступу на рынак. Таму нельга цяперашнюю сыстэму называць капіталізмам у тым сэнсе, як мы ведалі капіталізм раней. Гэта ўжо зусім іншая штука”.

Трэба прызнаць, што сам Ўэлш у гэтай новай сыстэме ўладкаваўся някепска. Паводле ягонай бiяграфii, якую напiсаў iншы шатляндзкi пiсьменьнiк Эндру Крамi, яшчэ да пiсьменьнiцтва, у 1980-я гады Ўэлш даволi пасьпяхова заняўся перапродажам нерухомасьцi. Напрыканцы дзевяностых ягоны гадавы даход ад правоў на кнiгi, фiльмы ды музыку быў каля мiльёну фунтаў стэрлiнгаў. Сам Уэлш гэтак сказаў у 1998 годзе ў iнтэрвiю брытанскай газэце “Guardian”: “Ня я прыдумаў капiталiзм… Але я не зьбiраюся быць дурным пакутнiкам”.

Уэлш нарадзiўся ў 1958 годзе ў Эдынбургу ў сям’i партовага грузчыка i афiцыянткi. Падлеткам ён марыў стаць музыкам, i калi пераехаў у Лёндан у 1978 годзе, то некалькi гадоў граў у панкавых гуртах, перабiваючыся выпадковымi заробкамi. Ён кажа, што дагэтуль ягоны ўлюбёны гурт – гэта адны з заснавальнiкаў панк-року “Sex Pistols”. Пазьней, у 1980-я, калi Ўэлш зрабiўся спачатку клеркам, а потым праграмiстам, ён пераключыўся на новую моладзевую субкультуру – рэйв. Уэлш дагэтуль часам выступае ў якасьцi ды-джэя у клюбах па ўсiм сьвеце.

(Уэлш: ) “Я ня ведаю, магчыма я пастарэў – але мне здаецца, што сучасная культура зрабілася больш нуднай. Паколькі ўсё грунтуецца на спажывецтве, людзі болей самі ня робяць сабе забавы. Яны глядзяць у газэту і шукаюць – у які я клюб пайду, на які канцэрт я пайду, якую групу я хацеў бы пабачыць. Раней было крыху болей забаваў, якія людзі ладзілі самі, ладзілі уласныя імправізаваныя вечарыны, самі былі ды-джэямі. Цяпер гэта усё зрабілася больш рытуалізаваным”.

Амаль ва ўсiх творах Уэлша вялiкае месца займаюць наркотыкi. Трэба прызнаць, што людзi з самага пачатку цывiлiзацыi ап’янялi сябе рознымi рэчывамi, кажа Ўэлш, i хутчэй за ўсё будуць ап’яняцца й надалей.

(Уэлш: ) “Я б памясьціў наркотыкі ў рамкі закону – іх трэба падзяліць паводле атрутнасьці і сілы прызвычайваньня. Менш атрутныя наркотыкі, да якіх меней прызвычайваесься, мусяць быць болей даступнымі, чым болей атрутныя, з большым прызвычайваньнем. Таму, напрыклад, гераін мусіў бы быць цяжкадаступным, але “экстазі” ці марыхуану я б зрабіў адносна даступнымі. Яны б мусілі прадавацца па ліцэнзіі і пад кантролем, у тым ліку кантролем якасьці. Цяпер такога кантролю няма. Яны былі б у такіх самых рамках, як алькаголь і некаторыя лекі, якія людзі купляюць паводле рэцэпту. Я ня думаю, што цяпер наркотыкі клясыфікаваныя паводле нейкіх рацыянальных прынцыпаў. Гэта ўсё забабоны грамадзтва”.

Тое, што алькаголь – адзiн з найбольш небясьпечных наркотыкаў – талеруецца больш за астатнiя, Уэлш тлумачыць наступным чынам:

(Уэлш: ) “Фактычна, заходняя культура наркотыкаў зьнішчыла іншыя наркатычныя культуры. Сьвет падзелены паміж алькаголем на Захадзе і ўстрыманьнем у мусульманскіх краінах”.

Брытанскую прэсу заўсёды цiкавiла, у якой ступенi Ўэлшавы творы можна назваць аўтабiяграфiчнымi, а найболей – цi ўжываў ён гераiн. Уэлш неахвотна адказваў на такiя пытаньнi, але ў сярэдзiне 1990-х распавёў у адным з iнтэрвiю, што ў 22 гады некалькi месяцаў сапраўды калоўся. Вось што ён сказаў газэце “Independent”:

“Гэта была дурасьць i слабасьць. Я не кранаў гераiн ужо шмат гадоў, але ён застаецца з табой. Калi нешта кепскае здараецца ў тваiм жыцьцi, ён заўсёды недзе побач, чакае, каб ты пасьлiзнуўся”.

А вось што кажуць пэрсанажы кнiгi “Trainspotting”:

“— Што гэтая штука робiць з табой, Марк?

У ягоным голасе шчырая цiкаўнасьць.

Я пацiскаю плячыма. Не хачу пра гэта размаўляць. Адразу ўспамiнаюцца ўсе гэтыя мудакi з дыпломамi, якiм плоцяць, каб яны нас грузiлi рознай хiрнёй на кансультацыях. Нi..я добрага з гэтага не атрымлiваецца. Але Томi настойвае.

-- Скажы, Марк. Я хачу ведаць.

Калi падумаць, дык можа друганы, зь якiмi рознае разам перажыў, заслугоўваюць прынамсi спробы патлумачыць. Гэта ж ня тое, што кансультанты ды палiцаi, якiя цягнуць цябе за язык. І я пачынаю сваю казань. Адчуваю сябе нечакана добра ды спакойна, i ў галаве ясна.

-- Я ня ведаю дакладна, Томi, праўда ня ведаю. Гэта цiпа робiць усё больш рэальным, сапраўдным. Жыцьцё зануднае i пустое. Мы пачынаем зь вялiкiмi надзеямi, а пасьля ўсё накрываецца. Мы разумеем, што ўсе мы памрэм – памрэм раней, чым знойдзем адказы на вялiкiя пытаньнi. Мы выдумваем нейкiя наварочаныя iдэi, проста глядзiм на нашае жыцьцё з розных бакоў, але нашае цела не атрымлiвае сапраўдных ведаў, пра галоўныя рэчы, сапраўдныя рэчы. Проста мы жывём кароткае нецiкавае жыцьцё, а потым памiраем. Мы запаўняем жыцьцё розным гаўном – кар’ерамi, дзеўкамi – каб паверыць, што ў гэтым ёсьць нейкi сэнс.

Гераiн – шчыры наркотык, бо ён зьнiшчае ўсе iлюзii. Калi ты адчуваеш сябе добра, то ты адчуваеш, што сьмерцi няма. Калi табе хiрова, то твой звычайны боль проста шматкроць расьце. Гэта адзiны шчыры наркотык. Ён ня дурыць табе галаву. Ён проста дае табе кайф i адчуваньне, што ўсё супэр. А потым ты бачыш сапраўдныя беды сьвету, i ты ўжо ня можаш ад iх схавацца за нейкае абязбольваньне.

-- Нейкую хiрню ты кажаш. Поўная хiрня.

Томi, напэўна, мае рацыю. Калi б ён у мяне запытаўся тое ж самае тыдзень таму, я пэўна сказаў бы нейшта зусiм iншае. Калi ён запытаецца заўтра – гэта зноўку будзе iншы адказ. Але зараз я буду трымацца думкi, што парашок дапамагае, калi ўсё астатняе выглядае занудным i непатрэбным.

Мая праблема ў тым, што як толькi я бачу магчымасьць атрымаць нешта, чаго я нiбыта жадаў – сяброўку, кватэру, працу, адукацыю, грошы i ўсё такое – яно адразу выглядае занудным i пустым, i я ўжо болей не магу гэта цанiць. Але гераiн – зусiм iншае справа. Ад яго нельга так проста адвярнуцца. Ён цябе так не адпусьцiць”.

Хоць “Trainspotting” дагэтуль застаецца найбольш папулярнай Уэлшавай кнiгай, за дзесяць гадоў пiсьменьнiцтва ён выдаў яшчэ шэсьць кнiгаў прозы i п'есу. Уэлш кажа, што цяпер у штодзённым жыцьцi ён рэдка ўспамiнае пра непазьбежнасьць сьмерцi, ад якой кожны хаваецца па-свойму.

(Уэлш: ) “Я звычайна ня думаю пра такія рэчы, пакуль ня сяду пісаць кнігу. На маю думку, гэтак і пішуцца кнігі – спрабуеш ахапіць як мага болей аспэктаў жыцьця. Напісаньне кнігі – гэта сьцьвярджэньне жыцьця, але ў той жа час і падрыхтоўка да сьмерці. Бо ты спрабуеш ахапіць столькі шмат магчымасьцяў жыцьця ў сваёй галаве. Але звычайна я не разважаю над пытаньнямі сьмяротнасьці, пакуль не саджуся пісаць кнігу. Магчыма, людзі дзеля таго й пішуць – каб ня думаць пра такія рэчы ў штодзённым жыцьці. Такім чынам можна працягваць жыць, і скіраваць думкі пра найважнейшыя, таямнічыя пытаньні існаваньня ў сфэру, дзе можна паспрабаваць у іх разабрацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG