Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ленінаў берагуць


Винцэсь Мудроў, Наваполацак

Гадоў трыццаць таму давялося мне працаваць у студэнцкім будатрадзе — два месяцы завіхаўся ля бэтонамяшалкі. І вось аднойчы (а было гэта ў горадзе Лепелі) прыхапілі мы зь сябрам пляшку “чарніла”, выправіліся ў парк і не пасьпелі прымасьціцца на лаве — акурат ля помніка правадыру, як перад намі паўстаў мужчына, выгляд якога наводзіў на думку, што небараку прапусьцілі праз тую самую бэтонамяшалку. Мы, вядома ж, налілі мужчыну паўшклянкі. Небарака, не варушачы кадыком, выпіў трунак, прафэсійным рухам выхапіў з маіх вуснаў цыгарэту і, удыхнуўшы пяршывага дыму, прамовіў:

— Пачуеце пра ЛПТ (меўся на ўвеце лячэбна-працоўны прафілякторы, дзе лекавалі алькаголікаў) — лепш адразу ў пятлю!

Уражаныя, мы налілі яшчэ паўшклянкі.

— Там гінуць найлепшыя людзі, — буркнуў суразмоўнік, а калі сябрук запытаў: зь якой гэта пары алкашы сталі найлепшымі людзьмі? — пасуравеў з твару і здушана выдыхнуў:

— Яны Леніна любяць.

Тою парою ня толькі алкашы, але й просты люд уважаў Ільліча за нябеснага заступніка. Рабочыя, сяляне і працоўная інтэлігенцыя гатовыя былі пагадзіцца, што ўсе гэтыя недавучаныя каморнікі й аптэкары — сьвярдловы, троцкія ды дзяржынскія былі звычайнымі жыганамі; што сацыялістычная рэвалюцыя была гвалтоўным захопам улады, калі, падбадзёраныя бальшавікамі дэзэртыры Балтфлёту захапілі Зімовы палац, тэлефонную станцыю і банкі; яны былі перакананыя, што ўсе так званыя верныя ленінцы — пачынаючы з генэральнага сакратара і заканчваючы сакратарамі гаркамаў — прайдзісьветы і хабарнікі, але Ленін…

Ленін быў беззаганнай, калі не Марыяй, дык, прынамсі, дабралюбаўскай Кацярынай — промнем сьвятла ў цёмным валадарстве. І таму сустрэты намі алкаш, ужо ладна захмялеўшы, прамовіў сакрамэнтальную фразу: “Быў бы Ленін жывы, ці ж мы пілі такую брыдоту!” — і строс на язык апошнія кроплі з бутэлькі.

“Калі б вы ведалі, зь якога сьмецьця вершы вырастаюць...” — напісала калісьці расейская паэтка. На добры лад радок гэты мусіў гучаць так: калі б вы ведалі, зь якога сьмецьця вырастаюць куміры! Дакладней, павырасталі, бэтоннымі і бронзавымі камандорамі паўстаўшы на галоўных пляцах беларускіх гарадоў, пукатым вокам, згодна з правілам сьвярдзёлка, сьвідруючы сьветлую далеч камунізму.

Якіх толькі ленінаў не зьляпілі цягам мінулага стагодзьдзя беларускія скульптары! Вось Ільліч у зімовай шапцы — стаіць, пакутнік, на ліпеньскай сьпёцы, пасярод пыльнага мястэчка. А вось, вылеплены з гіпсу, размаўляе па тэлефоне: чаго добрага, ажыве, ды закрычыць Фэліксу Эдмундавічу: “Мало, архимало расстреливаем спекулянтов и мешочников, батенька!” А вось, адліты з сылюміну, пагрозьлівым Харонам, дарма, што ў палітоне, — стаіць на чоўне-душагубцы. Апошні варыянт, праўда, ня быў увасоблены ў помніку і застаўся ў выглядзе скульптурнай мадэлі.

Ну і, нарэшце, пры канцы савецкай улады, відаць, дзеля эканоміі фінансавых сродкаў, у якасьці помнікаў сталі вырабляць былінныя ленінскія галовы, якія адразу ж замілавалі галубы. Голуб — птушка Божая, таму і пазначала адпаведным чынам бэтонную шэльму. І кожнага ранку ля галавы мусіла завіхацца дворнічыха з адмысловай — з даўжэзным дзяржальнам — швабрай, якой чухала абседжаную птушкамі патыліцу.

Беларускія мастакі і цяпер згадваюць вясковага дзядзьку, які забрыў неяк у менскі Палац мастацтваў і, агледзеўшы экспазыцыю, запытаўся ў цётухнаў-дазорцаў: “А чыво эта нашы художнікі не рысуют голых жэньшчын?” І ніхто яму не патлумачыў, што дзяржзамова існавала толькі на шчыгульна апраненых правадыроў, а таму мастакі, душою парываючыся намаляваць сакавітае ню з раскінутымі сьцёгнамі, мусілі дрыжачымі з пахмелкі рукамі маляваць эпічныя палотны, кшталту сустрэчы Леніна на Фінляндзкім вакзале.

Тое ж і беларускія паэты. Не ва ўсіх, вядома, але ў многіх песьняроў таксама ад ранку дрыжэлі рукі і балелі галовы, але яны таксама мусілі ўлягаць у ленініяну, бо яна давала творцам ня толькі харч нязводны, але й дзяржпрэміі, творчыя камандзіроўкі ды трохпакаёвыя кватэры з разьяднанымі санвузламі.

Самі паэты, аднак, такія тлумачэньні рашуча адкідваюць і, паклікаўшы на дапамогу гарэзу-Фройда, даюць сваім колішнім паэтычным шчыраваньням іншае тлумачэньне. А менавіта: за часам сацрэалізму творцы мусілі стрымліваць сябе ў эратычнай тэматыцы, а таму іхныя неўсьвядомленыя псыхасэксуальныя інтэнцыі знаходзілі выйсьце ў вершах пра Леніна ды камуністычную партыю.

Сёньня былыя майстры ленініяны гамузам падаліся ў апазыцыю, пайшлі са сьвечкамі ў цэрквы, паселі за мэмуары, апісваючы, як яны ненавідзелі савецкую ўладу, і з усяго пісьменьніцкага зьвязу гэтай тэме застаўся адданы толькі адзін творца — расейскамоўны паэта. Пранонсам і ўсім сваім выглядам паэта падобны да гогалеўскага Пацука, і хаця галушкі ў выглядзе ганарараў яму ў рот ня скачуць, творца па-ранейшаму піша блюзьнерскія вершы, у якіх параўноўвае правадыра з Хрыстом.

Вернемся, аднак, у канец вясёлых сямідзесятых, калі менскім партыйным босам усяго гэтага падалося замала, і яны вырашылі прадэманстраваць працоўным масам жывога Ільліча. На адной з кастрычніцкіх дэманстрацыяў паперадзе калёны паехала высозная, абцягнутая чырвонай крамнінай моўніца з выканаўцам ролі Леніна на вершаку, а зь яе нутра, на ўсе застаўкі, грымеў аўтэнтычны правадыровы голас. “Чьто такое сав’ецкая в’асть? В чём сущность этой новой в’асти..?!” — ляпаў бязгучным ротам актор, цягнучы наперад правую руку і рупячыся адарваць левай рукой штрыфель дэмісэзоннага палітону.

Маскарад гэты, аднак, не спадабаўся Машэраву (па іншай, больш праўдападобнай вэрсіі, у правадыра на золкім ветры адклеілася бародка. Была й яшчэ адна вэрсія: нібыта актор кульнуў дзеля настрою кухаль піва і пасьля дэманстрацыі, скаціўшыся з моўніцы, доўга стаяў ля плоту, клянучы восеньскую халадэчу і няўдзячны акторскі лёс). Як бы там ні было, але жывога Леніна больш на дэманстрацыях не вазілі.

Жывы Ільліч, дзякуй Богу, зьнік, а вось ягоныя шматлікія клоны, хай і з аблупленымі насамі, і дагэтуль цягнуць рукі, паказваючы нам, беларусам, дарогу, па якой мы блукаем ужо два Майсеевых тэрміны. Непарушна-ленінізаванай застаецца й тапаніміка. Дарэчы сказаць, беларускія партбосы да нядаўняй пары ганарыліся, што на Палесьсі ад XVI стагодзьдзя стаіць мястэчка з назваю Леніна. Вунь калі пачалі ўслаўляць правадыра! Ну а ўсе спробы надаць нашым вуліцам і пляцам чалавечыя назвы ці ўзьняць на пастамэнты, замест Ільліча, герояў нацыі, здушваюцца ў зародку. “Не чапайце Леніна, гэта наша гісторыя”, — кажуць прыўладныя нашчадкі правадыра.

Ды ня толькі гісторыя лучыць беларусаў з крамлёўскім летуценьнікам. Шмат хто добра сябе пачуваецца пад ценем ягоных помнікаў. Уявім, што замест Леніна на пляцах паўстануць асобы — заўзятары свабоды і людзкога дабрабыту. Тады ж, відаць, давядзецца дзеля гэтага дабрабыту працаваць — усе восем гадзінаў, ды яшчэ і паўсуботы прыхопліваць. А навошта ж гэта нам, звыклым адрабляць савецкую шарварку?

Ну а жыць не па законах, а па дэкрэтах. Гэта адкуль? Ды адтуль, ад Леніна. А разгон парлямэнту? А закрыцьцё апазыцыйных газэтаў? А калектыўная форма сельгасвытворчасьці? За яе ж трымаюцца ня толькі калгасныя старшыні, але й простыя калгасьнікі. Дый у нас і сама дзяржава збудаваная па калгасным прынцыпе — тут табе і ўсеўладны старшыня, і бяспраўнае праўленьне ў асобе Нацыянальнага сходу, і крадуць у дзяржаве з тым самым імпэтам, як і ў калгасе.

Так што бязь Леніна нам нявыкрутка. Таму мы яго і беражом. І штоночы, у цэнтры беларускіх гарадоў — на перасячэньні вуліцы Савецкай з пляцам імя Леніна — зыркі пражэктар высьветлівае бронзавую постаць, і ў яе цені, пад сховай чэзлых ялінаў, новае пакаленьне апівудаў страсае з бутэлек апошнія кроплі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG