Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы вусы гадуюць


Алег Дашкевіч, Менск

Першыя вусы, што мяне зачаравалі, былі вусы майго прадзеда Ігната на старой фатаграфіі пачатку мінулага стагодзьдзя. То былі сапраўдныя вусы сапраўднага мужчыны, бацькі вялікае сям’і, які ведаў меру сваёй адказнасьці. Адным сваім выглядам, разьлётам даўгіх простых лініяў, вусы прадзеда Ігната адначасова сьцьвярджалі сталёвую непахіснасьць нацыянальнай традыцыі, харызму і дабрабыт.

Значна пазьней такое ж самае багацьце я пабачыў на старонцы падручніка па беларускай літаратуры. Скарб належаў чалавеку, які меў імя Францішак Багушэвіч. Пад ягонымі вусамі было напісана: “Не пакідайце ж мовы нашай, беларускай. Каб ня ўмёрлі...” Гэткая акалічнасьць была не апошняй прычынай таго, што я пачаў іначай глядзець на мову і ўпершыню ўсур’ёз задумаўся пра ўласныя вусы.

Да таго часу я ўжо пасьпеў запісацца ў баксэрскую сэкцыю, бо ўбачыў кадры кінахронікі канца 19 стагодзьдзя, дзе бліскаў ва ўсёй красе сваіх вусоў, як дзьве кроплі падобных да вусоў майго прадзеда Ігната, непераможны чэмпіён Старога й Новага Сьвету па боксе — ірляндзец Джон О’Саліван. Мне ўяўлялася, што сваіх супернікаў знакаміты чэмпіён перамагаў ня сьвінгамі й кросамі, а адно сваімі вусамі-крыламі — такая сакрушальная была іхная магія, і што ўладальнік такіх вусоў мусіў быць такім самым годным чалавекам, як мой прадзед. Праз такія абставіны краіна-Ірляндыя выклікала ў мяне вялікую сымпатыю, якая доўжыцца да сёньня.

То быў час, калі на тле афіцыёзных голеных твараў адказных таварышаў, выстаўленых, дзе толькі магчыма, вусы былі ледзь не праявай адкрытага дысыдэнцтва, а над краінай Саветаў напоўніцу зазьзяла зорка вусатых “Песьняроў” і мужчынская палова тае краіны, а беларусы шматкроць, старанна гадавала вусы “пад Мулявіна”.

Мой дзядзька Валерка, што ў гэты час вярнуўся з заробкаў ва Ўладзівастоку, апроч аповедаў пра мора, пуціны і адчайную вольніцу партовага места, прывёз з сабой менавіта такія мулявінскія вусы-падкову, і сьцьвярджаў, што на Далёкім Усходзе такі кшталт вусоў завецца беларускім. Я неаднойчы назіраў, як асьцярожна і грунтоўна выбрываў ён сваю “падкову” небясьпечным дзедаўскім лязом.

Так, паступова, вусы-крылы пераўтварыліся ў вусы-падкову.

Мне ж, шкаляру, пра такі мужчынскі аксэсуар заставалася адно толькі марыць. Дый ня толькі мне, але амаль усім маім раўналеткам. Нашыя вусы пачалі вызіраць на сьвет Божы толькі ў пачатку васьмідзясятых, калі надыходзіў час службы ў войску.

Але, як выявілася, вусы ў Савецкай Арміі былі прывілеем.

— Не стварай сабе лішніх праблем, зямеля, іх у цябе на год наперад, — сяржант з Палесься з красамоўным прозьвішчам Іван Каліта назіраў, як пільна я выводзіў бясьпечным станком фігуры па намыленым твары, каб, крый Божа, не пашкодзіць прывезеныя ў войска з “гражданкі” свае юнацкія вусікі. — Прыйдзе і твой час, адгадуеш.

Сяржант, трэба прызнаць, меў рацыю... і сапраўдныя раскошныя вусы пшанічнага адценьня. Да дому яму заставалася некалькі месяцаў службы.

Мой час прыйшоў. З войска я вяртаўся, як мае быць, — з вусамі. Але мяне бянтэжыў недастаткова, на маю думку, яскравы выгляд маёй расьліннасьці. Нарэшце было прынятае рашэньне. І вусы мае, адведаўшы наймацнейшага фарбавальнага сродку, зрабіліся чорнымі, як кроў дзіка. У спалучэньні зь веснавым паўднёвым загарам і грэцкім профілем уласнага носу за браму вайсковае часткі я выправіўся з досыць экзатычным, як для беларуса, выглядам.

У цягніку Адэса-Менск угрэтая гарэлкай кумпанія ўкраінскіх шабашнікаў, запрашаючы салдата за багата накрыты стол, спачувальна спытала: “Ну што, Кацо, з адпачынку вяртаесься, сядай да нас будзь-ласка”.

Тлумачыць што-небудзь было бессэнсоўна, рабацяг не засмуціла маё дзеканьне й цеканьне заміж красамоўнага каўкаскага акцэнту. Не даючы сказаць і ня слухаючы, яны падымалі тосты за мяне, за сонечную Грузію, за “вып’ем за Родзіну, вып’ем за Сталіна” і гэтак далей.

Пры канцы вячэры, з аднекуль узьніклым грузінскім пранонсам, я сардэчна запрашаў гэтых душэўных людзей да сябе ў Грузію ў госьці, распавядаючы пра мандарынавыя сады, цёплае мора Гагры й Піцунды, пра шашлыкі, вастрэйшыя за лязо дамаскага кінжалу, пра ўсё тое, што пачуў ад свайго армейскага сябра — Давіда Бедашвілі.

Калі шабашнікі сышлі, астатні час да дому я прысьвяціў розмыслам, што такое вусы ў жыцьці мужчыны, а таксама над такой акалічнасьцю, як іх колер, і вырашыў болей яго не зьмяняць.

Вобраз беларуса для самога беларуса, безумоўна, няпоўны і нават насьмелюся на такую спрэчную думку, — няпаўнавартны без вусоў. У гэтым мы можам паспрачацца з каўказцамі, тэхасцамі ды ыіцылійцамі.

Несьцерка, Колас, Купала, Багдановіч, бацька Мінай, генэрал Булак-Балаховіч, Скарына, Радзівілы, Лёнік Тарасэвіч, нарэшце рэпінскі Беларус мелі вусы і постаці на любы густ, гэта вам не хвасты сучасных рокераў.

Лукашэнка перамог на прэзыдэнцкіх выбарах Кебіча і Пазьняка з Шушкевічам з тае самае прычыны. Але запомніўся на адным зь першых прэзыдэнцкіх фота тым, што вусы меў няроўна пастрыжаныя.

Увогуле, з часу выбраньня першага прэзыдэнта, вусы ў нас зьмяніліся. Старанна гадаваныя, на ўзор беларускай шляхты часоў гетмана Астроскага, рамантычныя вусы канца другога тысячагодзьдзя адышлі ў нябыт. Вусы клясычнай беларускай інтэлігенцыі ўзору БНР гадуюцца таксама ўсё меней. Цяпер беларусы гадуюць вусы на лацінаамэрыканскі капыл.

А на Беларускім тэлебачаньні скрозь запаланілі экран вусы-нітачкі “а-ля мерзавчік”. Кожнаму часу свая мода.

Нішто не стаіць на месцы. У цяперашняй рэдакцыі “Нашай Нівы” вусы ўвогуле не ў пашане, але быў час, калі па вусох супрацоўнікаў выданьня можна было вывучаць эпохі й кантынэнты.

Але ёсьць рэчы непадлеглыя выбрыкам моды, альфа і амэга, як нацыянальны герб “Пагоня”, дзе нашаму рыцару-вершніку, у адрозьненьне ад літоўскага, адкрылі забрала, здаецца, з адной мэтай, каб было відаць, што ён вусаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG