Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы на сваю партызанскую сутнасьць не забываюцца


Алесь Анціпенка, Менск

Няма такога беларуса, які б у сваім мінулым альбо цяперашнім жыцьці ня быў партызанам. Гаворка ідзе тут, аднак, не пра таго партызана, што сядзіць у лесе, мае пры сабе стрэльбу і чакае, покуль прыйдуць “свае”. Якраз наадварот — беларус ніколі і нікога не чакае: ні “сваіх”, ні чужых. Бо сваіх мае заўсёды пры сабе, а чужых хто ж гэта чакае?! Але тыя ўсё адно прыходзяць.

І таму беларус — гэта партызан па жыцьці. Як расейцы ніколі не заракаюцца ад торбы і турмы, так і беларус заўсёды гатовы пайсьці ў партызаны. І зусім не істотна, мірныя тое часы ці ваенныя. У самыя мірныя з усіх савецкіх часоў, застойныя, вядомы беларускі паэт Рыгор Барадулін пісаў: “у п’янку йшлі мы, як у партызаны”. Так што вобраз партызана можна лічыць часткай беларускага “я”.

Адзін мастак распавёў такую гісторыю. Сабраліся яны ехаць у Польшчу на выставу, прысьвечаную ўгодкам Сьцяпана Батуры, караля Рэчы Паспалітай. Склалі экспазыцыю, галоўнай часткай якой быў бюст Батуры ў футравай шапцы. Паставілі той бюст на сядзеньне і выправіліся ў дарогу. Прыехалі на мяжу і пачалі праходзіць кантроль. Мытнікі адразу ж зьвярнулі ўвагу на Сьцяпана Батуру. Агледзелі яго й запыталіся: “Хлопцы, а куды ж гэта вы дзеда Талаша вязеце?”

І ўсё ж сапраўдная партызанка вядзе свой пачатак ад 18 стагодзьдзя, калі на нашых землях зьяўляюцца першыя “тутэйшыя”. “Тутэйшы” — гэта акурат і ёсьць будучы партызан-беларус. Прыходзіць вораг і пытаецца ў беларуса: “Ты хто?” А ён адказвае: “Я — тутэйшы”. Хто такі той тутэйшы — невядома. А беларус насамрэч замаскаваўся пад ляндшафт і як бы кажа: “Ну, што вы ад мяне хочаце? Расту я тут, як трава, таму й тутэйшы. Што вы да мяне, як да слупа, прычапіліся?”

І, каб ня выдаць сябе, любы праўдзівы партызан сьцьвярджае, што яго няма, што яго памылкова прынялі за кагосьці іншага. “Мая хата з краю, нічога ня знаю”, “Я ня я, і хата не мая”, — кажа беларус-партызан.

Партызанскую тактыку беларус ужывае заўсёдна. Паглядзіце, напрыклад, як адбываюцца ў нас самыя розныя маршы і маніфэстацыі. У прызначаны час на месцы збору практычна нікога няма. Як і належыць партызанам, маніфэстанты і міліцыянты сядзяць у засадзе. Міліцыянты хаваюцца па дварох, а маніфэстанты прагульваюцца ўсьцяж праспэкту і робяць выгляд, што яны выпадковыя мінакі й нічога ня ведаюць пра акцыю.

Нарэшце, пераапранутыя міліцыянты пачынаюць кучкавацца. Тое ж робяць і маніфэстанты. Фармуецца невялічкая калёна, якая пачынае рушыць. Праз трыста-пяцьсот мэтраў яна разрастаецца да ўнушальных памераў. У яе ўліваецца вялікая колькасьць маніфэстантаў, якія ў розных барах і кавярнях сядзелі дагэтуль у засадзе і цяпер выйшлі на вуліцу. У руках выпадковых мінакоў зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі, і калёна набывае ўрачысты выгляд. Гэта падбадзёрвае маніфэстантаў, і яны пачынаюць выгукваць розныя лёзунгі.

У гэты ж час пачынаюць трашчаць міліцэйскія рацыі, па якіх перадаецца інфармацыя пра колькасьць маніфэстантаў. Інфармацыя надзвычай важная, бо на яе падставе прымаецца рашэньне, ці міліцыянты мусяць яшчэ сядзець у засадзе, ці яны ўжо могуць прадпрымаць якіясь дзеяньні. Як правіла, высьвятляецца, што лепш перасядзець у засадзе, бо разагрэтыя маніфэстанты, хоць і ня колькасна, але ж якасна, пераўзыходзяць міліцэйскія сілы.

Разгон маніфэстацыяў таксама адбываецца па ўсіх правілах партызанскай тактыкі. Маніфэстантаў заманьваюць у міліцэйскія кардоны і адлоўліваюць па аднаму. А паколькі міліцыя — усё ж такі рэгулярныя сілы, то міліцыянты, напэўна, усьведамляючы неадпаведнасьць партызанскай тактыкі на вуліцах беларускіх гарадоў, пачынаюць потым вельмі моцна куражыцца ў пастарунках.

Як і ўсялякі сапраўдны партызан, беларус любіць лес, балота і прыцемкі. Лес ён называе сваім бацькам. У лесе ў яго шмат радні: “Ой, бярозы ды сосны — партызанскія сёстры”. “Ой, ты, дуб малады”, — сьпявае беларускі партызан сваю адвечную песьню. А самая любімая расьліна беларускага партызана — бульба. Бо бульба — гэта ня толькі харч, але ж найперш паратунак. “Хавайся ў бульбу”, — кажа сабе беларус пры першай жа небясьпецы.

Апошнім часам у нашай краіне пачала разьвівацца новая плынь у мастацтве, якая мае назву “партызанарт”. Канцэптуалізатар гэтай плыні Артур Клінаў сьцьвярджае, што партызан — гэта пазасыстэмны герой. Што гэта азначае? Гэта азначае, што партызан — такі герой, якога можна разгледзець толькі ў прыцемках. На час прыцемкаў якраз і прыпадае найбольш актыўная фаза яго дзейнасьці. І менавіта прыцемкавая сутнасьць партызана выклікае да яго цікавасьць з боку прадстаўнікоў сучаснага беларускага мастацтва.

Адзін зь першых праектаў у гэтай плыні паўстаў недзе напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя і меў назву “Лёгкі партызанскі рух”. Праект быў падтрыманы Беларускім Фондам Сораса і мусіў быць зрэалізаваны. Адбылося аднак так, што ўлады вырашылі зачыніць фонд і распачалі праверку ягонай фінансавай дзейнасьці. Найбольшую цікавасьць кантралёраў якраз і выклікаў праект “Лёгкі партызанскі рух”, бо напачатку яны аніяк не маглі ўцяміць, што тое быў толькі праект сучаснага беларускага мастацтва.

Савецкая партызанка часткова зьмяніла ўяўленьні беларусаў пра саміх сябе і партызанаў. Ад тых часоў партызан для беларуса — гэта не зусім ён сам, а яшчэ і нехта іншы. А таму беларус часам палохаецца ў сябе гэтага “іншага” і гатовы адмовіцца нават ад свайго. Напрыклад, можа адмовіцца ад сваёй мовы, і тады пачынае лічыць, што ён як бы перайшоў на легальнае становішча, і яму ўжо нішто не пагражае.

Але прыцемкавая сутнасьць беларуса ніколі не дае яму спакою, і ён можа зноў загаварыць на сваёй мове. Усё залежыць ад таго, як беларус вырашыць, — знаходзіцца ён на акупаванай тэрыторыі ці не? Край наш забраны ці вольны?

Не забываецца беларус на сваю партызанскую сутнасьць. І ўсё ж, відаць, надыдзе некалі той час, калі ня трэба яму будзе зноў ісьці ў партызаны.

А які сэнс?! Калі маеш сваю краіну, і ўсе вакол цябе — свае.
XS
SM
MD
LG