Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы за мяжу езьдзяць


Ганна Кісьліцына, Менск

Часта здаецца, што Беларусь — адна суцэльная мяжа. Транзыт паміж Захадам і Усходам, учора й сёньня, сном і яваю... Межы беларускія рухомыя, амаль жывыя — то раскінуцца ад мора да мора, то звузяцца, як шчыгрынавая скура. Можа таму беларусы — нацыя не вандроўная: бо ад’едзеш з дому на колькі часу, а ці вернесься ў тую самую краіну, невядома.

Да нядаўняга часу беларусы пакідалі краіну не з уласнае волі. То змытыя хваляй Лістападаўскага паўстаньня ажно да Чылі, як славуты вучоны Ігнат Дамейка. То VIP-цяплушкаю ўзору 1930-х да Сыбіру, як клясык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі. То зь нямецкімі гідамі да Амэрыкі, як паэт-авангардыст Янка Юхнавец. Вандроўкі тыя былі доўгія, але выпраўляліся ў іх улегцы, бяз рэчаў.

Затое пасьля 1991-га беларусы набылі ня толькі новыя “пагранпункты”, але й мажлівасьць перамяшчацца так, як ім падабаецца. Уменьню беларусаў зьбірацца ў дарогу пазайздросьціў бы біблійны Ной. Чамаданы, бавулы, сумкі на колцах і без, капронавыя валізы й пастушковыя торбы напаўняюцца прадметамі першай патрэбы. Сярод іх — скрыня парцалянавых талерак, упакоўка парафінавых сьвечак, пачак бэнгальскіх агнёў. Мытнік ніколі не папытаецца, навошта беларуска бярэ з сабою дваццаць бюстгальтэраў, але затрымае вас на паўгадзіны, пабачыўшы пачак кніг на беларускай мове. Крый Божа перасякаць нашыя межы бяз рэчаў — вас могуць прыняць за шпіёна ці наркадылера.

“Курица не птица, Польша не заграница”, — так казалі пра краіну-суседку яшчэ за савецкім часам. Сёньня арэол замежнасьці на ёй канчаткова пабляк: беларускія дзеці могуць правесьці ў тамтэйшых аквапарках выходныя дні, а беларускія настаўніцы — працоўныя.

Штораніцы чатыры сотні інтэлігентнага выгляду жанчын сядаюць у памежную электрычку, пасьпяваючы за няпоўныя дваццаць хвілінаў са спрытам Гары Гудыні разьмеркаваць пад вопраткаю блёк танных цыгарэтаў і літар сьпірту ў дзесяці прымацаваных на целе цэляфанавых пакеціках. На пытаньне польскіх памежнікаў пра мэту наведваньня краіны жанчыны ніколі ня скажуць: “турызм”. Такі адказ выкліча альбо сьмех, альбо дадатковы агляд рэчаў. Таму: “шопінг”, “шопінг” яшчэ раз “шопінг”...

Складана прывучыць сябе да думкі, што былыя рэспублікі Саюзу — замежжа. Але мытнікі — добрыя прапагандысты. Забароненым словам на прыбалтыйскіх і ўкраінскай мяжы зьяўляецца слова “сала”. Літоўцы й латышы глядзяць нават на самую малую яго лустачку так, быццам гэта біялягічная зброя. Украінцы ад адной толькі згадкі пачынаюць падазраваць вас у зьдзеку з нацыянальных сьвятыняў.

Між тым, сапраўдны беларус ніколі ня выправіцца ў дарогу бяз ладнага кавалачка духмянага энэрганосьбіту. Беларускія пісьменьнікі традыцыйна бралі яго з сабою на трохмесячныя сэсіі ААН, чым спарадзілі нямала показак і чалавечай зайздрасьці. Яшчэ й цяпер вам могуць з маляўнічымі дэталямі распавесьці, як зэканомленыя на сале даляры ператвараліся ў джынсы й дублёнкі, купленыя на Брайтан-біч.

Ці пра тое, як адзін літаратар-дэмакрат з прынцыповых меркаваньняў не набываў дэфіцытны харч у пісьменьніцкім ведамасным стале заказаў. Але калі быў уключаны ў склад урадавай дэлегацыі ў Амэрыку, то адразу ж зьвярнуўся да адказнага сакратара Саюзу пісьменьнікаў з просьбаю выдаць яму поўны ліміт “сухой” кілбасы, назапашанай за час некарыстаньня льготамі. Кожны беларус зразумее гэтага служку прыўкраснага слова, бо ведае, што сухая кілбаса — стратэгічны прадукт любой замежнай вандроўкі.

Яшчэ адна незаменная рэч — кіпяцільнік. І найбольшае расчараваньне за мяжой для нашага суайчыньніка — гэта адкрыцьцё таго факту, што эўрапейскія разэткі не падыходзяць да беларускіх электрапрыладаў. А самая вялікая радасьць — бясплатнае мыла й шапачка для душу, якія мяняюць штодня ў гатэлі.

Помнікі архітэктуры ўражваюць беларусаў значна менш, чым кошт білетаў у тэатар. Так выглядае, што тэатар за мяжой наведваюць толькі тыя, хто прыехаў туды на гастролі.

Калі меркаваць па расповедах тых, што вярнуліся, то беларусы наведваюць за мяжой толькі крамы, музэі й прыбіральні. Між тым, нашыя суграмадзяне вядуць там дзелавыя перамовы, адпачываюць і нават бяруць удзел у навуковых канфэрэнцыях. Гэтая група беларусаў адрозьніваецца тым, што напярэдадні паездкі пазычае ў знаёмых даляры са словамі : “Не хвалюйцеся — аддам, бо траціць ня буду — мне толькі мытніку паказаць”.

Але нават нашая татальная беднасьць не выклікае перад замежжам піетэту. Што тонка засьведчыў байкапісец Кандрат Крапіва ў сваіх неўміручых радкох:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
Дык у Загібельцы, браце, лепш,
Няма грыбоў у Булонскім лесе,
А ў Сене хоць бы адзін лешч!


За мяжой цяжка адшукаць ня толькі грыбы, але й саміх беларусаў. Нашага чыноўніка можна апазнаць па татальнай зашпіленасьці гузікаў, нашага турыста — па шкарпэтках у спалучэньні з сандалямі. Адзінкі тых, хто гаворыць на роднай мове, прымаюцца немцамі за чэхаў, а ангельцамі за палякаў. Самі палякі робяць выгляд, што беларускай мовы ніколі ня чулі й не разумеюць. Беларус за мяжой — заўсёды інкогніта. Такое ўражаньне, што геаграфіі вучылі толькі нас.

Вось і думаеш — можа варта ўклейваць у беларускія пашпарты невялічкія мапы? Каб замест доўгіх тлумачэньняў іншаземцам, што мы за народ такі і дзе жывем, проста тыцнуць пальцам — тут мы, беларусы, у цэнтры Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG