Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы радыё слухаюць


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

“Як беларусы радыё слухаюць”. Гэты сказ я напісаў пад няўцямнае мармытаньне тэлевізара: ружавашчокі карэспандэнт АНТ, выяўляючы апагей вальнадумства, распавядаў, як у шматкватэрным доме прарвала трубу цэнтральнага ацяпленьня, і мая жонка, супыніўшы на паўдарозе відэлец з кавалкам секунца, захоплена глядзела на карэспандэнта, дакладней, на ягоны дыхтоўны, мышынага колеру кажух.

Візуал сёньня канчаткова перамог вэрбал. TV зарэзала broadcasting як таго Радзедзю прад палкы касожскія, і беларусы сёньня скрозь прыкутыя да тэлеэкранаў. А яшчэ ж зусім нядаўна, перабудовачнай парой, радыёкропкі ў тых жа вясковых хатах гучалі па васямнаццаць гадзінаў на содні.

Заплюшчваю павекі й да болю выяўна бачу вяскоўца тамтэйшай пары — да чарноцьця загарэлага, з папяросінай у зубах і жаўтлявай плямай на падштаніках. Ціхім адвячоркам ён слухае радыё, і гаспадыня, ужо з-за фіранкі, што аддзяляе ложак ад сьвятліцы, бурчыць: “Ішоў бы паліць у сені...” “Ды ціха ты...”, — прамаўляе гаспадар, падкручвае гук і заклапоча выдыхае: “У Ерусаліме... зноў узарвалі...”

А палове адзінаццатай, паслухаўшы прагноз надвор’я, гаспадар выключае радыёкропку, ідзе ў ложак; уночы, прабягаючы на цырлах на вядро, гаспадыня ізноў уключае прыймач, і а шостай раніцы радыё нема гарлае сталінскі гімн. Гаспадыня адразу ж падхопліваецца на ногі, а гаспадар тым часам даглядае апошні сон. Потым радыё, ужо ня так гучна, трансьлюе бээсэсэраўскі гімн; пры словах “Партыя к шчасьцю вядзе нас ў паход” гаспадар пазяхае, чухае ніз жывата, абласныя навіны слухае ўжо з расплюшчанымі вачыма, а калі па радыё гучыць абвестка аб наборы на курсы электралінейшчыкаў, зь неахвотаю падымаецца з ложка.

Цяпер радыё ніхто адмыслова ня слухае, адно вясковыя бабулі, прыбраўшы з правага вуха хусьцінку, сядаюць ля прыймача, каб паслухаць нядзельны канцэрт-віншаваньне. Рабіць гэта старому чалавеку даволі цяжка — цягне на сон. Пакуль радыё пералічыць васьмідзесяцігадовых юбіляраў, пакуль згадае, колькі дзяцей яны выгадавалі, колькі калгасных граматаў атрымалі, пакуль назаве ўсіх тых, хто юбіляраў віншуе, і прадэклямуе расейскі вершык кшталту: “С днём рожденья поздравляем, счастья, радости желаем!”, слухачка пачынае вадзіць носам і падхопліваецца ад бразганьня шарготак і гучных воклікаў фальклёрнага гурту “Сьвята”.

Заўважым, што пры канцы семідзясятых першым канцэртна-віншавальным нумарам была расейская народная песьня “Качанё лугавое”, а напачатку васьмідзясятых этэр скаланаў зонг “Мы — дети Галактики”. Гэты музычны твор адразу ж замілавалі апівуды: даводзілася назіраць, як яны выкульваліся з рэстарану, гарлаючы гэтую песьню.

Дзе тыя часы, дзе тыя апівуды, дзе тыя песьні? Цяпер куды ні зайдзі — у гарвыканкам, ці ў прымыльнік гарадзкой лазьні, радыёкропкі ўключаныя на поўную шпулю.

“Ну, согласитесь, ведь нам не хватает русскости”, — прамаўляе ўвішная журналістка.

“У нас нет фондов по мазуту”, – бубніць нейкі “вэртыкальны”.

“Ну не душыця вы крэсьцьянина!” — перапыняе “вэртыкальнага” яшчэ нехта...

Сёньня ад раніцы, перад тым, як садзіцца пісаць эсэ, зайшоў на мясцовы вузел сувязі з просьбаю адключыць у маёй кватэры радыёкропку. Сувязісты сустрэлі такую просьбу з абурэньнем. “Вы што, забыліся, дзе жывяце? На заводах можа надарыцца аварыя, а таму радыё мусібыць заўсёды ўключанае!”

Я слухаў кабет і ў думках — тое бывае перад скананьнем — пралятала, азоранае вынаходніцтвам Гульельма Марконі, усё маё жыцьцё. Згадалася папяровая талерка-рэпрадуктар, што вісела ў чайной, дзе працавала маці. Заседжаная мухамі талерка была ў некалькіх мясьцінах прадзертая, непрыемна зумкала, і Левітан ды Высоцкая — зацятыя савецкія дыктары — прамаўлялі незямнымі галасамі.

Згадаўся бляшаны рупар на высокім слупе, які грымотна брахаў на ўсё навакольле. І калі першым днём Стварэньня над цёмным бяздоньнем лунаў Боскі дух, дык над горадам, дзе мы жылі, луналі бясконцыя хрушчоўскія прамовы ўперамешку зь песьнямі зацятага савецкага кампазытара Дунаеўскага.

І вось ужо па нашай вуліцы ідзе сьціляга. Зь ягонага нутра, з раёну прастаты, на прасьцяг вырываецца перадача з цыклю “Ленінскі ўнівэрсытэт мільёнаў”, і цёткі, якія нічога ня чулі пра кішэнныя прыймачы, хрысьцяцца яму ўсьлед. Са спратаў памяці выплываюць непад’ёмная па цяжары аграмадзіна зь зялёнай лямпачкай на панэлі, і бацька, які сядзіць на краі рыплівага крэсла і рупіцца злавіць па ёй “варожыя галасы”. Наструніўшы вуха, бацька прамаўляе фразу, якую тады прамаўлялі ва ўсіх канцах бязьмежнай краіны: “Глушат, гады”. Зьняверыўшыся злавіць “Свабоду”, бацька наладжваецца на Пэкін, а пачуўшы, як рэвалюцыйныя масы з партрэтамі вялікага стырнавога ў правай руцэ, пераплываюць Янцзы, прылашчвае валасы на патыліцы і захоплена прамаўляе: “Во дают дрозда!”

Кватэра нашая поўніцца народам, гэта суседзі прыйшлі паслухаць рэпартаж аб гульні менскага “Дынама”. “Эдзіку, Эдзіку аддай!” — гукае падпіты сусед па мянушцы Заяц. “АдамовпасМустыгинуопаснейшееположение...” — з шалёным радыёдрайвам прамаўляе камэнтатар Альфрэд Мітрафанаў, тым часам як мячык спакойна валэндаецца ў цэнтры поля.

І вось я бачу сябе самога, патлатага і бязвусага, які з транзыстарам на сагнутай руцэ і, вядома ж, з выцягнутай на ўсю даўжыню антэнай, ідзе па галоўнай наваполацкай вуліцы. Транзыстар настроены на хвалю Радыё-Швэцыя, і мой сябрук, слухаючы рэдактарку музычных праграмаў Тамару Юхансан, трасе кудлатай галавой і стоеным голасам прамаўляе: “Чувіха, я маўчу!” У гэтым месцы ўспаміны абрываюцца, бо я з усьмешкаю на вуснах прыгадваю, што рэдактарка ўжо тады была кабетай пэнсійнага ўзросту.

Сёньня радыё ня толькі прапагандыст і агітатар, аварыйны апавяшчальнік ды інфарматар. Гэта голас самой улады, гэта ўваскрэслы Вэргілі, які вядзе нас у сьветлую будучыню саюзнай дзяржавы, і таму павінен гучаць у кожнай кватэры і ў кожнай хаце. На вёсцы можа ня быць электрычнасьці, туды можа не хадзіць аўталаўка, туды могуць месяцамі не насіць пэнсіі, але радыёкропка мусіць працаваць.

Таму й ня дзіва, што пасьля ўраганаў, якія часьцяком надараюцца ў нашых шыротах, першымі пачынаюць аднаўляць лініі праваднога радыёвяшчаньня. З тае нагоды ў пацярпелых раёнах утвараюцца адмысловыя штабы, ладзяцца сэлектарныя нарады, туды накіроўваюцца мабільныя групы электралінейшчыкаў.

Лініі апэратыўна аднаўляюцца, і настае той момант, калі малады манцёр, седзячы на верхавіне слупа, падключаецца да толькі што нацягнутага дроту і чуе ў навушніках уладныя словы: “Пакуль я прэзыдэнт, мы будзем займацца будаўніцтвам спартыўных аб’ектаў”. Водцень усьмешкі ажыўляе суворы твар.

Манцёр глядзіць зь верхатуры на разрабаваныя фэрмы, на разьбітую дарогу, на парослыя быльнягом палеткі, прыпальвае цыгарэту і, згадаўшы нядобрым словам спартовыя аб’екты і сваё беспрасьветнае жыцьцё, спускаецца долу. А правады гудуць над галавою, ператвараюць фізыку ў мэтафізыку, несучы ў сваім халодным нутры радасную вестку пра адкрыцьцё яшчэ аднаго лядовага палацу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG