Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагроза беларускага нацыяналізму


Сяргей Дубавец, Вільня

У сваім апошнім пасланьні нацыянальнаму сходу і беларускаму народу Аляксандар Лукашэнка чарговы раз згадаў пра нацыяналізм як галоўную ўнутрыпалітычную пагрозу грамадзтву:

(Лукашэнка: ) “Гаворка сёньня, такім чынам, не ідзе пра ўвядзеньне ідэалёгіі якойсьці адной палітычнай партыі, грамадзкай ці рэлігійнай арганізацыі, сацыяльнай ці этнічнай групы. Хоць у нядаўнім мінулым такія спробы навязаць вузкапартыйную ці этнічную канцэпцыю неаднаразова рабілі самі ж апазыцыйныя дзеячы, што прапаведавалі нацыяналізм (ідэі “літвінскасьці” і да таго падобныя) альбо замежныя мадэлі лібэралізму”.

Тэза пра варожасьць нацыяналізму з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі гучыць ужо дзясяты год. Ён асабліва не камэнтуецца ані самім прамоўцам, ані ў дзяржаўных ці незалежных сродках масавай інфармацыі. Ён не ўплывае на рэйтынг прэзыдэнта. Выглядае, што, па вялікім рахунку, гэтая тэза гучыць як рэч сама сабою зразумелая. Маўляў, сапраўды, беларускі нацыяналізм уяўляе пагрозу грамадзтву. Але якраз нерацыянальнасьць гэтай тэзы і нязгода зь ім прымусіла нас запытацца пра ўсё гэта ў слухачоў Радыё Свабода. У адказ мы атрымалі дзясяткі нязгодных і нават абураных званкоў, у якіх самая спроба паставіць пытаньне пра тое, што гучыць і ўспрымаецца грамадзтвам на працягу дзесяці гадоў, была расцэненая ледзьве не як здрада справе незалежнасьці і дэмакратыі.

(Голас: ) “Па пытаньні наконт пагрозы нацыяналізму на Беларусі. Скажу так: яно пастаўлена быццам бы ня вамі, а быццам бы Зімоўскім ці Замяталіным ці цяперашнім салаўём Лукашэнкі Шынкаром. Нешта правакацыйнае мне пачулася ў гэтым пытаньні. Калі б замест “беларускі нацыяналізм” быў “расейскі шавінізм”, адказ быў бы адназначны. Пагроза заўсёды была і ёсьць”.

(Голас: ) “Лічу, што пытаньне Радыё Свабода, ці існуе пагроза для грамадзтва з боку беларускага нацыяналізму, зьневажальнае для беларусаў, якіх у дзяржаве Беларусь каля 80%”.

(Голас: ) “Думаецца, у сучасных абставінах такое пытаньне гучыць вельмі дзіўна, нават недарэчна. Бо адцягвае ўвагу ад сапраўдных імпэрскіх памкненьняў нашых суседзяў з усходу і захаду. Прэзыдэнт Пуцін адкрыта прапануе нашай краіне ўвайсьці ў склад Расеі. У самой Беларусі мясцовыя калябаранты вядуць шалёную русыфікацыю, зачыняюць беларускія школы, выцясьняюць або ўжо выцесьнілі беларускую мову зь сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў, зь дзяржаўных органаў кіраваньня, друку, радыё і тэлебачаньня. Праваслаўныя папы, кіраваныя з Масквы, не пускаюць беларускую мову ў цэрквы, а многія, калі ня большасьць, ксяндзоў вядуць службу па-польску, прычым і тыя і тыя ўбіваюць у галаву, што праваслаўны чалавек – гэта рускі”.

(Дубавец: ) “Няма сумневу, што большасьць слухачоў Радыё Свабода выдатна ведаюць пра сэнс і значэньне нацыяналізму і пра тую сытуацыю, у якой сёньня знаходзіцца беларуская культура”.

(Голас: ) “Нацыяналізм і інтэрнацыяналізм – якая розьніца? Я лічу, што нацыяналізм – гэта значыць, любоў да сваёй радзімы, свайго народу. Інтэрнацыяналізм – гэта любоў толькі да іншых, а не да сваіх”.

(Голас: ) “Заўсёды нацыяналізм – гэта была зьява, якая ратавала родную мову, родную культуру, родную мову, родны народ ад іншаземных захопнікаў, ад імпэрскіх шакалаў. А сёньня нацыяналізм трэба берагчы, трэба яго ратаваць”.

(Голас: ) “Нацыяналізм – гэта боская любоў да ўсяго свайго: мовы, культуры, зямлі, на якой жывеш, людзей на гэтай зямлі. Гэта павага да сваёй нацыянальнасьці, да сябе і да людзей іншых нацыянальнасьцяў. Шкада, што ў Беларусі няма нацыяналізму. Беларускі нацыяналізм нікому не пагражае, яго баяцца толькі расейскія акупанты-шавіністы і іх памагатыя калябаранты”.

(Дубавец: ) “Аднак мяркуючы з рэйтынгаў цяперашняе ўлады, ёсьць значная частка грамадзтва, якая падтрымлівае адваротны тэзыс. І калі пазыцыя першых цалкам зразумелая, дык пазыцыя другіх, шчыра кажучы, не.

Задаюся простым пытаньнем: калі нацыяналізм – гэта любоў да свайго, дык выходзіць людзі, якія выступаюць супраць гэтага, альбо ня любяць свайго, альбо ня ведаюць, супраць чаго яны выступаюць? Вось жа ў сёньняшняй перадачы давайце паспрабуем адказаць на гэтае пытаньне.

Прыхільнікаў погляду на варожасьць беларускага нацыяналізму сярод беларускае публікі нямала. Але на Радыё Свабода яны тэлефануюць ня часта. Гэтым разам, да прыкладу, было толькі два званкі і мы зараз іх паслухаем”.

(Голас: ) “Віктар Буто зь Менску. Зараз закрану цяжкую тэму нацыяналізму, які разьядноўвае нацыю, што гаворыць і піша на расейскай мове і толькі невялікі працэнт грамадзян – на беларускай. Беларусы адвучаныя ад сваёй мовы і больш за 80% ня ў стане ня толькі пісаць, але й гаварыць па-беларуску. Прашу прабачэньня, паважаныя слухачы і журналісты, за маю думку, якая вельмі не спадабаецца большасьці з вас, хто прадстаўляе меншасьць у дзяржаве”.

(Голас: ) “Для простых беларускіх людзей такое паняцьце як нацыяналізм увогуле не існуе. Мне здаецца, што беларусы – самая інтэрнацыянальная і міралюбная нацыя ў сьвеце. А вось ад лідэраў апазыцыі, падкрэсьліваю, толькі ад лідэраў, такіх як Лябедзька, Шушкевіч, Вячорка, Пазьняк, якія рвуцца да ўлады ўжо дзесяцігодзьдзе, небясьпека беларускага нацыяналізму існавала заўсёды. Усе мітынгі апазыцыі, якія ўзначальвалі гэтыя людзі, праходзілі пад лёзунгам: “Не – расейскаму фашызму”. У гэты час маладыя людзі раздавалі лістоўкі, у якіх на бела-чырвона-белым фоне былі словы: “Беларусь для беларусаў і расейцы – вакзал, Расея”. Ці ж гэта не нацыяналізм у самых горшых формах ягонага праяўленьня”.

Можна было б паспрачацца са слухачом наконт таго, што пратэставаць супраць фашызму – зьява хутчэй станоўчая, чым адмоўная, якім бы той фашызм ні быў: расейскім ці беларускім, нямецкім ці францускім. Нідзе ў гістарычнай хроніцы ня знойдзем мы і таго, каб Шушкевіч, Вячорка ці Пазьняк прагалошвалі Беларусь для беларусаў або “садзілі расейцаў на чамаданы”. Але ў цэлым тое, што сказаў слухач, гэта – пазыцыя. І мы паспрабуем зразумець, адкуль яна паходзіць. Для гэтага зьвернемся зноў да апошняга пасланьня прэзыдэнта:

(Лукашэнка: ) “Вы ж ведаеце, што было ў пачатку 1990-х, калі нацыяналісты прыйшлі да ўлады. Яны ж перш за ўсё “ўлезьлі” ў сфэру адукацыі і пачалі ўсё ламаць і крышыць. Мы дзесяць гадоў ня можам пераадолець наступствы тых двух-трох гадоў ломкі”.

Пракамэнтаваць гэты гістарычны эпізод, калі, так бы мовіць, нацыяналісты прыйшлі да ўлады, я папрасіў удзельніка падзеяў, тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка.

(Навумчык: ) “Выглядае, што колішні мой калега па Вярхоўным Савеце 12-ага скліканьня мае на ўвазе пачатак 1990-х гадоў, калі старшынём Вярхоўнага Савету зьяўляўся Станіслаў Шушкевіч, а БНФ быў прадстаўлены 30-цю дэпутатамі ў парляманце.

Але Шушкевіч адразу ж дыстанцыянаваўся ад БНФ, заігрываў з парлямэнцкай большасьцю і падкрэсьліваў, што ніякай улады ў яго няма. І хутка сапраўды згубіў нават тую, якую меў.

БНФ жа ніколі ня быў ва ўладзе. Самая вышэйшая пасада, якую займалі дэпутаты апазыцыі БНФ – гэта старшыня парлямэнцкай камісіі, некалькі чалавек былі намесьнікамі Старшыні, – а пры тым фармаце ўзаемаадносінаў заканадаўчай і выканаўчай улады, які ўсталяваўся тады, гэтыя пасады няшмат значылі.

Аднак дэпутатам апазыцыі і тым, хто іх падтрымліваў у выканаўчых структурах усё ж удалося закласьці нейкія падмуркі сапраўднай, беларускай адукацыі, – і цяперашняе пакаленьне 20-ці гадовых ведае, што гісторыя Беларусі пачалася не з 1917 году.

Удалося ўнесьці нейкія, часам істотныя карэктывы ў палітыку кнігавыдавецтва – менавіта дзяржаўныя выданьні друкавалі і Арсеньеву, і Геніюш, Васіля Быкава і Арлова, і Сагановіча.

Нас вельмі часта абвінавачвалі тады і абвінавачваюць цяпер, што мы нібыта займаемся сьцяжкамі, сымбалямі, ды мовай і адукацыяй – замест каб займацца эканомікай. Цяпер я шкадую, што насамрэч мы тады больш якраз займаліся эканомікай, а трэба было, можа быць, выключна адукацыяй і культурай, ды сымбалямі – напрыклад, дамагчыся перайменаваньня вуліцаў, каб гэтых леніных, кіравых, дзяржынскіх ды калініных разам з суворавамі і мясьніковымі і духу на беларускай зямлі не было”.

Сяргей Навумчык абвяргае тэзу Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі нацыяналісты калі-небудзь прыходзілі да ўлады. Сапраўды, ніяк не выпадае назваць нацыяналістамі Вярхоўны Савет, што складаўся пераважна з членаў КПСС, і Савет Міністраў на чале зь Вячаславам Кебічам.

Адкуль жа тады гэты вось пасыл пра кепскіх нацыяналістаў пры ўладзе, у які сьвята верыць значная частка беларускай публікі? Выходзіць, што пасыл гэты трымаецца на хлусьні?

Але калі б было сапраўды так, нам давялося б сьцьвярджаць, што і значная частка электарату цяперашняе ўлады таксама ўтрымліваецца на хлусьні. Бо гаворка не ідзе пра нацыянальную індыфэрэнтнасьць – абыякавасьць. Вось што самае істотнае. Гаворка ня ідзе пра адсутнасьць пазыцыі ў той часткі грамадзтва, якая актыўна выбірае Лукашэнку. Гаворка ідзе якраз пра пазыцыю, пра тое, што гэтая частка грамадзтва падзяляе погляд на беларускі нацыяналізм, як на суперную ўнутрыпалітычную сілу. Дзясяткі разоў паўтораны Лукашэнкам гэты пастулят ня мог застацца незаўважаным і даўно склаў частку ягонага іміджу, за які й галасуюць людзі.

Чаму?

Палітыка папулізму заўсёды ахвотна карыстаецца складанай паліталягічнай тэрміналёгіяй як бы мімаходзь і ніколі не ўдаецца ў сутнасьць – у вытлумачэньне і расшыфроўкі. Так і з нацыяналізмам. Прамоўца не дае сабе працы разьвіць тэму беларускага нацыяналізму, а толькі кідае гэтае слова ў публіку і зараз жа пераходзіць да нечага іншага. Такім чынам складаны тэрмін, пададзены ў нэгатыўным кантэксьце, гучыць як заклінаньне, як нешта містычнае, і ад таго больш страшнае, што невядомае.

Хутчэй за ўсё, мы маем тут справу з клясычнай магіяй папулізму, пэўнай формай гіпнозу. Бо калі й зьяўляюцца падмацаваньні варожасьці беларускага нацыяналізму, дык побач зь ім гэтаксама мімаходзь згадваецца, як Шушкевіч “садзіў на чамаданы” і выганяў зь Беларусі расейцаў, або як Пазьняк ненавідзіць усё расейскае. Вось якія страшныя яны, нацыяналісты. І гэта “зьядаецца” публікай, бо і пра Шушкевіча, і пра Пазьняка прамоўленая абсалютная хлусьня, а чым большая хлусьня, – як вучыў яшчэ шэф прапаганды трэцяга Райху – тым хутчэй у яе паверыць натоўп.

Было б зусім несправядліва сказаць, што беларусы даверліва купляюцца на прыдуманыя “Шушкевічавы чамаданы для расейцаў” або на прыдуманыя фашыстоўскія злачынствы, якія нібыта чыніліся пад бел-чырвона-белым сьцягам. Беларусы, калі й “купляюцца”, дык на аўтарытэт прэзыдэнцкае пасады, на аднабаковасьць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. І на тое, што ў нас папросту яшчэ не разьвіўся такі жанр публічнай палітыкі – выкрываць высокага прамоўцу на хлусьні. Што да нацыяналізму, дык і вулічныя апытаньні нашага радыё, і званкі на Свабоду зусім адназначна паказваюць, што беларусы разумеюць сэнс гэтай зьявы і тую ролю, якую нацыяналізм мусіць адыгрываць у грамадзтве.

(Голас: ) “Ніякага нацыяналізму ў Беларусі няма. Гэта жупел, які прыдумалі ворагі беларускага народу. Чамусьці калі немец гаворыць па-нямецку, дык ён немец, калі паляк – дык ён паляк, а калі беларус па-беларуску, дык ён нацыяналіст”.

(Голас: ) “Ніякай пагрозы беларускага нацыяналізму сёньня не існуе. На жаль, сёньняшняя афіцыйная ідэалёгія – гэта грымучая сумесь расейскага імпэрскага шавінізму 19-га стагодзьдзя, савецкага марксізму-ленінізму і практыкі нацыянал-сацыялізму Адольфа”.

(Голас: ) “Беларускаму грамадзтву пагражае не беларускі, а расейскі нацыяналізм. Ён ня толькі пагражае, але робіць сваю варожую справу. Ужо на працягу двухсот гадоў. Дзякуй”.

(Голас: ) “Нацыяналізму ў нас няма. І нацыянальнага нічога няма. Мова зьневажаецца, культура таксама”.

(Голас: ) “Да найвялікшага жалю, беларускага нацыяналізму ў Беларусі нават і зь мікраскопам ня знойдзеш”.

(Голас: ) “Пагроза расейскага шавінізму існуе ў Беларусі. Беларусы ўсё яшчэ ў саветах, з Расеяй у сэрцы, не разумеюць, што, губляючы сваю самую вялікую каштоўнасьць – мову, мы таму і знаходзімся ў такім жабрацкім стане – і маральным, і матэрыяльным”.

(Голас: ) “Пагроза рускага нацыяналізму шматкроць большая, чым беларускага. Таму што значна больш ён агрэсіўны. Узяць хаця б тых скінгэдаў ці РНЕ. Усё гэта ідзе з Расеі”.

(Голас: ) “На пытаньне, што пагражае нам, антыбеларускасьць ці нацыяналізм, прывяду дзьве прыпеўкі:

Каталік у нас паляк,
Праваслаўны – рускі,
Ты куды, куды прапаў
Люд мой беларускі?

І другая:

Я ў аўтобусе спытаў:
А калі прыпынак?
Увесь аўтобус аж устаў:
Этат із Навінак”.

(Голас: ) “Лукашэнка назваў некаторую катэгорыю людзей у Беларусі нацыяналістамі. Хай ён растлумачыць, па якіх крытэрыях ён вызначае, што такое нацыяналізм у Беларусі і хто такія нацыяналісты. Я, напрыклад, ня ведаю такіх”.

(Голас: ) “Сёньня наша беларускае грамадзтва падобнае на хворага на СНІД. Як вядома, СНІД – гэта хвароба імунітэту. Дык вось нацыяналізм – гэта імунітэт нацыі. А ў нас на сёньняшні момант гэтага няма”.

(Голас: ) “Хачу сказаць некалькі слоў наконт нацыяналізму беларускага. О, як было б добра, калі б ён быў. Але, на жаль, яго няма”.

(Голас: ) “Наш нацыяналізм знаходзіцца, мякка кажучы, у заняпадзе. А прычына, на мой погляд, заключаецца ў палітыцы, якую вядзе наша дзяржава. А пакуль становішча ня зьменіцца, нацыяналізм будзе пад пагрозай зьнішчэньня”.

(Голас: ) “Байкі пра беларускі нацыяналізм складаюць чужынцы-русыфікатары, выкарыстоўваючы прыём шэрай прапаганды. Яны акцэнтуюць увагу на тым, чаго няма, і гэтым адводзяць увагу грамадзкасьці ад таго, што існуе і пагражае беларускасьці. На Беларусі з часоў захопу ўлады бальшавікамі-ленінцамі пануе расейскі нацыяналізм, які падаўляе ўсё нацыянальнае. І Філарэт, і Лукашэнка неаднаразова пахваляліся, што яны служаць і клапоцяцца аб народзе суседняй краіны, Расеі”.

(Голас: ) “У нашай краіне існуе пагроза, але з боку расейскага нацыяналізму. Асноўная колькасьць школ і газэт у нас рускамоўныя, тэлеканалы рускамоўныя, чынавенства рускамоўнае. Няма беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Самая вялікая царква ў нас расейская. І гэта вельмі дрэнна. Гэта сапраўды пагроза для сувэрэнітэту краіны. А беларускі нацыяналізм ня можа прынесьці шкоду, бо гэта любоў да свайго, да сваёй культуры, мовы, гісторыі. Вялікі дзякуй беларускім нацыяналістам, бо ў нашай краіне быць беларускім нацыяналістам цяжка, а часам і небясьпечна. Толькі здаровы беларускі нацыяналізм дазволіць Беларусі стаць нармальнай эўрапейскай краінай”.

Аднак вернемся да нашага беларускага “антынацыяналізму” – зьявы ўнікальнай у сучасным сьвеце і цалкам ірацыянальнай.

Цалкам зразумелыя пасіўнасьць і непраціўленства беларускага народу пасьля такога доўгага прычэсваньня расейскай савецкай грабёнкай. Незразумелае актыўнае “выкрываньне” пагрозы нацыяналізму, пра што гавораць Лукашэнка, чыноўнікі, СМІ, а часам і паспалітыя людзі.

Выкінутыя зь дзяржаўнае палітыкі нацыянальная мова і культура існуюць у апазыцыі. Тым часам на іх месца ў дзяржаўнай палітыцы ўсталёўваецца іншая, не нацыянальная ідэалёгія савецкага патрыятызму:

“Найважнейшы пастулят ідэалёгіі беларускай дзяржавы – патрыятызм. У сьвеце ведаюць Беларусь як рэспубліку-партызанку, а беларусаў – як людзей, няскораных у барацьбе з нацысцкай чумой”. (А.Лукашэнка)

Але ж і гэты пастулят трымаецца на няпраўдзе. Па-першае, гаворка ідзе не пра беларускі патрыятызм, а пра патрыятызм савецкі, фасадны.

Па-другое, ці сапраўды ў сьвеце нас ведаюць такімі? І калі ведаюць, дык зь якіх крыніцаў? З твораў Адамовіча, Быкава і Алексіевіч, якія шырока перакладаліся ў сьвеце, нас ведаюць як людзей, што дагэтуль ня справіліся, не далі сабе рады з трагедыяй мінулай вайны, са сваім камуністычным мінулым і са сваім уласным нацыянальным вобразам незалежнай краіны, са сваім нацыяналізмам.

Якраз на тэме мінулай вайны, як паказалі гэтыя 10-15 гадоў, адбываецца злом, раскол, і на месцы ранейшага савецкага прапагандысцкага маналіту, складзенага з парадаў і аднабокага ўспрыманьня вайны, утвараецца прорва нацыянальнай трагедыі. Інакш кажучы, уся беларуская культура апошняга часу наводзіць на выснову пра тое, што беларускі погляд на мінулую вайну радыкальна адрозьніваецца ад таго вобразу савецкага патрыятызму, які зноў выстаўляе ў якасьці дзяржаўнае ідэалёгіі Аляксандар Лукашэнка.

Ён абяцае з усёй пышнасьцю адзначыць 60-я ўгодкі вызваленьня Беларусі ад фашыстаў і не дапусьціць ніякіх карэктываў свайго па-сталінску імпэрскага фасаднага вобразу Перамогі. Але што рабіць, калі творы найлепшых майстроў беларускае літаратуры, а да ўсяго і сьведкаў той вайны, – Адамовіча, Быкава, Адамчыка, Брыля, – супярэчаць таму сталінскаму фасаду? Тое, што складае сапраўдныя вяршыні нацыянальнае культуры, абсалютна не адпавядае таму, што прапануе Лукашэнка. І тады Лукашэнка і ягоная ўлада бярэцца выцясьняць за межы публічнага гучаньня ў Беларусі імёны, творы і саміх творцаў, якія ня ўпісваюцца ў ягоную канцэпцыю савецкага патрыятызму. Аднак, гэта ня той выпадак, калі хаваць праўду можна доўга.

Рана ці позна людзям давядзецца вяртацца ў каардынаты праўды. Бо інакш як размаўляць з прадстаўнікамі іншых народаў, дый самім жыць у вялікай хлусьні доўга немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG