Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцін Кухта


Сяргей Дубавец, Вільня

Нехта з паэтаў сказаў, што ўсе свае шматтомнікі памяняў бы на адзін-адзіны Багдановічаў “Вянок”.

Цікава, што “Вянок”, які рыхтавалі да друку супрацоўнікі віленскай газэты “Наша Ніва”, не задумляўся імі, як галоўная паэтычная кніга на ўсе часы. Безумоўна, сакратар рэдакцыі Вацлаў Ластоўскі разумеў, што мае справу з высокай паэзіяй, але рабіў зноску на тое, што высокая паэзія ці невысокая – вырашаць мусіць час. І сярод іншых тагачасных літаратараў далёка ня ўсе расцэньвалі вершы Багдановіча адназначна станоўча. Здавалася, замнога ў іх чыстай эстэтыкі, замала сацыяльнасьці. Таму першае кніжнае выданьне далёкага яраслаўскага аўтара нагружалася дадатковымі атрыбутамі. Уласна і “Вянком” назваў зборнік сам Ластоўскі. На асобнай старонцы ён расшыфраваў: “Вянок на магілу С.Палуяна”, – аддаючы даніну памяці беларускаму адраджэнцу, што загінуў тры гады таму і горыч страты якога была яшчэ балючая ў нашаніўскім асяродку. Як піша паэтка і дасьледніца Данута Бічэль, вокладку кнігі Ластоўскі ўпрыгожыў дзіцячым малюнкам, які меў у сваёй калекцыі, а на шмуцтытуле зьмясьціў герб Завішаў – лебедзь у вянку – на знак удзячнасьці фундатарцы Магдалене Радзівіл.

Як бачым, дадатковых функцыяў, якія маглі б супакоіць скептыкаў што да ўласна паэзіі, “Вянок” мусіў выканаць шмат. Верагодна, такая “браня” павінна была паўплываць і на вызначаны наклад – дзьве тысячы асобнікаў – зусім нямала і па сёньняшніх мерках. Гэта цяпер мы разумеем, што ў якой бы форме ні зьявіўся першы і адзіны зборнік Багдановіча, гэта ніякім чынам не зьмяніла б ягонай ацэнкі.

Самому ж аўтару, маладому і цяжка хвораму, ягоны “Вянок” на сьмяротным ложку замяніў блізкага чалавека.

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Гэтымі вядомымі нам са школы радкамі імя выдаўца “Вянка” назаўсёды было ўпісанае ў беларускі культурны кантэкст.

Ведаючы, аднак, прозьвішча легендарнага друкара, мы звычайна нічога ня зможам сказаць пра Кухту – рэальнага гістарычнага пэрсанажа. А калі зьвяртаемся да энцыкляпэдыяў і ўспамінаў, дык трапляем у сьвет парадоксаў, асабліва дзіўных з гледзішча рэаліяў нашага сёньняшняга жыцьця.

... 1906 год, Вільня. Горад яшчэ не літоўскі, ня польскі, не беларускі, не расейскі і не габрэйскі, але адначасова ўсіхны. Такі сабе кацёл народаў і культур, вір людзкі. Сталіца некалі слаўнага Вялікага Княства Літоўскага, а сёньня – губэрнскі горад Расейскай імпэрыі і ў больш шырокім сэнсе – цэнтар Северо-Западного Края. Вось жа ў гэтым віры запачаткоўваецца станаўленьне дзьвюх нацыяў, якія аднолькава жадаюць бачыць у Вільні сталіцу сваіх будучых нацыянальных дзяржаваў. Гэта беларусы і літоўцы. Другія – пераважна прадпрымальнікі і палітыкі, а першыя – рамантыкі і паэты.

Лiхтарняў блеск у сiняй вышыне...
Вiтрынамi зiяючыя крамы...
Кавярнi... мора вывесак... як плямы,
Анонсы i плякаты на сьцяне.

Кiпiць натоўп на жорсткiм вулак дне!
Снуюць хлапцы, суючыя рэклямы,
Разношчыкi крычаць ля кожнай брамы...
Грук, гоман, гул, – усё ракой iмкне.

А дальш – за радам кас, лямбардаў, банкаў --
Агнi вакзалу... павадка хурманкаў...
Вiры людзей... сiпячы паравоз...

Зялёны сэмафор... пакгауз... склады...
Заводаў комiны пад цьмой нябёс...
О, гораду чароўныя прынады!

Літовец Марцін Кухта (Martinas Kukta па-літоўску) адкрыў сваю друкарню ў Вільні ў 1906 годзе. Ужо празь месяц у яго пачынае друкавацца штотыднёвая беларуская газэта “Наша Ніва”. Прадпрыемства набірае абароты. Дзясяткі брашураў, пераважна сельскагаспадарчае тэматыкі, чытанкі для дзяцей, календары. Наступнае знакавае выданьне ў гэтым патоку паліграфічнае прадукцыі – “Вянок”, у 1913-м. Яшчэ празь пяць гадоў – у 18-м – “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. Тая самая “тарашкевіца”, што і сёньня змагаецца за свае правы.

Бадай ужо гэтых трох выданьняў хапіла б, каб залатымі літарамі ўпісаць імя Мірціна Кухты на скрыжалі беларускай гісторыі і культуры. Але ж пры гэтым Марцінас Кукта заставаўся сьведамым літоўцам. Што праўда, рэальная канкурэнцыя паміж беларусамі і літоўцамі пачнецца крыху пазьней. Пакуль жа ўсе ахопленыя адзіным сьветлым адраджэнскім парываньнем. Марцін Кухта працуе на беларушчыну зусім не таму, што гэта для яго выгадны бізнэс. Архівы рэдакцыі “Нашай Нівы” сьведчаць, што газэта найчасьцей друкавалася ў доўг...

* * *

Літаральна сёлета стала вядома, што ў прыродзе існуе родны ўнук Марціна Кухты. Гэта сын дачкі друкара Эдмундас Манставічус, які жыве дзесьці за Коўнам. Першы і зусім выпадкова зь ім пазнаёміўся Валянцін Стэх, ініцыятар сучаснага віленскага беларускага адраджэньня.

(Стэх: ) “Паколькі я цяпер займаюся пытаньнямі кампэнсацыі ахвярам другой сусьветнай вайны з боку Нямеччыны, дык аднаго разу лёс зьвёў мяне са спадаром Эдмундасам Манставічусам, які, як высьветлілася, падчас вайны быў у нямецкім канцэнтрацыйным лягеры. Ён тады быў падлеткам, яго разам зь сям’ёй вывезьлі... Ну і слова за слова мы разгаварыліся, бо гэта вельмі прыемны камунікабэльны чалавек... І ён неяк спытаў мяне, а хто ты па нацыянальнасьці? Я кажу: беларус. Тады ён сказаў, што мае ў хаце даволі багатую бібліятэку, у тым ліку і кніжкі на беларускай мове. Я, у сваю чаргу, зацікавіўся, адкуль гэтыя кніжкі? Ён кажа: а мой дзед быў выдаўцом, ён выдаваў кніжкі на розных мовах, у тым ліку й на беларускай. А як вашага дзеда прозьвішча? Ён кажа: Кухта. Я кажу – Марцін? Ён кажа: Марцін...”

(Дубавец: ) Цяжка ўстояць перад спакусай сустрэцца з унукам легендарнага Марціна Кухты. На ўказаны Валянцінам Стэхам адрас адправіліся мае калегі Тацяна Сапач і Сяржук Вітушка. У выніку атрымаўся такі вось сюжэт.

(Унук: ) “Вось гэта – памірае птушка. Бачыце ейныя крылы? Яна памірае, але застаецца маленькае птушанятка. Яшчэ не аперанае, слабое. А вось птушанятка вырасла, ператварылася ў вялікага птаха. Бачыце, моцныя ногі, кіпцюры. Птах стаіць на тым месцы, дзе некалі памірала птушка. Ён ужо гатовы ўзьняцца ў вышыню...”

(З “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі: ) “Кухта Марцін Міхайлавіч (1875-1942), друкар, выдавец кніг на беларускай мове. У 1906 годзе заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газэты і часопісы на эўрапейскіх мовах”.

(Унук: ) “Вось такога зьместу кнігі былі папулярныя і выдаваліся – “Хоць цела памірае, душа жыве”. Друкарня Марціна Кухты. 1906 год. Гэта адразу пасьля адраджэньня літоўскага друку...

Калі браць ад самага пачатку, дык гэта прыкладна 1890 год. Ён пачынаў сваю кар’еру, працуючы наборшчыкам у Пецярбургу, у друкарні. Меў юнак сьветлую галаву, быў, можна лічыць, абстынэнтам. То здолеў сабраць ладны капітал. Разам зь Вілейшысам яны закупілі паліграфічную тэхніку і перавезьлі ў Вільню. Друкарня Кухты і Вілейшыса, у параўнаньні зь іншымі, была больш палітычна арыентаванай”.

(З “Энцыкляпэдыі друкарняў Літвы”: ) “У сакавіку 1906 году Марцін Кухта атрымаў дазвол на адкрыцьцё ўласнай друкарні. Яна разьмясьцілася на вуліцы Унівэрсытэцкай, 4. Колькасьць работнікаў друкарні ў розныя гады вагалася ад 15 да 21-го. Былі закупленыя шрыфты ад Лемана і Ольгербранда агульнай вагою больш за 300 пудоў. У траўні 1911 году друкарня перамясьцілася на вуліцу Татарскую, 20”.

(З “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі: ) “10 лістапада 1906 году ў друкарні Марціна Кухты выйшаў 1 нумар газэты “Наша Ніва”. Кухта друкаваў творы Багушэвіча, Багдановіча, Коласа, Цёткі, Буйло і іншых беларускіх пісьменьнікаў, беларускія календары, зборнікі, сьпеўнікі”.

(Унук: ) “Сувязі з тагачаснай беларускай інтэлігенцыяй узьніклі ня так сабе. Дзядуля быў зьвязаны зь беларусамі праз жанчыну. Так-так. Мая бабуня! Яна была з мазуроў, але зь беларускім дамешкам. Бацька быў мазуром, палякам, а маці бабуніна – зь беларусаў. Мой бацька жартаваў: у цябе, сын, 25 працэнтаў беларускай крыві”.

(З “Энцыкляпэдыі друкарняў Літвы”: ) “У паваенныя гады арыентаванае на друк літоўскіх выданьняў паліграфічнае прадпрыемства Кухты зазнае перасьлед з боку польскіх уладаў”.

(Унук: ) “Пасьля таго дзядуля яшчэ нейкі час трымаўся ў Вільні, але рабілася штораз цяжэй і цяжэй. І тады ён вырашыў пераехаць у Коўна”.

(Сапач: ) “У Коўне Марцін Кухта працягвае сваю друкарскую дзейнасьць. Ягоны ўнук прыгадвае, што ковенская друкарня дзеда была побач з домам, дзе яны жылі, на вуліцы Мішко. Дзед з бабуляй узялі ўнука да сябе пасьля раптоўнай сьмерці сваёй адзінай дачкі, ягонай маці. Малому было ўсяго два з паловай гады, і дзед стаў для яго і апекуном, і настаўнікам, і сябрам”.

(Унук: ) “Як чалавек ён быў закрыты. Пра сябе ніколі нічога не распавядаў. Калі трэба было пра што даведацца, дык цяжка было зь яго тое выцягнуць...

Пра свайго дзядулю я ведаю ўсё абсалютна. Мама мая памерла ў 1929 годзе, а я нарадзіўся ў 27-м. І я пасьля мамінай сьмерці гадаваўся ў дзядулі з бабуняю, жыў зь імі, лічыце, да сямі гадоў. Памятаю, што мы жылі на Лясной вуліцы ў Коўне, недалёка ад дзедавай друкарні”.

(Сапач: ) “Унук пана Марціна Кухты шануе памяць свайго дзеда. Гэтая памяць – ня толькі дзіцячыя згадкі ці пасьля здабытая інфармацыя пра ягоную дзейнасьць. Шанаваньне памяці дзеда – і ў той любові да кнігі, якую спадар Эдмундас называе невылечнай хваробай. Ягоная прыватная бібліятэка – гэта багацейшы збор твораў на самых разнастайных мовах. Ён мог адмаўляць сабе ў самым неабходным, але ня ў кнігах”.

(Унук: ) “Апошнюю сваю бібліятэку, трэцюю па ліку, я сабраў ня так даўно. Далучыў да ранейшых кніг дзядулеў кнігазбор, тое, што засталося мне ў спадчыну”.

(Сапач: ) “Ён ніколі ня быў адкрытым дысыдэнтам. Ягоны супраціў савецкай уладзе меў своеасаблівы характар. Улада прадпісвала сваім прыхільнікам туляцца па цесных “хрушчобах”, а ён тым часам сам, сваімі рукамі будаваў дом, такі, які адпавядаў ягоным, а ня ўлады, уяўленьням пра людзкае жытло. У гэтым доме ёсьць месца і для ўлюбёных кніг і для калекцыі твораў з дрэва, якая папаўняецца з кожнай новай ягонай вандроўкай у лясны гушчар”.

(Унук: ) “Вось тут, бачыце, застаўся каменьчык. Карані дрэва расьлі, дужэлі, а ён як патрапіў паміж іх, так і застаўся. Гэтую працу я назваў па-расейску – “Сукин поцелуй”. Ну праўда ж, глядзіце, вось адзін сабака, а вось другі. Гэтаму вунь як падабаецца, як той яго цалуе”.

(Сапач: ) “Ягоная любоў да прыроды толькі на першы пагляд супярэчыць ягонаму прафэсійнаму выбару – хіміі. Сфэра робленага, сынтэтычнага, штучнага толькі падагравала ўспадкаваную ад дзеда цікавасьць Эдмундаса да ўсяго сапраўднага.

У вялікім прыгожым доме за Коўнам яны жывуць цяпер удваіх з жонкай. Жыцьцё гэтае нетаропкае і бадай трохі старамоднае, як на сучасны пагляд. Кнігі, здымкі, успаміны, дрэвы, камяні... Глядзець, як укрываюцца квеценьню дрэвы, слухаць птушыную гаворку, чакаць восені і разумець, што ёсьць галоўнае”.

* * *

(Дубавец: ) Такім чынам, Марцін Кухта быў сьвядомым літоўцам. Але пры тым ён быў, скажам так, таленавітым прадпрымальнікам, якому не чужая рамантыка нацыянальнага адраджэньня “ў чыстым выглядзе” – ці то літоўскага, ці то беларускага. Напачатку мінулага стагодзьдзя вага першага і другога ў Вільні была аднолькавая. У адрозьненьне ад беларусаў, літоўцы хутчэй палітызаваліся, хутчэй рабіліся прагматыкамі. У адрозьненьне ад беларусаў, яны пакінулі гісторыі шмат сваіх групавых фотаздымкаў, на якіх, аднак, Марціна Кухты няма.

І цяпер я зноў вяртаюся да згаданага парадоксу. Відавочна, што заслугі сьведамага літоўца Кухты перад беларускім адраджэньнем шматкроць больш важкія, чым перад адраджэньнем літоўскім. Трэба, вядома, улічваць розную дынаміку і розны характар гэтых адраджэньняў. Беларускае, бадай, так і не ператварылася ў дзяржаўную палітыку, нават пасьля здабыцьця незалежнасьці, так і засталося справаю энтузіястаў. Літоўскае яшчэ да здабыцьця незалежнасьці больш нагадвала дзяржаўную палітыку, чым эмацыйнае парываньне падзьвіжнікаў. Беларускае – скрозь мультыкультурнае, гатовае ўбіраць у сябе многія знакавыя імёны, нягледзячы на кроў, што цячэ ў жылах героя. Літоўскае – больш замкнёнае, пераборлівае і рацыянальнае. Беларусы раскрываюцца і ідуць на сьвет цэлы, літоўцы – замыкаюцца і выразна адрозьніваюць сваіх і чужых. Беларусы маглі б назваць літоўцаў прагматычнымі, а літоўцы беларусаў – наіўнымі. Вось жа Марцін Кухта як дзяяч сфармаваўся ў той час, калі наіўнымі і аднолькава рамантычнымі былі абодва адраджэньні, калі ўсё толькі-толькі пачыналася. Калі натхнёныя бязьмежнымі пэрспэктывамі пецярбурскія студэнты вярталіся дадому – у Вільню, везучы з сабой фантастычныя пляны для сваіх народаў і будучых дзяржаў. І немагчыма было адрозьніць сярод іх літоўцаў і беларусаў...

Калі не лічыць процьмы тых сельскагаспадарчых брашураў і плякатаў, у тым ліку і па-літоўску, дык найбольш знакавыя літоўскія дасягненьні друкара належаць да 1918 году, калі Вільня была акупаваная немцамі.
Тады Марцін Кухта друкуе першую літоўскую паштовую марку – “бяз клею” і акт незалежнасьці Літвы ў газэце “Lietuvos aidas”. Апошняя публікацыя, часткова сканфіскаваная немцамі, і зьяўляецца фактычна абвяшчэньнем гэтага акту. Вось, бадай, і ўсе знакавыя літоўскія дасягненьні, якія замацоўваюць згадку пра Кухту ў літоўскай гісторыі. Варта параўнаць гэты даробак з гадавікамі першай беларускай газэты і зь першай беларускай граматыкай, зь “Вянком” Максіма Багдановіча і з той са школы вядомай кожнаму беларусу страфой пра кнігу з друкарні пана Марціна Кухты. А калі дадаць, што менавіта ў той друкарні запальваліся зоркі першай велічыні беларускай літаратуры, дзе выходзілі кнігі Багушэвіча, Коласа, Цёткі, Ядвігіна Ш... ды ці ня ўсіх клясыкаў нашаніўскае пары... Але на віленскім будынку, дзе некалі запальваліся гэтыя зоркі, няма мэмарыяльнай табліцы, сюды не прыходзяць турыстычныя экскурсіі, дый ведаюць пра колішнюю друкарню хіба што некалькі спэцыялістаў. Што лішні раз сьведчыць пра розную вагу друкара ў беларускай і літоўскай традыцыях.

Для літоўцаў Кухта – прадпрымальнік, які спрыяў нацыянальнаму руху, для беларусаў жа – культурны герой на ўсе часы. Адказ на пытаньне, ці разумеў гэта сам легендарны друкар, ці згадзіўся б з такой ацэнкай і як бы да яе паставіўся, застаецца пакуль таямніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG