Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзея году: час пайшоў


Сяргей Дубавец, Вільня

Пераслухоўваючы выніковыя перадачы мінулых гадоў, я лавіў у іх адно цэнтральнае адчуваньне – бясчасьсе. Усё важнае адбылося, нейкіх блізкіх пераменаў не прадбачыцца і няма яснасьці – быццам жывем у тумане, а наперадзе – доўгая дарога ў нікуды. Сёлетні год такога адчуваньня не пакідае. Нельга сказаць, што гэта быў год, калі мы выйшлі зь бясчасься. Але, бадай, мы ўжо адчулі, што гэта – наша сытуацыя. Туман разьвеяўся і мы адчулі, дзе мы і на якой ад чаго адлегласьці. Магчыма, гэта быў год вяртаньня каардынат. Гэта ў смузе робіцца шмат незразумелага і чакаецца фантастычнага вырашэньня або цуду. А варта смузе разьвеяцца, і ты бачыш, што ёсьць і будзе толькі тое, што зроблена.

Сугучную гэтай думку выказаў нядаўна ў інтэрвію газэце “Наша Ніва” Віктар Івашкевіч: “Грамадзтва як чалавек: пэрыяд узбуджэньня – пэрыяд апатыі. Арганізм так захоўваецца, каб не перагарэць. А тое, што пэрыяд адпачынку заканчаецца, – гэта дакладна. Людзі пачынаюць падымаць твары ад зямлі, глядзець у сьвет. І, дарэчы, я не зусім гэта зьвязваю з пагаршэньнем жыцьцёвага ўзроўню. Гэта псыхалягічны момант. Рэвалюцыя 1991 году была моцным шокам – былі рэзка зьмененыя арыенціры. А цяпер людзі ўвайшлі ў гэтыя каардынаты, абмацалі гэты сьвет, зразумелі яго і хочуць паляпшэньняў”.

Такім чынам, у 2003-м на зьмену ранейшаму бясчасьсю мы адчулі, што наш час пайшоў. Прынамсі ўсе знакавыя і гістарычныя падзеі могуць быць сабраныя ў адзін кантэкст.

Мы страцілі героя – памёр Васіль Быкаў. І мы набылі героя – у асобе выкладчыкаў і вучняў закрытага Беларускага Ліцэя... Кіраўнік краіны загаварыў пра каштоўнасьць незалежнасьці і адначасова больш прывідным стаў так званы беларуска-расейскі саюз або пэрспэктыва паглынаньня Беларусі Расеяй. Пачалася дыфузія ў ідэалягічнай сфэры, бо ўлада аб’ектыўна мусіць прызнаваць тыя каштоўнасьці, якія раней лічыліся ўласнасьцю апазыцыі. І хоць тое, што ў нас называюць новай дзяржаўнай ідэалёгіяй, усё яшчэ носіць эклектычны характар мяшанкі з савецкіх лёзунгаў і пошуку ворагаў у абліччы сусьветнага глябалізму і ўласнай апазыцыі, але пры цяперашняй зьнешняй палітыцы дзяржавы яе ідэалёгія непазьбежна прыйдзе да простае формулы “Любі сваё”.

Пачнем са званкоў на Свабоду.

(Званок: ) “Прывітаньне, шаноўныя. Галоўная падзея мінулага году – гэта канчатковае аддзяленьне мухаў ад катлет і добра чутныя гукі пахавальнага маршу гэтак званага “саюзнага гасударства”. Ваш Маісеенка Генадзь”.

(Званок: ) “Здраўстуйце на Свабодзе. Глаўным сабыціем году счытаю то, што беларуская апазыцыя ў гэтым гаду перастала існаваць. Яе не відаць і не чуваць. Няма мітынгаў, шэсьцяў, акцыяў. І ў гэтым яна вінаватая сама. Першае – гэта раздрабленьне ўсіх партый, бо ўсе хочуць быць правадырамі. Аднаго толькі БНФ тры штукі, у тым ліку маладое крыло. А сіла толькі ў адзінстве. Гэта саюз яжа і вужа. Ну што можа быць агульнага ў той жа пяцёркі з плюсам, у таго ж БНФ і камуністаў?.. Гэта і палітыка лідэраў апазыцыі на шкоду народу. Чаго вартая просьба АГП да Расеі павысіць кошты на газ або да Чэхіі – не даваць Беларусі крэдытаў на закуп збожжа ў 1999 годзе. Гэты сьпіс можна працягваць да бясконцасьці. Альбо тое, што апазыцыя – гэта ўсе былыя. Краўчанка, Саньнікаў, Шушкевіч, Фралоў і гэтак далей. Пакуль яны былі пры ўладзе, дык глядзелі ў рот Лукашэнку, а калі ад улады адхілілі, дык сталі барацьбітамі за правы народа. Хутчэй, за свае страчаныя правы. Дзякуй”.

(Дубавец: ) Беларуская апазыцыя заслугоўвае крытыкі, але перад усім трэба глядзець на яе, як на зьяву аб’ектыўную і абсалютна неабходную ў заўтрашнім, зьмененым беларускім жыцьці.

Апазыцыя фармуе палітычную структуру грамадзтва – тыя партыі, якія рана ці позна будуць складаць выбарчыя сьпісы і парлямэнцкія фракцыі – тое, што ёсьць ва ўсіх посткамуністычных і так званых разьвітых краінах ва ўсім сьвеце. Іншая рэч, што ў сваёй публічнай дзейнасьці апазыцыя не выглядае так ярка, як гэта было за Кебічам. Яна даўно страціла палітычную ініцыятыву, свае ўласныя прыярытэты, асноўным зь якіх было пераадоленьне наступстваў камунізму. Цяпер пра гэта амаль не гавораць. А тое, пра што гавораць, не дадае апазыцыі папулярнасьці ў народзе. Бо калі на кожнае Лукашэнкава “так” мэханічна казаць “не”, можна трапіць у пастку алягізму.

Пра дыфузію, якая адбываецца ў Беларусі з камунізмам, адзін з слухачоў Радыё Свабода выказаўся вобразна:

(Званок: ) “Cямён Літвінаў. Важнейшая падзея гэтага году, што мае гістарычнае значэньне для Беларусі – гэта маштабная прапаганда камуністычнай ідэалёгіі шляхам рэклямаваньня камсамольскага руху, што вядзе адных да ўлады, другіх да вар’яцтва на глебе фанатызму, трэціх да барацьбы супраць дыктатуры за незалежнасьць. Першыя, як лебедзі, аднойчы разбагацеўшы, могуць паляцець за мяжу, а могуць застацца на радзіме, пакуль іх задавальняе клімат, другія, як ракі, ідучы задам, гатовыя зьнішчыць усё, над чым няма ценю чырвонага сьцяга. А трэція проста хочуць нармальна жыць паводле сумленьня, вызнаючы справядлівасьць і гуманізм”.

(Дубавец: ) Сапраўды, камуністы і камсамольцы ў апазыцыі аўтарытарнаму і наскрозь прасавецкаму рэжыму – такая раскладка палітычных сілаў можа шмат каму падацца незразумелай. І сьведчыць яна хіба пра тое, што рэальная ідэалёгія левых або правых у нас – чыстая ўмоўнасьць. Галоўны водападзел пралягае па лініі Лукашэнкі і адносінаў да яго. Напэўна і асабістыя дачыненьні палітычных лідэраў паміж сабою граюць не апошнюю ролю, прынамсі, яны важнейшыя за партыйную ідэалёгію. Іншы раз можна нават падумаць, што ў нашых левых і правых – адна ідэалёгія. Якой няма.

Напэўна, такая ідэйная непераборлівасьць і цягне за сабой слабую публічную палітыку нашай апазыцыі. Пра тых, хто выступае, мы з пэўнасьцю ведаем толькі тое, што яны супраць Лукашэнкі. А тое, ШТО яны гавораць, носіць часьцяком зусім неістотны характар. Вось прыклад.

У Беларусі не было “шокавай тэрапіі”, як у іншых постсавецкіх краінах. Дакладней, шок у нас расьцягнуты на многія гады. Скажам, зьнікненьне іржавых шапікаў з цэнтраў гарадоў, увядзеньне касавых апаратаў для прыватных прадпрымальнікаў, аплата тэлефоннае сувязі з падаткам на даданую вартасьць ці рост коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі – у Польшчы або Літве гэта ўсё было зроблена адным махам. Адным махам адбылося там і падвышэньне даходаў насельніцтва. Пратэставаць супраць таго самага ў Беларусі – бессэнсоўна. Савецкая мадэль таннага жыльля пры жабрацкіх заробках усё адно мусіць ператварыцца ў мадэль поўнае аплаты за камуналку пры поўнай аплаце працы работніка. А ня так, каб дзяржава адбірала ў людзей ільвіную долю заробленых імі грошай і пускала гэтыя грошы на датацыі за газ ці электрычнасьць, трымаючы такім чынам чалавека на кароткім ланцугу. Трэба за ўсё плаціць столькі, колькі яно каштуе. У тым ліку і за зробленую намі працу.

Пераход да новай мадэлі балючы, як і паўсюль. Але ён вядзе да пераразьмеркаваньня жыльлёвага фонду – людзі перабіраюцца ў тое жыльлё, якое яны здольныя ўтрымліваць. У гэтым і ёсьць большая справядлівасьць постсавецкае мадэлі, якая дае чалавеку болей свабоды і болей адказнасьці за сябе. Таму выступаць з крытыкай росту камунальных тарыфаў нелягічна. Гэта тое самае, што спрачацца зь лёгікай эўрапейскага разьвіцьця краіны. Гледзячы на нашых заходніх суседзяў, варта было б выступаць за падвышэньне заробкаў і супраць расьцягваньня той шокавай тэрапіі ў часе. З гэткімі лёзунгамі апазыцыя мела б шанец у сваёй публічнай палітыцы стаць прынамсі ўпоравень з уладамі, а не ісьці са сваёй крытыкай за ўладамі ўсьлед.

Між іншым, акурат сёлета ўлады выбілі ў апазыцыі яе самы істотны публічны козыр – незалежнасьць. Пра незалежнасьць загаварыў кіраўнік краіны. Зразумела, што прымусіла яго гэтак зьмяніць сваю рыторыку гульня інтарэсаў, а не абуджаная раптам нацыянальная сьвядомасьць. Зь іншага боку, той адказ, які ён атрымаў на гэта з апазыцыйных мэдыяў, быў, мякка кажучы, неадэкватны. Маўляў, прэзыдэнт лукавіць, бо насамрэч незалежнасьць патрэбная яму для захаваньня асабістае ўлады. Словам, не паверылі і іншых заклікалі ня верыць.

Але незалежнасьць краіны – гэта абсалютная велічыня. Гэта значыць, што зусім неістотныя матывы, зь якімі яна абвяшчаецца, усталёўваецца, сьцьвярджаецца. Таму лёзунг незалежнасьці мусіць быць падтрыманы ўсімі сіламі і ў кожным выпадку. Тым больш, што сёньня гэты лёзунг вялікай колькасьцю народу ўспрымаецца як апераджальны. Хапае ў Беларусі людзей, якія яшчэ ня цэняць незалежнасьці і ня вераць у яе.

Яшчэ адна прыкметная сёлетняя падзея – гэта масавае закрыцьцё грамадзкіх арганізацыяў і ліквідацыя недзяржаўных газэт. Фармальна гэта сьведчыць пра ўзмацненьне аўтарытарнага рэжыму, пра тое, што краіна яшчэ далей стала ад таго, каб быць парлямэнцкай і ўсё болей структураваная пад аднаго чалавека. Ягоны сыход, у якой бы форме гэта ні адбылося, пацягне за сабой ломку ўсяго грамадзкага жыцьця. Якім чынам мірна замяніць палітычную структуру Беларусі з аўтарытарнай на дэмакратычную? Для гэтага і патрэбныя палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, бо гэта яны мусяць адказаць на пастаўленае пытаньне.

Але ў справе закрыцьця недзяржаўных арганізацыяў ёсьць і другі бок мэдаля. Рэч у тым, што грамадзкая арганізацыя не ствараецца і ня дзейнічае ад таго, што яе зарэгістравалі. Яна паўстае з ініцыятывы саміх людзей і робіць сваю справу, ня гледзячы на рэгістрацыю ці нерэгістрацыю. У краіне з драконаўскім парадкам рэгістрацыі сапраўдныя грамадзкія арганізацыі, па ідэі, у бальшыні сваёй мусілі б існаваць неафіцыйна – так як гэта было ў часы перабудовы. Згадайце, якую важную ролю ў найноўшай беларускай гісторыі адыграла арганізацыя Мартыралёг Беларусі. Ня будучы зарэгістраванай. Урэшце, самы яскравы прыклад – закрыты ўладамі ў 2003-м годзе Беларускі Ліцэй. Ён працуе. Пад ударамі і бясконцым прэсінгам ён працягвае даваць навуку дзецям. Ліцэй быў зачынены без усякіх больш-менш важкіх і зразумелых тлумачэньняў.

(Званок: ) “Валеры Каралёў, Мёры. Ёсьць тая падзея, якая празь дзесяцігодзьдзі, нават стагодзьдзі застанецца ў беларускай гісторыі. І падзея гэтая – змаганьне навучэнцаў і выкладчыкаў Беларускага Нацыянальнага Ліцэя супраць цемры, крывадушнасьці, коснасьці. Ня толькі за свой ліцэй, свае правы, навучаньне на беларускай мове. Але перш за ўсё – за сваю годнасьць. Засталіся ў гісторыі філаматы і філарэты, засталіся юнакі і дзяўчаты Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Засталіся ў гісторыі і імёны іх душыцеляў, катаў, юдаў. Вашыя імёны ўжо ўпісаныя ў гісторыю, але справа не асуджаная на паразу, таму што час і ўмовы працуюць на вас. А асноўнае – за вамі праўда”.

Падводзячы рысу падзеям 2003 году, мы гаварылі галоўным чынам пра палітыку. Такую скіраванасьць задалі нам слухачы Радыё Свабода. Калі ж казаць, напрыклад, пра падзеі культуры, дык іх, гістарычных, было нямала. Але безь перабольшаньня можна сказаць, што роля дзяржавы ў інтэлектуальнай сфэры практычна ніякая. Нібы ў мэтафары, гэтая роля відаць у так званым літаратурна-мастацкім голдынгу, які быў гвалтам створаны зь літаратурных выданьняў і ачолены дзяржавай. Калі ў каго й заставаліся ці застаюцца спадзевы на выжываньне гэтай структуры, дык менавіта 2003 год паказаў, што тут, як у байцы пра квартэт – як ні сядай, музыкі ня будзе. Закончыў сваё існаваньне некалі папулярны часопіс “Крыніца”. Гатовы спыніць свой выхад і часопіс для падлеткаў “Бярозка”. Рыхтуюцца нейкія перамены для газэты “Літаратура і Мастацтва”, якая, здаецца, і ў самыя цёмныя сталінскія часы была больш запатрабаваная публікай, чым сёньня. Затое зусім плённа разьвіваецца незалежны часопіс “Дзеяслоў”, старонкі якога прадстаўляюць усё лепшае, што ёсьць у беларускай літаратуры. “Дзеяслоў” і “Архэ” – два салідныя пэрыёдыкі, якія ня сорамна паказаць дзе-небудзь за мяжою, у адрозьненьне ад выданьняў, што патрапілі ў голдынг.

За 2003 год у Беларусі выйшлі дзясяткі кніг, але і ў гэтым патоку ролі дзяржавы не відаць. У тым ліку гэта тычыцца і зусім каралеўскага падарунку беларускім чытачам – кнігі “Краіна Беларусь” – абсалютна ўнікальнага за ўсю гісторыю беларускага кніжніцтва выданьня.

Дзяржава, галоўнай задачай якой ёсьць не замінаць людзям у іхных добрых справах, якраз толькі й рабіла, што замінала. Прынамсі, больш замінала, чым спрыяла.

Тым часам народ пахаваў свайго песьняра – Уладзімера Мулявіна і свайго праўдзівага героя ды выдатнага пісьменьніка Васіля Быкава. Народ адзначыў стогадовыя юбілеі Тодара Кляшторнага і Натальлі Арсеньневай. Пісьменьнікі завязаліся спрачацца за аўтарства дагэтуль ананімнага “Сказу пра Лысую гару”, паэт Славамір Адамовіч папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі...

А яшчэ – калі перакінуць погляд ад літаратуры на архітэктуру, і тут ужо зьяўляецца дзяржава як станоўчы герой нашага сёньняшняга расповеду – у Менску была адбудаваная ратуша, разам зь якой у Беларусі зьявіўся галоўны гадзіньнік краіны ды яшчэ з музыкай. Што гэта значыць? Гэта значыць, што ў 2003 годзе быў запушчаны новы беларускі час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG