Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі – 2003


Сяргей Дубавец, Вільня

Прыляцеў з чужыны
родны бусел
25 сакавіка...

Такі вершык зьявіўся ў газэце "Голас Радзімы" ў глыбока застойныя васьмідзясятыя гады. Газэта была савецкая і выдавалася для эмігрантаў, таму дазваляла сабе тое, што ў іншых выданьнях ніколі б не прайшло цэнзуру. У згаданым выпадку крамольнымі былі словы "25 сакавіка", за якімі хавалася незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчаная ў 1918 годзе. Для многіх патрыётаў Беларусі той вершык стаў самым дарагім падарункам у дзень найбольшага нацыянальнага сьвята.

Мінула два дзясяткі гадоў, а гэты дзень усё яшчэ застаецца па-сапраўднаму сьвяточным толькі на эміграцыі. У Беларусі ён – нагода для вулічнай барацьбы, забароненых шэсьцяў, арыштаў і штрафаў. Сытуацыя абсурдная ўжо таму, што БНР, створаная беларускімі сацыялістамі, у сваім незалежніцтве нічым не супярэчыла сёньняшняй Рэспубліцы Беларусі. Інакш кажучы, сёньняшняя РБ і ёсьць дэ-факта пераемніцай БНР – сувэрэннай краінай. І менавіта 25 Сакавіка былі ўпершыню абвешчаныя тыя дзяржаўныя прынцыпы, якія сталі ў наш час канстытуцыйнымі. Тым ня менш, гэты дзень, калі з чужыны прылятае родны бусел, застаецца ў Беларусі крамольным. Чаму? Таму што кіраўніцтва краіны як чорт ладану баіцца выявіць сваю любасьць да роднага – да мовы, да краіны, да нацыянальных традыцыяў. І тое сфармуляванае паэтам крэда беларускага патрыёта "любі чужое аж да пакланеньня, сваё любі да самазабыцьця" – палохае цяперашніх вэртыкальшчыкаў сваёй адкрытай шчырасьцю. Але іншага шляху будаваньня незалежнае краіны няма. Таму, напэўна, рана ці позна сваё давядзецца палюбіць, прамаўляючы яго так, як давялося прамаўляць яшчэ ўчора ненавіснае слова "незалежнасьць".

БНР ад самага пачатку была ідэальнай. Стаць рэальнай замінала, апроч усяго іншага, непаразуменьне з народам. Народ яшчэ ня вырабіўся ў паўнавартасную нацыю, каб успрымаць сваю нацыянальную тоеснасьць увасобленай у выглядзе нацыянальнае дзяржавы. 85 гадоў, што аддзяляюць нас ад таго першага 25 Сакавіка, не мінулі дарэмна. Сёньня беларусы годна называюць сябе беларусамі, большасьць іх хацела б бачыць краіну больш беларускай паводле духу. Але непаразуменьне паміж адраджэнцамі і народам застаецца. Скажам, як растлумачыць людзям, што цяперашняя незалежнасьць – не такая, якой яна мусіла б быць. Словам, паразуменьня бракуе ня толькі з боку народу, але й з боку адраджэнцаў.

Запытаньне, вынесенае ў загаловак колішняй савецкай брашуркі "Чаму не адбылася БНР?" застаецца актуальным і можа гучаць так: чаму яна ўсё яшчэ не адбылася? Пытаньне цьвеліць кожнага разу, асабліва ў дзень сьвята, і спакушае знайсьці нейкі чароўны адказ. У выніку пішацца новае сьвяточнае апавяданьне – як у Зьмітра Бартосіка.

(Бартосік: ) “Сумным сакавіцкім надвячоркам, літаральна на днях, я бязмэтна блукаў па Вільні. Калі, канечне, не лічыць мэтаю само блуканьне па гэтым неверагодным горадзе. Настрой мой быў цалкам адпаведны надвор'ю. Цяжарныя хмары павіслі над горадам так пагрозьліва, што, здавалася, самыя высокія і гордыя званіцы неяк сьцяліся. Халодная, няўтульная сакавіцкая Вільня… Якое месца можа быць лепшым для шкадобы па сваёй гаротнай долі. Па тых абавязкова шэрых днях, што чакаюць цябе наперадзе. Па тых заўтрашніх падзеях, наколькі прадказальных, настолькі і нецікавых. Па ўсім сваім маленькім жыцьці. Не абіраючы маршруту, я прыблукаў на Тураву гару, пад сталінскі Палац прафсаюзаў, белую будыніну з калёнамі, дзе-нідзе няшчадна размаляваную графітыстамі. Некалі тут адбыўся першы зьезд БНФ. Я ўзьняўся на прыступкі палаца. На горад тут адкрываецца надта незвычайны від. З турэмнай царквой і касьцёлам Якуба па-над шэрымі фасадамі Лукішак.

Адкуль яна ўзялася і з чаго нарадзілася, тая нечаканая хваля, я адразу не зразумеў. Але настолькі фізычна адчуў эўфарыю, што захацелася крыкнуць на ўсю Вільню, якая запальвала свае агні ад Лукішак да далягляду. Я стаяў па-над горадам і смакаваў кожнае імгненьне гэтай салодкай эўфарыі, замяшанай на віленскім паветры. Я быццам вярнуўся на дзясятак гадоў назад. Туды, у сакавік 1993-га. Дзе вакол мяне былі самыя таленавітыя людзі, дзе па-над маёю, самай прыгожай краінаю ўздымаўся самы прыгожы ў сьвеце сьцяг. Дзе ўсё самае цікавае толькі пачыналася. І мне даравалася магчымасьць зьвязаць свой лёс зь лёсам новай эўрапейскай дзяржавы.

Насланьнё цягнулася нядоўга. Праз хвіліну я пакінуў Тураву гару і пасунуўся на Лукішкі. Ідучы, я намагаўся і ніяк ня мог узгадаць – калі той пераможны настрой мяне канчаткова пакінуў. Дзе разгадка таго незразумелага мне рэбуса, згодна зь якім народу перахацелася жыць. Народу, які пабудаваў Вільню ды жыў пад "Пагоняю". Так я нясьпешна, уздоўж Вяльлі, выйшаў да Віленскае опэры. Дзіўна, што за ўвесь свой дзесяцігадовы побыт у гэтым горадзе я ні разу не наведаў яго галоўны тэатар. Я вырашыў тэрмінова ліквідаваць гэты прабел, намагаючыся ўцячы ад сваіх несьвяточных думак. Прычым мне было ўсё роўна, на які спэктакаль патраплю. Давалі “Пікавую даму” Чайкоўскага.

Адзінае, што я памятаў з тае опэры, гэта фраза “уж полночь близится, а Германа всё нет”. Нават пушкінскі сюжэт даўно забыўся. І раптам тут, на віленскай сцэне, усплыў перад маімі вачыма ў зусім нечаканым ракурсе. Нагадваю, калі нехта забыўся. Малады чалавек – Герман закаханы ў дзяўчыну Лізу. Закаханы настолькі, што рашучасьці не хапала нават наблізіцца да свайго ідэалу, ня тое што выказаць свае пачуцьці. Рашучасьць зьяўляецца, калі Герман даведваецца пра сакрэт Лізінай бабулі, камбінацыю з трох карт. Перад уладальнікам якога адкрывалася зайздросная пэрспэктыва. Асьвечаная мільёнамі ды зьзяючая ўладаю…

Ужо падчас другога акту забаўны пушкінскі сюжэт пра сьмерць, каханьне ды тры карты пачаў накладацца на мой зусім не сьвяточны настрой.

Усё было б у Германа. І грошы, і становішча, і ўлада, і павага. Усё, пра што марылася. Калі б не забытая на сэкунду, на нейкае імгненьне тая, дзеля каго ён жыў і быў гатовы ахвяраваць жыцьцём. Варта было забыцца на яе, каб усё пайшло прахам. Ні ўлады, ні грошай, ні каханьня. Куля ў скронь. Ці вар’ятня…

Заўтра ў нас сьвята. Вільня, як і заўжды, гатовая падзяліцца сваім чароўным эўфарычным паветрам. А ў мяне з галавы ня йдзе тая “Пікавая дама”. Якую давалі менавіта ў Вільні і менавіта напярэдадні 25-га Сакавіка”.

(Дубавец: ) Зьміцер Бартосік убачыў знак у сваім паходзе на "Пікавую даму". Гаворка ідзе пра гістарычны шанец – тэму ўнівэрсальную для ўсіх часоў і народаў. А тут яшчэ галоўны герой Герман (згадваю, што якраз дзеля падтрымкі з боку кайзэраўскай Нямеччыны рабілі з БНР антысавецкую страшылку ў тых савецкіх брашурах). Вось толькі хто такая Ліза, на якую забыўся Герман, праз што страціў свой шанец? Інакш кажучы, што ўпускаюць зь віду сёньняшнія адраджэнцы? Вы скажаце, што тут зашмат містыкі. Але згадзіцеся, што і рацыянальнага ў нашым дзяржаўна-палітычным жыцьці няшмат.

Калі Ліза – гэта тая, для каго ўсё ўласна і распачынаецца, значыць яна ў нашым выпадку – народ, на які мы, апантаныя сваім удалым гістарычным шанцам, недзе забыліся. Мы кінуліся ў ігорны дом сусьветнае палітыкі і эфэктна дасталі тройку, сямёрку... туз. А нам сказалі: ваша дама пік бітая. Якая дама пік? І сапраўды. Замест туза зь пікавай карты на нас пазірала страшная ў гневе старая графіня…

Калі пачынаеш разважаць пра страчаны гістарычны шанец, пра БНР ня думаецца, бо ня думаецца, што гэты шанец страчаны. Усё ж ідэалы 25 Сакавіка жывуць у душах многіх тысяч нашых супляменьнікаў і перадаюцца ў спадчыну дзецям. А вось нашыя ўласныя жыцьці, калі б БНР адбылася тады, у 1918 годзе, пайшлі б зусім іншым шляхам – гэта бясспрэчна. Таму можна казаць пра страчаны для нас асабіста гістарычны шанец БНР. Мой калега Сяргей Харэўскі задумаўся над тым, кім бы ён быў і кім бы ні за што ня стаў, калі б Беларуская Народная Рэспубліка зьдзейсьнілася.

(Харэўскі: ) “Ня ўпэўнены, ці быў бы я земляўласьнікам, мастацтвазнаўцам ці ксяндзом. Пэўна, што атрымаў бы ў спадчыну вялікія хмелевыя латыфундыі, зь вялікай вадацяжнай вежаю, што збудаваў мой дзед. Тая вежа дасёньня стаіць пасярод жытнёвага мора, над якім заліваюцца сьпевам цяжкія пузатыя жаўрукі. Я б ведаў усё пра гатунковы хмель, ягоныя кветачкі-шышачкі, пра спракавечныя дубовыя стаўбуры, вакол якіх ён заплятаўся. Ведаў бы кожную кабету, што спрацаванымі ўкарэлымі рукамі выбіралі ахайна тыя сьмешныя хмялёвыя шышачкі, нібы разьбіраючы цацкі зь яліны пасьля Калядаў.

Але сьвятар зь мяне выйшаў бы лепшы. Бо меў бы натуральную патрэбу гаварыць з тымі ж кабетамі на самыя розныя тэмы, прынамсі ня толькі пра хмель.

А мог бы застацца й конюхам. Пастрыгаў бы і чысьціў кабылаў. У адкрытай руцэ падаваў бы ім смакоцьце. І яны сваімі пяшчотнымі пысамі храпалі б. І было б адчуваньне вільготнае й вечнае.

Перад любым выбарам я б заставаўся самім сабою. Гэткім, якім пусьціў мяне ў сьвет Бог. Уяўленьне дамалюе ўсё астатняе, бо яно, уяўленьне, мае схільнасьць маляваць, пераважна, самае лепшае.

Зважаючы са свайго шляху, на які быў пастаўлены міжволі, лягчэй удакладніць, кім бы ў мяне не было падставаў стаць... Кім бы я пэўна ня быў?

Ня быў бы дасьведчаным палітэканамістам, які пільнуе за курсамі валютаў, узалежненымі ад вайсковых апэрацыяў нясвойскіх дзяржаваў у неўласьцівых краях.

Пэўна, што не пісаў бы кляўзы на сваю дзяржаву кіраўніцтву чужых краёў. Ад мяне не патрабавалі б пакінуць Вільню па прашэсьці дзевяноста каляндарных дзён. Я б не шукаў амбасады Румыніі, у якую сёньня для беларусаў таксама патрэбныя візы.

Я б ня роў на мітынгах, напінаючы жылы, каб давесьці немаведама каму, што і ў нас ёсьць свой гонар. Не бадзяўся б па гатэлях у суседніх сталіцах, дзе за сталамі таксама трэба даводзіць, што я беларус.

Наўрад ці я б падазрона глядзеў на сваіх крэўных, якія плодзяцца ў бацькоўскай кватэры, каб урэзаць мае "законныя" квадратныя мэтры прапіскі. І ня думаў бы пра тэстамэнт бацькі, якому ані дзед, ані прадзед нічога ня здолелі пакінуць. Не змаглі.

Пад Вялікадзень я б не ўпільноўваўся у людзей, апранёных у цывільнае. Не апаноўваў бы маю душу жах ад усьведамленьня таго, што выдаю тым людзям сваіх малалетніх паплечнікаў, якія вывешвалі наш нацыянальны сьцяг.

Я б ня быў галоўным прапагандыстам-атэістам, што чытае ўпотай бабчына Эвангельле. Я б не чырванеў ад няёмчаньня, чуючы, як бацькі гавораць на розных мовах са мною й са сваімі бацькамі. Сам бы не заікаўся, мяняючыся ў твары, калі пачаў размаўляць па-свойму.

Не завучваў бы на памяць тэзы пра “быцьцё, што вызначае сьвядомасьць”. Не ганарыўся б сваёй павязкаю крывавага колеру. Сьмяяцца не выпадала б мне з плястыкавае зорачкі з выяваю кучаравага дзіцёнка аднекуль з Волгі.

Урэшце вы б цяпер ня слухалі мяне”.

(Дубавец: ) Сяргей Харэўскі казаў пра сваю прыватную БНР. І напэўна кожны з нас мог бы ўявіць сабе свой лёс пад знакам 25 Сакавіка. Адно, у чым няма сумневу – гэта былі б вельмі розныя лёсы, зусім не тыкія тыповыя, што былі навязаныя нам у сытуацыі без БНР, дзе панаваў абсалютны савецкі стандарт.

Мне застаецца давершыць сёньняшнюю сьвяточную схему. Улады ў Беларусі яшчэ не дасьпелі да таго, каб прыняць ідэал БНР за свой. Гэта зразумела ў кантэксьце ўсёй палітыкі прэзыдэнта, які сваё паразуменьне з народам выбудаваў на ідэях вяртаньня да савецкіх парадкаў. Як выглядае, вернутая на першае месца расейская мова і савецкая сымболіка былі эфэктыўнай формай папулізму. Але за мінулыя дзесяць гадоў такія настроі істотна падвычарпаліся. І стала ясна, што незалежная Беларусь ня мае альтэрнатывы разьвіцьця, апроч як пашана да самой сябе. Таму вяртаньне да сваёй мовы ў якасьці дзяржаўнай, вяртаньне да гістарычнай сымболікі і традыцыяў БНР – непазьбежнае. Усё менш застаецца аргумэнтаў і аб’ектыўных прычын, якія б такому вяртаньню пярэчылі. Выбар толькі адзін – або стаяць у постсавецкім застоі, або ісьці – да незалежніцкіх ідэалаў 25 Сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG