Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чысты геній. Памяці Ул.Мулявіна


Сяргей Дубавец, Вільня

Праблема паходжаньня ў культуры, інакш кажучы – адкуль бяруцца геніі і геніяльныя творы і наколькі гэта ўсё можна і трэба ведаць – такая праблема з новай сілаю паўстала сёньня, калі памёр Уладзімер Мулявін. Думкі маіх калег падзяліліся. Адныя казалі, што мы мусім вывучаць паходжаньне творцы, каб зразумець прыроду ягонага таленту. Другія пярэчылі, маўляў, гэта чысты геній і нішто, апроч гэтага самага генія, у ім неістотнае. Першыя даказвалі, што гэта як мінімум цікава – дазнацца біяграфію песьняра. Другія называлі гэта бульварнай цікавасьцю, “зазіраньнем пад коўдру”. Першыя даводзілі, што маюць права пра агульнапрызнанага героя сваёй культуры і куміра ведаць усё. Другія сьцьвярджалі, што творца, як і кожны іншы чалавек, сам вызначае тыя рамкі, куды ў ягоным жыцьці публіцы можна зазіраць, а куды не.

Кожны адстойваў сваю рацыю, і стала зразумела, што існуе праблема паходжаньня. Дагэтуль у беларускай традыцыі яна вырашалася проста – віталіся любыя дасьледаваньні і адкрыцьці. Абумоўленая нацыянальным станаўленьнем прага самапазнаньня апраўдвала ўсё. Мы высьвятлялі імёны аўтараў ананімных паэм, нягледзячы на тое, што паэмы і былі задуманыя аўтарамі як ананімныя. Мы раскрывалі псэўдонімы, пад якімі аўтары хаваліся ці то ад сучасьнікаў, ці то ад вечнасьці, ад нас з вамі. Мы ўрэшце ў той ці іншай форме апублікавалі інтымныя занатоўкі Максіма Багдановіча, зусім не прызначаныя аўтарам для друку ні пры жыцьці, ні пасьля. Такім чынам мы аспрэчвалі прыроду чыстага генія або божую ласку, якой мог быць надзелены творца. Магчыма, гэта – спрэчка прагматыкаў з ідэалістамі. У апошніх заўсёды будзе галоўным козырам Моцарт, пра якога вядома амаль што ўсё, але гэтае ўсё ніякім чынам не тлумачыць паходжаньне і прыроду ягонае геніяльнасьці. Быццам зорка зьляцела зь неба і патрапіла ў сэрца чалавека, і самае важнае тут – чалавека "выпадковага". Таму зусім неістотна – ці гэта быў аўстрыяк, ці турак, ці цыган. Высокі ці карантыш, прыгожы ці ня вельмі. Істотна толькі тое, што яму дадзена. Ён – чысты геній.

Але што рабіць, калі ў сьвеце жывуць ня толькі ідэалісты, але і прагматыкі. Уладзімер Мулявін не распавядаў пра сваё паходжаньне, цураўся такіх размоваў. Затое іншыя даўно ўжо зьвярнулі ўвагу на ягоны парадокс – маўляў, уральскі расеец найлепшым чынам адчуў і выкарыстаў у сваёй творчасьці мэлёдыку традыцыйнай беларускай песьні. Можа, таму і адчуў, што быў, так бы мовіць, чалавекам ніадкуль і нічым не абцяжараны, свабодны?

Вось прыклад – успаміны валагодзкага артыста Ўладзімера Нікалаева, якога ў яго на радзіме называюць “хросным бацькам знакамітай песьні “Вологда”, які нейкі час выступаў у складзе “Песьняроў”, пра што і напісаў у сваіх “Запісках “песьняра”:

“У мяне часта пытаюцца, асабліва музыкі, як я ўмудрыўся патрапіць у такі знакаміты ансамбль, тым больш у самым зэніце ягонай славы. Маўляў, “Песьняры” – калектыў беларускі, і ўсе ў ім былі беларусы. А тут нейкі нікому невядомы хлопец з валагодзкай глыбінкі…

Пачаць трэба з таго, што сам заснавальнік і нязьменны кіраўнік “Песьняроў” Уладзімер Мулявін – зусім не беларус, хоць і выглядае як стоадсоткавы “бульбаш”, і сьпявае па-беларуску без акцэнту. А родам ён са Сьвярдлоўску, самы што ні ёсьць расеец. Проста служыў у арміі ў Беларусі, там і стварыў касьцяк будучага калектыву. Пасьля войска на радзіму не паехаў, а стаў працаваць з хлопцамі зь беларускай філярмоніі...”

Расейскае паходжаньне беларускага песьняра Ўладзімера Мулявіна зьдзіўляе ня толькі расейцаў – гэта хутчэй парадокс газэтнага факту, але й беларусаў, якія вырасьлі на песьняроўскіх песьнях і для якіх “Песьняры” былі першым увасабленьнем беларускага патрыятызму. Але беларушчына Мулявіна настолькі моцная, што затуляе развагі пра тое, хто ён і адкуль, і якой нацыянальнасьці. Вось што кажа пра ўплыў “Песьняроў” на сваё станаўленьне палітык Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Сам факт існаваньня “Песьняроў” быў адным з вызначальных для мяне, для майго пакаленьня. Мне было можа 12 гадоў, калі ў Берасьце першы раз так салідна прыехалі “Песьняры”. Яны давалі вялікі канцэрт у Доме палітычнай асьветы, гэта тады была найлепшая канцэртная заля гораду, у ёй вялікія шыбы і магчымасьць назіраць за дзеяй з вуліцы. То мы, падлеткі, сабраліся вакол залі, куды не маглі патрапіць, бо квіткі не маглі набыць, ня толькі бачылі, але й чулі, бо шкло дазваляла чуць песьні. Песьні былі па-беларуску, песьні былі прыгожыя, песьні былі сучасныя. Мы яўна чулі ў іх рокавы рытм. І вось гэтая тоеснасьць паміж беларушчынай і сучаснасьцяй, паміж беларушчынай і якаснай культурай, гэтае раўнаньне для мяне напэўна ўпершыню было выпісанае якраз “Песьнярамі”.

(Дубавец: ) Тое, што можна дазнацца пра Ўладзімера Мулявіна са шматлікіх артыкулаў і інтэрвію, не перабольшвае скупых энцыкляпэдычных зьвестак:

“Мулявін Уладзімер Георгіевіч. Нарадзіўся 12 студзеня 1941 году. Вучыўся ў Сьвярдлоўскай музычнай вучэльні ў клясе гітары. З 14 гадоў на сцэне. Служыў у арміі. Апошнія два гады прайшлі ў аркестры пры штабе Беларускай вайсковай акругі. Пасьля службы Ўладзімер і Валеры Мулявіны засталіся ў Менску”.

Вось і ўсё, што вядома пра сьвярлоўскае паходжаньне песьняра. Застаўшыся ў Менску, ён быццам адсёк сваю ранейшую біяграфію. Тут разам зь ім да свае гібелі ў аўтакатастрофе быў ягоны брат, сюды ж пераехала і жыла тут да сьмерці ягоная сястра. Яны вельмі добра ўпісаліся ў беларускі кантэкст.

У сёньняшняй “Вострай Браме” бяруць удзел сябры сям’і Мулявіных мастакі Валянціна і Лявон Бартлавы.

(Бартлава: ) “Напэўна прырода ці можа гасподзь Бог даў яму такую асаблівасьць. Для мяне крышачку прыадкрылася тайна, калі я пазнаёмілася зь ягонай сястрой. А мне было вельмі цікава зь ёй пазнаёміцца. Яна па мэнтальнасьці, па манеры размаўляць – яна беларуска.

Я ведаю рускіх людзей, ведаю латышоў… Вопыт у мяне ёсьць, я паезьдзіла па сьвеце. І менавіта ў манерах яе паводзін і тым, што яна расказвала – яна, як мы. Хаця толькі крышку яна пажыла ў нас…

Больш Валера быў артыстычны, як Натальля казала, ён быў больш стройны, прафэсійны, лепшы голас быў і ён не баяўся сцэны, ён зь дзяцінства быў на сцэне. Мастацкая самадзейнасьць у школе, Валодзя сядзіць у залі ціхенька, бо ён быў меншы і баяўся сцэны, не адчуваў у сабе такіх здольнасьцяў тады, у дзяцінстве, а гэты быў на сцэне. І ад старэйшага брата пайшло гэта, таму што гэты цягнуўся за старэйшым братам. І атрымалася, лёс так склаўся, што заўчасна пайшоў старэйшы брат Валера, як бы і перадаўшы яму тое, што ён рабіў. Лягічны працяг такі атрымаўся.

Цяжкае дзяцінства было, яны трое дзяцей былі, бацька рана пайшоў ад іх, Валодзя быў хваравіты… Самі яны зараблялі вельмі рана на хлеб. Валера рана пайшоў працаваць, маці працавала на фабрыцы, маленькая была зарплата. Псыхалягічна ім было цяжка, таму што ў гэтым жа горадзе жыў бацька, толькі ў другой сям’і. І таму дзеці былі вельмі дружныя, вельмі адчувалі адзін аднога.

Ён вельмі любіў зямлю. Самае любімае месца – гэта быў ягоны дом. Зь якой любоўю паказваў кожные дрэва! І самае цікавае, што сам рабіў нарыхтоўкі. Гэта ўжо я сама на кухні бачыла, як ён так акуратненька ўсё вымывае і гуркі і памідоры, складвае спэцыі, сам любіў гэта рабіць”.

(Дубавец: ) Натуральна, калі гаворка ідзе пра “беларускасьць у натуры”, узьнікае дасьледніцкая спакуса знайсьці тыя хай сабе прадаўнія карані роду. Спакуса прагматычнага або інакш – адраджэнцкага падыходу, калі самапазнаньне апраўдвае ўсё. Але самы кароткі экскурс у інтэрнэце ніякіх станоўчых вынікаў у гэтым сэнсе ня даў. Мулявіны ёсьць на Ўкраіне і ў Расеі, асабліва ў Сібіры. Шмат Мулявіных сярод рэпрэсаваных і сасланых у сталінскія часы. Але сьлед – адкуль яны былі сасланыя, не прасочваецца. Таму пакіну ўсё ж генэалягічныя пошукі спэцыялістам і сапраўдным прагматыкам. Што да паходжаньня творчага, дык з ускосных зьвестак відаць, што Мулявін-музыка сталеў у Сьвярдлоўску ў сапраўды музычным асяродку. Адначасова зь ім у музычнай вучэльні імя Чайкоўскага вучыліся многія будучыя расейскія зоркі, напрыклад, саксафаніст Уладзімер Прасьнякоў. А вось што распавёў у адным інтэрвію расейскі бард Аляксандар Дольскі:

“Джазам я займаўся зь дзяцінства, нават граў у прафэсійнай групе. Калі я жыў у Сьвярдлоўску, у дзясятай клясе на вакацыях мяне сустрэлі знаёмыя джазісты і сказалі: “Давай да нас! У нас гітарыст звольніўся”. А гітарыста клікалі Ўладзімер Мулявін, уяўляеце?”

Мулявін звольніўся і адправіўся служыць у Беларусь, туды, дзе знойдзе сваю шчасьлівую зорку, якая не зазьзяла яму ў Сьвярдлоўску. А Сьвярдлоўск, тым часам, будзе ператварацца ў трэці пасьля Пецярбургу і Масквы расейскі цэнтар рок-культуры. Тут адзін за адным паўзьнікаюць такія пасьпяховыя гурты як “Чайф”, “Наутылус Пампіліус”, “Агата Крысьці”, “Смыславыя галюцынацыі”, “Чычэрына” ды шмат-шмат іншых.

Мулявін кантактаваў з былымі землякамі, але, відаць, ня мэтава, а таму, што “Песьняры” вялі інтэнсіўнае гастрольнае жыцьцё, заяжджалі і на Ўрал. У адну з такіх паездак Мулявін блаславіў расейскі гурт “Арыель” – у нейкім сэнсе расейскі аналяг “Песьняроў”. З “Арыелем” зьвязаная і яшчэ адна гісторыя, якую прыгадаў кіраўнік гэтага гурта Валеры Ярушын:

“У 1978 годзе ансамбль “Арыель”, якім я тады кіраваў, паказаў чалябінскай публіцы сваю першую рок-опэру. Чыноўнікі ад культуры тады вельмі баяліся спалучэньня “рок-опэра” і ў афішах усё гэта называлася даволі грувастка “Аратарыяльная паэма ў стылі фольк-рок “Сказаньне пра Емяльяна Пугачова”. Музыку напісаў я, а лібрэта на падставе вядомай паэмы Сяргея Ясеніна падрыхтаваў масквіч Валеры Яшкін. Гэта ўвогуле была ягоная ідэя, вось толькі першым ён прапанаваў паставіць “Пугачова” беларускім “Песьнярам”. Аднак іхны кіраўнік Уладзімер Мулявін адмовіўся, указаўшы Яшкіну на “Арыэль”. На ягоную думку, уральскаму фолк-рок-ансамблю тэма народнага паўстаньня, якое пачалося, дарэчы, на Урале, была бліжэй па духу”.

Пазьней мы пераканаемся, што Мулявін пазьбягаў ня толькі гаворак пра сваё паходжаньне, ён пазьбягаў і працы з расейскім фальклёрам. Ня тое, каб зусім не экспэрымэнтаваў зь ім, але ня чуў яго і свае плёны знаходзіў у беларушчыне.

(Бартлава: ) “Ён вельмі цягнуўся да беларускасьці. І адчуўшы, што мы валодаем добра мовай, мяне і сястру ён прасіў размаўляць на беларускай мове. І яму так было цікава… яму не хапала гэтага”.

(Вячорка: ) “Для мяне, уласна кажучы, ня дзіва, што калі праз шмат-шмат гадоў, калі наша пакаленьне, завёўшы ўласных дзяцей, змагалася за беларускамоўнае выхаваньне для іх, мы зь сям’ёй Мулявіных сустрэліся ў першым і адзіным на той час беларускамоўным садку, куды яны аддалі сваё дзіцё. Мая дачка і іхнае дзіцё хадзілі ў адну групу беларускамоўнага садка”.

(Дубавец: ) Сьвярдлоўскі джазмэн дакрануўся да беларускага фальклёру і атрымаўся цуд. З гэтага моманту ён ужо не сьвярдлоўскі, а беларускі пясьняр, якога ад іншых беларускіх песьняроў адрозьнівае нескаванасьць нічым і, бадай, поўная творчая свабода. Цяпер кантэкст ягонае музыкі ўжо не на Ўрале, а хутчэй у іншым баку кантынэнта. Акурат тады, у канцы 60-х заявіў пра сябе Чэслаў Немэн, чыя творчасьць заслугоўвае параўнаньня з мулявінскай. Або Jethro Tull, імправізацыі якога перагукаліся з нашай “Перапёлачкай”…

Менавіта ўзровень унутранай свабоды ператвараў савецкіх “Песьняроў” у зусім эўрапейскі гурт, не зашораны, не скаваны комплексамі і самацэнзурай. Нічога падобнага на тагачаснай савецкай прасторы больш не было.

(Вячорка: ) “Я ў прынцыпе ня згодны з такім этнічным падыходам, які вельмі назольна агучвае той жа Лукашэнка. Прамаўляючы памяці Мулявіна, ён некалькі разоў сказаў: рускі чэлавек, рускі чэлавек, так пранікся… Галоўнае, што гэта таленавіты чалавек. Мулявін быў надзвычай таленавітым чалавекам. І ён вось гэта ўхапіў, вось гэтую магчымасьць пераасэнсаваць беларускую традыцыйную мэлёдыку, зрабіць яе фактам культуры ХХ і наступных стагодзьдзяў – менавіта ў ягонай інтэрпрэтацыі, так як ён гэта здолеў пачуць і выканаць”.

(Дубавец: ) Лягічную кропку ў нашай сёньняшняй гаворцы пра паходжаньне таленту паставіў Лявон Бартлаў у гаворцы са Зьмітром Бартосікам:

(Бартлаў: ) "І вось гэтае пытаньне я задаваў сабе таксама. Чаму з тагачаснага Сьвярдлоўску выйшаў чалавек такі, Уладзімер? Аднойчы ён сказаў мне адно слова. Я кажу, Вова, ну глядзі, цябе ж у Маскве зь любоўю прынялі, і я думаю, і пісаў бы ты там ня горш на расейскую тэму. Ён сказаў – я ня чую. Во беларускую мэлёдыку чую. Я чую і лічу славянскай цэнтравой. І мне ад яе лёгка.

– А што сьпявалася за кулісамі?

– Ён ніколі не любіў. Прафэсіянал, ён не любіў сьпяваць, ён любіў мяне слухаць. А сам ён вельмі рэдка… Трэба было такія моманты асаблівыя, каб ён засьпяваў па-за сцэнай. Ня мог проста так па клюбнаму ці па-застольнаму засьпяваць. Для яго гэта было вельмі сур’ёзна.

Ён у жыцьці вельмі сьціплы, не бамондзкі чалавек. Ня мог ён адкрыць дзьверы і сказаць: я Мулявін, дайце мне па заслугах. Ён ніколі не лічыў сябе артыстам, які адбыўся, можа быць цану сабе і ведаў, але гэтага не было відаць. Калі б не ягоны пячатны твар – гэтыя вусы і валасы, яго наогул бы ніхто не заўважаў.

– А ў размовах у яго не было настальгіі па Уралу, па той Расеі?

– Не. Я яму кажу, Валодзя, ты нядрэнна сьпяваеш, а чаму ты па-беларуску не гаворыш? Ён кажа: "Мне Бог даў адно, а я не магу падмешваць сабе другое". Ён даў яму песьню".

(Дубавец: ) Чысты геній таму й чысты, што не растрачваецца на іншае, нічым іншым сябе не абавязвае. Яму б заміналі развагі пра паходжаньне або размаўляньне па-беларуску, якое ў нашых умовах – самае сапраўднае місіянства, або палітызаванасьць – незалежніцкая пазыцыя, або, скажам, нейкія мудрагелістыя паводзіны на сцэне. Ды нават думаць пра прыроду свайго генія было б лішнім.

А так – хто ты – расеец з Урала і якая ў табе кроў – габрэйская, цыганская ці ўкраінская – ня ведае ніхто і ня трэба гэтага ведаць. Усё адно тое, што ты робіш, бясконца далёкае ад гэтых генэалягічных пошукаў. Ты – чысты.

Бадай, толькі адзін такога кшталту зусім чысты геній у беларускай культуры прыходзіць на думку – Янка Купала. Той, якога і прызнаюць усе, усё грамадзтва.

Мулявіна прызнаюць усе. І народ паспаліты, і нацыяналісты, і антыбеларусы, і камуністы, і апазыцыянэры, і афіцыёз. Можа быць, гэта апошні такога маштабу талент, якога без ваганьняў прызнаюць усе. Далей пачынаюцца прыхільнасьці, а то й аглабельная палітызацыя, якая з многімі выдатнымі творцамі абыходзіцца па-бандыцку – зьбіваючы іх каля пад’ездаў, арыштоўваючы і штрафуючы, змушаючы да пераезду за мяжу. Мне думаецца, што нават калі сытуацыя нармалізуецца, ужо ня будзе такіх чыстых геніяў, аднолькава прызнаных усімі. Бо надта рэдка ўзыходзіць такая зорка. Вось чаму параўнаньне сьмерці Ўладзімера Мулявіна са зьменай эпох не выглядае пустым патасам. Праўда, і пра тое, што ён гэтак аб’ядноўваў усіх нас, беларусаў, мы задумаліся толькі цяпер, калі яго ня стала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG