Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа на радзіму Танка


Сяргей Дубавец, Вільня

"Максім Танк пражыў кароткае і цяжкае жыцьцё", – напісала адна школьніца ў выпускным сачыненьні. "А дзетачка, – ускінула рукамі настаўніца, – ды адкуль жа такое кароткае і такое цяжкае?" На гэткае зьдзіўленьне школьніцы давялося імправізаваць пра нялёгкую сялянскую долю беларускага песьняра, а што да кароткага жыцьця, дык хто ж ведае, каму колькі трэба...

Эпізод гэты рэальны і ўражвае ня столькі нават недасьведчанасьцю выпускніцы, колькі абсурдам і раздвоенасьцю, зь якога боку на яго ні зірні. Сапраўды, у нас так шмат гавораць пра лёс беларускай літаратуры, нічога зь яе не чытаўшы. А стэрэатыпы мужыцкае долі беларускіх паэтаў і празаікаў, узгадаваныя імі самімі, ніяк не абвяргаюцца іх рэальным лёсам, нават калі яны ўсё жыцьцё сядзелі ў высокіх прэзыдыюмах і ў таталітарны савецкі час умудрыліся аб'езьдзіць з гасьцямі бадай што ўвесь сьвет.

Гаворачы пра Максіма Танка – каторы ўжо раз у "Вострай Браме" – адчуваю вострае нежаданьне заставацца ў палоне стэрэатыпаў. У адрозьненьне ад многіх літаратурных генэралаў Танк сапраўды застаецца – насуперак свайму намэнклятурнаму савецкаму лёсу – паэтам чытэльным, тым, чыё імя цяпер усё часьцей згадваецца ў друку.

Наўздагон 90-х угодкаў Танка іншы паэт, Ніл Гілевіч згадаў ягонае імя, палемізуючы ў “ЛіМе” з Уладзімерам Някляевым і Іванам Чаротам, якія кажуць, што беларусы з нацыянальнай ідэяй спазьніліся. Маўляў, у часы глябалізацыі ці там інтэграцыі з Расеяй нам позна гнацца за сусьветным прызнаньнем нашай літаратуры. Гілевіч адказаў на гэта імем Танка. Цытую: "Вылучу толькі адно імя: Максім Танк, і скажу: вялікі паэт другой паловы ХХ стагодзьдзя. Дай Бог, каб на літаратурнай мапе Эўропы азначанага пэрыяду набралася хоць бы зь дзясятак такіх паэтаў! І калі ён ня стаў нобэлеўскім ляўрэатам – дык яго віны ў гэтым няма. Вінаватая дзяржава, у якой мы да 1991 году жылі і ў якой больш жыць не захацелі. Зрэшты, ня буду прымяншаць і ягонай вядомасьці ў сьвеце – яго вершы перакладзены больш як на паўсотні моваў". Канец цытаты.

Такім чынам, Максім Танк становіцца аргумэнтам беларускае жывучасьці. У згаданым выпадку – галоўным аргумэнтам. У адрозьненьне ад многіх ягоных паплечнікаў з ужо прызабытага літаратурнага генштабу, Танка чытаюць. Ён канвэртабэльны. Дзіва што эстонскі інтэрнэт-сайт, прысьвечаны Леніну, адкрываецца вершам Максіма Танка. Па-эстонску, натуральна. З другога боку, кнігі яго і пра яго можна набыць у найбуйнейшай у сьвеце віртуальнай кнігарні amazon.com. Але ад увагі да сябе сам ён ня робіцца для нас ясьнейшым. Ягоная тоўстая браня са шматлікіх савецкіх ордэнаў і ягоны да апошніх дзён жывы, эўрапейскага складу верш застаюцца вадой з алеем у адной пасудзіне – неадказаным пытаньнем, высьветліць якое не аднойчы спрабавалі і мы, калі казалі пра шматзначны псэўданім аўтара або пра ягонае захапленьне камунізмам і адначасова – буржуйскай эстэтыкай. Неагледжанай пляцоўкай нашых досьледаў заставалася радзіма паэта. І вось адразу два аўтары нашае праграмы выправіліся ў Пількаўшчыну, у Нарачанскі край.

Зьміцер Бартосік і Севярын Квяткоўскі, сядаючы за руль аднаго аўтамабіля, вырашылі паблукаць у ваколіцах Танкавага котлішча, пагаманіць зь людзьмі, якія ведалі паэта.

***

(Бартосік: ) "Мясьціна, дзе нарадзіўся паэт, ня можа быць звычайнай. Колькі разоў пераконваўся ў гэтым. І ў Марцінкевічавай Люцінцы, дзе ад сядзібы не засталося нават фундамэнту, і ў Жылкавых Макашах, дзе і ў гэтую хвіліну, я ўпэўнены, ягоныя аднагодкі сядзяць за горкай чаркаю, і ў страшным Доме творчасьці ў Падблоні, дзе сёньня мірна лекуюцца хворыя дзеці, і ў мёртвых куляшоўскіх Саматэвічах, у любым такім адрасе заўжды прысутнічае нейкая таямніца. Калі не сказаць – заклятасьць.

Таму едучы ў вёску Пількаўшчына, дзе нарадзіўся Максім Танк, я ўжо быў настроены на незвычайнае падарожжа. Але пачалося яно ў нас зь Севярынам Квяткоўскім з наведаньня магілы паэта".

(Квяткоўскі: ) "Два велічэзныя простыя з чорнага мармуру крыжы, да якіх вядуць прыступкі, абкладзеныя валунамі – гэта магіла Танка й ягонай жонкі Любові ў вёсцы Новікі на Мядзельшчыне. Наўкола магілы Танка фантасмагарычная карціна заняпаду: з пажоўклае травы, сярод палага лісьця тырчаць вострыя розных формаў валуны. Краявід нагадвае прыбярэжныя рыфы, аб якія пеніцца хваля. Вятры й дажджы вярнулі камяням прыродную форму. Што за людзі пад імі пахаваныя, цяпер ужо ніхто ня скажа.

Затое пра Танка гавораць усе й з ахвотай. Здаецца, што тут ці ня кожны чалавек тым ці іншым бокам зьвязаны з паэтам".

(Голас: ) "Яна ж мая цётка, Максіма Танка жонка, Любоў Андрэеўна. Бацькава стрыечная сястра была за ім".

(Квяткоўскі: ) "Мінак патлумачыў нам, як праехаць да радавое сядзібы Скурак. Не "Скурко", а менавіта "Скурка" кажуць мясцовыя людзі, і падкрэсьліваюць, што прозьвішча іхнага славутага земляка сказілі".

(Бартосік: ) "Зь вёскай Пількаўшчынай я быў знаёмы завочна. Танк шмат пісаў пра яе ў сваіх даваенных "Лістках календара". Пасьля допытаў на Лукішках, пасьля халодных віленскіх кватэр, пасьля безграшоўя й голаду малады паэт імкнуўся ў сваю Пількаўшчыну, каб адагрэцца.

– Ці чуеце? Пусьціце ў хату!
– У нас няма пагрэцца дзе.
– Я зьбіўся ў замеці праклятай,
Блукаю ўжо каторы дзень.
Хто я? Свой! Можа, нават чулі.
За мной шлюць гончыя лісты,
Мяне шукаюць катаў кулі...
– Што ж не сказаў адразу ты!
Заходзь! Для гэткіх ёсьць прытулак".

(Квяткоўскі: ) “Нам патлумачылі, як праехаць да хаты Танка, дзе й дагэтуль жыве ягоны родны брат Фёдар Скурка з жонкай Марыяй. Сядзіба не забытая, але вельмі прыхаваная. Мясцовыя кажуць, што рэдка хто зь першага разу патрапяе да хутара. Распавядаюць, што нават калі хавалі Танка, дык аўтобус з труной ды жалобны картэж заблукалі.

Заблукалі й мы. Гаспадар Віталь Глінскі з усьмешкай патлумачыў, што працуе "жывым указальнікам", бо дзікія й арганізаваныя турысты прыяжджаюць ці ня кожныя выходныя. Спадар Віталь распавядае пра сям'ю Скурак, пра заможных непітушчых працавітых людзей, якія заўжды жылі ўбаку ад вёскі і хавалі зброю".

(Глінскі: ) "Мы зь дзецьмі знайшлі, дзе яны хавалі – пад аўтамат месца, пад карабін месца. Падымаеш верхняе бервяно, а ў наступным бервяне выдзяўбленае па габарытах зброі. І наступнае бервяно пакладзенае. У іх на сядзібе".

(Квяткоўскі: ) "Спадар Віталь робіць загадкавае папярэджаньне, маўляў Фёдар Скурка – кансэрватыўны стары. А на разьвітаньне чытае ўласны верш, прысьвечаны Максіму Танку".

(Глінскі: ) "Мы ведаем усе твой талент, геній,
Спытайце у любога зь пількаўшчан,
Па-першае, адкажуць: ты – Яўгені,
І толькі па другое ужо – Танк.

У гонар твой калгас мы так назвалі
І вуліцу назвалі не дарма,
Тваё імя у нарачанскай хвалі,
Удзячнасьці табе мяжы няма".

(Бартосік: ) "Калі вы пажадаеце наведацца да котлішча Максіма Танка, дык на выезьдзе зь Пількаўшчыны перад лесапілкай збочвайце ўправа, на невыразную дарожку ў лес. І, прамінуўшы той лясок, убачыце хутар. Больш падобны на шляхецкую сядзібу. Ад дарогі да брамы вядуць прысады, за домам вялікі яблыневы сад. Перад домам пасьвіцца прыгожы конь. Тут і жыве малодшы брат паэта, 77-гадовы Фёдар. Гасьцей ён сустракае насьцярожана, але хутка недавер зьнікае".

(Фёдар: ) "Сапсавалася прырода, асушылі зямлю. Во лес сохне і птушак няма ніякіх. Ні летам, ні ўвосень. Толькі груган, каршун. Толькі сарока ці сойка, больш нічога няма. Не пачуеш. А раней, як барануеш, за плугам ідзеш, жаўранкі, зязюлі кукуюць... Як аркестар нейкі, музыка. Усялякія птушкі. А зараз, як канаваў парабілі, няма ні жаб, ні рыбы. Ім самім няма чаго есьці".

(Бартосік: ) "Я глядзеў на невысокага дзядка ў кепачцы і ніяк ня мог уцяміць, што перада мною родны брат таго Народнага паэта, дэпутата й ардэнаносца, ганаровага грамадзяніна сталіцы й члена ЦК. Таго высачэзнага прыгажуна-мужчыны, якога я зь лёгкасьцю магу ўявіць на Брадвэі ці на Елісейскіх палях, на Краснай плошчы й праспэкце Машэрава. А тут ён штосьці не ўяўляецца".

(Квяткоўскі: ) "Дзед Фёдар часьцей прыгадвае ня брата, і нават не бацькоў, а дзядзьку Фадзея".

(Фёдар: ) "Дзядзька быў у Аргенціне, у Буэнас-Айрэсе 12 гадоў, жыў добра. Два гады парабіў, яму машыну далі, ён быў там, дзе машыны выпускаюць легкавыя. Гаспадар казаў на заводзе: "Фадзей, ня едзь, будзь тут". А прыехаў… У гэты сацыялізм прыехаў навуковы".

(Квяткоўскі: ) "Паступова робіцца зразумелым, пра які "кансэрватызм" казаў нам папярэдні размоўца. Спадар Скурка перакананы, што менавіта партызаны забілі дзіця ягонай сястры. Два гады працы на Ўрале ў канцы саракавых пераканалі, што "навуковы сацыялізм" страшнейшы за блякаду, у якую патрапіла партызанская зона Мядзельшчыны ў 1943-м".

(Бартосік: ) "Ідучы да старой скуркоўскай хаты, Фёдар Іванавіч паведаў, чаго не ўлічыў паэт у вольнай сваёй краіне. Што схавацца ўжо можна толькі ў самога сябе. Родныя сьцены не дапамогуць".

(Фёдар: ) "Нават апошнія гады, пасьля вайны і то, Берыя быў пры ўладзе і Сталін, многа раз брата ў НКВД выклікалі. Браў з сабою з дому якія дзьве буханкі хлеба, сухарэй. Я трохі каснуўся ў гэтую размову. Дык ён мне пагразіў, каб ні слова. Было вельмі страшна".

(Квяткоўскі: ) Дзед Фёдар – чалавек, для якога што немцы, што палякі, што расейцы-саветы – усё адно прыхадні. А межы краіны супадаюць зь межамі ўласнае зямлі. Але ж брат агітаваў за іншае. У Пількаўшчыне засталося хіба два-тры аднагодкі Фёдара Скуркі. Адна зь іх – баба Алена – памятае Яўгена Скурка”.

(Алена: ) "Проста як дзіцё памятаю, што зямлі ў іх многа было, і коні, быкі аралі. Авечак і цялят – яны былі багатыя".

(Квяткоўскі: ) "Дзед Ёсіп добра памятае і Скурак, і Танка".

(Ёсіп: ) "Жылі някепска, але трудзіліся, як той казаў, ад поту да поту. Ён сам і касіў, і араў, тады як пасьля, вярнуўшыся з турмы зь Вільні, хаваўся тут".

(Бартосік: ) "У старой хаце ніхто зараз не жыве. Спадар Фёдар наладзіў тут імправізаваную экспазыцыю. На сталах расклаў братавы кнігі, на сьценах вывесіў партрэты. Мяне зьдзівіў адзін, самы вялікі. Дзе паэт сядзіць з маці. Старая ў прыгожай вышыванай сарочцы, побач сур'ёзны сын у белай кашулі й пры гальштуку. Быццам толькі што сыйшоў з прэзыдыюму.

"Відаць, дажывае свой век наша старая хата – мая калыска. Праўда, сьцены яшчэ трымаюцца, але падлога прагніла і правалілася. Ад смалістага дыму лучыны бэлькі і дошкі сталі да таго зашмальцаваныя, закураныя, учарнелыя, быццам іх нехта пакрыў чорным лакам".

Аглядаючы хату, я нават засумняваўся, што гэтыя радкі зь "Лісткоў календара" пісаліся напярэдадні новага, 1939-га году. Бо сьцены яшчэ ого як трымаюцца. Але з таго самага 39-га ўжо не ратуюць”.

(Фёдар: ) "Сястра гаварыла малодшая, што ён прыехаў, можа, гадзіну-паўтары пабыў дома… Толькі паехаў, а зь лесу чалавек, можа, паўсотні нацыяналістаў гэтых во, прыехалі. Пытаеюцца: "А Яўгені Іванавіч, брат, быў тут?" Кажа: "Во толькі паехаў". "Во і харашо, што паехаў...” Гэта быў канец 45-га. Усякай па лесе дрэні было.

Тут кніжачкі некаторыя яго. Тут многа, ёсьць такія, што з аўтографамі. Іх, можа, ужо жывых няма, тых пісьменьнікаў. І Коласа… 18 верасьня тут быў інстытут пэдагагічны, чалавек з паўсотні. Дык яны паразьбіралі, во".

(Квяткоўскі: ) "Паразьбіралі, ды ня ўсё. Амаль кожная кніжка падпісаная: па-беларуску, польску, літоўску, расейску, украінску. Рагойша, Панчанка, Зуёнак, Барскі...

Выглядае, што пашанцавала ня толькі інстытуцкім аматарам рарытэтаў, але й самім кніжкам. Дзед Фёдар кажа, хай бы гэтыя з інстытуту прывезьлі атруту для пацукоў. Кніжкі й рэчы скрозь пагрызеныя й загаджаныя мышамі ды пацукамі".

(Фёдар: ) "А-я-я-й, вось каб іх гадзінаў! Няма чым бароцца зь імі. Псуюць усё. І кнігі псуюць, і нават настольнікі. Во як паелі, во. Які красівы быў. Пацукі – сволачы, ня дай Бог!"

(Квяткоўскі: ) "І, нарэшце, сюрпрыз, варты асобнага літаратурнага твору. Адзінае месца, куды ня могуць патрапіць пацукі, гэта вялікі каваны куфар. Там ляжыць кажух, які пашыў яшчэ дзед Максіма Танка".

(Фёдар: ) "Усё пашытае – новае, і мала хто насіў яго, можа разы два-тры адзеў. Цяпер, каб я адзеў гэты кажух, дык на мяне глядзелі б як на клоўна ў цырку. А цяпер во якая адзежа".

(Квяткоўскі: ) "Целагрэйка?"

(Фёдар: ) "Ага, цяпер нейкая фуфайка. Калі б яна была парватая, і латкі было б відаць, дык на мяне не глядзелі б. А калі б кажух адзеў, дзедаў, добры, глядзелі б – што за цуд такі".

(Квяткоўскі: ) "Аднавяскоўцы працуюць у калгасе імя Танка, а Фёдар мусіць хадзіць у старым ватніку ды ўпотайкі лаяць тыя калгасы. Раптоўна заходзіць жонка цётка Марыя. Бачыць нас, чуе расповед мужа, і бялее ад жаху".

(Марыя: ) "Дурань ты! Га?!"

(Фёдар: ) "…Вось такія справы".

(Марыя: ) "Якія справы? Хадзем, хадзем, хадзем, хадзем".

(Фёдар: ) "Што ты хочаш?"

(Марыя: ) "Нічога не хачу, не гавары, бо ня трэба, ніякае лухты…"

(Фёдар: ) "Дык вось, хлопцы, была такая справа, хадзем".

(Бартосік: ) "Спадарыня Марыя не захацела гаварыць у мікрафон. Сказала толькі, што пад музэй аддасьць хату адно калі заплацяць. З чым я цалкам пагадзіўся. Пакуль тут жывуць родныя людзі, якія патрэбны музэі? Ды й які можа быць дом-музэй у паэта-вандроўніка, які звандраваў ледзь ня ўсю плянэту? Ці не для гэтай магчымасьці вандраваць і пісаць Танк апрануў на сябе сваю бранябойную маску?

І зноў я ў дарозе... Нібыта яшчэ раз
Я пераканацца хачу, як мне дораг
Пакінуты край, дзе зацепліўся верас
У засені наднарачанскага бору.

Нібыта яшчэ раз вачамі сваімі
Здалёк мне праверыць і ўпэўніцца трэба
Ў красе непаўторнай прастораў радзімы,
Ў блакіце майго беларускага неба".

(Квяткоўскі: ) "Апошні акорд выправы – музэй Максіма Танка ў Сватках. Адчуваньне, што з моманту ўзьнікненьня ў 1982 годзе ў ім нічога не зьмянілася.

(Дырэктар: ) "Наагул, тут такія экспанаты, у Рэспубліцы нідзе такіх няма многіх. Вось, напрыклад, пастанаўленьне аб прысваеньні Максіму Танку героя сацыялістычнай працы. Розныя: кандыдацкія білеты, членскія… Кнігі, яны амаль што ўсе дораныя Максіму Танку. "Ад сібірскіх няфцянікаў", "Ад камандуюшчага…", ну наагул, амаль што ўсе".

(Квяткоўскі: ) "А яшчэ ёсьць граматы й пастановы: пра абраньне акадэмікам, камсамольская грамата "За шматгадовую й плённую працу па камуністычнаму выхаваньню моладзі і ў сувязі зь 70-годзьдзем зь дня нараджэньня" і да т.п. І карціна Алеся Марачкіна: "Максім Танк сярод сваіх землякоў".

***

(Дубавец: ) “Падарожжа нашых аўтараў у Пількаўшчыну падыходзіць да канца і нам застаецца сёньня толькі ажывіць тыя пытаньні, якія па-ранейшаму стаяць ля імя народнага паэта.

Верагодна, трэба зусім іншы мэтад і падыход для разуменьня такіх маштабных літаратурных і гістарычных зьяваў, як Максім Танк. Сродкамі нашай акадэмічнай навукі, што мае даўно састарэлыя мэтодыкі і гіерархічныя лінаркі, тут нічога ня вырашыш. Ад адной круглай даты да другой у друку паўтараюцца амаль тыя самыя словы.

Знакі Танка – выразнае раздваеньне асобы. Выдатны паэт і пры тым чалавек-прэзыдыюм, чалавек-пінжак з ордэнамі. Шчыры камуніст і прарасеец, нават сталініст і пры тым – вядзе перапіску з Геніюш, ратуе схопленых НКВД нацыяналістаў, эстэт і антыэстэт адначасова. Сялянскі сын Скурка і літаратурны генэрал Скурко. Нават ягоны псэўданім чытаецца канфліктна. Вось вам Максім Танк, зьлеплены з двух відаў зброі – кулямёта і самаходнай гарматы і вось вам Максім Танк, у якога імя ўзятае ад Максіма Багдановіча, а прозьвішча ад жанру клясычнае японскае паэзіі танка?

Рана ці позна надыдзе час празрыстасьці, калі ўсё наноснае страціцца і аголіцца сутнасьць зьяваў. І словы пра "цяжкае і кароткае жыцьцё" самой школьніцы пададуцца недарэчнымі і абсурднымі. Так бывае заўсёды. Але, відаць, што да Танка, такі час яшчэ не прысьпеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG