Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмех і грэх: віленскі гумар


Сяргей Дубавец, Вільня

Зрабіць перадачу пра адмысловы віленскі гумар – ад Крышталевіча і Багушэвіча, ад Якуба Коласа і Ядвігіна Ш. да нашых дзён – я зьбіраўся даўно. Праўда, самое жыцьцё навокал зь ягонымі невясёлымі раптоўнасьцямі ня надта гэтаму спрыяла. Іншы раз мне здавалася, што выратаваць ідэю такой перадачы магла б якраз нясьмешная нагода. Гэта ж праўда, што сьмяюцца найчасьцей з таго, каму зусім не да гумару, сьмяюцца скрозь сьлёзы, адкуль і цэлы мастацкі жанр выводзіцца – трагікамэдыя.

Разважаючы гэтак, дадумаўся я ўрэшце, што для размовы пра гумар найбольш дапасоўны антураж – гэта якая-небудзь трагедыя або страта. І вось акурат сёлета напачатку лета такая страта здарылася. На дзяржаўнай літоўскай тэлевізіі была закрытая штотыднёвая беларуская праграма. Выходзіла яна там даўно, больш за дзесяць гадоў, яшчэ з часоў саюдзісцкага падпольля. Выходзіла ў атачэньні праграмаў на іншых мовах – расейскай, польскай, украінскай. Адно што рэйтынг мела большы – у пяць, а то й дзесяць разоў болей гледачоў. І ўвесь гэты час нязьменна рабіла гэтую праграму паэтка Тацяна Сапач. Сотні дакумэнтальных сюжэтаў распавядалі пра жыцьцё беларушчыны, якой не было месца на менскім БТ. І вось сёньня чарговая хваля літоўскага чынавенскага нацыяналізму паставіла на праграме крыж. У Вільні – старой беларускай сталіцы, калысцы нашага нацыянальнага адраджэньня і культуры – больш ня будзе беларускае тэлевізіі. Вы спытаецеся словамі старой показкі: а дзе тут сьмяяцца? Адкажу. Самая апошняя беларуская тэлепраграма была прысьвечана якраз віленскаму гумару. У выніку атрымаўся зусім паўнавартасны паводле духу і стылю найноўшы віленскі анэкдот.

Натуральна, каб падняць такі вялізны культурны пласт, як віленскі гумар, я ня мог не запрасіць у гэтую перадачу рэдактарку беларускіх тэлепраграм і паэтку Тацяну Сапач.

(Сапач: ) "Пачнем з таго, што віленскі гумар, як і ўсялякі іншы, які мае прыдомак (габраўскі, лёнданскі...), – віленскі гумар зусім адмысловы. Не ўсялякі здольны зразумець яго і ацаніць – прынамсі, сходу-зьлёту, зь першага разу. Дарэчы, для гэтага зусім неабавязкова быць віленчуком паводле месца жыхарства. Жыхар Вільні – гэта частка Вільні, гэта дэталь віленскага краявіду – таму хутчэй віленчук як суб'ект і як творца сьмешных гісторыяў і выслоўяў дасьць вам найменш уцямны адказ на тэму... Гэта як прымушаць паэта тлумачыць паходжаньне ягоных мэтафараў і алегорыяў".

(Дубавец: ) “Мабыць, тут – як зь вялікім, якое бачыцца на адлегласьці. І разам з тым, мы можам і не заўважыць, як прасякаемся гэтым. Скажам, які-небудзь кобрынскі ці мазырскі школьнік, чытаючы на ўроках роднае літаратуры разьдзелы пра дзядзьку ў Вільні з "Новай Зямлі" Якуба Коласа, міжволі ўбірае ў сябе гэты дух і гэты стыль. Ня толькі гумар”.

(Сапач: ) "Адмысловы гумар – гэта адзін са складнікаў гэтак званага "віленскага кшталту"; іншыя складнікі – шматмоўе і талерантнасьць. Цяпер вы разумееце, якім вы павінны быць, каб спасьцігнуць тонкасьці віленскага гумару? Слушна, ад вас патрабуецца веданьне як найменей чатырох віленскіх моваў – беларускай, польскай, літоўскай, расейскай, і ад вас патрабуецца зычлівасьць да іншых, як, зрэшты, паблажлівае стаўленьне да самога сябе. Ад вас патрабуецца быць віленчуком па сутнасьці, а не па месцы пражываньня. Разважаючы пра віленскі кшталт, і пра віленскі гумар як неад'емную частку гэтага кшталту найчасьцей кідаюць паглядам у мінулае. Маёй правадніцай у Вільню міжваенных часоў згадзілася быць Галіна Антонаўна Войцік, дачка Зоські Верас":

(Войцік: ) "У Вільні да вайны было каля сарака працэнтаў жыдоў. У асноўным гэта была бедната, якая цясьнілася ў гета, гандляры, рамесьнікі... Пад Галяй (гарадзкі рынак) гандляркі таксама практычна ўсе былі жыдоўкі. Я яшчэ памятаю, хадзілі мы там неяк з мамай, нечага шукалі. Прадае гандлярка-жыдоўка селядцы з бочкі. Ведаеце, такія вялікія бочкі, селядцы там плаваюць у лёку. Ну, а селянін, які там побач нешта прадаваў, узяўся закусваць, бярэ хлеб, цыбулю, і так у бочку гэтую макае. Дык яна яму: "Ой, ласун, ласун!"

(Сапач: ) "Але па-добраму, так?"

(Войцік: ) "Так. Не злуецца, нічога. Толькі: ой, ласун, ласун!"

(Сапач: ) "Сёньня жартуюць інакш. Ці гэта зьвязана з тым, што і Вільня іншая стала?"

(Войцік: ) "Так. Ведаеце, таму што настолькі зьмяніўся склад насельніцтва. Цяпер пераважае літоўскае насельніцтва, а тады пераважала жыдоўскае насельніцтва, пасьля палякі. А беларусы, літоўцы... іх жа было няшмат. Практычна – беларуская інтэлігенцыя. Але... уся вёска кругом была беларуская. І на ўсіх рынках гаварылі толькі па-беларуску. І гэтыя самыя гандляркі жыдоўскія, яны ж таксама гаварылі па-беларуску, бо мусілі зь сялянамі гаварыць".

(Сапач: ) "І што найболей давала падставу дзеля таго, каб пасьмяяцца?"

(Войцік: ) "Нешта такое незвычайнае. Да прыкладу, помнік Міцкевіча. За ўсе гэтыя дваццаць гадоў польскае ўлады так і не сабраліся паставіць помнік Міцкевіча. Але быў макет. Гэты макет, з дошак такі, стаяў на беразе Вяльлі, там, дзе была старая электрастанцыя. Будынак гэты ёсьць – той электрастанцыі, там на ім – фігура жанчыны зь ліхтаром. Гэтую фігуру чамусьці называлі "Зося". Унізе, якраз каля гэтай Зосі і стаяў Міцкевіч. Гэта была такая конусная фігура, галава, валасы такія... Рэчка ў той час мела больш вады, бо цяпер забірае Беларусь частку вады. Былі частыя паводкі. Вада падымалася, падмывала пясок, макет падаў у ваду і вада яго нясла. Дык вось гаварылі, што Міцкевіч сказаў "Літво, ойчызна моя" і паплыў у Коўна. Яго недзе каля Закрэту (раён Вільні) вылаўлівалі і зноў ставілі".

(Дубавец: ) “Сёлета ў ліпені спадарыні Галіне Войцік споўніцца 75 гадоў. Значную частку жыцьця яна прысьвяціла вывучэньню і выкладаньню старанямецкае мовы і мела магчымасьць назіраць паводзіны розных народаў і тыя адметнасьці, што выяўляліся, у тым ліку, і ў гумары. Што да віленскага гумару, дык неад'емным ягоным стваральнікам і аб'ектам было тутэйшае жыдоўства. Да вайны – каля сарака працэнтаў, пра што казала спадарыня Галіна.

У вайну віленскае жыдоўства было вынішчанае амаль што да апошняга чалавека. На зьмену жыдам – як неславянскай дамінанце ў славянскім атачэньні – пасьля вайны прыйшлі таксама неславяне літоўцы і за пяцьдзясят гадоў давялі сваю колькасьць да бальшыні. Праўда, літоўскіх віленскіх показак за гэты час не зьявілася. А жыдоўскія показкі можна пачуць у Вільні і сёньня”.

(Сапач: ) "Усім вядома, што ёсьць жыдоўскія анэкдоты і анэкдоты пра жыдоў. Лішне казаць, наколькі гэта розныя рэчы. Лішне казаць таксама, што віленскі гумар дапускае існаваньне толькі жыдоўскіх анэкдотаў".

Анэкдот:

Прыйшоў да Абрама знаёмец і кажа: "Знайшоў жаніха для дачкі тваёй – Розы. Багатага, паважанага барона Ротшыльда..."

– А-ёй, – усклікае Абрам, – маю Розачку, маю ружачку, маё дарагое дзіцятка – за гэтага старога, за гэтага скупога! І ня думай пра такое!..

– Але ж твая Роза сьляпая на адное вока, дый кульгавая, – даводзіць сват.

– Маю Розачку, маю ружачку... А зрэшты, што ж – хай сабе й Ротшыльд.

На тым і пагадзіліся.

"Ну, вось, – пацірае рукі сват, – палова справы зробленая. Засталося цяпер Ротшыльда ўгаварыць..."


(Сапач: ) "Дарэчы, гэты анэкдот пераказала мне мая сяброўка, якая 10 гадоў таму спрычынілася да адкрыцьця ў Вільні беларускага аддзяленьня ў пэдагагічным інстытуце. Справа гэтая была і новая, і няпростая, і клопатная. Трэба было на розных узроўнях літоўскае ўлады давесьці мэтазгоднасьць і своечасовасьць беларусістыкі. Нарэшце – літоўцы на ўсё пагадзіліся. І тады аказалася, што самае цяжкое – наперадзе: трэба было знайсьці ахвотных вучыцца на беларусазнаўстве, трэба было пераканаць ужо саміх беларусаў... І гэтым жыдоўскім анэкдотам адзін вельмі спагадлівы да беларусаў віленскі жыд пракамэнтаваў сытуацыю. Праўда, вельмі падобна? І гэта – як прыклад таго, што віленскі гумар – рэч унівэрсальная, незалежна ад таго, у якой нацыянальнай групе ён ствараўся. Жыдоўскае "прыклалі" да беларускага – глядзіце, рыхтык, адзін да аднога!

Існуе цэлы пласт анэкдотаў пра Мотке Хабата. Прычым дакладна вядома, што Мотке Хабат – рэальная пэрсона, ён стваральнік гэтых гісторыяў, і ён іх галоўны герой.

– Як жывеш, Мотке Хабат?

– А-а, цяжка...

– А што робіш?

– Нічога не раблю.

– Дык чаму тады цяжка?

– Зашмат канкурэнтаў...


Сёньня мае жыдоўскія сябры ў Вільні сьцьвярджаюць, што гэты, наш час, – ня час анэкдотаў. – Ня час складаць, ці распавядаць? – пытаюся. – Складаць, вядома. Распавядаць заўсёды знойдзецца каму. А складаць – цяжэй. Можа, таму, што жыдоў у Вільні амаль не засталося".

(Дубавец: ) Сапраўды, на месцы жыдоў апынуліся літоўцы. Іх гумар моцна адрозьніваецца ад жыдоўскага – ён жорсткі, саркастычны, гэта нават ня гумар, а сатыра. Зусім у стылі міжваеннага віленскага беларускага часопіса "Маланка". Праўда, "Маланку" выдавала пракамуністычная моладзь і там пісалі пра паноў – на паражэньне. Але кшталт моцна падобны. Да таго ж гаворка ідзе пра жарты ў сродках масавай інфармацыі. Што да вулічнага гумару, дык ён па-ранейшаму мае тутэйшы характар, г.зн. ствараецца на мяшанцы розных моваў і застаецца традыцыйна добрым. Такім, якім быў за часам Яцка Крышталевіча – а гэта пачатак ХІХ ст., – або за часам "Нашай Нівы" – напачатку ХХ-га. Праўда, сёньня гэткія традыцыйныя жартаўнікі маюць больш выразную нацыянальную "маркіроўку". Гэта ня проста віленскія гумарысты, а гумарысты польскія, жыдоўскія, беларускія...”

(Сапач: ) "Сёньня самага знакамітага віленскага жартаўніка завуць Вінцук. Гэта – сцэнічны і радыё-псэўдонім самадзейнага артыста і літаратара Дамініка Кузіневіча. Вінцук – герой і стваральнік новых віленскіх показак, гэткі Мотке Хабат нашага часу, віленскі дзядзька, які гаворыць па-просту, па-тутэйшаму. Гаворыць пра простыя, усім зразумелыя рэчы, і сьмяецца найперш зь сябе самога".

(Кузіневіч: ) "Вы заўважце, наш віленчук, на колькіх мовах ён можа гаварыць. Гэта такая ня чыста польская, ня чыста беларуская, ня чыста ўкраінская, ня чыста нейкая расейская, гэта такая мешаніна. І таму ён зычлівы да ўсіх. Я помню калісьці, калі я ня ведаў добра літоўскай, я ў тых літоўскіх раёнах пачаў казаць па-просту, па-віленску, і дамаўляўся з самым "акаянным", як кажуць, літоўцам. Бо яны таксама спрадвеку перамяшаныя. Гэта ж у нас добра калупні, у нас на Віленшчыне, дык знойдзеш прадзеда, можа, і турка якога. А зь іншага боку, я заўсёды памятаю, як яшчэ казала мая Ганька, маўляў, ня важна які ты, якой нацыянальнасьці, важна, які ты чалавек. У нас на Віленшчыне людзі ў цэлым нядрэнныя. Ён цябе запросіць дахаты, апошнюю квашаніну на стол паставіць, апошні хлеб пакроіць. І таму мне здаецца, гэты наш віленскі гумар – ён добры, ён папросту добры. Заставайцеся жывая, здаровая, усьмешлівая. І памятайце, у каго буська ўсьміхнутая, таму заўсёды лягчэй у жыцьці калдыбаць".

(Сапач: ) "Прыслухайцеся... вы чуеце, як гучыць ваш сьмех? Гэта ня рогат, што "заводзіць кумпанію", гэта ня зьедлівае хмыканьне, падобнае да часовага забойства вашага далікатнага апанэнта. Ваш сьмех амаль нячутны, бо ў яго няма мэтаў. Ён не выкрывае, не зьнішчае і не высьмейвае. Мы сьмяемся, бо маем у гэтым патрэбу. І гэтак пазбываемся сваіх дробных заганаў, кажам самоце "бывай", і – з палёгкаю – крочым далей..."

(Дубавец: ) “Сьмяяцца зь сябе можа ня ўсякі народ. У шматгадовых назіраньнях спадарыні Галіны Войцік склаліся ўстойлівыя ўяўленьні пра палякаў, немцаў, літоўцаў і віленчукоў без акрэсьленай, так бы мовіць, нацыянальнасьці”.

(Войцік: ) "Зь сябе пасьмяяцца могуць палякі, між іншым. Гэта ня кожны можа. Напрыклад, немцы ня ўмеюць. Немцы наагул пачуцьця гумару ня маюць. Што відаць зь іхных гумарыстычных часопісаў... Вось будынкі віленскія, так? Палац Тышкевічаў. Гэта адзіны, дзе ёсьць атлянты. Дык вось, гэты палац, яго называлі "палац пад балванамі". І была такая показка, маўляў, у Вільні ёсьць толькі два чалавекі, якія ня п'юць – гэтыя атланты – бо рукі ў іх занятыя. Хоць тады ня столькі пілі, як цяпер".

(Сапач: ) "А я вам раскажу вось што. Мы сабраліся здымачнай групай ехаць здымаць гэтых балваноў. Сядзім, чакаем машыну. І прыходзіць такая мадам, яна мастацтвазнаўца, яна кажа: што будзеце здымаць? Мы кажам: ды вось хочам паспрабаваць зьняць перадачу пра віленскі гумар. – Гм, ну, спрабуйце-спрабуйце. Што тычыцца літоўцаў, дык я ня ведаю, дзе вы будзеце гэта шукаць. Мы, літоўцы, ня ўмеем жартаваць. – Як бы Вы гэта пракамэнтавалі?"

(Войцік: ) "З тых, даваенных часоў, я нічога не магу сказаць. Таму што ніколі не сустракалася зь літоўцамі. І толькі ўжо ў 1939, калі перадалі Вільню сьмятонаўскай Літве, але тады не да гумару было... Хоць, прывезьлі, мусіць, з усёй Літвы паліцыю. Парадак, значыць, каб быў. Ну, гэта быў гумар. Паліцыя была пад два мэтры ўся. Адзетая была ў сінія такія мундзіры з чырвонымі кантамі, з залатымі гузікамі. Шапкі такія, як уланскія. А калі парадная форма, дык на гэтых шапках конскі хвост быў. Апэрэта чыстая".

(Сапач: ) "У мяне ёсьць параўнаньне; яно не зусім карэктнае, але ягонай прыгажосьцю можна, мне здаецца, прабачыць гэтую некарэктнасьць. Мне хочацца параўнаць Вільню з ракою. Рака – са сьцюдзёнай і чыстай вадою, яна ратуе ад сьпёкі, лагодзіць зрок, плыньню – кліча да сябе, і з сабою – за далягляд. Яе жывяць крыніцы, яе забруджваюць сьцёкі, паводкі размываюць ейныя берагі. Але галоўнае прадвызначэньне ракі – быць чыстай вадою. Рака валодае здольнасьцю да самаачышчэньня, яна фільтруе сьцёкі, пакідае бруд за чарговым сваім выгінам, і далей – цячэ сабе, паважная, незалежная, чыстая...

Між зададзенасьці Вільні, у ейных генах – шматмоўе, талерантнасьць і здольнасьць ейных жыхароў нязлосна жартаваць, сьмяяцца з саміх сябе. Вільня зазнае радыкальныя зьмены ў нацыянальным складзе, і – паступова засвойваючы спэцыфіку кожнага новага народу – абірае, "прыўздымае" тыя якасьці, што адпаведныя ёй самой. І вось ужо ковенскія літоўцы гавораць пра літоўцаў віленскіх як пра іншых, маючы на ўвазе набытую імі здольнасьць лёгка пераходзіць з адной віленскай мовы на другую. І вось ужо ў Вільні там і тут сустракаюцца шыльды – вядома, па-літоўску, але зь некалькімі значэньнямі; разуменьне другога ці трэцяга значэньня неадменна выклікае ўсьмешку. І ці не галоўная мэта гаспадароў, скажам, віленскай кавярні "Senos S^akes" – гэта вашая ўсьмешка, ваш добры настрой? Дарэчы, "senos s^akes" перакладаецца як "старыя вілы", але ў гутарковай мове ўжываецца як выраз скрайняга зьдзіўленьня або захапленьня. У нас гэтаму слову –"s^akes" – адпавядаюць выклічнікі: "ого", "нічога сабе", "ну, усё", а калі яшчэ больш дакладна, дык "гамбец", або, калі хочаце, "улёт". Абрэвіятура "pvm" расшыфроўваецца як "падатак на дададзеную вартасьць", але гаспадары аднае са сталовак хуткага харчаваньня прыдумалі іншую расшыфроўку – "pietu valgymo metas" – час палуднаваць. Халаднаватыя, нежартаўлівыя літоўцы падбіраюць да Вільні ключ. Пакуль гэты ключ – мова, якая надаецца для нязлоснага віленскага гумару. Ключ паварочваецца ў замку... і Вільня пазнае ў літоўцах не-чужых".

(Дубавец: ) “Тацяна Сапач кажа пра тое, што літоўцы падбіраюць ключы да Вільні, тым часам сама Вільня, нібы рака, ачышчаецца і прыстасоўвае пад сябе ўсё, што ў яе патрапіла. Але сёньняшні віленскі гумар цяжка назваць добрым.

Сёньняшні віленскі гумар, той, што нараджаецца ў нашым часе, мала нагадвае тыя трагікамічныя мініятуры Яцка Крышталевіча альбо Ядвігіна Ш. Верагодна, таму, што дамінуе ў цяперашнім віленскім жыцьці не чалавек, ня вулічны культурны герой, а палітычная мэтазгоднасьць і мэнтальныя асаблівасьці дзяржаўнае нацыі. Вось літоўская тэлевізія паказвае перадачу пра гумар Віленскага краю. Вакол старое сталіцы ў вёсках дагэтуль пераважае насельніцтва тутэйшае, а літоўцы – карэнныя і прыежджыя – жывуць крыху адасоблена.

Нармальныя людзі, плачуць і сьмяюцца, як усе. Жартуюць. Запомнілася прыпеўка, якую выконвала адна такая літоўская вясковая сям'я: "Дзе літоўцы дупы мылі, там палякі ваду пілі". Па-першае, у такім жарце няма ані каліва таго, што мы сёньня называлі "сьмехам зь сябе самых"; па-другое, пра такі гумар ніяк ня скажаш, што ён добры; па-трэцяе, памяняць месцамі герояў прыпеўкі настолькі ж проста, наколькі цяжка ўявіць сабе, каб яна ў такім зьмененым выглядзе патрапіла на дзяржаўную літоўскую тэлевізію. Тую самую, дзе пачынаючы з гэтага лета зьніклі ўсе перадачы на мовах тутэйшага насельніцтва, апроч літоўскай. Згаданая акцыя – толькі адзін прыклад, адна кропля ў цяперашняй хвалі літоўскага чынавенскага нацыяналізму напярэдадні ўступленьня краіны ў Эўразьвяз і NATO. Але гэта тэма іншае перадачы.

Што да віленскага гумару, дык адно абнадзейвае, што праявы ксэнафобіі ніколі ў віленскай гісторыі не былі даўгавечнымі. Варта згадаць беларускую савецкую ўладу, якая ў 1939 абклеіла горад улёткамі пра тое, што прыйшла сюды навечна і стала эшалёнамі вывозіць усіх нязгодных у Сібір. Тая "вечнасьць" не працягнулася і двух месяцаў. Ці то Сталін аддаў Вільню ў іншыя рукі, ці сама Вільня, як рака, ачысьцілася ад чарговых прэтэндэнтаў на вечнае валоданьне сабою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG