Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыя паэтаў і яе хросныя бацькі


Сяргей Дубавец, Вільня

Гэтая гісторыя мае даўні пачатак, а завяршаецца яна ў нашы дні, на нашых вачох. Гэта гісторыя пра хроснага бацьку, у абліччы якога за стагодзьдзе выступалі розныя людзі, але ўсе яны клапаціліся пра сям'ю і ўсе пакінулі на сваім шляху мноства забітых і панявечаных сямейнікаў. Што рабіць, калі гэткі несправядлівы сьвет! Хочаш як найлепей, а выходзіць – горш не прыдумаеш. Гэта гісторыя пра хроснага бацьку нацыі, дакладней, як мы, беларусы, сябе называем – нацыі паэтаў.

Мы сапраўды – нацыя паэтаў. Ні адзін народ не пахваліцца такой колькасьцю вершаскладальнікаў – геніяў і графаманаў, прафэсіяналаў і аматараў, якія ёсьць у кожнай вёсцы і, бадай, у кожнай вясковай хаце. Што ўжо казаць пра гарады, дзе выходзяць газэты і пры кожнай рэдакцыі ўвіхаюцца дзясяткі й дзясяткі паэтаў і тых, хто проста ня здолеў на пераломе сталасьці разьвітацца з гэтай ці то звычкай, ці то патрэбай – складаць вершы.

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў пазамінулым стагодзьдзі, калі самую назву нашай нацыі – беларусы – даў чалавек, якога мы прызнаем за пачынальніка. Імя ягонае было Францішак Багушэвіч. Гэты чалавек з агромністымі вусамі ў старой паўстанцкай сьвітцы сядзеў у сваёй сядзібе ў Кушлянскім лесе і прыдумляў для нас наш лёс, наша імя. А імя для паэта – гэта і ёсьць лёс. Нічога дзіўнага, што такім чынам Багушэвіч стаў хросным бацькам нацыі.

(Здаецца, нават у прозьвішчы ягоным – Багушэвіч – закладзена быць хросным бацькам нацыі. Але гэта ўжо паэтычная думка, а распавядаць пра паэтаў вершамі я не зьбіраўся. Бо тады вам цяжка будзе што-небудзь зразумець.)

Францішак Багушэвіч памёр роўна ў 1900 годзе – акурат, дарэчы, у такі самы дзень, 28 красавіка. Ён не пакінуў спадкаемцаў па жыцьці, затое пакінуў у літаратуры. Можа быць, з тых часоў мы і сталі такой асаблівай нацыяй, для якой іхная ўлюбёная, найлепшая ў сьвеце краіна жыла і жыве найперш у вершах, а не ў рэчаіснасьці.

Аднак, сям'і Багушэвіч не запачаткаваў. Спатрэбіцца яшчэ трыццаць гадоў, каб нованароджаная нацыя стварыла свае газэты й часопісы, школы і ўнівэрсытэты, дзьве свае рэспублікі, каб насталі часы вялікай дэпрэсіі ці, як іх у нас называлі, часы ўсенароднага ўздыму і энтузіязму, каб аб'явіўся наш першы дон Карлеонэ і каб уласна й пачалася тая гісторыя, якая сканчаецца сёньня.

Гэта быў Міхась Клімковіч – суворы чалавек з валявым тварам і празрыстымі халоднымі вачыма. Акурат тады з нашае нацыі паэтаў навыходзіла так шмат прафэсійных вершаскладальнікаў, што сама сабою насьпела патрэба вылучыць зь іх найлепшых і аб'яднаць іх у касту самых-самых таленавітых. Такіх паэтаў найвышэйшае касты пачалі называць пісьменьнікамі, а іхную сям'ю – Саюзам. Вось жа на чале гэтай новапаўсталай сям'і і аказаўся яе хросны бацька – Міхась Клімковіч.

Цяпер такіх, бадай, не сустрэнеш. Міхась Клімковіч быў сапраўдны дон Карлеонэ – статны мужчына ў плашчы і капелюшы, з гранатай у кішэні, які мог выскачыць з аўтамабіля і, даведаўшыся, што мінулай ноччу былі расстраляныя ня дзесяць паэтаў, а ўсяго два-тры, уздыхнуць па-бацькоўску з палёгкай. Ён думаў пра сям'ю, а тады кожная ноч несла для яе пагрозу і страты.

Стратаў трэба было пазьбягаць. Ня дзіва, што з тых часоў існаваньне сям'і ператварылася ў суцэльную барацьбу, а шлях яе быў шчодра паліты крывёю. Відаць, у гэтым бязжаласным сьвеце інакш і не магло быць. Ворагі ўвесь час выхоплівалі зь сям'і дзяцей, а яе старэйшынаў, такіх як Янка Купала або Цішка Гартны, то аднаго то другога – даводзілі да самагубства. Хроснаму бацьку трэба было дбаць пра тое, каб колькасьць сям'і не расла, а наадварот, зьмяншалася. Што ні кажыце, а вузкім гуртом у такой аблозе выжыць лягчэй, а таму можна пазьбегнуць непатрэбных ахвяраў. Вось жа даводзілася пазбаўляцца ад лішніх дзяцей.

Дзеці – найдаражэйшае, што ёсьць у сям'і. Але менавіта дзеці схільныя да рызыкі, яны менш асьцярожныя за дарослых і ня ведаюць усёй складанасьці дачыненьняў у гэтым сьвеце. Зь дзецьмі толькі праблемы. Добра, калі на двары – лагодныя часы. Але тыя часы былі суворыя.

Гэта былі часы, калі пісьменьнікі не выходзілі з дому безь пісталета і калі кожную ноч расстрэльвалі паэтаў. Турма тайнай паліцыі – амэрыканка – літаральна ламілася ад паэтаў, сталічных і прывезеных з правінцыі або з новадалучаных земляў Заходняе Беларусі. Самым частым зьвінавачаньнем, якое чулі паэты, быў шпіянаж. А яшчэ – нацдэмаўшчына – так на жаргоне ворагаў гучала слова паэзія.

Нарэшце дайшло да таго, што ня толькі нацыя страціла большасьць сваіх паэтаў, але й каста абраных – пісьменьнікі – згубілі большую частку чальцоў. У іхным Саюзе ледзьве нашкрабалася два дзясяткі чалавек. І здавалася, як напіша пазьней Караткевіч, ужо й на развод ня будзе. Але ўсё аджыло. Бо нацыя, не зважаючы на страты, працягвала нараджаць сваіх дзяцей і хутка сям'я зноў набрала ранейшыя аб'ёмы ў некалькі соцень чалавек. Разам з тым вярнуліся і ранейшыя праблемы.

Пасьля вайны спакваля адышлі ў мінулае расстрэльныя сьцены, пісьменьнікі здалі табэльную зброю, жыцьцё, якое ні ёсьць, сяк-так наладжвалася і стары дон Карлеонэ падаўся на спачын. Цяпер ён сядзеў у качалцы на сваім лецішчы, слухаў птушак, думаў пра дзяцей і пра тое, што яму ўдалося-такі вывесьці сям'ю з гэтага агню і ўсеагульнага зьнішчэньня.

А сям'я тым часам перайшла пад кіраўніцтва новага хроснага бацькі. Яго звалі Пятрусь Броўка. І акурат у той дзень, калі ягоны амэрыканскі калега дон Карлеонэ вырашыў, што сям'я больш ня будзе займацца наркотыкамі ды іншым экстрэмізмам і цалкам легалізуе свой бізнэс, акурат у той самы дзень і ў тую хвіліну гэтая самая думка наведала і хроснага бацьку беларускае пісьменьніцкае сям'і. Мы ня будзем займацца экстрэмізмам, ня будзем нікога забіваць і падпальваць ці там раскідаць якія ўлёткі, мы цалкам легалізуемся, што прывядзе нас да ўзбагачэньня і дабрабыту. А што яшчэ трэба для сям'і?!

Пасьля гэтага дон Карлеонэ ледзьве ўцёк з-пад куль сваіх калег, якія не згаджаліся аддаваць свой хай і нячысты бізнэс. А ў Беларусі гэта прывяло ўрэшце да ўнутранага падзелу сям'і. У адных пісьменьнікаў зьявіліся службовыя машыны, шыкоўныя летнікі, яны не вылазілі зь ціхаакіянскіх круізаў. Другія пабіраліся па суседзях і спалі на падлозе, абліваючы сваё лежбішча паласою вады – ад клапоў. Сацыяльны статус мала адбіваўся на талентах пісьменьнікаў і мала залежаў ад іх, бо таленты былі дадзенасьцю і даваў іх кожнаму ад нараджэньня Бог. Таму з гэтым разьмеркаваньнем не спрачаліся і пад яго герархію ў сям'і не падганялі. Маўляў, Богу Богава. Бяда была ў іншым.

Бяда была ў тым, што ўся нацыя былі паэты. Яны нараджаліся, вырасталі і бесьперастанку прэтэндавалі на тое, каб увайсьці ў сям'ю. Распарадзіцца зь імі так, як гэта можна было ў трыццатыя гады, цяпер не выпадала. Аднак гэта ня значыць, што пра тое ня думалі. І першы, хто разважаў пра гэта – Пятрусь Броўка – высокі лысаваты мужчына ў акулярах, якія блікавалі ягоны прышчураны і шмат для каго фатальны пагляд. Ён нібы сымбалізаваў сабою пераход ад вайны да мірнага існаваньня, увасабляючы ў сабе ўсемагутнасьць першага дона Карлеонэ, а разам з тым – слабасьць і бездапаможнасьць наступнікаў. Вядома, што кожная парода з часам драбнее.

Уся нацыя паэтаў ведала Броўку як чалавека неталенавітага, прынамсі ў паэзіі. Таму народ складаў пра яго вершыкі, дзе ў абразьлівай форме характарызаваў ягоны літаратурны даробак. "Пятрусь Броўка піша лоўка, піша лоўка і даўно, але ўсё, што ён напіша, называецца..." Менавіта ад Броўкі бярэ пачатак тая тэза, што імянітым паэтам у атачэньні адпаведнага дабрабыту можна стаць і апошняму графаману, што да сёньня актыўна выкарыстоўваецца ўсё новымі прэтэндэнтамі на ўдзел у сям'і.

Што праўда, наступнік Броўкі, Максім Танк быў сапраўдным паэтам, нават больш ад Бога, чым ад сябе самога. Нягледзячы на сваё непрабойнае і наступальнае прозьвішча, гэты хросны бацька болей жыў сваім унутраным жыцьцём, і ўсім заставалася толькі здагадвацца – што ў яго насамрэч у галаве.

Танк таксама быў высокім статным мужчынам і, у адрозьненьне ад Броўкі, не мітусіўся, а хадзіў гэтак па-міністэрску разьмерана і грунтоўна. Ён усё болей выседжваў у прэзыдыюмах, езьдзіў па сьвеце і, здаецца, ні пра што й ня думаў, а толькі чакаў – увесь час цярпліва чакаў імпульсу ад свайго найвышняга патрона. Патрон час ад часу дыктаваў яму геніяльныя вершы.

У наступнага хроснага бацькі ўжо ўвогуле нічога, апроч саліднай паставы, не засталося. Ані пісталета, ані сьмелых і каварных плянаў перахітрыць ворагаў, ані славы спрытнага ваяра. Між тым, сьвет зусім не рабіўся дабрэйшым, і прымірэнчая пазыцыя гэтага хроснага бацькі, як і заўсёды, успрымалася за слабасьць. Тым часам, паэты па-ранейшаму сканчалі жыцьцё самагубствам або высылаліся куды далей. Ніл Гілевіч, так звалі новага хроснага бацьку, шукаў кансэнсус, а пазыцыі сям'і падалі, падалі, падалі...

Ён, здаецца, ні разу й ня крыкнуў ні на кога, ня грукнуў кулаком па стале, нічым іншым ня выявіў, хто ў гэтым доме гаспадар. Ня дзіва, што дому таго хутка ня стала. Праўда, не за Гілевічам, а пазьней.

У ягонага пераемніка не было ўжо і стаці. Ён наагул быў добрым чалавекам і шукаў ужо не кансэнсусу, а згоды – усіх з усімі. А такога, як вядома, не бывае. Гэтак прыйшлі часы, калі зь сям'ёй канчаткова перасталі лічыцца. Ну, насамрэч, разважалі ворагі, ты толькі зьлёгку падвышаеш голас, а ён ужо пачынае плакаць. Ды не хацеў ты адбіраць у яго ягоную мову. Ты толькі хацеў спраўдзіць, наколькі ён моцны, каб далей трымаць сваю маёмасьць – свае выдавецтвы, сваю сядзібу, сваю сям'ю... А ён пачынае плакаць і прасіць, каб ты не чапаў мову.

Натуральна, ты ведаеш, што мова – найдаражэйшае, што ёсьць у паэта. І няхай ён з гэтым застанецца. Толькі нашто яму грошы, нерухомасьць, прадпрыемствы, а ўрэшце і сям'я, калі ён ня здольны гэтага бараніць і калі сам ня ведае, як з гэтым распарадзіцца.

З гэтага моманту дон Карлеонэ канчаткова растварыўся ў паветры. Засталося толькі ягонае высокае крэсла, куды прымерваліся сядаць новыя дзеці нацыі паэтаў. Іншы зь іх і спрабаваў быў бразнуць дзьвярыма і абазвацца для ўсіх хросным бацькам, але яму ня верылі. Ды нават калі б і паверылі, гэта ўжо даўно нічога ня значыла. Не было ўжо сям'і, не магло быць і бацькі.

А канчатковы крах сям'і настаў тады, калі мужчыны паўцякалі за мяжу, пакінуўшы ў крэсьле дона Карлеонэ... жанчыну. І зрабілі гэта не ад фэмінізму свайго ці ад джэнтльмэнства, а таму што жынчына, як вядома, слабы пол. І выяўляецца гэта ў тым, што колькі ні валі на яе – усё вывезе, ня пікне. Гэтак Вольга Іпатава апынулася ў неадэкватным становішчы. Уявіце сабе, што кабета трапляе ў крэсла бацькі сям'і, чый шлях шчодра ўсыпаны трупамі і паліты крывёю. Жанчыны, вядома, заўсёды ўплывалі на лёсы, можа быць, іншым разам больш за самых важных пісьменьнікаў. Але яны рабілі гэта не на полі бою.

У канцы трэцяй часткі славутага фільма, які так і называецца "Хросны бацька", ворагі забіваюць самае дарагое, што ёсьць у дона Карлеонэ – ягоную памочніцу-дачку. Думка простая – жанчынам ня месца ў мафіёзных разборках, няхай сабе гэта разборкі Саюзу пісьменьнікаў з уладамі ці талентаў з графаманамі ці што заўгодна. Усё ж гісторыя Жанны Д'Арк – гэта выключэньне, а ня правіла. Гэта першае. Другое – забойства дачкі паклала канец сям'і Карлеонэ. Яе існаваньне страціла сэнс. Тое самае адбылося і з нашай сям'ёй пісьменьнікаў. Драматычны канец. Канец фільма.


* * *
Сёньня ўсё, што засталося ад сям'і – гэта толькі ідэя сям'і – такой, якой запачаткаваў яе Міхась Клімковіч. Але ён усё рабіў дзеля яе дабрабыту і для дзяцей. А сёньняшнія ягоныя нашчадкі найчасьцей кажуць, што адраджэньне сям'і немагчымае менавіта таму, што няма дабрабыту. Яны страцілі смак да жыцьця. Ворагі адабралі ў іх іхныя выдавецтвы, іхную сядзібу, цяпер забіраюць іхныя часопісы. Ім няпроста своечасова распазнаць ворага, бо той можа прыйсьці звонку, а можа і з самой сям'і. Той, хто нібыта твой брат, насамрэч аказваецца тваім магільшчыкам. Нічога ня зробіш, такія законы жанру.

Пасьля Броўкі новыя энэргічныя паэты спрабавалі ствараць свае сем'і ўнутры сям'і. Так заўсёды бывае, калі падрастаюць дзеці. Яны цягнулі з сваіх правінцыяў сваякоў, стваралі зямляцтвы. Гэтак казалі, што Барыс Сачанка спрыяў землякам – Мятліцкаму і Канапельцы...

Сачанка загінуў проста за рабочым сталом, пры нявысьветленых да канца абставінах. Сёньня Канапельку пагналі з крэсла галоўнага рэдактара часопіса "Крыніца", а Мятліцкаму далі такое крэсла – галоўнага рэдактара часопіса "Полымя". Я думаю, на чыім баку быў бы сёньня Сачанка? Можа быць, на баку Канапелькі. А можа і ні на чыім. Адно ведаю, што Мятліцкага б ён у гэтай справе не падтрымаў і не ўхваліў ніколі. А гэта значыць, што і на такім вось мікраўзроўні новая сям'я стварыцца не магла.

Мятліцкі не забыўся на той урок, які некалі даў Броўка. Мікола, натуральна, хоча быць донам Карлеонэ. Няхай паспрабуе. Толькі што ня кожны на тое здольны, а часам трапляюцца і здольныя, але без галоўнае рысы хроснага бацькі – тыя, што ня думаюць пра сям'ю і гатовыя здраджваць яе інтарэсам. І калі імпэту ў цябе навалам, а Бог ня даў сапраўднага таленту, тады даводзіцца скіроўваць той імпэт у іншае рэчышча. Заваёўваць сабе жыцьцёвую прастору падманам і каварствам. Але гэта, бадай, немагчыма, пакуль у іншых застаецца выбар, а ў цябе яшчэ не зьявілася табэльнай зброі...

Так, яны сапраўды змагаліся самі з сабою, прыдумляючы сабе ворагаў зь ліку чужых – ці то "марыністаў", ці то дзяржаўных прызначэнцаў, але яны любілі сваё і мучаліся гэтай любоўю і ня спалі доўгімі начамі, ствараючы адзін адному тую невыносную цяжкасьць быцьця, якая часам адыходзіла, але нахлыньвала зноў і зноў з новай сілай – як хвалі.

І тады яны гатовыя былі палюбіць адзін аднаго і чытаць, чытаць, чытаць свае фантастычныя вершы, якія гучалі як гімны яднаньня, як найвышэйшыя сьведчаньні іхнае роднасьці. І гэта была паэма! Гэта было адкрыцьцё. Дзе-небудзь на нарачанскім беразе пры вогнішчы яны гатовыя былі забыцца, хто зь іх каго пасадзіў, хто на каго настучаў, бо над імі было высокае неба ідэалу – самае большае, што было ў іх наагул. Яны, і сівагаловыя вэтэраны, і захопленыя барадаценькія юнцы, раптам ператвараліся ў дзяцей. І да плачу слухалі адзін аднога, перабівалі, і зноў слухалі. І гэта была паэзія – іх галоўная стыхія.

Божа, якое шчасьце вычуць у бліжнім не каварства, а ў сабе – не раздражненьне, а гэтую самую сарамяжлівую любоў! І ім заўсёды тое давалася на гэтай зямлі, якая нараджала паэтаў. Гэта была зямля паэтаў. Таму яна здавалася ім ідэальнай зямлёю, таму ўлады ім заўсёды бачыліся найгоршымі ў сьвеце, бо паэты цураюцца ўладаў. Яны думалі, што заўсёды будуць дзецьмі і ніколі ніхто ня выставіць ім рахункі. Якія могуць быць рахункі да дзіцяці? Калі гэтак ставіцца пытаньне, дзіця знойдзе на вашыя рахункі свой пісталет. А як яшчэ вы хацелі размаўляць з паэтам? Якой мовай?

...Паэт надзявае капялюш або барэт і плашч. Беларускі паэт – чысты гангстэр. Ці даводзілася вам дажджыстым шэрым панядзелкам сустрэць у парку Горкага паэта Ніла Гілевіча? Сівы аксакал прамінае вас як дон Карлеонэ. І ня дзіва, калі ў абойме ў яго ўсе гэтыя сысы, глёбусы ды славаміры адамовічы. Хто сьпіўся, хто не, а хто ў турме. Пачакайце, хлопцы выйдуць – кожны з сваёй сытуацыі. Але ведайце адно. Гэта нацыя паэтаў. Гэта зямля палескіх рабінзонаў і дзіўных кентаўраў, якіх тут ласкава называюць Міколкамі-паравозамі. Гэта зямля, дзе раптам пачынае пахнуць чабор і дзе найвялікшыя ворагі сям'і – Алесь Бачыла, які, надзеўшы вышыванку, адпраўляецца да Ларысы Геніюш, Леанід Прокша, на незабыўных пасквілях якога вырасла цэлае пакаленьне новых паэтаў, дзе стары Алесь Кучар замест пісталета ўжывае расейскія мацюкі, бо гэта ўся зброя, што ў яго засталася.

Гэтая нацыя ведала столькі чужацкіх нашэсьцяў, што ўжо перастала лічыцца зь імі. Не глядзіце, што мы кажам – КГБ, Масква, акупацыя. Нашыя галоўныя ворагі даўно сярод нас. Мы іх прыватызавалі. Вы падсоўваеце нам Касьцяна, мазырскага галерэйшчыка? Што за цуд гэты Мазыр! Але галоўны вораг і галоўныя нашыя антаганісты ў гэтай сытуацыі – тыя, што ідуць з гэтым Касьцянам – нашы. Вось Таіса Бондар, аўтарка кніг, якія варта прачытваць назвамі – "Двое на востраве сьлёз!" Чаго чакае калюмбійская тэлевізія? А вось Раіса Баравікова – ці ня новая хросная маці нацыі паэтаў? Мілую Раісу любілі і любяць, як будуць заўсёды любіць прыгажуню і сымбаль жаноцкасьці, для якіх ніколі ня будзе веку ці, як вы сказалі? – грамадзянскай пазыцыі.

А во наш знаёмы Мікола Мятліцкі – Лукашэнка з закрытай формай гэтае хваробы. Ну не паэт, але чалавек, які сьцьвердзіў, што з паэзіі можна рабіць і біяграфію, і прэміі. І кожны кранаўшчык ці мэліяратар, які парываецца сёньня пачаць сваю справу, мог бы павучыцца ў Міколы, як рабіць яе зь беларускай паэзіі. Ня ведаю Ніну Чайку. Ведаю толькі, што пры яе кіраўніцтве "Беларуская маладзёжная" на дзяржаўным савецкім радыё стала самай лібэральнай рэдакцыяй. І ў гэткім вось развальненьні яе пераняла наша Жана Літвіна – хросная маці беларускай журналістыкі. Усе зьмяняюцца. Верагодна, зьмянілася і Чайка – павяла свой "разгавор па сушчаству"...

Некалі мне давялося працаваць у "Нёмане", які ўзначаліла цяпер Чайка. Дзіўны быў час. Другая палова 1980-х. Анатоль Кудравец, прыйшоўшы на галоўнага рэдактара, першае, што зрабіў, паставіў кропкі над "ё" ў назьве часопіса. І ўсім стала ясна, што плянэркі будуць праходзіць па-беларуску. Што гэта быў за час і што за калектыў і што за часопіс – не скажу, каб ня зьбіцца на рыфмы, бо пра такое можна расказваць толькі вершам. Во дзе кавалі прафэсіяналаў.

Але "Нёман" даўно ня той. І Чайка зьмяніла на пасадзе Алеся Жука. А гэта яшчэ адна мая памяць і яшчэ адна паэзія. Бо да "Нёмана" ў мяне быў "ЛіМ", і рэдагаваў яго Алесь Жук, чалавек, якому ўся намэнклятурнасьць ягонай пасады і ўвесь камунізм навакольнага жыцьця былі неяк нават для арганізму чужыя. Гэта ў ягонай рэдакцыі працаваў мой настаўнік Анатоль Сідарэвіч, ля стала якога я часьцяком засьпяваў Міхася Стральцова – таго самага, які ўжо й не пісаў нічога, а калі ў яго пыталіся – чаму, адказваў – ня чую.

Божа, як усё перавяртаецца! Чайка замест Жука, Баравікова – тая, якую дагэтуль цытуюць на маскоўскіх літаратурных зборках – "Сьцягні зь мяне сукню, шпурні мяне ў траву!" – Баравікова замест Далідовіча – ціхага і звышкансэрватыўнага, амаль як Марыяк, празаіка! А Вячаслаў Дашкевіч – фантастычны паэт, які некалі пісаў – "Я прашу ў дактароў, замяніце мне кроў!" – гэта вам не графаман Мятліцкі. Дашкевіч страшна нязручны чалавек са сваімі ідэямі і канцэпцыямі. А хто зручны? Сыс? Ці Славамір Адамовіч? Ці можа Глёбус зручны?

Скажу вам па сакрэце тое, што зразумеў зь немалога досьведу. Сапраўдныя паэты – нязручныя людзі як правіла. Некалі я яшчэ думаў, што з гэтым рабіць, а пасьля зразумеў, што – цаніць, друкаваць, пашыраць. І не крыўдаваць. На паэта крыўдаваць нельга. Так распарадзілася неба. Сядзі й крыўдуй, а ён ужо там, далёка, яго чытаюць у гэты момант праз сто гадоў, а ты тут сядзіш і крыўдуеш. Згадзіцеся, марны занятак.

Хто ў нас яшчэ? Таіса Бондар... Некалі, яшчэ ў брэжнеўскія часы, Сяржук Сокалаў-Воюш прапанаваў зрабіць сталіцай падпольнага беларускага адраджэньня Рудзенск – маленькі гарадок на чыгунцы. Маўляў, усе рэвалюцыі пачыналіся з чыгуначнікаў. Мы нават зьезьдзілі туды – агледзець мясьціну. З усіх зьвестак пра Рудзенск у нас было толькі тое, што гэта – радзіма Таісы Бондар. Асоба спадарыні Таісы адразу набывала таямнічы, загаворніцкі зьмест.

Алесь Пісьмянкоў – з тых хлапцоў, што, кажучы словамі нашых мэтраў, ператварыліся ў харошых паэтаў. Ён заўсёды любіў Пысіна, свайго земляка, здаецца нават больш за ўсю пісьменьніцкую сям'ю. Усе ўспрымалі Алеся з сымпатыяй – і як паэта і як чалавека. Але не як рэдактара. Бо "ЛіМ" за ім апусьціўся ніжэй узроўню 1956 году. На жаль. Але паэт – зусім ня значыць рэдактар. Тут, верагодна, проста нейкая кабінэтная памылка.

Аднак я спыняюся, бо неўзабаве раскрыю вам усе таямніцы, а тады, ведаючы гісторыю сям'і, вам раптам не захочацца браць у рукі творы сямейнікаў. І гэта, паверце, будзе няслушна. Бо творы існуюць самі па сабе і шмат якія зь іх вартыя чытаньня і нават захапленьня.

Калі ў выпадку кінарэжысэра Копалы чацьвертай сэрыі ягонага фільма быць ня можа, дык у нашай гісторыі працяг цалкам магчымы. Страціў сэнс існаваньня Саюз пісьменьнікаў, але працягвае жыць і разьвівацца нацыя паэтаў. Яе нішто ня зьнішчыць. Трэба было б спыніць жыцьцё кожнага беларуса. Але гэта немагчыма. Нас усё яшчэ 10 мільёнаў і знайсьці нас можна і ў Беларусі, і ў суседніх краінах, і ў Амэрыцы ці Аўстраліі, і нават у Афрыцы. Ні адна іншая мафія ня здолее пералавіць нас усіх. І нішто не перапыніць нашу апантаную цягу да паэзіі. Мы пішам вершы. Мы ўсе пішам вершы – на паперы, у кампутары ці проста з галаве, бо мы нацыя паэтаў. І так будзе вечна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG