Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны-блізьняты Беларусь і Зымбабвэ


Сяргей Дубавец, Вільня

Шукаючы аналёгіі для сваёй краіны, мы звычайна спыняемся на адной ці дзьвюх сыходных прыкметах. Скажам, у Чэхіі людзей жыве столькі сама, колькі і ў Беларусі. Тытульная нацыя і там не аднойчы зьведвала на сваім гістарычным шляху чужацкі прыгнёт. Усё астатняе выглядае адрозна.

Блізкія нам традыцыйна і моўна палякі ды расейцы маюць зусім не такія тэрытарыяльная і насельныя аб'ёмы, яны монаканфэсійныя. Падобным чынам нацыянальна прыдушаныя ірляндцы таксама ядуць бульбу, але ў нас няма сеткі айрыш пабаў па ўсім сьвеце і сямёх ляўрэатаў літаратурнага Нобэля.

Словам, сваю краіну можна параўноўваць зь любой іншай, але прыкметаў падабенства ніколі ня будзе столькі, каб склаўся пэўны “кантрольны пакет” аналёгіяў і мы сказалі, што тая краіна – сапраўды такая самая як Беларусь.

Вось жа ў сёньняшняй перадачы я паспрабаваў аспрэчыць гэтыя словы і знайсьці такую краіну, якая была б максымальна падобная да нашай сваімі прыкметамі і лёсам свайго народу. Такія паралелі заўсёды карысныя, бо сярод аднолькавых яны для іх жа і павучальныя. Што толку параўноўваць нам свой шлях, скажам, з расейскім, калі там зусім іншая вага краіны, зусім іншыя ўнутраныя праблемы, іншая структура, дарма што падобная мова.

Найбліжэйшы аналяг Беларусі я знайшоў не ў Эўропе і нават ня ў Азіі, а ў Афрыцы, прычым у паўднёвай. Гэта Зымбабвэ. Такія самыя парамэтры, падобныя гістарычны шлях і сёньняшняя грамадзкая сытуацыя. Нават прэзыдэнты падобныя. Але пра ўсё па чарзе.

Тэрыторыя Зымбабвэ на траціну большая за беларускую. Насельніцтва – таксама 10 мільёнаў, прычым вялікая частка жыве ў вёсцы. Па аналёгіі з нашым Вялікім Княствам Літоўскім тут згадваюць пра Вялікі Зымбабвэ, што існаваў у тыя самыя часы. Пасьля было чужацкае панаваньне. Там таксама зусім маладая ўласная незалежнасьць, праблемы з эканомікай, дзьве дзяржаўныя мовы, дзьве асноўныя канфэсіі і антызаходняя рыторыка ўладаў, якія мараць пра свой адметны шлях.

Між тым, яшчэ зусім нядаўна Зымбабвэ выйшла з сыстэмы апартэіду, у якой была прыкладнай для свайго рэгіёну краінай. Падобна як беларуская мадэль “зборачнага цэху краіны” была ўзорнай для СССР. Пра гэта мне расказала гісторык Тацяна Поклад.

(Поклад: ) “Яшчэ пару гадоў таму ніхто не спрабаваў прадказаць цяперашнюю ўспышку гвалту і эканамічны развал у Зымбабвэ. Рэч у тым, што зымбабвійская мадэль была ўзорнай для ўсяе Афрыкі, сукупны даход увесь час узрастаў. Цяпер жа беспрацоўе там перавышае 50%, кампаніі зачыняюцца адна за адной, інвэстары адвярнуліся ад краіны. Больш за паўмільёна чалавек, як пішуць, галадае. Асабіста мне цяжка ўявіць голад і нястачу ў такой краіне, як Зымбабвэ. Памятаю, вяршкі там былі ня менш як 45-адсоткавыя, а малако – 10-адсоткавай тлустасьці; менш тлустае каштавала даражэй – як тавар для турыстаў”.

Два гады таму Тацяна Поклад 10 месяцаў жыла ў Зымбабвэ, працуючы ў структуры вырашэньня канфліктаў у сталіцы краіны Харарэ. Часу было дастаткова, каб удосталь назьдзіўляцца падабенству той краіны да нашай. Між іншым, акурат у Зымбабвэ лётаюць на зіму беларускія буслы. Яны і там застаюцца беларускімі, бо нараджаюцца толькі на нашай зямлі.

(Поклад: ) “Калі самалёт зьніжаўся над Харарэ, мой малы сын пацягнуўся да вакна і нават зьняў навушнікі – “каб лепей бачыць”. Так дзіўна: зямля яскравая, чырвона-рудая – не, нават не рудая, а чырвона-памаранцавая. Надзвычай урадлівая глеба. Клімат, пры якім расьце ўсё: пшаніца, кукуруза, кава, гарбата, апэльсіны, бавоўна і найлепшы ў сьвеце тытунь. Больш за ўсё мяне ўразілі нават не бананавыя пальмы і ананасавыя кусты, а звычайныя кактусы – як у нас у вазонах, толькі па 2–3 мэтры вышынёй – а побач зусім нашыя рамонкі й валошкі.

У першыя дні сын увесь час круціў галавой у надзеі пабачыць тыграў і сланоў, а калі хмарачосы за вокнамі машыны зьмянілі доўгія і высокія платы “спальных раёнаў” – безнадзейна ўздыхнуў: “Тут як у Лёндане, а я думаў – Афрыка”. Пасьля ён пабачыў і тыграў, і насарогаў, і кракадзілаў – не “заапаркавых”, а вольных. Яны здалёк пазіралі на дарогу, па якой ехала наша машына і было страшнавата.

Самымі цікавымі аказаліся хамэлеоны, якія жылі ў нашым садзе. Я магла бясконца назіраць за імі, пакуль сусед не распавёў мне, як гэта небясьпечна – калі марудлівы хамэлеон цапне за руку, адарваць яго немагчыма. Я паверыла і разьлюбіла хамэлеонаў”.

Чым не Караткевічава легенда пра тое, як Бог ствараў Беларусь – самая бязьбедная зямля зь яе палямі ды лясамі, самыя прыгожыя людзі, але – самае кепскае ў сьвеце начальства. Пра начальства – крыху пазьней, а цяпер я думаю – хто ж у нас на ролю хамэлеона? Можа шашок?..

Зымбабвійская музыка цікавая сьвету толькі ў сваім аўтэнтычным выглядзе. Без сцэнічнага рафінаду ды прыхарошваньня. Гэта вёска. Што беларуская, што афрыканская вёска галёкае аднолькава – на поўны голас і ад усёй душы.


(Поклад: ) “Зымбабвійскую традыцыйную музыку мбіру або марымбу можна пачуць часта – на хатніх і вясковых сьвятах, у цэрквах і на хаўтарах. Мбіру – г.зв. ручное піяніна – умее зрабіць амаль кожны зымбабвіец.

Натуральна, ёсьць тут і свая мова, і свая рэлігійная сыстэма з Богам-Перуном на чале, і традыцыі... Цяпер у Зымбабвэ пануе хрысьціянства, неяк сынтэтычна сплеценае з народным паганствам.

Увогуле зымбабвійцы – пераважна пратэстанты: рэфарматары і мэтадысты. Некалі місіянэры выправіліся з Эўропы ў Зымбабвэ, каб павярнуць тубыльцаў у каноны сваіх цэркваў. Але сталася так, што на паўднёва-афрыканскай зямлі прапаведнікі найперш зьмянілі формы свайго ўласнага хрысьціянства і тады стварылі мясцовыя царкоўныя суполкі, якія і сутнасна, і фармальна цесна злучаныя зь мясцовым паганствам. Так пачынала фармавацца нацыянальная царква.

Значная частака традыцыйных вераваньняў – гэта навука пра тое, як жыць на пэўнай канкрэтнай тэрыторыі. Проста нават дзеля ўласнае бясьпекі неабходна выконваць адвечныя правілы паводзінаў. Традыцыйныя вераваньні і ёсьць такі звод законаў, што вякамі фармаваўся ў пэўнай мясцовасьці. Цяпер тут кажуць пра экалягічнае значэньне мясцовага паганства. Традыцыйныя рэлігіі шмат увагі надаюць мерам засьцярогі ад эрозіі глебы – ясна, што ў “імпартовым” хрысьціянстве нічога такога няма”.

(Дубавец: ) “Падобна, што досьвед сынтэзу беларускага паганства з хрысьціянствам не настолькі вывучаны ды расьпісаны, як у Зымбабвэ. Цікава, напрыклад, якім чынам рэлігія можа “засьцерагаць глебу ад эрозіі”?”

(Поклад: ) “Гэта прадпісаньні – калі што і дзе сеяць, як рыхтаваць поле перад пасевам маісу – яго трэба спачатку падпаліць – тут злучаюцца практычна-гаспадарчыя рэчы і містычныя. Мясцовыя знахары – сангомы – цьвердзяць, што яны пра ўсё даведваюцца ад духаў продкаў. Але апрача кансультацыяў з духамі, яны на свой лад добра ведаюць мясцовую “экасыстэму”, асаблівасьці глебы, клімату. Для догляду за зямлёй мясцовая рэлігія раіць выкарыстоўваць ваду і агонь. Толькі ваду і агонь.

Агонь абагаўляецца, гэта вялікі сябра. Мая гаспадыня часта мне паўтарала: “Вы, эўрапейцы, такія слабыя, бо гатуеце ежу не на агні, рэдка сядзіце ля вогнішчаў”. З агнём сябруюць настолькі, што многія вясковыя людзі могуць насіць вуглі ў далонях. Аднойчы я была ў горнай вёсцы ў раёне Ніянга. Увечары сядзелі вакол вогнішча. Уваходзіць кабета, вітаецца – “Марарасэй” – і просіць вугельчыка. – “Калі ласка”. Кабета падзякавала, узяла вугельчык голай рукой і пайшла сабе.

Ці сапраўды “крамольна” выглядае спалучэньне хрысьціянства зь мясцовым паганствам?

Важным адрозьненьнем хрысьціянства ад паганства звычайна называюць тое, што паганства мае справу з духамі або душамі памерлых продкаў, тым часам як хрысьціянства апэлюе адразу да вышэйшых сілаў – Сьвятога Духа. Місіянэры зразумелі, што хрысьціянства можа ўвайсьці ў сьвядомасьць мясцовых людзей як дапамога ў іх дачыненьнях з духамі, дэманамі, душамі продкаў. Такім чынам, хрысьціянізацыя ня толькі далучала да шырэйшага сьвету, але – не адмаўляла, не перакрэсьлівала мясцовыя традыцыі – наадварот, дапамагала мясцоваму ладу, дапаўняла яго.

Місіянэры звычайна гэта разумеюць. Акупанты – не”.

(Дубавец: ) “Цяпер самы час перайсьці да непасрэдных параўнаньняў зымбабвійскай і беларускай рэлігійнай сытуацыі”.

(Поклад: ) “Паводле акупанцкай ідэалёгіі мясцовы дух у царкве ці касьцёле жорстка вынішчаўся. Навязвалася чужая мова ў набажэнствах, не для ўсіх і зразумелая. Калі хрысьціянства й выжыла ў нас, у Беларусі, дык магчыма толькі дзякуючы “старому шлюбу” зь мясцовым паганствам. І, відаць, ці не таму хрысьціянства дайшло да крызысу ў сваіх дачыненьнях зь беларускім грамадзтвам, што няма свайго нацыянальнага хрысьціянства – бо разбураўся і разбураецца сынтэз мясцовых – уласна нацыянальных вераў і хрысьціянства.

Паганскія традыцыі сьвядома захоўваюцца ў Зымбабвэ як важная частка саматоеснасьці. Пярун завецца па-мясцоваму Мвары. Яму ахвяруюць жывёлаў, пажадана чорнага колеру, казла ці быка. Чорны – гэта рытуальны колер дажджу ў Паўднёвай Афрыцы. Аднойчы Мвары прыйшоў на фэрму да багатага чалавека Кхары і папрасіў посьцілку. Чалавек ня даў і пачаў выганяць Мвары з дому, але ня здолеў ды падпаліў хату, балазе меў некалькі дамоў. Хата згарэла, а голас бога Мвары чуецца з высокага дрэва. Загадаў чалавек сынам сячы тое дрэва. Тады Мвары ўлез у самага вялікага быка, і зноў сваё – просіць посьцілку. Сквапны Кхары забіў і быка, але засмажыць яго было немагчыма – усё, што засталося ад быка, узьнялося ў неба. Адтуль пачуўся сьмех Перуна-Мвары: “Я атрымаў нашмат болей, чым прасіў!”

(Дубавец: ) “Перуну або Мвары прыносілі ў ахвяру казла ці быка. Мне гэта чамусьці нагадала чутае ў дзяцінстве пажаданьне: “Добрай вам ночы, спакойнага сна, жадаем вам бачыць казла ці асла”. Праўда, гэтую дзіцячую загадку я разгадаў. З чаго б гэта малым менскім дзецям, зь якіх і ў вёсцы ня кожны бываў, казаць пра тых казла і асла? Вобраз узыходзіць да апакрыфічнай літаратуры, да гісторыі пра тое, што калі маленькі Хрыстос спаў у ясьлях, яго сагравалі з аднаго боку вол, а з другога асёл. Вось адтуль гэтыя жывёлы і перабраліся ў наша бязвоблачнае савецкае дзяцінства. Праўда вол, як зусім ужо незразумелая гарадзкому дзіцяці істота, быў заменены на казла.

Народнае паганства так ці інакш уплеценае ў рэлігійныя абрады народаў нашага рэгіёну. Скажам, літоўцы – спрэс каталікі – называюць дзяцей Елкамі, Бурамі ды Сонцамі. А беларусы тут і ўвогуле – чыстыя зымбабвійцы, бо ўвесь хрысьціянскі каляндар у нас – паралельны паганскаму. Скажам, расейцы або палякі культывуюць, так бы мовіць, чыстае хрысьціянства. Магчыма, гэта рыса вялікіх або імпэрскіх нацыяў. Меншыя і неімпэрскія імкнуцца вырабляць сваё хрысьціянства.

Наступны пункт нашага беларускага зымбабвійства – гэта білінгвізм”.

(Поклад: ) “У Зымбабвэ дзьве дзяржаўныя мовы, вельмі адрозныя адна ад адной – свая шона і ангельская. Ангельская – бізнэс-мова, зымбабвійцы размаўляюць на ёй выключна правільна – так, што гэта нават бянтэжыць кантынэнтальных эўрапейцаў... Адукацыя тут – англамоўная, школы выдаюць Кембрыдзкую матуру, унівэрсытэты – толькі па-ангельску. “Вы не баіцёся, што зьнікне вашая мова?” – “Ніколі – пакуль ёсьць наша традыцыйная культура”, – адказвалі мне. Мой знаёмы, Масаока, аднойчы тлумачыў, што найлепшае месца для вывучэньня ангельскай – Зымбабвэ: “Бо тут вучыш толькі мову, а сваю культуру можаш захаваць – як мы”.

Шона – родную мову народу Зымбабвэ – абараняе Канстытуцыя. Існуе літаратура, пераклады Бібліі, мовазнаўчыя інстытуты. На ёй размаўляюць дома і на вуліцы. Многія вяскоўцы амаль ня ведаюць ангельскай – асабліва тыя, хто не вучыўся ў школе.

Цікава, што да стварэньня літаратуры на шона спрычыніліся каляніяльныя ўлады Паўднёвай Радэзіі. У часы апартэіду, калі Радэзія была ўжо незалежнай ад Вялікай Брытаніі, улады адмыслова сачылі, каб чорныя аўтары пісалі толькі на роднай мове. Бюро Радэзійскай Літаратуры апекавалася гэтым. Заахвочваліся тэмы пра мясцовыя традыцыі й іх канфлікт з урбанізацыяй. Такія кнігі друкаваліся на шона.

Чорныя аўтары, якія пісалі па-ангельску, ня мелі шанцаў быць надрукаванымі. Іх кнігі выходзілі за мяжой і былі забароненыя дома. Так было пры апартэідзе. Цяпер літаратура Зымбабвэ – гэта кнігі і на шона, і на ангельскай. Большую вагу маюць усё ж англамоўныя аўтары. Самыя значныя і ўганараваныя міжнароднымі прызамі творы – раманы і эсэ Івоны Веры – яна піша па-ангельску. Яна – вялікая патрыётка сваёй краіны, жыве у мястэчку Булаваё і працуе ў музэі Традыцыйнай Культуры. Яна перакананая, што найлепш служыць сваёй культуры, пішучы па-ангельску”.

(Дубавец: ) “Аказваецца, апартэід і савецкая сыстэма маюць шмат агульнага, прынамсі што да літаратурнага жыцьця. Праўда, тут ёсьць верагоднае адрозьненьне. Усё ж ангельская ў дачыненьні да мовы шона ня мае такога пранікальнага эфэкту і душыць суперніцу толькі звонку – выгнятаючы яе з сыстэмы адукацыі ды іншых сфэраў жыцьця. Расейская ж ня толькі падобным чынам выгнятае беларускую, але й прасочваецца ў яе, дэфармуючы самую яе сутнасьць і разбураючы ўнутраную гармонію. Гэта значыць, што ад беларускай вымагаецца большы супраціў, большая ўпартасьць, а ў выніку і большая жывучасьць.

Сказаўшы пра паралелі ў рэлігійнай і моўнай сытуацыях, зьвернемся да падабенства гісторыі, да нашага прыгожага міту пра Вялікае Княства Літоўскага і іхнага – пра Вялікі Зымбабвэ”.

(Поклад: ) “Вялікі Зымбабвэ – старажытная дзяржава, што займала вялікую тэрыторыю ў Паўднёвай Афрыцы, лічылася ў сярэднявеччы адным зь сямі цудаў сьвету. Імя Зымбабвэ паходзіць ад Дзімбадзымабвэ – гэта значыць “каменныя дамы”. Каменныя пабудовы Вялікага Зымбабвэ зьявіліся недзе паміж ХІІІ-м і XV-м стагодзьдзямі. Акурат калі сталіца Вялікага Княства Літоўскага перабіралася з Наваградку ў Вільню зь яе “каменнымі дамамі”.

Каляніяльныя ўлады Радэзіі заахвочвалі досьледы, якія даводзілі загадкавае паходжаньне пабудовы – існуюць вэрсіі пра караля Саламона, пра фінікійцаў. Цяпер, аднак, большасьць навукоўцаў пішуць, што стваральнікам быў мясцовы народ – шона. Пра самую дзяржаву разважаюць паводле археалягічных знаходак і вусных паданьняў, бо пісьмовых крыніцаў, здаецца, ня знойдзена. Ёсьць сьведчаньні актыўных эканамічных і культурных кантактаў з Індыяй, Кітаем, арабскімі краінамі ў ХІІ–ХІІІ стагодзьдзях.

Словам, у сваёй далёкай гісторыі народ Зымбабвэ знаходзіць чым ганарыцца і пра што спрачацца – ня кажучы ўжо пра гісторыю найноўшую. Крыніцы падтрымкі нацыянальнага духу – дзьве гераічныя вайны за незалежнасьць: першая – напрыканцы ХІХ ст., яна ўспыхнула амаль адразу пасьля ўздыму брытанскага сьцягу над Салізбэры (так раней звалася Харарэ), і другая – нядаўна, у сярэдзіне ХХ ст., якая цягнулася 13 гадоў і скончылася першымі дэмакратычнымі выбарамі. Тады перамагла партыя ЗАНУ (Зымбабвійскі Афрыканскі Нацыянальны Саюз) і яе лідэр Робэрт Мугабэ стаў першым чорным прэм’ерам краіны. Празь сем гадоў яго выбралі прэзыдэнтам”.

(Дубавец: ) “А вось ужо і паралелі ў сучаснай палітыцы Беларусі й Зымбабвэ. Прынамсі палітычная рыторыка кіраўніцтва супадае амаль цалкам. Дастаткова зазірнуць у інфармацыйныя стужкі: “Прэзыдэнт Мугабэ гатовы вырашыць усе праблемы Зымбабвэ... Расьце ціск на прэзыдэнта Мугабэ... Мугабэ дабівае калянізатараў... Урад Мугабэ фактычна бязьдзейнічае... Прэзыдэнт Мугабэ пайшоў на адкрыты канфлікт”. І гэтак далей. Сёньняшняя вайна зымбабвійскага кіраўніка з журналістамі прымушае згадаць першыя гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі”.

(Т.Поклад: ) “У Зымбабвэ шмат гавораць пра свой уласны шлях. Напачатку незалежнасьці тут быў сацыялістычны пэрыяд, пасьля – жорсткі капіталізм. Галоўная праблема – зямля, большасьць якой па-ранейшаму належыць брытанскім каляністам. Урад Мугабэ ня здолеў вырашыць праблему безьзямельных зымбабвійцаў – нахлынула новая хваля гвалту, да якой спрычыніліся і палітычныя спэкуляцыі партыі ўлады.

Апазыцыянэры, якія арыентуюцца на заходнюю дэмакратыю, губляюць папулярнасьць – яны ня маюць яснага і дзейснага пляну зямельных рэформаў. За 20 гадоў незалежнасьці Зымбабвэ расчаравалася ў многіх заходніх рэцэптах – гэта крызыс амэрыканскіх праектаў захаваньня нацыянальных паркаў, эўрапейская дэмакратыя канфліктуе зь мясцовымі традыцыямі вясковай супольнасьці, нарэшце – не прыносіць жаданага прыбытку эканамічнае партнэрства з Эўрапейскім Зьвязам.

Прэзыдэнт Мугабэ даводзіць – тое, што карысна і добра для Амэрыкі і Эўропы, шкодна для Афрыкі. Яны толькі хочуць нажыцца на афрыканскіх дабротах. Цяпер Зымбабвэ шукае сяброў сярод суседніх краінаў Паўднёвай і Ўсходняй Афрыкі і знаходзіць пэўную падтрымку, а да таго ж прыглядаецца да іншых дзяржаваў, што “супраць Амэрыкаў ды Эўропаў”.

(Дубавец: ) “Вернемся да вобразаў нашых краінаў. Вось каб зазірнуць туды, куды рушаць яны па сваіх шляхах, хоць бы ў недалёкую будучыню – што там чакае паўднёваафрыканскую Беларусь і сярэднеэўрапейскае Зымбабвэ?”

(Поклад: ) “Сучасныя зымбабвійскія традыцыі ў штодзённым жыцьці моцна злучаныя з брытанскімі. Мясцовыя вераваньні таксама праходзяць выпрабаваньні на здольнасьць спалучацца зь іншасьцю. Як доўга пратрывае, напрыклад, традыцыйны шлюб – такі, што не рэгіструецца фармальна, але прымаецца юрыдычнай сыстэмай як цалкам законны? Ці заўсёды маткі будуць насіць дзяцей падвязанымі да сьпіны? – гэтак робяць сёньня ўсе кабеты ў Зымбабвэ, нават самыя “сучасныя фэміністкі” – ды, зрэшты і мясцовыя белыя таксама ня возяць сваіх немаўлятаў у вазках, а носяць падвязанымі – праўда, не да сьпіны, а сьпераду альбо збоку... І гэтак далей – знахарства, сельская гаспадарка, хатні лад, кухня, дойлідзтва, дачыненьні між людзьмі...”

(Дубавец: ) “Гісторык Тацяна Поклад распавяла пра свой досьвед жыцьця ў дзіўнай афрыканскай краіне Зымбабвэ, якая так падобная да нашай Беларусі.

Беларусь і Зымбабвэ – краіны-блізьняты, пакладзеныя на глёбусе нібы адлюстраваньне адна аднае. Ведаючы пра такое падабенства, міжволі зьвяртаеш увагу на паведамленьні адтуль, уяўляючы, што такое самае можа здарацца ці адбывацца тут.

За мінулыя дзесяць гадоў Беларусь нібы вылузалася з прадвызначанага для краінаў яе рэгіёну шляху і яшчэ сама не разумее, ці яна стаіць, ці ідзе, ці торыць нейкую сваю адмысловую пуцявіну. У люстэркавым адбітку тое самае адбываецца ў Зымбабвэ. Гэткім чынам у нас зьяўляецца яшчэ адзін інструмэнт пазнаньня, які дапаможа хутчэй даведацца, ці слушную мы абралі дарогу ці гэта ўсяго толькі гістарычная памылка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG