Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Інфармацыйны” чалавек прыходзіць на зьмену чалавеку савецкаму.


Сяргей Дубавец, Прага

Мінулы год у "Вострай Браме" мы часта гаварылі пра сьмерць, пра пахаваньні і магілы. Так склалася аб'ектыўна. Імкнучыся вычуваць кантэкст часу і роднае культуры ў ім, ня можаш не разважаць пра найважнейшыя здарэньні ў нас і ў сьвеце. Гэтыя здарэньні на працягу 2001 году і дыктавалі нам тэмы. У Менску памерла найстарэйшая гарадзкая вуліца - Замкавая. Памёр пісьменьнік, аўтар "Чужой Бацькаўшчыны" Вячаслаў Адамчык... Памёр кумір гіпі Кен Кізі... Памёр музыка экс-Bealtes Джордж Гарысан... Пасажыры скрадзеных тэрарыстамі амэрыканскіх боінгаў шукалі апошняе чароўнае слова, якое б іх уратавала... Мастак і этнограф Дзяніс Раманюк знайшоў у Беларусі ўнікальныя дзіцячыя пахаваньні, што рабіліся ў нас у ХХ ст., а па ўсім сьвеце - на мяжы каменнага і бронзавага вякоў. У Вільні адшукалася дакладнае месца пахаваньня Кастуся Каліноўскага... Хіба не аб'ектыўны зьбег абставінаў зноў і зноў павяртаў да тэмы сьмерці? Урэшце і сам гэты новы год некаторыя з нас будуць адзначаць на могілках - у Курапатах. Думаю, мала хто зь сьведамых беларусаў не згадае пра іх у сьвяточную ноч. Натуральна, можна было казаць і пра нешта іншае, але ці была б тая размова важнай? Вось жа гэтая аб'ектыўнасьць і цікавіць мяне найперш. Злом эпохаў, а для нас яшчэ й злом сацыяльных, эканамічных, сьветапоглядных фармацыяў, паміраньне чалавека ХХ ст. зь ягонымі стэрэатыпамі - усё гэта вялікія адзнакі сёньняшняй зьмены гадоў. І ў гэтым найпершая прычына таго, чаму так шмат гаварылася пра сьмерць у "Вострай Браме" 2001-га году. Аднак самая тэма перадачы - культурны кантэкст, сфэра духу - заўсёды вызначала кірунак думкі не да сьмерці або нэкрафіліі, а да нараджэньня, бо ўсякі канец ёсьць пачаткам іншага. Вось чаму я магу зрабіць выснову, што ў прамінулым годзе, раскрываючы загадкі магіл і заўчасных сьмерцяў, мы як ніколі шмат гаварылі менавіта пра нараджэньне, пра будучыню, зашыфраваную ў былым.

Мне згадваюцца савецкія навагоднія паштоўкі з тагачаснай сьвяточнай сымболікай. Год мінулы ў выглядзе старога Дзеда мароза і год наступны - у выглядзе малога, што апрануты ў дзедмарозаўскі жупан. Стары прыводзіў да нас малога, нібы перадаваў эстафэту, або, па-багушэвіцку, штахвэт. І тады часьцяком у дзіцячай душы нараджалася пытаньне: стары дзед прывез з сваёй Ляпляндыі хлопчыка, які, у сваю чаргу, праз год стане такім самым дзедам (пра што будзе сьведчыць тая самая лічба на ягоным жупане) і прывядзе нам новага хлопчыка з наступнай лічбай, і так будзе паўтарацца бясконца. Тое, што хлопчык - гэта новы год - зразумела. Але куды кожнага разу дзяюцца старыя? Паміраюць? Ці можа растаюць? Адказу не было.

Між тым, у гэтай казцы, як і ў нашай леташняй празьмернай увазе да тэмаў сьмерці, можна разгледзець зусім хрысьціянскія алегорыі. Стары Дзед мароз насамрэч уваскрос у новым. Сьмерцю сьмерць патаптаў. Борхес мог бы параўнаць іх з чарговымі нумарамі аднаго часопіса, бо казаў, што жыцьцё - ня вечнае і не канечнае, а пэрыядычнае.

2001 год у нашай перадачы мы ад пачатку назвалі годам Янкі Лучыны, бо акурат мінулым летам споўнілася 150 гадоў зь ягонага нараджэньня. Некалькі перадачаў былі прысьвечаныя разгадцы таямніцаў жыцьця і творчасьці паэта.

Па сканчэньні вышэйшае навукі ў Пецярбургу Лучына спрабаваў уладкавацца на працу ў родным Менску, але яго скіравалі ў далёкі Тыфліс. Рэч у тым, што ягоны бацька быў пад наглядам паліцыі. Неўзабаве Лучына вяртаецца ў Менск на пабыўку і тут на ганку гарадзкога тэатру яго раптам разьбівае паралюш. Натуральна, у Тыфліс ён ужо не вярнуўся. Рэшту жыцьця пражыў у Менску на мыліцах, але пры тым надта любіў выяжджаць на паляваньні. Усе гэтыя абставіны далі нам магчымасьць дапусьціць, што Лучына сымуляваў хваробу.

Яшчэ адно важнае адкрыцьцё чакала нас у паэзіі Лучыны. Гаворка ідзе пра плач. Той самы плач па страчаным, забраным краі, нішчымным, бедным і цёмным, які насамрэч быў плачам паэта-шляхціца па адабранай маёмасьці. Наступнікі Лучыны працягнулі гэтае рыданьне, хаваючы яго ў бядотныя сцэны беларускага жыцьця, у шэрыя ды ўбогія краявіды, хоць насамрэч гэта была рэакцыя на ўласнае сацыяльнае паніжэньне. Між іншым, гэты плач прайшоў праз усё ХХ ст. Ён ужо страціў свой першаматыў і камуфляваўся пад самыя розныя, ужо сацрэалістычныя вобразы. Да нашага часу ён дакалываў у выглядзе плачу па роднай мове і незалежнасьці. І вось акурат у 2001 годзе адбылася ня надта заўважная, але надта істотная перамена інтанацыі. Загаварылі пра тое, што мова нікуды ня дзенецца і незалежнасьць далёка ня страчаная. І што ня плакаць над імі трэба, а мацаваць іхныя пазыцыі. Можа найбольш выразна з прадстаўнічае публікі сказаў пра гэта нядаўна старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Нарэшце трэці важны момант. Лучына - найбольш значны дзяяч беларускай культуры - мянчук. У 19 ст. ён стаў сапраўдным і ўнікальным культурным героем цяперашняе сталіцы. З гэтае нагоды Зьміцер Бартосік наведаўся на Кальварыю - зноў жа на могілкі - каб над Лучынавай магілай скласьці для нашае перадачы сваё адмысловае апавяданьне.

(З.Бартосік: ) "Ідучы днямі паўз Кальварыю з нацыянальнай беларускай хваробай мэлянхоліяй у душы, і з дамаю пад ручку, я ня мог здрадзіць сваёй звычцы - зайсьці. Што праўда, ідэя завітаць на могілкі ня выклікала ў маёй спадарожніцы ніякага энтузіязму. У сваю чаргу, мяне зусім не зьдзівіла, што юная лэдзі, народжаная ў сталіцы, ніколі не была на самым старым сталічным нэкропалі. "А што там можна рабіць?" Тым больш цяпер. Але імклівы наступ шарае гадзіны, абрыс касьцёла за векавымі дрэвамі ды павольны калядны сьнегапад пераконвалі мяне, што зайсьці туды трэба менавіта зараз. Паненцы я сказаў, што яна ўбачыць нешта незвычайнае. І сапраўды, праз пару крокаў убачылі. У прысадах, што вядуць да брамы, стаяў прыстойна апрануты, цьвярозы з выгляду мужчына ў дублёнцы, з "дыпляматам". І засяроджана спраўляў сваю малую патрэбу. Мая спадарожніца цярпліва пайшла за мною на Галгофу.

Усякі раз, калі заходжу за могілкавую браму, перастаю адчуваць свой узрост. Вось толькі арытметыка адыманьня гадоў нараджэньня ад гадоў сьмерці ўжо ня так абнадзейвае, як у дзяцінстве. Ня кажучы ўжо пра прозьвішчы на надмагільлях - старых, шляхецкіх помніках з дарагога граніту й мармуру, на якія даўно ўжо не ўскладаюцца кветкі. Ваньковічы, Луцкевічы, Міцкевічы, Манюшкі, Чачоты... Я магу доўга блукаць па кальварыйскіх прысадах, чытаючы гэтыя прозьвішчы. З адчуваньнем прысутнасьці на руінах рымскага Форуму. На аскепках прыгожай і велічнай краіны, якая, на жаль, не пакінула нам нашчадкаў. Але падаравала кволую надзею. Зь цяжкасьцю разьбіраючы ў прыцемках лацінскія літары эпітафіяў, я падумаў, а ці не занадта ідэалізуем мы той час, калі ў нас была арыстакратыя? І ці не занадта недаацэньваем часы ўласнага жыцьця перад тымі, якія настануць за нашымі магіламі?.. Як бы там ні было, сузіраньне гэтых датаў пазамінулага стагодзьдзя - добрыя лекі ад любой дэпрэсіі.

"Ну што, натхніўся, пісьменьнік? Можа, пойдзем?" - нэрвавалася мая лэдзі... Свае блуканьні па Кальварыі я звычайна сканчаю ля помніка беларускага паэта. Бо лічу ягоную магілу галоўнаю для сябе. Бяз гэтай магілы Кальварыя ня мела б таго сэнсу. Сьціплая пліта зь беларускімі літарамі ля касьцёла грае большую ролю ў менскай сталічнасьці за ўвесь мільён сёньняшніх жыхароў. Бо, магчыма, менскі шляхціц Ян Неслухоўскі стаў першым, хто жыве тут "не як усе".

Дайшоўшы да сваёй мэты, я аслупянеў ад сымбалічнасьці карціны. Магіла Лучыны зьнікла. Сьнег пакрыў і грудок, і пліту. Ані знаку. "Тут пад сьнегам магіла", - патлумачыў я дзяўчыне. "Твайго сябра?" – пасьміхнулася яна. "Калегі, - адказваў я, прабіраючыся па калена ў сьнезе да схаванай пліты. - Ён быў чыгуначным чыноўнікам з амбіцыямі літаратара. Друкаваў свае польскія вершы ў Варшаве. Але ня мог не пісаць на мове ўласнага народу. Ці думаў ён пра літаратурную кар'еру, пішучы беларускія вершы? Наўрад ці. - Я сунуў руку пад сьнег і намацаў граніт Лучынавай пліты. - Але застаўся, як беларускі паэт Янка Лучына". "І даўно ён памёр?" - удала цікавасьць спадарожніца? "Ды не, - няўпэўнена адказаў я, - напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя". І тут яе прарвала. "Ды вы ж усе нейкія нэкрафілы. Носіцеся з вашай мёртвай моваю. Газэткі выдаяце, якіх ніхто не чытае. Вершыкі пішаце, якія толькі на могілках і дэклямаваць. Ды паглядзі на сябе. Сам стаіш, як манумэнт. Зрэшты, хоць жыві тут. А я пайшла".

І пайшла. І дзякуй Богу, што пайшла. Ну не тлумачыць жа было гэтай дурніцы, што цяга да магілаў блізкіх табе людзей ня ёсьць нэкрафіліяй. Хутчэй наадварот - жывою патрэбаю жывых людзей. Патрэбаю душы, а ня цела. Хоць, насамрэч мне было крыху крыўдна. Усё ж могілкі не плянаваліся канцавым пунктам майго маршруту з гэтаю паняй. Яе фігурку хутка схавалі кальварыйскія клёны. Якія не захінаюць агнёў блізкага мікрараёну. Яна пайшла туды, дзе ідзе працэс. Дзе запашваюцца баксы й "зайцы", купляюцца дублёнкі й відзікі, п'юцца "Крыжачкі" і "Смірновы", слухаюцца Пугачовы й абмяркоўваюцца Пуціны з Прымаковымі, чытаюцца "толстушкі" й глядзяцца "Панарамы", упрыгожваюцца елкі й пішуцца навагоднія паштоўкі. З пажаданьнямі "новага шчасьця". Там, за крыжамі ідзе нармальны фізіялягічны працэс. І ці шмат бяды ў тым, што там, дзе "усе як усе", не чытаюцца беларускія вершы? Бяды няма ніякай, калі ня блытаць фізіялёгію з духам. Сыходзячы, я азірнуўся на Лучынаву магілу. Цяпер яна была пазначаная маімі сьлядамі".

(С.Дубавец: ) Апавяданьнем Зьмітра Бартосіка мы праводзілі ў гісторыю год Янкі Лучыны.

Які ж будзе наступны 2002-гі? Чыім імем мы назавем яго? Калі кіравацца лёгікай клясычнага юбілею, дата мусіць быць кратная 25-ці гадам. Юбілеяў дастаткова і я ня буду згадваць пра ўсе. 25 гадоў таму паляцеў у космас Кавалёнак, а 50 гадоў таму нарадзіўся Юры Захаранка. 75 гадоў назад пачаў выходзіць самы беларускі і самы літаратурны за савецкім часам часопіс "Узвышша", у Заходняй Беларусі адбыўся Косаўскі расстрэл, а на сьвет зьявіліся Алесь Адамовіч і Вітаўт Кіпель. Цэлая кагорта імёнаў пазначаная стогадовым юбілеем. Назаву аднаго - паэта Міхася Машару, шчыльна зьвязанага зь беларускай Вільняй. 125 гадоў споўніцца адраджэнцу кампазытару Антону Грыневічу, столькі ж - прэзыдэнту БНР Васілю Захарку. 150 гадоў таму ў Менску паставілі першую беларускую опэру "Сялянка". Будынак таго тэатру зьнесены ўжо за нашай памяцьцю. 175 гадоў таму прыйшлі на сьвет паўстанцы Аляксандар Далеўскі і Якуб Гейштар. І вось цяпер - імя, якое, бадай, найбольш важкае і сваім значэньнем і датай, каб стаць імем году. У ліпені споўніцца 200 гадоў як нарадзіўся Ігнат Дамейка, філамат і паўстанец, вучоны з сусьветным імем. Чалавек унікальны, а лёс яго дастаткова тыповы для тагачасных беларускіх патрыётаў. Удзельнікі вызвольнага руху супраць расейскае акупацыі ўцякалі ад рэпрэсіяў па ўсім сьвеце і рабіліся першапраходцамі ў розных краёх, аддаючы свой розум іншым народам. Беларус Дамейка вывучаў члійскую зямлю і меў у гэтай справе вялікія посьпехі. Ягоным імем названыя мінэралы, кветкі, горны хрыбет у Андах, мястэчка ў Чылі, вуліцы ў Сант'яга ды іншых тамтэйшых гарадах. А Чылійскі ўрад назваў гэтага ў сябе на радзіме "государственного преступника" нацыянальным героем сваёй краіны.

За навагоднім сталом у коле сваякоў ды знаёмцаў сёлета можна прыдумаць для ўсіх такую ці то забаву, ці то экспэрымэнт. Пачытайце прысутным які-небудзь беларускі вершык Янкі Лучыны. Вы пабачыце што асабліва старэйшыя векам госьці адрэагуюць на яго зь цеплынёю. Гэта наша, беларускае, такое як песьні, што мы часам зацягваем у застольлі. Палітычныя ды нацыяналістычныя спрэчкі тут недарэчы. Зьнешне недасканалы вершык прамаўляе проста да сэрца. Калі ж вы возьмеце штосьці з сучаснага выкшталцонага прыгожага пісьменства - бясспрэчна і больш літаратурнага, прафэсійнага, і больш дасканалага ў словах, вобразах і рыфмах - эфэкт будзе ня той. Менавіта тут зьявіцца момант таго балеснага адчужэньня ад роднае мовы і, натуральна, распаляцца спрэчкі пра палітыку. Асабіста мне даводзілася гуляць у такія гульні і кожнага разу пераконваўся, што беларускасьць беларусаў у ХХ-м стагодзьдзі праляцела міма іх на тым транзытным цягніку, на які яны ня тое што спазьніліся, але й не маглі ўскочыць. Затое стагодзьдзе ХІХ-е, да якога храналягічна можна залічыць і нашаніўцаў, як натуральны працяг Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Лучыны, сталася набыткам беларускае душы. У такога парадоксу шмат прычынаў, але вылучаецца сярод іх адна. Я скажу пра яе, але найперш дам слова паэту Алесю Аркушу - пра сёньняшняе паміраньне чалавека былога і нараджэньне новага. Гэта сапраўды розныя людзі.

(А.Аркуш: ) "Першы год новага, 21-га стагодзьдзя прайшоў пад знакам трызны. І ня толькі для Беларусі. Згадайма атаку на Амэрыку і вайну ў Аўганістане - падзеі, што выйшлі за межы сваіх рэгіёнаў. З гісторыі 20-га стагодзьдзя, вядома, можна прыгадаць і больш жахлівыя дзеі. Але справа тут ня ў колькасьці ахвяраў, - справа ў знакавасьці, кантэксьце, ва ўспрыманьні. Інфармацыйная цывілізацыя, у якой мы зараз жывем, зь яе кампутарамі, сродкамі сувязі і апэратыўнымі навінамі, ператварыла сьвет у адно цэлае. Жыхар якогасьць беларускага мястэчка з дапамогай расейскіх тэлеканаў глядзеў на абрынаненьне мангэтэнскіх хмарачосаў адначасова зь нью-ёрцамі. Ясна, што гэткая інфармацыйная рэвалюцыя не магла не паўплываць на сьветагляд сучаснага чалавека. Той, учорашні чалавек, чалавек-жыхар пэўнай краіны, пэўнага места, пэўнай вуліцы, дому і кватэры - памірае. Нараджаецца новы, іншы. Спробы затрымаць гэты працэс выглядаюць трагічна або камічна. Гэта за саветамі можна было глушыць радыё "Свабода". У век інфармацыйнай цывілізацыі падобныя дзеяньні выглядаюць гэтаксама, як увядзеньне візавага рэжыму для птушак.

У Беларусі напачатку новага стагодзьдзя знак Сьмерці асабліва "бязьлітасны". Памірае ня проста чалавек мінулага веку – памірае стары, амаль патрыярхальны сьветагляд, паміраюць учорашнія ідэалягічныя падваліны грамадзтва, памірае постсавецкая эстэтыка, адыходзяць у іншы сьвет старыя культурніцкія і палітычныя эліты. Суцэльная трызна.

У гэтай сытуацыі, каб уратавацца народу, трэба рупіцца найперш пра ўласную культуру і пра нашчадкаў, якім можна будзе перадаць тую культуру – не ў куфэрку дзеля захаваньня, а на далейшае разьвіцьцё і пашырэньне. Бо глябалізацыя можа быць гэтак жа шкоднай, як і карыснай. Ніхто ня будзе чакаць Беларусь у 21-м стагодзьдзі. Ніхто не паспачувае.

А гэтымі днямі адбываецца яшчэ адна сьмерць – сьмерць 2001 году. З такой прычыны не прынята казаць спачуваньні і "разводзіць" жалобу. Наадварот, людзі весяляцца і зычуць адзін аднаму розныя прыемнасьці. Што раблю і я. З Калядамі і Новым годам!"

(С.Дубавец: ) Пасьля гэткага зьнешне нярадаснага віншаваньня на душы, тым ня менш, застаецца сьветлы адбітак. І з гэткім настроем я распавяду пра тую прычыну, чаму беларус адгукаецца на культурныя зьявы ХІХ ст. і цураецца літаратурных набыткаў мінулага, ХХ-га. Паэт Іосіф Бродзкі ў адным з сваіх эсэ, якое прысьвяціў нябожчыкам бацькам, дзякуе богу, што бацькі ягоныя нарадзіліся ў свабодзе, г.зн. да савецкага часу, а таксама што ім, бацькам, не ўдалося выхаваць яго, Бродзкага, несвабодным чалавекам. Па вялікім рахунку, гаворка тут ідзе пра ўсіх, хто меў дачыненьне да Краіны саветаў. Гэта праблема свабоды і несвабоды. Калі ў 1906 годзе вулічныя хлопцы-газэтчыкі вынесьлі на віленскую вуліцу першы нумар самай першай беларускай газэты, людзі абдымаліся і плакалі, упершыню чытаючы друкаваны тэкст на той самай мове, на якой яны гавораць і думаюць. Выходзіць, гэта былі яшчэ свабодныя людзі. І паміж імі і беларушчынай не было і не магло быць ніякага адчужэньня. Але пройдзе якіх дзесяць гадоў і ўсё пераменіцца. Літаратурна дасканалая і прафэсійная беларушчына прыйдзе да іх ужо разам з паклёпамі, арыштамі, расстрэламі. Яна будзе праслаўляць новы прыгнёт, хлусьліва называючы яго свабодай. Усё перамяшаецца ў галовах. І новая творчасьць ня знойдзе месца ў душах, дзе застанецца як на сёньня дык ужо генэтычная вернасьць спрадвечнаму, беларускаму, спазнанаму некалі ў свабодзе.

З новым годам!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG