Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская тэма.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Беларуска-ўкраінскія дачыненьні - іх культурны кантэкст - тэма сёньняшняе Вострае Брамы. Прэзыдэнцкія выбары ў суседняй краіне - толькі вонкавая нагода для таго, каб зрабіць своеасаблівы тэст міжчалавечых повязяў, таго, што ў будзённым парадку ў нас ня робіцца. Украіна - вялікая паўднёвая суседка Беларусі і вялікая загадка, куды рэдка сягае думка беларускага культурніка. Нібы ўсё задумана дзеля адчужэньня. Падобна як зь Літвой і Латвіяй - на поўначы. Быццам эўрапейскія культурныя плыні праходзяць паўз нас толькі гарызантальна - то на захад, у Польшчу і з Польшчы, то на ўсход - у Расею і з Расеі. Зразумела, што тон у гэтай справе задаем ня мы, беларусы, а палякі і расейцы. Наша вэртыкальная супольнасьць тым часам быццам і не існуе. І нельга сказаць што гэта МЫ так зрабілі. Можна лішні раз засмуціцца ад паралюшу беларускае волі.

Такім чынам Украіна. Самае моцнае ад яе ўражаньне апошніх гадоў - гэта тое, што яна апярэдзіла нас у сваім набліжэньні да агульных цывілізацыйных стандартаў і да Эўропы. Гэта ўражаньне насуперак колішняму неўсьвядомленаму стэрэатыпу пра большую за нас адсталасьць Украіны. Хоць памылковасьць гэтага выкрываецца пры першым знаёмстве з гісторыяй. Там і нацыянальная ідэя аформілася раней, і досьвед змаганьня за незалежнасьць - аж да апошніх савецкіх часоў - нашмат большы. І досьвед цярпеньня, рэпрэсіяў - таксама. Аднак пры ўсёй разнастайнасьці Ўкраіны, пры ўсіх яе праблемах складваецца ўражаньне, што поступ даецца ёй складана, але ўсё ж лягчэй чым беларусам.

Сталы аўтар Вострае Брамы Зьміцер Бартосік памятае Ўкраіну ідэальную - з часоў свайго гомельскага дзяцінства.

(Зьміцер Бартосік: ) "Для гомельскiх дзяцей сямiдзясятых гадоў першай загранiцай, дзе ўсё ня так, а цiкавей i лепей, была менавiта Ўкраiна. За якiя сто кiлямэтраў ад сумнага Гомеля знаходзiўся Чарнiгаў, куды нас вазiлi на экскурсii, i дзе мы рукамi краналiся муроў дванаццатага стагодзьдзя. Яшчэ Ўкраiна асацыявалася з Крымам, морам i садавінай. З Украiны нашыя бацькi прывозiлi кiлбасы й кiеўскiя тарты. Чамусьцi й блiжэйшаю сталiцаю, i па адлегласьцi, i па разуменьню сталiчнасьцi быў менавiта Кiеў. Тым больш, туды двойчы на дзень адпраўлялiся крылатыя цеплаходы. Масква была далёка ў тэлевiзары. Мы ведалi, што афiцыйна наша сталiца Менск, але для спакушэньня цiкавасьцi аднае афiцыйнасьцi замала. Таму факт, што адзiны гомельскi помнiк несавецкаму дзеячу быў помнiк Багдану Хмяльнiцкаму - успрымаўся намi цалкам натуральна. Крыху пазьней, калi наш сусьвет выйшаў за савецкiя межы, мы даведалiся пра ўкраiнскiх нацыяналiстаў. I ўкраiнская мова, злоўленая на БiБiСi, была для нас антысавецкаю моваю. Зноў жа, у адрозьненьне ад мовы беларускага тэлебачаньня. Нават украiнскiя дзяўчыны лiчылiся ў нас эталёнам жаноцкай прыгажосьцi. I вобраз тупога, сквапнага хахла, якi любiць гарылку й сала, i ягонай сварлiвай жонкi у нас не прыжываўся. Прыжывалiся ўкраiнскiя анэкдоты.

Словам, мы зь сябрамі й думкі не маглі дапусьцiць пра тое, што ва Ўкраiне можа хоць штосьцi быць горшым за нашае. Праўда пра ролю Хмяльнiцкага ў гомельскай гiсторыi, пра гомельскую дырэкторыю, пра Хатынь прыйдзе крыху пазьней. А тады мы шчыра радавалiся вынiкам iхнага незалежнiцкага рэфэрэндуму, вiталi iхны выхад з рублёвай зоны і, магчыма падсьвядома, зайздросьцiлi iм.

А пасьля ў Гомелi зьявіўся праспэкт Краўчука. Так гомельцы абазвалi гандлёвыя рады ад вакзала да рынку, дзе нашыя паўднёвыя суседзi гандлявалi з ранку да вечара, з радасьцю прымаючы нашыя несапраўдныя грошы. З краiны дастатку Ўкраiна ў вачах гомельскiх пралетараў ператваралася ў краiну жабрачку. Праспэкт Краўчука парушыў, здавалася, лягiчнае правiла: "Рост дабрабыту й цывiлiзаванасьцi залежыць ад росту нацыянальнай сьвядомасьцi".

У выпадку з Украiнай беларусы, як чырвоныя, так i белыя, атрымалi нiбы апраўданьне сваёй нацыянальнай недасьпеласьцi. Маўляў, што ўзяць з гэтых дзiкуноў! Аднак нездарма бел-чырвона-белы сьцяг лунаў ва ўкраiнскiм сэктары падчас футбольнага матчу ў Лужнiках. I, мне здаецца, вялiкая гульня толькi распачынаецца. Нам яшчэ ня раз прыйдзецца азiрацца на краiну, дзе мы так любiлi адпачываць".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік выказвае спадзеў, што Ўкраіна яшчэ паслужыць для Беларусі добрым прыкладам для перайманьня. Магчыма гэта і так. Праўда, не ўстрымаюся, каб адзначыць тут два моманты. Першы - той, што маштаб украінскае сьведамасьці і культуры ў нас заўсёды ўспрымаўся як роўны беларускаму. Хоць Украіна ў пяць разоў большая за Беларусь і нашая роўнасьць была абумоўленая выключна палітыкай Масквы, перад якой і Беларусь, і Ўкраіна выступалі як меншыя сёстры або як дзьве падчаркі. Няма сумневу, што пры паўнавартасным разьвіцьці мы ўбачым ва Ўкраіне дзяржаву маштабу Францыі, бо менавіта такі ейны чалавечы і тэрытарыяльны патэнцыял.

Другі момант заключаецца ў тым, што Ўкраіна заўсёды выказвала болей цікавасьці да Беларусі, чым наадварот - Беларусь да Ўкраіны. Нават сёньняшнія ўкраінскія прэзыдэнцкія выбары маюць у Беларусі ня большы розгалас і выклікаюць ня большую цікавасьць, чым выбары у Аргентыне або сытуацыя ў Пакістане. Прынамсі, пішуць у нас пра гэта падкрэсьлена адстаронена. Не адчуваючы, што на поўдні вырашаецца нешта жыцьцёва важнае і для нас. Ажно вось, да прыкладу, Сяргей Шупа, уважліва прыгледзеўшыся да тых выбараў, заўважыў у іх і сёе-тое, нават этнічна датычнае Беларусі.

(С.Шупа: ) "Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, здавалася б, ня маюць дачыненьня да беларускага культурнага кантэксту. Аднак пару тыдняў таму, напярэдадні першага туру выбараў адбылася адна падзея, якая мусіла б знайсьці шырокі водгук у Беларусі. У іншай Беларусі так бы, мабыць, і сталася, аднак у цяперашняй падзея тая засталася без шырокай увагі.

А падзея гэтая — рэпартаж расейскага тэлеканалу НТВ з роднай вёскі Леаніда Кучмы. Карэспандэнты НТВ пагаварылі з аднавяскоўцамі ўкраінскага прэзыдэнта. Падчас гутарак выявіўся яскравы факт — усе ўдзельнікі сюжэту гаварылі па-беларуску. Гэта была чыстая — безь ніякіх украінскіх або расейскіх дамешак — беларуская мова, так гавораць, напэўна, у якім-небудзь Сысовым Гарошкаве. Ясная справа, што ні аўтары сюжэту, ні расейскія гледачы не зьвярнулі на гэты нюанс ніякае ўвагі — нічога дзіўнага, што ва Ўкраіне гавораць не па-расейску. Магчыма, што і ўкраінскія гледачы паставіліся да гэтага спакойна — мала якія бываюць украінскія дыялекты.

Тым часам паўночная Чарнігаўшчына — колішняя Северская зямля — усімі моваведамі заўсёды залучалася ў беларускі моўны абшар. Яна належыць да зоны сярэднебеларускіх гаворак, што, дарэчы, выразна чулася ў рэпартажы. Аўтары сюжэту зазначалі, што зусім побач тут — мяжа з Расеяй. Цалкам магчыма, што калі заехаць за тую мяжу, можна будзе пачуць тую самую мову. Пра блізкасьць беларускай мяжы НТВ і не прыгадвала — для расейцаў гэта ўжо нібы й не мяжа...

Кучмавы аднавяскоўцы амаль аднагалосна зьбіраліся галасаваць за земляка — нават тыя, хто наракаў на цяперашняе жыцьцё й парадкі. Адзіным заўзятым апанэнтам Кучмы і агітатарам за ягонага суперніка Сіманенку быў мясцовы камуніст. Ён быў і адзіны, хто гаварыў не па-беларуску, як і належыць сапраўднаму камуністу.

Што ж нам з усяго таго? Ды, бадай, нічога. Можна цешыць сябе думкай, што Леанід Кучма нарадзіўся і нейкую частку жыцьця пражыў у беларускамоўным асяродзьдзі — можа й сам нейкі час гаварыў толькі па-беларуску, бо йнакш ня ўмеў. Укладальнікі сьпісаў нашых славутых суродзічаў могуць сьмела прыпісаць ягонае прозьвішча туды, дзе ўжо Міхась Глінка й Тодар Дастаеўскі, Адам Міцкевіч і Гіём Апалінэр, Айзэк Азімаў і Ўэйн Грэцкі. Прынамсі цяпер Леанід Кучма будзе заўсёды выклікаць у мяне беларускія асацыяцыі.

Украінцы, бывае, пытаюцца ў нас — канфідэнцыйна, як пра нешта інтымнае і не зусім прыстойнае: «А гэты, ваш, Лукашэнко, выпадкам не ...». Слова «ўкраінец» нават не вымаўляецца — страшна і сорамна, калі раптам праўда. «Ня бойцеся, гэты — наш, чый жа яшчэ...», - супакойваем мы. А цяпер во можам яшчэ й сказаць: «А гэты ваш — дык ён таксама наш. Але за гэтага хоць ня так сорамна...»

(С.Дубавец: ) Сяргей Шупа казаў пра шчыльную повязь, якая існуе ў Беларусі з Украінай, але звычайна ніяк не разглядаецца. Паказальна, што і гэтая інфармацыя трапіла да нашага аўтара праз расейскі тэлеканал, як і ўсе астатнія веды пра Ўкраіну, што трапляюць у Беларусь. Лішне казаць, што расейскія журналісты зусім ня маюць на мэце высьвятляць, у чым нашая роднасьць. Гэтым могуць займацца толькі беларусы і ўкраінцы самі, надзеленыя самастойнай воляю. Паказальна і тое, што нашу з украінцамі роднасьць ніхто ня тое, што не разьдзімае, як гэта адбываецца ў выпадку з Расеяй, але й ня надта дасьледуе. Здаровая рэакцыя на кандовую прарасейскую прапаганду - шукаць не падабенства, а адрознасьці. Дзеля экспэрымэнту я запытаўся ў літаратара Андрэя Дынько, які сам - сьведамы ўкраінец, што ва Ўкраіне ёсьць такога, чаго бракуе Беларусі?

(А.Дынько: ) "Улетку, спацыруючы вуліцай Маршалкоўскай з рэдактарам львоўскага супэрінтэлектуальнага часопіса з супэрукраінскай назвай "Йі" Тарасам Возьнякам (дзе яшчэ як не ў Варшаве беларусы могуць гуляць з украінцамі?), дык вось, спацыруючы і разважаючы над тым, чаго бракуе Беларусі, мы нянаджана падвергліся дзёрзкаму нападу хуліганаў: іх было трое, яны тыкалі нам кулакі ў грудзі і з выразнай рускай інтанацыяй пыталіся: "Пан палі?" Пан Возьняк, які па сумяшчальніцтве працуе загадчыкам аддзелу міжнародных сувязяў, вёў сябе вельмі дыпляматычна, тымчасам ззаду нам на дапамогу пасьпяшыўся пан Фінбэрг, дырэктар кіеўскага Інстытуту юдаікі - вельмі палажыцельнай камплекцыі і зь вельмі калярытнай барадою. Бачачы гэткую прыгоду, бэйбусы расчыніліся ў шэрым бэтоне посткамуністычнай Варшавы.

Ва Ўкраіне ёсьць усё тое, чаго бракуе Беларусі.

Ва Ўкраіне ёсьць горы Карпаты, мора Чорнае, чарназёмы казачныя, пшаніца цьвёрдая Amber Durum, для вытворчасьці макароны прыдатная, алей сланечнікавы, персікі херсонскія, курорты крымскія, флёт марскі, бамбавікі стратэгічныя, віно масандраўскае, каньяк закарпацкі, П'емонт галіцкі, Львоў-горад-карабель і Адэса-горад-Жванецкі, вуліца Дудаева і лесьвіца Пацёмкінская, гонар нацыянальны, вугаль данецкі, патрыярх аўтакефальны (нават два) і экс-прэзыдэнт (а мо ўжо і два?), гімн "Шчэ нэ вмэрла Украйіна", мячэты, перабудаваныя ў саборы, і гарады-героі Бэрдычаў і Жмерынка, філёзаф Скаварада і "Воплі Відаплясава", "Запарожац за Дунаем" і "Запарожац" на колах, у тым ліку гарбаты, а таксама навукова-фантастычная машына "Валынец" вытворчасьці Луцкага заводу мэталавырабаў і ракеты "Пратон", казакі, казачэнькі, "Напій козацькій міцный", гайдамакі і бандэраўцы, хахлы і маларосы, фэміністкі і магіла Вялікага Кабзара, бакцянкі на берагаўскіх тытунёвых плянтацыях, Наталка-Палтаўка і Канатопская ведзьма, вечары на хутары ля Дыканькі і раманіст-постмадэрніст Андруховіч, антылёпы ў Асканьі-Нове і рэ-э-эдкая пташка да сярэдзіны Дняпра... Рэдкая ў сэнсе нячастая. Або нягустая.

Рэдактары інтэлектуальных часопісаў займаюць там пасады загадчыкаў аддзелаў міжнародных сувязяў мэрыяў і арганізуюць прыезды Гілары Клінтан у Львоў. Раз на пяць гадоў там праходзяць выбары (а шчо цэ таке? - будуць пытацца ўнукі тых, што свой выбар ужэ зьдзелалі раз і наўсегда). Урэшце, там у опэры Яўген Анегін сьпявае: "Чы я ўпаду, дручком пропэртый" - а ў рэкляме шампуню "Гед энд шоўлдэрз" "баба" ў чоловіка" пытаецца: "В тэбэ е лупа?" Ба, ды ў іх тэлевізія ёсьць!

І я, выступаючы за гістарычна непазьбежную унію Беларусі з Польшчай у ХХІ стагодзьдзі, ведаю: у рашаючы дзень... Не, гэта будзе ноч... Самалёт з канцлерам Беларусі Вінцуком Калядкам выляціць зь Менску ў Варшаву - і ўжо рэзыдэнтура дэфэнзывы сядзе за пляшкай "выбаровай" і напаўголасу завядзе "Сто лят"... Але самалёт раптам прызямліцца ў Кіеве! І заключаць Менск з Кіевам саюз на ўсе вякі! І вып'юць "Белавескай", і зап'юць "Украінськой з пэрцем", і станцуюць крыжачка, і засьпяваюць "Галю". І возьмуць у свой саюз яшчэ жыдоў. А больш бясплатна нікога ня возьмуць. Бо хто нам будзе яшчэ трэба, калі мы будзем разам - беларусы, украінцы й жыды!

Ох, і я тады зажыву, бо ўжо ніхто ня скажа, што ў Берасьці ня можа быць ўкраінцаў! Шмо, Дынько!..

Шмат чаго ёсьць ва Ўкраіне, шмат чаго ёсьць у Беларусі. Адна на дваіх у нас толькі Картагена нашай правінцыйнасьці, якую трэба разбурыць. А правінцыйнасьць - там, дзе беднасьць".

(С.Дубавец: ) Андрэй Дынько казаў пра тое, што мае Ўкраіна такога, чаго б не было ў Беларусі. Цікава было б скласьці адказ і на адваротнае пытаньне, але пакінем гэта для іншай перадачы. А цяпер, каб давершыць карціну беларуска-украінскіх сувязяў, зьвернемся да статыстыкі. Сяргей Харэўскі задаўся пытаньнем - якім чынам у нядаўняй мінуласьці ўкраінцы патраплялі ў Беларусь і колькі іх у нас ёсьць.

(С.Харэўскі: ) "Мая бабуля распавядала мне пра тых украiнцаў, што зьявiлiся пад Менскам за царом. Гэта былi моцныя гаспадары, што пабралi ў ваколiцах Мiханавiчаў зямлю ў арэнду. Было i колькi вэтэранаў, што атрымалi казённыя землi за службу. Iх запомнiлi як надта працавiтых i надта шумных людзей. Яны ж завезьлi сюды i памiдоры. Вялiкiя такiя, чырвоныя. Але неўзабаве вайна, нiбы паводкаю, зьнесла гэтых людзей з нашых мясьцiнаў.

Другая хваля ўкраiнцаў зьявiлася ў Беларусi пасьля вайны. Гэта былi ўжо iншыя людзi. Перадусiм савецкiя. Iнжынэры, прарабы, гэолягi... I iхнай рупнасьцью таксама паўставала паваенная БССР. Абсалютная большасьць паваенных украiнцаў пасела ў гарадах. Iх колькасьць няўхiльна расла. А апагей гэтае эмiграцыi прыпаў на 70-я гады. У той самы час, як зь Беларусi пачаўся масавы ад'езд жыдоў. У 60-я колькасьць жыдоў i ўкраiнцаў зраўнялася. А вось ужо ў 70-я ўкраiнцы склалi больш за 2 працэнты насельнiцтва Беларусi, заняўшы трывала 4-ю графу ў статыстычных перапiсах.

Дзякуючы сваёй працоўнай квалiфiкацыi ўкраiнцы займалі пасады ў хiмiчнай i здабыўчай прамысловасьцi, у будаўнiцтве. Паводле перапiсу 1979 году ўкраiнцаў у БССР была ўжо 231 тысяча. Пры тым, аднак, толькi менш паловы зь iх лiчылі ўкраiнскую мову роднай. Гэткiм чынам нашы ўкраiнцы ператвараліся ў савецкi народ хутчэй за самiх беларусаў. Чаму адбывалася менавiта гэтак? Па-першае, яны не жылi ў Беларусi кампактна, як, напрыклад, палякi цi лiтоўцы. Не вылучалiся яны зьнешне, як жыды цi цыганы. Ня мелi яны тут i гэткай моўнай стыхii, як расейцы. Але, самае, бадай, iстотнае, што яны, у большасьцi сваёй, не зьбiралiся тут заставацца. Сканчалася, напрыклад, чарговая "будоўля стагодзьдзя", кшталтам нафтавых комплексаў i... украiнцаў станавiлася меней.

Паводле апошняга савецкага перапiсу 1989 году, украiнцы склалi ўжо амаль 3 працэнты насельнiцтва Беларусi, больш за 70 працэнтаў зь iх жыве ў гарадах. Для параўнаньня, беларусы ў Вiльнi таксама складаюць больш за тры працэнты яе жыхароў i таксама трывала займаюць чацьвертае месца ў перапiсах.

Напрыканцы лiстапада будуць вядомыя папярэднiя вынiкi апошняга перапiсу. Бадай, украiнцы там па-ранейшаму будуць займаць чацьвертае месца... Хоць адна лiчба ёсьць ужо сёньня. У беларускiм войску ўкраiнцы складаюць 15 працэнтаў сярод афiцэраў. А гэта ўжо трэцяе месца..."

(С.Дубавец: ) Украінцы, кажа Сяргей Харэўскі, у Беларусі чацьвертая нацыя. Праўда, гэта ні ў чым вонкава не выяўляецца. Анатоль Прасаловіч, які зьвярнуўся да прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, высьветліў, што кантакты адбываюцца пераважна на ўзроўні вузканавуковым або вузкапэрсанальным. Хоць пытаньне гучала шырэй: "Што вас зьвязвае з Украінай?"

(А.Прасаловіч: ) "Гісторык Віталь Скалабан адразу пажаліўся на тое, што ведае нашу паўднёвую суседку вельмі кепска. Аднак Украіна для яго - прадмет актыўных навуковых дасьледаваньняў. Спадар Скалабан займаецца вывучэньнем сувязяў БНР і Ўкраінскай Народнай Рэспублікі пачынаючы з 1918 году, дасьледуе кіеўскі пэрыяд жыцьця беларускага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, лёс Усевалада Фальскага, беларускага тэатральнага і палітычнага дзеяча, які скончыўся ва Ўкраіне, біяграфію Фядота Кудрынскага, настаўніка Якуба, які паходзіў з Украіны.

Журналістку Тацяну Сьнітко з Украінай зьвязвае самае лепшае ў ейным жыцьці. Гэта сяброўскія ды сваяцкія дачыненьні. Другі муж Тацянінай бабкі паходзіў з-пад Харкава, і менавіта ён паўплываў на яе найбольш. Што адметнага ва ўкраінскім мэнталітэце? Яны вельмі вясёлыя і экспрэсіўныя. Можа і праўда, што для ўсіх славянаў уласьцівая лірычнасьць характару, але менавіта ў беларусаў і ўкраінцаў яна праяўляецца найбольш выразна. А яшчэ нас яднае пэўная глыбока схаваная туга, лічыць Тацяна Сьнітко.

Уладзімер Бярбераў, удзельнік музычнага праекту "Ліцьвіны", чый першы сур'ёзны выступ адбыўся менавіта ў Кіеве, кажа, што для яго Ўкраіна - гэта перш-наперш грунтоўная музычная творчасьць. Ён лічыць, што ніякія не расейцы, а менавіта ўкраінцы - адзіныя, хто на постсавецкай прасторы стварае цікавую, зьмястоўную музыку, не папсу.

Украінская мова і сам ейны носьбіт - украінскі народ - вельмі падабаюцца вуніяцкаму сьвятару айцу Абламейку, які некаторы час вучыўся ў гэтай дзяржаве, і тамсама, ва Ўкраіне, быў высьвечаны на дыякана. Безумоўна, паміж намі існуе адчувальная розьніца: мы, па словах сьвятара, больш паўночна-заходнія, а ўкраінцы - паўднёва-ўсходнія славяне, - кажа сьвятар.

На жаль, для большай часткі беларускай моладзі прымаўка "У гародзе - бузіна, а ў Кіеве - дзядзька" трансфармавалася ў "На базары - танная ўкраінская гарэлка ды алей, а дзядзька ці цётка - ў Крыме або Данбасе". Некаторыя, што праўда, згадваюць яшчэ Гогаля з Тарасом Бульбам ці анэгдоты пра сало ды пыво з москалямі. І ўсё. Больш нічога іх з Украінай ня зьвязвае, а ўкраінская палітыка для маладых людзей такая ж далёкая, як і беларуская. Толькі адзін са студэнтаў адзначыў, што яму б вельмі не хацелася, каб прозьвішча наступнага ўкраінскага прэзыдэнта рыфмавалася з прозьвішчам Лукашэнкі, бо ў нас, маўляў, толькі дзесяць мільёнаў гаруюць, а ўкраінцаў - пяцьдзесят мільёнаў ды з гакам".

(С.Дубавец: ) Анатоль Прасаловіч дапытваўся ў беларускіх інтэлігентаў пра іх дачыненьні з Украінай. Адказы, асабліва адказы моладзі, мала суцешныя. Украіны, па вялікім рахунку, у жыцьці беларускае нацыі не існуе. Дый наша сёньняшняя перадача нагадвае спробы прайсьці па цаліку. Выглядае, што якраз Украіна хутчэй дагукаецца Беларусі, а не наадварот. Калі гэтыя краіны - сёстры, дык большая мусіць выцягваць меншую з багны. Зрэшты, так і было спрадвеку. Дакладней, з часоў станаўленьня нацянальнае ідэі ў мінулым стагодзьдзі. Менавіта ў нас раскідаліся ўкраінскія або русінскія газэткі для сялянаў. Менавіта ва Ўкраіне лекаваўся ад ранаў паўстанец Францішак Багушэвіч. І калі спадарыня Ланская ў 80-я гады 19 ст. выдала свой раман-выкрыццё пра акупацыю Беларусі пад вымоўнаю назвай "Обрусители", дык ужо праз два гады гэты твор быў растыражаваны па-ўкраінску. Па-беларуску яго няма і дагэтуль. Калі хочаце, лічыце гэты факт у беларуска-ўкраінскім культурным кантэксьце індыкатарам.

Падводзячы рысу, я знаходжу адзінае азначэньне, якое адрозьнівае ўкраінцаў ад іншых нашых суседзяў у дачыненьнях з намі - гэта адсутнасьць карысьлівых матываў. За ўсе часы Ўкраіна на нас не збагацела і Ўкраіна нас разумела. А ці шмат нам дала яна ў параўнаньні зь іншымі - МЫ не лічылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG