Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сыліконавае" пакаленьне. Гістарычны прататып нашага часу.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Калега-рэдактар паскардзіўся надоечы на новае цяперашняе пакаленьне. Кажа, не разумею я іх. Вершы пішуць складна, але нібы пад плешку, ня ў неба. Затое, у адрозьненьне ад нас, шмат моваў ведаюць і ўжо паўсьвету аб'ехалі. А да таго ж ня п'юць і ня паляць, з грашыма абароцістыя, словам, жывуць умеючы. Не разумею. Гаворыш з такім, даказваеш, сам ужо гарачы ўвесь ад перажываньня, а ён глядзіць на цябе як той банкамат - нібы ўсё пралічвае ды зьвярае твае словы зь нечым раней засвоеным. Ты яму: "Гэта ж якую можна фэерыю ўчыніць, якія фантаны!" А ён: "Недастаткова грошай на вашым рахунку". Можа так і павінна быць, але маё перакананьне, што паэт зазвычай - як вывіх - дрымучы, няясны, непрадказальны і нязручны, як для сябе, так і для іншых.

Ва ўнісон з калегам-рэдактарам скардзіцца прыяцель-выкладчык сьпеваў. І тое самае кажа пра новае пакаленьне - што добра грошы лічаць і нідзе свайго не саступяць, што адукаваныя ня ў прыклад ранейшым. Мы, кажа, партытуру за дзень да канцэрту вывучалі, а гэтыя часьцяком толькі на сцэне бяруць ноты ў рукі і сьпяваюць зь ліста. Зусім іншая школа. Прычым тэхнічна сьпяваюць, якасна. Але ніколі не геніяльна. Вось дзе праблема. Плястылінавыя яны нейкія. Агульным агнём не загараюцца.

Трэці водгук з гэтае сэрыі належаў чалавеку нібы пабочнаму, але добраму назіральніку. Ён, праўда, ужыў выраз не "плястылінавае", а сыліконавае пакаленьне. І довады меў свае. Маўляў, згадай, як было 20 гадоў таму. Колькі вакол кожнае беларускае ініцыятывы вілося ўсялякіх агентаў. Думаеш, нешта зьмянілася? Беларушчына па-ранейшаму - апазыцыя. Праўда, нашмат болей нас стала. Але ж і КГБ разросься ды прырос усялякімі тайнымі структурамі. Толькі цяпер мы пра такое ня думаем. Якраз з-за таго, што шмат нас, менш празарлівыя сталі, менш асьцярожныя.

Трох гэткіх сыгналаў на працягу кароткага часу было дастаткова. Але задумляцца я стаў ня столькі пра пакаленьне.

Рэч у тым, што кожны гістарычны пэрыяд, ягонае аблічча, фармуецца людзьмі. Ці людзі фармуюцца сваёй эпохай. Ці тое і тое разам - гэта ня важна. Важна тое, што наша эпоха, наш сёньняшні гістарычны пэрыяд ужо акрэсьліўся настолькі, што мы можам даць яму азначэньне, а самае галоўнае - можам знайсьці яму прататып у мінуўшчыне. І ў гэтай справе, як, бадай ні ў якой іншай, разумееш карысьць айчыннае гісторыі. Яна пачынае выконваць сваю найгалоўную функцыю - прадказваць нам будучыню і засьцерагаць ад яе.

З гледзішча беларушчыны неяк акрэсьліць сваю эпоху і знайсьці яе гістарычны прататып раней было немагчыма. Дваццаць гадоў назад, у 80-я, сьведамых беларусаў сапраўды было надта мала, што абумовіла рамантычны характар таго зародкавага пэрыяду. Людзі чыталі Караткевіча і разглядалі сваіх герояў па ўсёй прасторы тысячагадовае мінуўшчыны. Тут вам і Ўсяслаў Чарадзей, і Скарына, і Каліноўскі. Па-чалавечы блізкімі здаваліся нашаніўцы і БНРаўцы. Але свой, уласны маштаб кухонных ды лясных зборак не дазваляў разьвіваць паралель.

Пэрыяд незалежнасьці прамільгнуў так хутка, што ў яго толкам не пасьпелі нават паверыць, ня тое што прасякнуцца. Памятаю, лішні раз стараўся прайсьці праз плошчу Незалежнасьці, каб кінуць вокам на сьцяг і герб - нібы ўшчыкнуць самога сябе. А то й гуртом выбіраліся адмыслова паглядзець - як на дзіва. Так яно, як дзіва, і прамінула. І вось, пачалася манатонная, цягучая і яшчэ невядома наколькі доўгая эпоха... Спрабую падабраць ёй назву... Эпоха паўнезалежнасьці. Сёньня мы не задумваемся, што такія, якія ёсьць - сфармаваныя ўжо ёю. Асноўны матыў гэтай эпохі можа не заўважацца паспалітым беларускім чалавекам, але, тым ня менш, і ён падсьведама прасякнуты гэтым матывам. Будуць краіна і нацыя вольнымі і незалежнымі ці ня будуць краіна і нацыя незалежнымі і вольнымі? Пытаньне завісла ў невядомасьці.

Нібы й сапраўды зоркі леглі так, што ўсё вырашаюць вонкавыя фактары. І воля адраджэнцаў спаралізаваная тымі фактарамі ды падпарадкаваная ім. Натуральна, ані часы Ўсяслава Чарадзея, ані Скарынаў пэрыяд паўнавартаснае незалежнасьці краіны, ані паспалітае рушэньне Каліноўскага - ніводзін з гэтых этапаў разам зь іхнымі героямі для параўнаньня не надаецца. Другая характэрная рыса эпохі - наезд расейскіх чыноўнікаў, фігураў уплыву. Гэта яшчэ ня масавае нашэсьце брынцалавых, як было пасьля паўстаньня 1863 году. Гэта штосьці з ранейшых часоў - самы пачатак, калі першай інстытуцыяй у краіне, якая страціла незалежнасьць, стаў каралеўскі двор.

Яшчэ адна рыса - выезд на эміграцыю актыўнае часткі грамадзтва. Але гэта не эміграцыя апошняе вайны, якая здолела там аформіцца ў жывучыя структуры, што існуюць і працуюць дагэтуль. Новыя эмігранты гэтак не кучкуюцца, няма ў іх таго, што было ў папярэднікаў, кожны зь якіх пачуваўся неафіцыйным паслом Бацькаўшчыны, а дзе апыналіся два-тры - там ужо было і пасольства.

Наступная рыса - магчыма, ня самая вонкава нацыянальная - гэта вываз капіталаў зь Беларусі. Першыя і хуткія бізнэсмэны-мэцэнаты буйнога маштабу, мабыць, яшчэ буйнейшыя, што разбуйнелі за Лукашэнкам і тыя, што буяюць за ім цяпер. Яны не закапвалі грошы ў катэджы па пэрымэтры менскай кальцавой. Яны адразу ўцямілі, што трымаць маёмасьць у Беларусі - ненадзейна.

Нарэшце, апошняе - той згаданы прагматызм новага адраджэнскага, "сыліконавага" пакаленьня. Гэта тое, чаму найцяжэй знайсьці паралель у мінуўшчыне. Як правіла, адраджэнскі чын асацыюецца з альтруізмам. Хоць, можа быць, гэта і заганная асацыяцыя.

Такім чынам, пералічаных рысаў цяперашняе эпохі, якія, на маю думку, фармуюць дастаткова цэльны яе партрэт, дастаткова, каб нарэшце зірнуць у мінуўшчыну і ўбачыць там гэтае эпохі прататым. Зрабіць гэта я папрасіў Сяргея Харэўскага”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Ад таго моманту, як на чале Рэчы Паспалітае стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, наш край ператварыўся фактычна ў расейскі пратэктарат. Ужо праз 8 гадоў караляваньня апошняга караля адбыўся першы падзел краіны. Лёс дзяржавы быў перадвызначаны. Ніякія дыпляматычныя высілкі, эканамічныя рэформы ці патрыятычныя выступы, ня здольныя былі спыніць гэтае плыні лёсу. Нават прынятая 3 траўня, да імянінаў караля, першая ў Эўропе, Канстытуцыя нічога не зьмяняла. Адно хіба стварыла падставы новае дзяржаўнасьці, за якую можна было змагацца. Тымчасам па ўсёй краіне пад выглядам "саюзьнікаў" спакойна разьяжджалі расейскія вайскоўцы, палітычныя эмісары, дарадцы. Яны ж зьляпілі Таргавіцкую канфэдэрацыю, якая разам са шматтысячным саюзным расейскім войскам змусіла Рэч Паспалітую адмовіцца ад уласнай жа Канстытуцыі. Але відмо сувэрэнітэту яшчэ захоўвалася. Зьбіраліся соймікі й соймы. Неяк функцыянавала дзяржаўная машына. Але ў большасьці, нават сярод невыкараняльных аптымістаў, ілюзіяў не было. Нават прывідная незалежнасьць, паводле гістарычнае лёгікі мусіла быць зьліквідаваная. Але, натуральна, "законным" шляхам: з галасаваньнямі, з падпісаньнямі, з тастамі за здароўе "саюзьнікаў".

За часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага на гістарычную арэну выйшла новае, незвычайнае пакаленьне, якому наканавана было стаць сьведкам распаду свае дзяржавы.

Перадусім гэта былі людзі, ад якіх багата што залежыла у нашай Айчыне. Яны паходзілі з самай ўплывовай і заможнай арыстакратыі. Ім ужо лёс прадвызначыў быў заступіць на месцы сваіх бацькоў і дзядоў, каб кіраваць дзяржаваю. Некаторыя зь іх тое й пасьпелі... Напрыклад, пляменьнік апошняга караля Станіслаў Панятоўскі, а таксама Чартарыйскі, Шчасны-Патоцкі, некаторыя з Сапегаў, Храптовічаў, Агінскіх ды, натуральна, Радзівілаў...

Іхнае пакаленьне, тых, хто ўваходзіў у жыцьцё падчас падзелаў Рэчы Паспалітае, лучыла таксама й выключная адукаванасьць, ня ў прыклад іхным бацьком. Яны штудыявалі розныя навукі ў Нямеччыне, Аўстрыі, Францыі. Шмат падарожнічалі.

Пры тым адукацыя давалася ім не з-пад палкі. Навука была іхнай натуральнай патрэбаю. Яны хціва хапаліся за новыя веды ў матэматыцы й фізыцы, у эканоміцы й філязофіі, у літаратуры й архітэктуры. Часьцяком размах іхнае эрудыцыі, ці прынамсі зацікаўленьняў, уражвае. Напрыклад Ульрык Радзівіл, які захапляўся мэханікай, геалёгіяй ды астраноміяй, назіраў разам з ахвіцэрамі камянецкага гарнізона... зорку Вэнэру, якая праходзіла акурат праз сонечны дыск. Нават сёньня гэткія вопыты мала каму прыйдуць у галаву, бо перадусім трэба пільна сачыць за зорным календаром. Зрэшты, той самы Радзівіл займаўся й перакладамі на беларускую мову, сам пісаў музыку, вершы, захапляўся найноўшаю эўрапейскай літаратураю. Агульнаведамай ў Рэчы Паспалітай была адукаванасьць маладых Чартарыйскіх, Патоцкіх, Панятоўскіх, якія нават утварылі фізычнае таварыства, ачоліць якое запрасілі з Парыжу слыннага францускага натураліста, прафэсара Дзюбуа, між іншым, зацятага вальтэр'янца й атэіста. Яны таксама займаліся рознымі досьледамі, перапісваліся з навуковымі таварыствамі Эўропы.

Іхныя таленты былі заўважаныя ў "вярхах". Пляменьнік караля, малады князь Панятоўскі быў прызначаны ў свой час падскарбіем літоўскім. Ён забясьпечваў каралеўскі двор, ладзіў дзяржаўныя паляваньні ў Белавескай пушчы ("...добра пагулялі, усяго аднаго мужыка мядзьведзь загрыз"), апекаваўся гвардыяй... Праўда, ягоныя папярэднікі, якія кіравалі каралеўскімі эканоміямі, Жавускі і Ўрускі, пасьпелі зь іх выкачаць фантастычныя капіталы. Францішак Жавускі, напрыклад, які зьехаў пасьля другога падзелу дзяржавы за мяжу, памясьціў у венскім банку капітал у паўмільёны залатых дукатаў. Што праўда, і князь Станіслаў не адставаў...

Яны былі да таго ж патрыёты! Гэтыя асьвечаныя людзі з усім імпэтам змагалася супраць падзелаў сваёй краіны. У часе Чатырохгадовага Сойму яны горача пратэставалі супраць расейскіх ды прускіх уплываў. І радасна й шчыра віталі Канстытуцыю. Бо і праз іхныя намаганьні яна стала рэальнасьцю.

Ну і пра сябе не забывалі. Напрыклад, той князь Панятоўскі,самы яскравы, бадай, прадстаўнік гэтае генэрацыі, для свайго знаходжаньня на Сойме пабудаваў сабе цэлае мястэчка з прадмесьцямі. Як піша пра гэта польскі гісторык Мар'ян Брандыс, "тэрыторыя рэзыдэнцыі князя была мала меншай за імпэрскі Бург. Былі там тэатры, залі для маскарадаў і сталаваньня, дзе маглі ўвадначасьсе піраваць па сем сотняў чалавек. Меўся таксама зімовы сад з трыма кліматычнымі паясамі". Сам Станіслаў Панятоўскі пра гэта пісаў расчулена:

"Які кантраст зь лёсам дзяржавы!.. Але ж падобныя рэзыдэнцыі былі і ў іншых літоўскіх магнатаў! І два месяцы прайшлі вельмі міла, так што сойм ня меў ані найменшае падставы быць незадаволеным. Гарадзенскі сойм быў, магчыма, апошняй ў Эўропе праяваю насамрэч народнае велічы без хлусьлівае мішуры й пусканьня пылу ў вочы".

Вось і ня ведаю, чаго тут болей - цынізму ці сьлепаты... Іхны патрыятызм меў і свае межы – у часе паўстаньня Касьцюшкі нікога з асьветнікаў-мільянэраў не было на радзіме. Яны ў гэты час былі пераважна ў Італіі. Каб не псаваць нэрвы... Яны выдатна разьбіраліся ў гаспадарцы, у банкаўскай справе. Ніхто зь іх моцна не пацярпеў пасьля распаду дзяржавы. Абачлівыя, людзі гэтыя, пры ўсёй сваёй зацікаўленасьці айчыннай палітыкай, не забывалі пра свае фінансы. Яны пасьпявалі прадаваць сваё майно на Ўсходзе, запабягаючы расейскіх сэквэстараў і канфіскацыяў, пераводзілі капіталы ў Эўропу.Тутака пражываў свае дзянькі, абарачаючы капіталы, Францішак Сапега. Папаўняў свае калекцыі граф Аўгуст Машынскі, некалі афіцыйны дарадца караля ў пытаньнях мастацтва. А вось жа князь Станіслаў Панятоўскі, праз свайго скарбніка, рэгулярна атрымліваў з радзімы грошы ад сваіх маёнткаў, дзясяткамі тысячаў злотых, і сьвежую прэсу! Праўда, аднаго разу паўстанцы перанялі ягонага кур'ера з грашыма й праз друк падзячылі Панятоўскаму за шчодрае ахвяраваньне. Пэўна, князь Станіслаў ледзь ня біўся галавой аб сьцяну пасьля гэткае падзякі. Бо ж ён меў асабістыя ўзаемадачыненьні з Кацярынаю й меў віды на тое, што царыца павяртае яму ягоную спадчыну й ён не панясе стратаў ад нязручнасьцяў падзелаў. І пры тым не забывае стаць у позу нешчасьлівага... У сваіх мэмуарах ён піша:

"Поўны падзел Польшчы адбыўся й амаль усе мае ўладаньні апынуліся ў частцы, занятай Расеяй. Я застаўся абсалютна бяз сродкаў на жыцьцё, таму што астатнія маёнткі яшчэ раней прадаў для пакрыцьця пазыкаў. Я пісаў мноства лістоў адносна вяртаньня мне маёнткаў, але не атрымліваў ніякага адказу. Нарэшце Рэпнін, губэрнатар Літвы, быў нагэтулькі зычлівы, што паедаміў мне, што я не атымаю ніякага адказу, калі не зьяўлюся асабіста ў Пецярбург. Ад іншай асобы я дазнаўся, што ненажэрны Зубаў, тагачасны фаварыт, настойваў на канфіскацыі маіх уладаньняў на сваю карысьць. Выехаў я з Рыма....".

У Пецярбургу яго чакалі. Царыца Кацярына запрашае яго на абеды. І на іх ён не самотны. Тутака ж, пры расейскім двары, ўвіхаюцца за сваё майно дзясяткі нашых магнатаў, Храптовічы, Любамірскія, Чартарыйскія, Мнішкі, Патоцкія й нават Радзівілы. Пры іх рэкамэндацыйныя лісты, прашэньні, дакумэнты. Навыперадкі яны ловяць знакі ўвагі ад фаварытаў расейскае імпэратрыцы. Тымчасам у Петрапаўлаўскай крэпасьці ды ў іншых расейскіх вязьніцах знаходзяцца дзясяткі паўстанцаў 1794-га году: Тадэвуш Касьцюшка, Юльян Нямцэвіч, Ігнат Патоцкі... Той жа гісторык Мар'ян Брандыс, трапна піша, што падзел праходзіў паміж прыёмамі ў пецярбурскіх палацах і казэматамі Петапаўлаўскае вязьніцы. Цытата: "Гэта была бездань, напоўненая крывёю, тысячамі нябожчыкаў й памяцьцю пра задушаную рэвалюцыю".

Панятоўскі енчыў, наракаў імпэратрыцы, што вось, маўляў, сталовае срэбра давядзецца прадаваць. Гандляваўся. Гатовы быў адмовіцца ад сваіх земляў вакол Бабруйску й правоў на даходы з іншых беларускіх уладаньняў. Нарэшце Кацярыну зьмяніў Павал І. Тут усе паяжджане пры двары ажывіліся. Вось як піша пра свае прыязныя дачыненьні з Паўлам сам князь Панятоўскі:

"Імпэратар Павал, заступіўшы на трон, паставіўся да мяне надзвычай сардэчна. Ён сказаў, каб я прыходзіў да яго абедаць, калі толькі захачу, і чым часьцей я буду да яго прыходзіць, ты будзе яму больш прыемна. Ён гаварыў са мною пра шмат якія рэчы. Між іншым ён сказаў: "А вы ведаеце, люблю я Польшчу. Я бы ўсё зрабіў, каб прывесьці яе ў ранейшы стан. Але спарва зайшла гэтак далёка, што гэта зусім немагчыма.". Пасьля чаго дадаў: "Я хацеў бы прасіць вас, князь, пра адну паслугу. Мне вельмі прыкра, што кароль, які столькі перажыў, павінен знаходзіцца ў Расеі, то бок у Горадні. Хай ён абірае сабе гэткае месца жыхарства, якое яму па густу, а я загадаю, каб усе сумы, якія яму выполчваюць тры дзяржавы, дакладна яму пераводзіліся. Вы бярэцеся яму пра гэта напісаць?" Я адказаў, што просьба надта прыемная, каб я адмовіўся..."

Нарэшце Станіслаў Панятоўскі атрымаў назад свае ўладаньні й шчасьлівы зьехаў зь Пецярбургу. Ён ліхаманкава, з прыбыткам, распрадае ўсе свае ўладаньні ў Беларусі і Ўкраіне ды спрытна перапраўляе, цераз сваю сетку банкіраў й пасярэднікаў, грошы ў Аўстрыю. Пры тым ён і сваёй маці дапамагае зрабіць тое самае. Усьлед за Панятоўскім хутчэй з радзімы, са сваімі грашмі пасьпяшаліся й астатнія магнаты. Гэтая хваля эміграцыі шакавала Эўропу сваёй раскошаю. Адно згадаць: увесь Парыж разявіў раты на экіпажы Чартарыйскага, за якімі рухаўся... караван вярблюдаў, гружаных унікальнай бібліятэкаю. І ахоўвала ўсё гэта гвардыя далмацінцаў у цюрбанах, вярхом на арабскіх конях.

Па-рознаму склаўся лёс гэтых "бедакоў"-эмігрантаў. Тутака ўражваў сваёй адукаванасьцю мсьціслаўскі ваявода Язэп Гільзэн. Хоць ён зьдзівіў сьвет іншым: напрыканцы жыцьця велізарныя багацьці, сабраныя стагодзьдзямі, коштам працы беларускіх сялянаў, ён пакінуў, паводле тэстамэнту на перавыхаваньне рымскіх прастытутак. Гэтым і ўвайшоў у гісторыю. Ну Гільзэн быў дзівак... Большасьць жа завяла ў Эўропе ўзорныя гаспадаркі, шыкоўныя палацы, абзавяліся новымі калекцыямі, бібліятэкамі ды тэатрамі. Яны ад душы спачувалі патрыятычнай справе... але не сьпяшаліся ахвяраваць рэпутацыяй, а пагатоў грашыма. І большасьць зь іх была забытая назаўжды. Яшчэ пры жыцьці малодшага Панятоўскага, які жыў у Флярэнцыі, ніхто з суайчыньнікаў да яго не зьвяртаўся па дапамогу. Яго забылі! У той жа час усе ехалі на госьці да Міхала Клеафаса Агінскага, які жыў тамсама, у Флярэнцыі, праз колькі кварталаў.

Ад таго пакаленьня, самага, бадай, адукванага й асьвечанага, за ўсю папярэднюю нашую гісторыю, якое рэальна магло зьмяніць лёс краіны й трымала ў сваіх руках уладу, не засталося анічога... У Беларусі нараджаліся новыя пакаленьні, якія йшлі ў бой ці стваралі культуру. І гэтым, наступным пакаленьням, ужо не было справы да тых, хто ймкнуўся некалі ацалець. Ацалеўшы, пакаленьне мажнаўладцаў, навучаных рацыяналістаў-вальтэр'янцаў, якое некалі вырашала лёс краіны, прысудзіла сябе на нябыт”.

(Сяргей Дубавец: ) “Бясчасьсе нараджае разьнявераных людзей.

У расповедзе Сяргея Харэўскага лёгка ўгадваюцца лёсы пэрсанажаў сёньняшняе эпохі беларускае гісторыі, як і сама наша сёньняшняя эпоха. Але згадаем тэму і ідэю перадачы: азірнуцца ў мінуўшчыну, знайсьці там прататып цяперашняга пэрыяду і паглядзець, да чаго падобная хада падзеяў ды гэткае самае сьветаадчуваньне прыводзяць у будучыні.

Галоўны герой нашага апавяданьня пра канец 18 ст. магнат-эмігрант Станіслаў Панятоўскі ня выступіў спонсарам патрыятычных чынаў на бацькаўшчыне і пасьля апраўдаў сябе так: "Я так і ведаў, што гэтым скончыцца". А скончылася тое саюзьніцтва паступовым праглынаньнем Беларусі, на што Расеі спатрэбілася бадай цэлае стагодзьдзе. Зрэшты, і таго не хапіла. На выпаленым полі ўсё адно прабілася на паветра новая беларуская рунь і новая беларуская дзяржаўнасьць паўстала ня ў тым дык у іншым выглядзе. Але ўсё гэта было пасьля, праз шмат гадоў пасьля так падобнага на наш пэрыяду гісторыі.

Параўноўваючы, я думаю як яго назваць, як акрэсьліць ягоную сутнасьць - таго часу і нашага. Часам страчваньня незалежнасьці? Часам завіслага пытаньня? Часам тамленьня? Найлепшае, што прыходзіць у галаву - назва музычнага твору, які многім здаецца самым адпаведным на ролю сёньняшняга беларускага гімну - "Разьвітаньне з Радзімай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG