Апошнім часам заўважаю на сабе і сваім асяродку - мы сталі часьцей падарожнічаць па Беларусі. Можа, імкнучыся спазнаваць і адчуваць сваё, мы не здавальняемся менскімі рэаліямі, часта штучнымі, эклектычнымі ці нават падманнымі. Прынамсі, беларушчына ў Менску болей пытаньне, чым адказ. Тут пазіраеш на ўсё крытычным паглядам, бо шмат чужога ды бязладнага, а найчасьцей проста ніякага знаходзіш і ў тым, што і як будуюць, і ў тым, як паводзяць сябе, і ў тым, пра што кажуць, чаго хочуць або ня хочуць. Іншая рэч, вёска. Тут усё адпаведнае, сумаштабнае і гарманічнае - людзі і іхнае атачэньне. Тут твой крытычны пагляд без патрэбы. Няма да чаго дачапіцца. І ты можаш дазволіць сабе раскошу глядзець і спазнаваць сваю краіну так, як рабіў гэта ў дзяцінстве - прымаючы ўсё як ёсьць. Дрэвы зноў становяцца вялікімі... А калі й бярэсься аналізаваць тутэйшае жыцьцё, дык выходзіць у цябе аналіз пазнаньня, а не адмаўленьня. Беларусь - па-за сталіцамі.
Яшчэ адзін доказ таго, што беларуская нацыя - сфармаваная і давершаная - жыве не ў сталіцах, я знаходжу ў людзкіх тыпажах. Вёску насяляюць пазнавальныя тыпажы, ты сустракаесься зь незнаёмым чалавекам, ажно ён табе ўжо і знаёмы - дзядзька такі і гэткі, бабуля, дзед, цётка... Усё чаканае - ад Гарэцкага і Коласа да сцэнаў жывога вясковага жыцьця. У сталіцы такога няма. У Менску ў прынцыпе не існуе тыпажоў. Адна знаёмая і ўжо пажылая жанчына родам з Украіны, але расейскай культуры, усё жыцьцё правяла ў Менску і вось аднойчы патрапіла ў вясковую хату, на бяседу. Яе ўразіла менавіта гэта - яна ўпершыню пабачыла і адчула беларускія тыпажы. Высновы былі больш чым маштабныя - яна паверыла ў тое, што беларусы - гэта сапраўды нацыя, а Беларусь - гэта сапраўды краіна.
Верагодна, якраз патрэба часьцей кантактаваць з гэтай сваёй нацыяй і краінай, усё часьцей кліча нас у правінцыю, у вёску. Гэтак было і ў мінулую нядзелю. Нехта з калегаў адправіўся ў падарожжа на Палесьсе, нехта даўно ня быў у Наваградку. Што да мяне, дык я паехаў у Паазер'е. Як у песьні - па дарозе зь Вільні на Полацак. Зрэшты, быў у гэтых вандроўках для ўсіх нас і яшчэ адзін сэнс - зьмястоўна пражыць дзень выбараў ці дзень байкоту выбараў, што адбываліся якраз у мінулую нядзелю.
Жухлы восеньскі краявід, астылае кастрычніцкае сонца, пагоркі і прасьцягі атачаюць шлях зь Вільні на Полацак. Паўднёвая Літва населеная збольшага людзьмі тутэйшымі, у якіх беларускае, літоўскае, габрэйскае спрадвеку зьліваліся і перамешваліся. А яшчэ дадавалася пальшчызна. А яшчэ штосьці ад расейскага саўка. У Падбродзьдзі, Сьвянцянах і Ігналіне сёньня многія тутэйшыя называюць сябе беларусамі. Але ўсе шыльды на шляху - натуральна, на дзяржаўнай літоўскай мове. Вакол Ігналіны да вайны жыло вельмі шмат габрэяў. Цяпер іх няма. Але нагадаў пра іх дарожны ўказальнік зь нейкім недарэчна двухсэнсоўным сказам па-літоўску: месца расстрэлу жыдоў. Быццам усё яшчэ актуальнае функцыянальнае прызначэньне таго месца.
Назвы вёсак літоўцы перайначылі на літоўскі лад, часам перакладаючы зьмест, як, напрыклад, здарылася зь Вялікім Сялом - яно цяпер называецца Діджясаліс. Часам назва перакладзеная напалову - Ужбалатіс - гэта, яснае рэч, Забалацьце. А часам проста запісваючы літоўскімі літарамі - як напрклад, зрабілі з Андрэяўкай. Цікава, што перапісвалі менавіта зь беларускага арыгіналу, захоўваючы гэтае "яу". Праўда, нескладовага "у" літоўцы ня маюць. Таму сходу вёска чытаецца як "АндрэЯука". Шэдэўр новай тапанімічнай творчасьці - Дзеткаўшчына. Яна цяпер называецца Деткаушчізна. У адным слове сыйшліся адразу чатыры мовы. Ад расейскай тут гэтае "Дет", ад беларускай - зноў жа аў, ад польскай - з, і урэшце ўсё перададзенае літоўскімі літарамі. Праўда, у выніку гэта не гучыць ні на якой мове - Деткаушчізна. Асабіста для мяне гэта новая зьява. Бо ў ваколіцах Вільні, блізка да сталіцы, пасьлядоўна перакладзена ўсё. А сюды, на ўскраек краіны, літуанізацыя, аказваецца, дайшла ўжо слабейшай, без таго імпэту, што на Віленшчыне.
Беларускае Паазер'е разам зь літоўскім складае адно прыроднае цэлае. Сотні азёраў, што ўтварыліся тут у спракаветныя часы ледавіком, цяпер падзеленыя мяжой. На Пастаўшчыне, Мядзельшчыне, Браслаўшчыне азёрны край толькі пачынаецца. А вакол Ігналіны і да Зарасая, калі глядзець па мапе - ледзьве не суцэльная вада. Блакітныя плямкі і плямы на мапе ў жыцьці аказваюцца маляўнічымі вадаёмамі самых розных адценьняў чорнага, сіняга і зялёнага колераў.
Дарога пятляе паміж азёрамі і вёска часта глядзіць хатамі адначасова на два, а то й на тры возеры. Прыкмета набліжэньня да Беларусі - мэхдвары ў вёсках пачынаюць разрастацца, павялічвацца, займаць сваімі спарудамі і бязладзьдзем на панадворку ўсё болей месца. У Літве гэтыя краявідапсавальныя забудовы, таксама дарэчы як і хлявы, як сіласныя вежы выглядаюць нашмат сьціплей, як вымушаная гаспадарчая патрэба. Верагодна, і за савецкім часам вясковая палітыка тут у сэнсе агульнага выгляду адрозьнівалася ад нашай. У адной вёсцы сяляне згадвалі колішняга старшыню калгасу, які быў апантаны прыгажосьцю, дык ня тое што сіласныя вежы ў яго ня мусілі трапляць на вока, але й сялянаў прымушаў прыбіраць падворкі, фарбаваць хаты - каб сачылі за чысьцінёй, парадкам і прыгажосьцю. Так бы мовіць, другі бок калгаснага самадурства. Усяўладнасьць старшыні нейкім чынам вылівалася тут у станоўчае рэчышча. Верагодна бывала такое і ў Беларусі, калі старшыня калгасу ў мэтафары сваёй пасады - чырвоны пан - рабіў акцэнт не на першым, а на другім слове. І тады атрымлівалася, як у Дуніна-Марцінкевіча - ідылія. Краявіды Паазер'я, хоць і ня надта карцінныя гэтай парою, тым ня менш надаюцца для гэткіх сацыяльных пастановак клясычнае п'есы.
Пад'яжджаючы да мяжы, іншы раз зусім страчваеш адчуваньне, што навокал усё яшчэ Літва. Даўно зьмяніўся стыль разьмяшчэньня хатаў і агульны дух навакольля. Толькі зрэдку паказальнікі па-літоўску дысгарманічна тырчаць сярод гэтай ужо Беларусі. У чым адрозьненьне? Можа быць, шырэйшым робіцца крок краявіду, большыя становяцца прасьцягі. Калісьці мы проста фізычна адчулі такую розьніцу на мяжы Віцебшчыны і Пскоўшчыны. Расея адразу сустрэла размахам. У такім краявідзе мусіў жыць Гулівер. Усё наша раптоўна памнажалася на тры ці на пяць. Узгоркі, лясы і нават камякі зямлі на сьвежым ворыве. Тое ж і тут. Толькі беларускае - гэта літоўскае, памножанае, можа быць, на паўтара-два.
Сёньняшнія новазаведзеныя памежныя пераходы быццам ад пачатку задуманыя так, каб не выклікаць станоўчых эмоцыяў. Зразумела, што такая задача ў іхных статутах не прапісаная. Але, падумалася, чаму б і не? Чым урэшце гэтая працэдура, па вялікім рахунку, адрозьніваецца ад усёй астатняй сфэры абслугі? Ну, літоўцы хоць пакідаюць шанец на пэўную нэўтральнасьць. Добры дзень, шчасьлівай дарогі. А нашы... быццам наўмысна імкнуцца падкрэсьліць тваю тут другаснасьць. І гэтак паўсюль, на ўсіх беларускіх пераходах. Гэтым разам у Відзах яшчэ высьветлілася, што працэдура тут адрозьніваецца ад іншых месцаў, быццам не адна беларуская мяжа зь Літвою на ўсе 650 км і быццам не адно ведамства тут працуе. Мытнікі абавязкова падкрэсьліваюць, што няведаньне спэцыфікі іхнага відзаўскага пераходу - гэта твая, падарожнік, праблема і віна, а зусім ня іхная. У іх такі парадак, а што ён адрозьніваецца ад іншых пунктаў, дык гэта начальству відней.
Адзіная радасьць на мяжы - ад таго, што ўрэшце пакідаеш гэтых дачэплівых і небясьпечных вартаўнікоў. Якія наастачу забіраюць у цябе пяць даляраў экалягічнага збору. Законна ці незаконна - тут не разьбярэсься.
Праўда, радасьць разьвітаньня зь імі зараз жа псуецца дзіўным краявідам, якім сустракае цябе радзіма. Проста на ўзбочыне дарогі стаіць табліца "Свалка піщевых отходов" і далей ад дарогі - як скінуць вокам - усё завалена гэтымі самымі адыходамі. Нібы саркастычная ўсьмешка табе ў сьпіну ад работніка мяжы, які ўзяў зь цябе грошы за экалёгію. А ўвогуле - чым трэба думаць, каб так вось паказваць сваю краіну ўсім, хто прыяжджае з-за мяжы.
Тое, што ў нас зусім ня дбаюць пра выгляд краіны, я заўважаў даўно і ў самых розных месцах. Абавязкова першае, што сустрэне цябе ў Беларусі, гэта якая-небудзь шыльда кшталту "Колхоз Россія" ці пагляд памежніка ў Аэрапорце Менск 2, у якім, здаецца, сканцэнтраваная ўся пагарда сьвету да цябе, падарожніка. Першыя вокрыкі, першыя каманды, лязгат жалеза. Не хацелася, але мусіш згадаць вобраз зоны. Але што ж, застаецца крыху пацярпець, вось толькі скончыцца мяжа, вось толькі мінецца гэтая звалка адыходаў і... Там ужо Беларусь. Нават хочучы, усяго не перапсуюць.
Відзы і Опса - мястэчкі зь вялізнымі нэагатычнымі касьцёламі, нічым вонкава не нагадваюць ані пра сёньняшнюю Рэспубліку Беларусь, ані пра мяжу стагодзьдзяў. У Відзах геамэтрычны парадак вуліц па духу навявае асацыяцыі з часамі расейскай імпэрыі, дакладней, зь ХІХ стагодзьдзем, пачаткам дваццатага. З тых часоў тут нічога не зьмянілася, хіба што ў дваццатыя гады дадалася акуратная стараверская царква - праца архітэктара Льва Вітан-Дубейкаўскага. Даводзілася чуць, што ўжо ў гэтым будынку галоўны шукальнік і вынаходнік беларускага архітэктурнага стылю заклаў пэўныя свае ідэі. Чырвонацагляны будынак сапраўды мае вежу, у якой чатырохграньнік пераходзіць у шасьціграньнік - як у Мірскім замку. А ў цэлым царква не пакідае адчуваньня сакральнасьці - затое вельмі хатняя, свойская. Магчыма, такая некалі была і спэцыфічная беларуская вера, адпаведная мэнтальнасьці нацыі.
Праўда, ёсьць у Відзах і зусім свае дэталі, якія кідаюцца ў вока. Напрыклад, маладыя мамкі тут ходзяць з вазочкамі не па тратуары, а па праезнай частцы дарогі, быццам вазочак - паўнапраўны транспартны сродак. У гэтым яшчэ раз пераканаўся, калі спыніўся ля ўзбочыны, а мамка з вазочкам, што ішла ззаду, абмінула машыну не па тратуары, а зь левага боку. Пайшла, так бы мовіць, на абгон.
Яшчэ адна дэталь. Калі ў Відзах пытаесься ў мінакоў, як праехаць на мяжу, яны ўдакладняюць - вам на літоўскую ці на латыскую. Я жыва ўявіў сабе ўнутранае жыцьцё цяперашняга партовага горада Відзаў - тут і ўсялякія рамантычныя кантрабандысты, і ўсеагульная дасьведчанасьць у валютах - у літах, латах, рублях і, натуральна, далярах. І размовы пра кошты, пра працу ў суседніх краінах. Гадоў дваццаць таму Відзы ўспрымаліся вельмі ўнутраным мястэчкам, сярэдзінным. А цяпер во апынуліся на раздарожжы краінаў і народаў.
Праз усю мінулую нядзелю ў вёсках і мястэчках Беларусі можна было сустрэць сьвяточна прыбраных цётак і дзядзькоў на раварах і ў гальштуках да белай кашулі. Паспаліты народ скарыстаў выбары ў палату як рэдкую нагоду выйсьці на людзі ў небудзённым абліччы. А калі яшчэ надараецца такое ў бясконцай чарадзе працоўнага ды пабытовага клопату? Хіба на чыёсьці вясельле ці чыюсьці сьмерць ці якія хрэсьбіны. А так хочацца іншы раз якога ўсеагульнага сьвята. Вось жа выбары - акурат гэткая самая нагода. Яшчэ з савецкага часу. Ці станеш тут задумляцца над хітраспляценьнямі палітычных матывацыяў лукашыстаў і іхных апанэнтаў, над заявамі Дзярждэпу ЗША і байкотам-2000? Гэта што ж - байкатаваць сваю рэдкую асабістую нагоду на іншых паглядзець ды сябе паказаць? Глупства якое. Дый крэпка сядзіць у нашым паспалітым народзе перакананьне, што ў вялікай палітыцы ад яго пэрсанальна нічога не залежыць. Усё жыцьцё галасаваньні ды падлікі галасоў на выбарах былі справай чыста бутафорскай. Як ні круці, а прызначаць таго, каго ўладзе трэба. Сапраўдным было сьвята.
За выключэньнем прымусовых і папярэдніх галасаваньняў сярод студэнцтва, вайскоўства ды ў лякарнях, менавіта нашы сьвяточныя цёткі ды дзядзькі на раварах пры гальштуку склалі тую большасьць, якая дазволіла ўладам заявіць, што выбары адбыліся. Заяўлены апазыцыяй Байкот ня ўдаўся, хоць удачай можна лічыць ужо тое, што ініцыятары капітальна папсавалі "ўсенародную" статыстыку і амаль паўсюдна ўладам давялося аўральным парадкам наганяць дастатковы працэнт, а ў буйных гарадох зрабіць гэта часьцяком так і не змаглі. Апазыцыя рэальна папсавала для многіх людзей веру ва ўсемагутнасьць Лукашэнкі, які заяўляў пра 70 працэнтаў удзельнікаў, яўна разьлічваючы на большае. Але тут, у мястэчках і вёсках Паазер'я думалася не пра Лукашэнку, а менавіта пра апазыцыю - ці ўсё яна зрабіла, што магла і мусіла зрабіць, каб заяўлены выбарчы фарс не адбыўся? Дакладней, што яна зрабіла дзеля тых сьвяточнае цёткі і дзядзькі пры гальштуку, якім трэба было толькі публічнае сьвята, зусім не абавязкова, каб з працэдураю галасаваньня? Бясплатныя канцэрты на адкрытай пляцоўцы, спартовыя спаборніцтвы на стадыёнах, клюбныя імпрэзы для старэйшых людзей... Калі б апазыцыя сьвятам байкоту ці ў гэтым выпадку - проста сьвятам - падмяніла сьвята выбараў, няма сумневу, што вялікае мноства паспалітага народу з радасьцю памяняла б руціну выкрэсьліваньня нікому невядомых і незразумелых кандыдатаў у палатнікі на проста музыку і проста спорт, і проста сьвята.
Калега, які мінулую нядзелю правёў у Наваградку, распавядаў цікавую сцэнку. Ён зь сябрамі піў піва на наваградзкім пляцы, ажно тут ішлі міма дзьве сьвяточна ўбраныя цёткі. І павіншавалі кампанію са сьвятам. На што менскія апазыцыяністы адказалі, што маўляў, яны ў гэтым ня ўдзельнічаюць і Лукашэнку ня вераць. Правільна, - сказалі цёткі. - Мы таксама ня верым.
Ладныя вёскі, сумаштабныя насельнікі, тыповыя клопаты і чалавечыя тыпажы. Вось толькі ў адным выпадку прачнулася ўва мне крытычнае стаўленьне да тутэйшага ладу жыцьця. Можа і не крытычнае, а так, неўразуменьне. Прывяду прыклад. Вёсачка Дукелі стаіць на возеры Дрывяты - тым самым, што і Браслаў, толькі з другога боку. Дарога прыходзіць сюды і ўпіраецца ў вясковую вуліцу, якая цягнецца па беразе - нібы разыходзіцца на дзьве дарогі. Гэтым тлумачыцца і назва вёскі. Дукелі - Дзьве дарогі, па-літоўску. Адразу за хатамі - агароды, а за імі - прыгожы азёрны краявід. І вось падумалася, што ніводная хата не глядзіць вокнамі на гэты краявід, а толькі на гэты бок - на вуліцу. А нават калі б і былі паробленыя вокны да возера, усё адно нічога не было б бачна, бо там хлявы ды іншыя гаспадарчыя збудаваньні.
Можна, вядома, усё гэта растлумачыць проста - вясковец кожны дзень працуе на тле азёрнага краявіду, дык і ня мае патрэбы бачыць яго яшчэ і з хаты. Але зьдзіўляе настойлівасьць, зь якой хаты адгароджаныя ад возера. Міжволі падумаеш, што ён ня толькі ня мае патрэбы, а й не жадае глядзець на той прыгажэнны краявід. Хоць няма сумневу, што калі зьменіцца ў краіне эканамічны парадак, калі людзі пачнуць зарабляць, зьявяцца і эстэтычныя патрэбы і дукельскія хаты павернуцца да возера. Цяпер жа яны глядзяць, стоячы абапал вуліцы, адна ў адну. Можа быць, у гэтым ёсьць мэтафара сёньняшняга існаваньня Беларусі, яе звужанага кругагляду. Зрэшты, гэта болей тычыцца ўжо гарадзкога жыхара. Што да вясковага, дык у яго сапраўды застаецца магчымасьць бачыць сваё возера калі не з вакна, дык з агарода.
Некалькі хатаў у Дукелях паступова развальваюцца, некалькі выкупленыя дачнікамі зь Менску, хоць дабірацца сюды трэба ажно 300 км і ніяк не грамадзкім транспартам. Відавочна, што лёс такіх вёсак пакуль замарожаны. Шкада, насельнікаў робіцца ўсё меней. Паазёрная Беларусь належыць да самых рэдканаселеных земляў у нашай краіне. У гэтых патэнцыйна курортных краях паступова памірае калгасны лад і запаноўвае глухамань запусьценьня.
Вяскоўцы надта скардзяцца на дзікоў, якіх цяпер разьвялося без усялякай меры. Бульбу рыюць. А аднойчы дзічыха са сваімі паласатымі гадаванцамі прайшла проста праз усю вёску па вуліцы. А вось казуляў народ любіць. Шкоды яны не прыносяць, але надта прыгожыя. Цэлы статак кожную раніцу пасьвіцца на ўскрайку вёскі. Ну і ласёў шмат. А ваўкі кажуць, бываюць толькі транзытам, сваіх няма.
Калі гэтак будзе працягвацца запусьценьне, няма сумневу, зьявяцца і свае ваўкі. Але як ты тут скажаш - што страшней - воўк ці прыгнёт, асабісты, сацыяльны, нацыянальны.
Вяртаючыся тым самым шляхам дадому, я думаў пра тое, як зьвязанае паміж сабою ўсё, заўважанае ў гэтай вандроўцы. І наколькі яно ўсё часовае. Гэта ж сапраўды Браслаўшчына, абточаная з бакоў непразрыстымі межамі, дзічэе патроху ў сваім звужаным кругаглядзе. Багаты турыстычны рэгіён чакае ствайго лепшага часу, а прырода тым часам аднаўляе сваё панявечанае індустрыялізацыяй аблічча.
Мне лёгка ўяўляецца прыход таго лепшага часу. Калі адкрыюцца межы зь Літвой і Латвіяй, калі рынецца ва ўсе бакі прадпрыймальны народ, закіпіць гандаль, пачнецца будаўніцтва турыстычнай інфраструктуры і імклівае засяленьне тутэйшых бязьлюдных цяпер вёсак. І тады не спатрэбіцца шмат часу, каб край набыў прыймальны эўрапейскі выгляд, каб зьніклі з вачэй звалкі харчовых адыходаў, каб вясковыя хаты павярнуліся вокнамі да азёраў, да сьвятла”.