(эфір 20 жніўня 2000) Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец. Сёлета 10 ліпеня споўнілася 100 гадоў беларускаму мастаку Пётру Сергіевічу. У Беларусі гэты юбілей прайшоў амаль незаўважна. Калі казаць пра шырокае грамадзтва, абазнанае ў Славянскіх базарах і гастролях Кіркорава, – д ык і зусім незаўважна. Затое годна адзначылі яго ў Літве і ў Польшчы. Выставы, курглыя сталы, пошукі твораў, а найперш – непадробная цікавасьць да асобы мастака і да ягонае спадчыны – вось адрозныя рысы гэтае годнасьці. Гэтак павінна быць. Год таму ў Вострай Браме мы распавядалі пра тое, што пасьля сьмерці мастака ягоны вялізны даробак аказаўся расьцярушаным ледзь не па ўсім сьвеце. Амаль дэтэктыўная гісторыя ўчынілася з "грузавіком карцін", які нібыта адправіўся зь Вільні ў Польшчу, да сваякоў жонкі мастака. Мы тады шукалі сьлядоў таго грузавіка і не знайшлі. Куды дзеліся сотні твораў заставалася невядома. І вось сёньня надарылася нагода зноў вярнуцца да гэтае тэмы, а заадно і паспрабаваць вызначыць месца Пётры Сергіевіча ў сучаснай беларускай культуры. Тэмай спадчыны мастака Пётры Сергіевіча і ягонага юбілею заапекаваўся мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. (Харэўскі: ) "У свой час геніяльны каталёнскі мастак Сальвадор Далі, заўважыў, што нічога ня мае супраць камунізму, бо ад камунізму застануцца толькі пыльныя архівы. На жаль, дадаў мастак. Некалі гэтыя словы я ўспрымаў літаральна, дзівячыся, наколькі прадбачлівым быў Далі, выславіўшы гэтую сэнтэнцыю ў 70-я гады. І толькі цяпер зразумеў яго глыбей... Гэтым летам у Вільні сьвяткавалі стогадовы юбілей беларускага мастака Пятра Сергіевіча. Амаль ўсё сваё жыцьцё Сергіевіч пражыў тут. У 1919 годзе ў ягоныя рукi патрапіла газэта «Kurier Wilenski» з інфармацыяй пра адраджэньне Вiленскага ўнiвэрсытэту з мастацкiм факультэтам. Малады Сергiевiч тады, падпрацоўваючы ад выпадку да выпадку, наведваў то пачатковую школу маляваньня Монтвiла, то Вольную школу малюнку й жывапiсу літоўскага мастака Варнаса. У 1920 годзе Сергiевiч сабраў стос малюнкаў i акварэляў ды зь iмi папраставаў да Рушчыца. Славуты мэтр, прафэсар Фэрдынанд Рушчыц, быў рады любому вучню. У тыя нiшчымныя гады атрымлiваць мастацкую адукацыю мала хто ймкнуўся. Разгледзеўшы практыкаваньнi дзецюка, прафэсар уважлiва агледзеў i яго самога. Пасьля чаго набыў адзiн зь ягоных малюнкаў — шкiц муроў старога ўнiвэрсытэту... З таго часу Сергіевіч стаў неадлучы ад Вільні. Больш за тое, па вайне ён стаў заслужаным дзеячом мастацтваў Літвы й нават кароткі час ачольваў літоўскі Саюз мастакоў. Пры тым скрозь усё жыцьцё ён захаваў сваю беларускасьць. Беларусі прысьвяціў ён усю сваю творчасьць. І гаварыў заўсёды па-беларуску. Што ж за чалавек такі быў Пётра Сергіевіч? Гэтае пытаньне я задаў спадару Рамуальду Будрысу, дырэктару Мастацкага музэю Літвы. Спадар Будрыс добра ведаў нашага мастака, спачатку вучыўся ў яго, а пасьля стаў ягоным сябрам... (Будрыс: ) "Так, так. Я доўга быў і ягоным суседам. Мы часта сустракаліся й на вуліцы й ў краме. Ён быў надзвычай прыемны чалавек. Ён не аднойчы запрашаў мяне ў майстэрню. Мы праводзілі разам багата часу. Гэта быў мастак прыгожае, чыстае душы, сапраўдны маэстра. Што мне ў ім найбольш падабалася, дык тое, што ён заўсёды гаварыў на сваёй прыгожай мове. Гэта была нейкая паўночная беларуская гамана. Такая вясковая, сакавітая. Мне на ўсё жыцьцё запомнілася, як ён бязьмежна любіў свой край. Ён любіў часьцяком чытаць напамяць беларускія вершы. Асабліва, калі быў які слухач. Гэткім слухачом быў і я. Хоць ён быў шмат за мяне старэйшы, але гаварыў са мною як з роўным, не зважаючы ні на ўзрост, ні на нацыянальнасьць.
– Ці сачыў за Сергіевічам КГБ? Ці адчувалася гэта?
Я не магу гэтага пацьвердзіць, бо спэцыяльна не займаўся гэтым пытаньнем. Але, я бачыў у ягонай студыі, праўда прыкрытыя, але гатовыя абразы ён жа шмат працаваў і для бажніцаў. Я быў трохі зьдзіўлены, але думаў гэта ж ня будзе экспанавацца, гэта ж для нейкіх іншых справаў. Гэта адное, а іншае: ён вельмі сябраваў з колішнімі палізьняволенымі. Да прыкладу, у нас працаваў Ян Шутовіч, ён быў дырэктарам Беларускага музэю ў вайну. Яны былі вялікімі сябрамі зь Сергіевічам. Увогуле, уся перадваенная віленская інтэлігенцыя моцна сябравала. Я ведаю, што самому Сергіевічу, як і ягонаму сябру, скульптару Яўхімовічу, вельмі дапамагаў ксёндз-плябан касьцёлу Сьвятое Тэрэзы, Ёзас Вайчунас. Сергіевіч распавядаў, што яны не маглі плаціць за вучобу, дык яны зайшлі да Вайчунаса і шчыра папрасілі дапамагчы. Ён і дапамог. А Сергіевіч пасьля зрабіў ягоны партрэт. Ён наогул сябраваў з многімі сьвятарамі. Ён сябраваў шчыра й сардэчна з усімі, хто вяртаўся са ссылкі, з рэпрэсаванымі людзямі. Што да ГБ. Ён ніколі б нат мне не паскардзіўся, каб яго "даставалі" ворганы, дык ня ведаю, што сказаць дакладна. А пра тое, што ён быў сябра ўсіх "палітычных" – гэта факт. Я сам гэта сьведчу....) (Харэўскі: ) "Тое, што за Сергіевічам цікавала беларускае КГБ, не выклікае сумневу. Чалавек, які быў актывістам даваеннае беларушчыны ў Вільні, які пражыў пад нямецкай акупацыяй сярод сваіх колішніх сяброў, большасьць зь якіх была рэпрэсаваная, які ўпарта працаваў у беларускіх касьцёлах, ня мог не цікавіць гэбістаў. Пагатоў, калі ў паваенную Вільню, у ягоную майстэрню, наноў пачалі сыходзіцца беларусы...Бадай, у менскіх архівах КГБ й ЦК КПБ ёсьць што пачытаць пра Сергіевіча... Спадар Будрыс, на прозьбу беларускае грамады ў Вільні ды беларускіх дыпляматаў, дапамог арганізаваць ладную выставу твораў Сергіевіча ў галерэі "Амацінінку". Прайшла асобная выстава і ў таварыстве беларускае культуры, дзе перахоўваецца нямала твораў мастака. Апроч выставаў, адбыўся й гэтак званы круглы стол, за якім сабраліся тыя, хто ведаў Сергіевіча асабіста й тыя, хто вывучае ягоную творчасьць. Размова неяк сама сабою пайшла ў нечаканым накірунку. Аказалася, што большасьць наагул ня ведае, дзе цяпер ёсьць палотны й малюнкі мастака... Аказалася, што тыя зьвесткі, што ёсьць, напрыклад, у "Гісторыі беларускага мастацтва" не адпавядаюць, мякка кажучы, рэчаіснасьці. У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі захоўваюцца толькі тры невялікія жывапісныя партрэты й дзясятак малюнкаў. А ў музэі гісторыі й культуры – адзін партрэт Скарыны. Той клясычны твор, "Шляхам жыцьця", аказваецца, маёмасьць тэатру імя Янкі Купалы. Я, натуральна, нічога ня маю супраць таго, што жывапіс Сергіевіча перахоўваецца ў нацыянальным тэатры. Але... Але, па-першае – савецкім кніжкам верыць нельга. А па-другое – у мастацкіх музэях Беларусі не зьбіраецца беларускае мастацтва. Захавальнік фондаў Нацыянальнага мастацкага музэю, спадар Паграноўскі, уздыхаючы й разводзячы рукамі, кажа, што няма грошай. Маўляў, ведама, што багата твораў Сергіевіча ёсьць на руках у мастакоў. У Марачкіна, Куліка, Маркаўца. Аднак выкупіць іх няма як. А які й праўда, сэнс аддаваць творы Сергіевіча ў музэй, дзе яны палягуць у пыльныя запасьнікі? Пры гэтым на шанаваньне іншых асобаў грошы ёсьць. Вось ужо трэці раз, да слова, аднавілі сядзібу Рэпіна, пад прыезд Лукашэнкі на віцебскі "Базар"... Нешта палюбілі тую сядзібу пажары. Гэта на беларушчыну грошай няма й ня будзе." (Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі распавядае пра тое, як Беларусь не адзначыла сёлета стогадовага юбілею свайго мастака Пётры Сергіевіча. Сапраўды, дзяржаўныя грошы знаходзяцца на помнікі Пушкіну і на сядзібу Рэпіна што сымбалічна. А вось на выставу Сергіевіча ці на шыльду ягонага настаўніка Фэрдынанда Рушчыца не знайшлі. Рабалепства перад расейскай культурай, няведаньне культураў іншых і сарамяжлівае хаваньне ўсяго свайго такая цяпер палітыка. А яшчэ татальная анэмія, адсутнасьць энэргіі і цікавасьці да ўласнае культурнае спадчыны. Зрэшты, анэмія цяпер у Беларусі паўсюль і ва ўсім, што тычыцца хоць нейкага грамадзкага чыну або духоўнае сфэры. Вось бы зьехацца на які фэстываль у тое Богіна на радзіму Сергіевіча... Дарэчы, Богіна – невялічкая вёсачка на беразе вялізнага возера, якое завецца Богінскім. Гэтае возера ў сваіх Лябірынтах апісаў яшчэ Вацлаў Ластоўскі. Памятаеце, у яго там беларусы вынайшлі падземнае жыцьцё і сталі жыць у глыбіні. На Богінскім возеры, паводле Ластоўскага, на выспе было некалі старажытнае гарадзішча. Аднойчы мы з археолягам Эдвардам Зайкоўскім паехалі туды, каб спраўдзіць. Дык там сапраўды ў дзікім лесе можна рукамі на паверхні падбіраць розныя сьведчаньні старадаўняга жыцьця. Рыдлёўка непатрэбная. Рыдлёўкамі мы пачалі былі выкопваць каменнага паганскага стода падобнага да стодаў з выспы Вялікадня. Гадзіны дзьве капалі вялізную каменную глыбіну, але зьліва прагнала нас з выспы. Другі раз заходзілі мы на выспу на байдарках, калі праміналі Богінскае возера. Дык ня было там ужо таго стода. Дзіўны край, дзе паміж містыкай і рэальнасьцю сьціраецца мяжа. Як у той аповесьці Ластоўскага. Але ж вернемся да Пятра Сергіевіча, які ў тым Богіне нарадзіўся, а ўсё дарослае жыцьцё пражыў у Вільні. Сяргей Харэўскі працягвае: (Харэўскі: ) "Дарэчы, за саветамі камуністы пільнавалі нацыянальнае мастацтва з нашмат большай ўвагаю. Распавядаюць, што па вайне Сергiевiча добра ведаў i Панамарэнка. Партыя сачыла за творчым ростам кожнага больш-менш адметнага беларускага мастака. Рэлігійныя перакананьні мастака не былі сакрэтам. «Барын» Панамарэнка прапанаваў тады мастаку: «Ты пераяжджай да мяне ў Беларусь, а мы табе i касьцёл адчынiм». На сваё шчасьце, Сергiевiч застаўся ў Вiльнi. Багата Сергіевіч маляваў для касьцёлаў ды цэркваў. Апошнiя абразы ён пiсаў на пачатку 70-х, а ў 30-я рабiў абразы i роспiсы для касьцёлаў у Жодзiшках, Быстрыцы, Смаргонi, у мястэчках i вёсках па ўсёй былой Вiленшчыне. Гэтая старонка ягонае бiяграфii па-просту вырваная. Добра, кажу, ці хто зь менскіх музэйшчыкаў цікавіўся лёсамі тых, касьцельных працаў мастака? На гэта ж ня трэба вялікіх грошай."Не, не цікавіўся" – адказвае спадар Паграноўскі. Добра, а ці хто займаўся каталягізацыяй твораў Сергіевіча, што ляжаць па прыватных калекцыях? Гэта ж прамы службовы абавязак музэйнікаў. "Не, ніхто не займаўся". Добра, а як адзначылі ў Беларусі стагодзьдзе мастака, чые творы ўпрыгожваюць беларускія падручнікі? "Ніяк," – разводзяць рукамі чыноўнікі зь Менску. А што захоўваецца ў віленскіх музэях? Пра гэта я таксама запытаўся ў спадара Будрыса... (Будрыс: ) "З творамі Сергіевіча, я, як музэйнік, маю справу ад 1958 году. А ўжо ў 60-м мне собіла сабраць ягоную вялікую юбілейную выставу. Гэта атрымалася й сапраўды буйная выстава, што займала амаль увесь другі паверх мастацкага музэю, ён месьціўся тады ў старой віленскай Ратушы. Гэта была цудоўная экспазыцыя, ён прадстаўляў сваю найбуйнейшую рэч – прысьвечаную Кастусю Каліноўскаму. Былі й іншыя працы – пэйзажы, вельмі багата з Браслаўскага краю, віленскія краявіды, шмат партрэтаў. Найбольш цікавы зь іх – партрэт Максіма Танка, які выклікаў тады агульнае захапленьне. Шмат было твораў, прысьвечаных вясковаму жыцьцю, простым людзям. Ён штогод выяжджаў на сваю бацькаўшчыну, на Паазер'е, шмат там маляваў... Тая грандыёзная выстава й цяпер у мяне перад вачыма. Зараз у нашым музэі больш за 300 жывапісных палотнаў гэтага мастака. У іх ліку – найбуйнейшыя. Прыкладам, тыя ж палотны, прысьвечаныя Каліноўскаму, Урублеўскаму. Іншыя гістарычныя карціны. Зараз у нас вялікая рэканструкцыя. А пасьля абавязкова зробім адмысловую залю пад Сергіевіча. Ягоныя творы гэта ж клясыка..." Я зьвярнуўся да аташэ ў справах культуры беларускага пасольства ў Вільні, спадара Ўладзімера Скараходава, можа ўсё ж ёсьць які шанец паказаць у Менску тую выставу Сергіевіча, што экспанавалася ў Вільні?... (Скараход: ) "Мы хацелі б, каб адбылася сур'ёзная выстаўка Сергіевіча ў гонар ягонага стагодзьдзя. Хутчэй за ўсё ў восень. Зь міністрам культуры Літвы я размаўляў, ён падтрымлівае гэтую ідэю. Я яшчэ не выключаю, што гэта можна будзе зрабіць у рамках дзён Вільні, што проўдуць у Менску, 20-24 лістапада. Можа і ў гэты час. Карацей, яшчэ трэба займацца гэтай праблемаю..." Мне згадалася тая, адзіная й апошняя выстава Сергіевіча ў Менску, у 1981 годзе. Таксама хацелі як лепей. Мастаку спаўнялася 80 гадоў. Над падрыхтоўкаю выставы працавалі дзясяткі беларускіх мастакоў розных пакаленьняў: ад Яўгена Куліка да Адама Глёбуса... Але да юбілею адчыніць выставу не дазволілі. Тады таксама адтэрмінавалі на позьнюю восень. Работы ўжо былі ў Палацы мастацтва. Ізноў прыехаў Сергіевіч, ужо зусім слабы стары чалавек. Аглядаў са зьдзіўленьнем свой велізарны мастакоўскі плён, вакол якога ўвіхаліся ягоныя менскія калегі... І... зноў ня выйшла. Прывезьлі некую выставу расейскіх мастакоў і таму тэрмінова трэ было вызваліць Палац мастацтва. Сергіевіча гэта балюча закранула. Давялося чакаць яшчэ колькі месяцаў. Юбілейная выстава адчынілася праз год пасьля юбілею... І вось цяпер праз 20 гадоў гісторыя паўтараецца. Затое дзьве добрыя выставы мастака роўна ў дзень ягонага нараджэньня адкрыліся ня там, а ў Вільні. Было багата гледачоў, былі кветкі на магіле й каля мэмарыяльнай табліцы. Была выдадзеная невялічкая брашурка. Усё як і мае быць. Што значыў Пётра Сергіевіч для літоўскага мастацтва, для Літвы? Кажа Рамуальд Будрыс: (Будрыс: ) "Пётра Сергіевіч – праўдзівы віленчук. Ён прыехаў у Вільню зь вясковай Беларусі вучыцца. Ягоная творчасьць ад пачатку зьвязаная з гэтым местам. Вільня ж горад многіх народаў, ня толькі літоўцаў. Сергіевіч прынёс у мастацтва нашага краю свой сьветлы, жыцьцялюбны пагляд, бо і ў жыцьці быў вялікім аптымістам. Пасьля апошняе вайны ён выкладаў у мастацкім інстытуце малюнак і кампазыцыю. І сваё ўмельства падараваў маладым студэнтам. І дасёньня многія са знакамітых літоўскіх мастакоў – гэта вучні беларускага мастака Сергіевіча. Летась у "Вострай Браме" мы распавядалі пра лёс віленскай майстэрні Сергіевіча, якую было хацела выкупіць беларускае пасольства... Майстэрня перайшла да іншага ўладальніка, а рэчы й карціны прапалі. Высілкаў віленскае беларускае грамады было недастаткова, а беларуская дзяржава пра тое не парупілася... Тады мы са скрухаю канстатавалі, што сьляды Сергіевічавай спадчыны згубіліся... Але днямі я дазнаўся ўсьцешнае навіны. Алена Глагоўская, дасьледніца беларускае гісторыі з Гданьску, паведаміла мне, што пляменьніца жонкі Сергіевіча ўсё ж такі перавезла творы мастака ў Польшчу. Цяпер самая вялікая калекцыя ягоных работаў там, у Гданьску. І польскія беларусы зьбіраюцца цяпер выкупіць самыя каштоўныя творы для беларускага музэю ў Гайнаўцы, што пад Беластокам. Вось гэтак і скончылася тая дэтэктыўная гісторыя. Выглядае, што Сергіевіча гатовыя ацаніць і ў Літве і ў Польшчы, адно не на ягонай радзіме, якой ён аддаў усё, што меў свой талент. Была такая ідэя стварыць у легендарным Богіна, на Браслаўшчыне, адкуль родам і Сергіевіч, ягоны музэй. Тут яшчэ жывыя людзі, што помняць яго. Ён прыяжджаў сюды штогод, маляваў землякоў. Людзі хадзілі б у гэткі музэй паглядзець на свае партрэты й на сваіх родных. Ім бы й шанаваць ягоную спадчыну. Ня выйшла... Жонка Сергіевіча ўсё бурчэла: "Муй Пётра тылько хлопув вовчас малюе...". Пані Стася была зацятая полька. А мастак думаў, што менавіта гэтыя партрэты сялянаў патрэбныя будуць Беларусі. На радзіме Сергіевіча, у цяперашняй Беларусі, застануцца адно нецікавыя пыльныя архівы камуністаў, кагэбістаў ды іхных ідэйных спадкаемцаў. На жаль..." (Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі недвухсэнсоўна намякае на тое, што ў Беларусі дагэтуль пануюць камуністычныя парадкі. У сёньняшняй праграме мне застаецца толькі сказаць пра месца Пётры Сергіевіча ў сучаснай беларускай культуры. Гэтае месца нават без дапамогі спэцыялістаў надзвычай выразна акрэсьліў сваёй творчасьцю сам мастак. Гэта той тып творцы, якога нацыя ведае са школьных падручнікаў, дзе друкуюцца хрэстаматыйныя карціны пра падзеі гісторыі або партрэты вялікіх людзей або проста пэйзажы. Менавіта для ўнутранага ўжытку найлепшым чынам надаецца творчасьць Сергіевіча. Яго наўрад ці станеш разглядаць у канктэксьце мастацкіх шуканьняў ХХ ст. Ягоная вартасьць у іншым. У часы нацыянальнага станаўленьня, калі пішуцца першыя падручнікі, напрацоўваецца пэўны багаж стэрэатыпаў, у тым ліку і выяўленчых, якія далей будуць пераходзіць у наступнае пакаленьне падручнікаў у нязьменным выглядзе, забясьпечваючы пераемнасьць асацыятыўных шэрагаў нашых бацькоў, нас саміх, нашых дзяцей і ўнукаў. Менавіта гэты непублічны працэс сьведчыць пра тое, што нацыя адбылася, што ў яе ёсьць свая культурная ўсім вядомая атрыбутыка. Сям'я і школа падставовыя ўзроўні станаўленьня будучых носьбітаў нацыянальнае мовы і шырэй – нaцыянальных інтарэсаў. Для школы Сергіевіч пісаў зразумелыя палотны пра паўстаньне Каліноўскага і выявы вялікіх людзей, для сям'і – ствараў партрэты простых людзей, на якіх іхныя ўнукі будуць бачыць сваіх продкаў. Для ўсяго гэтага падручнікавага мастацтва ХХ стагодзьдзе пакінула вельмі мала шанцаў. Але лёс падарыў Сергіевічу немалое жыцьцё, талент і працавітасьць, а таксама добрае чалавечае атачэньне, каб ён мог сам зьдзейсьніць гэты працэс, закласьці такія асновы, сьцерці якія ўжо ня зможа ніякі рэжым. Што да сёньняшняе анэміі і абыякавасьці, дык яна непазьбежна пройдзе, а там мы Сергіевіча як знойдзем".