Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беражыце эліту.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Чарговая саюзная дамова чарговы ж раз павяргае беларускага інтэлігента ў панылы стан. Усё пачалося ў траўні 95-га, калі быў праведзены рэфэрэндум пра мову і сымболіку, і з тых часоў з рэгулярнай пэрыядычнасьцю паўтараюцца гэтыя крыўдныя ўдары і гэтае несуцешнае пачуцьцё ўласнае бездапаможнасьці. Хтосьці ўрэшце расчараваўся ў нацыянальных ідэалах, хтосьці нібы акамянеў сэрцам, а большасьць прыняла на веру зручную формулу: маўляў, усе гэтыя інтэграцыйныя захады нічога ня значаць, і галоўнаму інтэгратару таксама нічога, акрамя тэлевізійнай карцінкі, не даюць. Слабое суцяшэньне...

Беларускі інтэлігент уключае прэзыдэнцкую "Панараму", саркастычна хмыкае на каструбаватыя пасажы прымітыўнае прапаганды ("саюзу быць!") і зь нядобрым накіпам на душы адпраўляецца спаць. Што далей? Што зрабіць? Як вырвацца зь бязвыйснасьці? Пяць гадоў усе адказы на гэтыя пытаньні заблякаваныя марнасьцю высілкаў і нездаволенасьцю ўласным плёнам. Беларускай інтэлігенцыі становіцца візуальна меней, яна ўсыхае нібы тая шчыгрынавая скура, яна расьцярушаная і не зьвязаная міжсобку, яна слабая. Яна ўсё ніжэй згінае галаву пад ударамі ўсё новых дамоваў, аб'яднаньняў і інтэграцыйнай траскатні, сапраўдны сэнс і рэальны плён якіх, здаецца, толькі ў тым і заключаецца, каб пакрыўдзіць, зьнішчыміць, зьнішчыць яе, беларускую нацыянальную эліту.

Я намаляваў наўмысна ўтрыраваную карціну дзеля таго, каб ярчэй убачыць прычыны такога становішча і магчымыя выхады зь яго. Можна было б, наадварот, пералічыць масу ініцыятываў і ўчынкаў, калі беларускі інтэлігент, нягледзячы ні на што, працягвае рабіць сваю справу - выдае пэрыёдыкі і кніжкі, адчыняе мастацкія выставы, піша пранікнёныя вершы... Але ўся гэтая дзейнасьць разам узятая носіць экстэнсіўны характар. Подзьвігі ўчыняюцца па завядзёнцы і таму, што ўчыняць іх патрабуе сьветапогляд. Аднак пануе ва ўсім гэтым інэрцыя. Колішняя дылема пра дзьве неабходныя часткі адраджэньня - руціну і фэерыю - перастае быць дылемай, а застаецца толькі руцінай зь няяснай надзеяй на тое, што некалі ўсё нейкім чынам пераменіцца на лепшае.

Думка прафэсара Ежы Клачоўскага пра захаваньне і пашырэньне эліты, здаецца, ня новая. Аднак жа не прыпомню, каб нехта ў нас пра гэта казаў ці пісаў, а тым больш, ставіў гэтую задачу на першае месца. На першым месцы заўсёды былі заклікі ратаваць незалежнасьць і мову, а вось ратаваць нацыянальную эліту - носьбіта вышэй пералічаных ідэалаў - не заклікалі. У выніку многія з нацыянальнае інтэлігенцыі страцілі веру ў сваю патрэбнасьць грамадзтву.

Сымптаматычна, што разуменьне нацыянальнае эліты як асновы прыходзіць да тых, хто займаецца беларускай сытуацыяй звонку, на захадзе. Мне даводзілася сустракацца з прадстаўнікамі розных заходніх фондаў, якія спансаруюць, у прыватнасьці, незалежную прэсу. У папярэднія гады яны казалі, што нацыянальная культура не ўваходзіць у кола іхных зацікаўленьняў, бо нічога ня можа зьмяніць у рэчаіснасьці. Цяпер усё зьмянілася. Яны пытаюцца - чаму столькі дапамогі выдаткавана на апазыцыйныя партыі і выданьні, а ніякіх сур'ёзных зьменаў у грамадзтве не адбываецца? Выходзіць, няслушна расстаўляліся акцэнты. Па-мойму, адказваю я ім, уся справа ня ў тым, супраць каго змагацца і каб скінуць Лукашэнку, а ў тым, за што змагацца, у тым, каб сфармуляваць характарыстыкі тае Беларусі, якую мы хочам, каб выснаваць тыя якасьці ў людзях, якія мы лічым патрэбнымі захаваць і разьвіць. Досьвед нашых суседзяў паказвае, што без нацыянальнае дзяржаўнасьці ніякіх дэмакратычных пераменаў самі беларусы не дамогуцца. Тады як рускамоўная інтэлігенцыя чакае тых пераменаў ад Расеі. Людзі з Захаду пачынаюць разумець гэта і пагаджаюцца з гэтым.

Што да нашых унутраных дачыненьняў, дык гэтае разуменьне яшчэ не прыйшло. Нацыянальная інтэлігенцыя пакуль яшчэ працягвае страчваць, а не набываць. Я маю на ўвазе такую важную рэч як салідарнасьць. Мне згадваецца паказальны прыклад - апытаньне, якое "Наша Ніва" правяла пасьля Чарнобыльскага Шляху 1996 году, калі 200 прадстаўнікоў нацыянальнай эліты і нацыянальна сьвядомай моладзі апынуліся за кратамі. Што такое салідарнасьць інтэлігенцыі? - запыталіся мы тады ў розных дзеячоў. Паэт Уладзімер Някляеў адказаў:

"Я лiчу разьдзiраньне чарнобыльскай трагедыi ў палiтычных мэтах абсалютна амаральнай дзеяй як з аднаго боку, так i з другога. Я разумею народнафронтаўцаў, асаблiва iх лiдэраў, якiм перакрыта тэлебачаньне, радыё, прэса. Яны палiтыкi ў пераважнай большасьцi. Але яны ведалi, на што iшлi. Iм трэба палiтычна не памерцi, абазначацца, каб быць нейкай, хоць бы ўяўнай, палiтычнай сiлай. Яны сталыя мужчыны i ведалi, на што iшлi. Вось вы пытаецеся пра салiдарнасьць, а яны ведалi, на што iшлi. I, магчыма, баючыся гэтага ўнутры, яны гэтага й хацелi".

Яны ведалі, на што ішлі... Лёс самога Уладзімера Някляева паказаў, што адсутнасьць салідарнасьці - гэта няслушны шлях, які прыводзіць толькі да агульных грамадзкіх і культурных стратаў. Як у тым хрэстаматыйным прыкладзе з фашыстоўскае Нямеччыны. Прыйшлі па суседа. Дык ён жа жыд, - падумаў я. Прыйшлі па другога суседа. Дык ён жа камуніст, - падумаў я. Прыйшлі ўрэшце і па мяне... Нагадаю, што менавіта пагроза арышту змусіла Уладзімера Някляева перабрацца ў Польшчу, дзе, як мне здаецца, беларускі паэт пачуваецца адарваным ад радзімы.

Берагчы эліту - гэта ня толькі даваць камусьці грошы або выхоўваць дзетак у адпаведным духу, хоць гэта і вельмі істотна. Праявы апекі могуць выяўляцца ў тысячы буйных і дробных учынкаў. Выпішыце беларускую газэту, слухайце незалежнае радыё, купіце кнігу беларускага паэта - і гэта будзе каласальная ў нацыянальным маштабе падтрымка асобных творцаў і цэлых групаў нацыянальнае эліты. Згадваю, што апошняе выданьне эстонскай энцыкляпэдыі за савецкім часам разыйшлося накладам 250 тысяч. Гэта значыць, купіла кожная сям'я. У тым ліку сям'я рыбака на далёкім хутары, дзе бацька цягае нерат, а маці цыруе шкарпэтку. Як параўнаць гэта зь беларусамі, у 10 разоў большай нацыяй, дзе энцыкляпэдыі выходзілі і выходзяць у дзесяць, а то й дваццаць разоў меншым накладам? Адпаведна, вялікія калектывы беларускіх навукоўцаў-гуманітарыяў не пачуваюцца запатрабаванымі грамадзтвам, а ва ўмовах рынку - яшчэ й не забясьпечанымі ім. Аднак, тут няма папроку грамадзтву, у чым не было б ніякага сэнсу. І мае развагі датычаць толькі самой беларускай эліты. Бо, як пісаў Уладзімер Караткевіч, ня трэба двух, каб пачаць.

Зразумелая прычына несалідарнасьці беларускіх інтэлігентаў. Гэтая традыцыя была закладзеная або інплянтаваная ў нас яшчэ за савецкім часам. Беларуская савецкая нацыянальная эліта заўсёды была на ўтрыманьні дзяржавы і ніколі не рабіла стаўкі на ўласныя сілы. Напрыклад, не сакрэт, што міт пра нізкую раскупляльнасьць беларускай кніжкі падтрымліваўся самімі выдаўцамі, бо гэта давала ім магчымасьць разьлічваць на большыя дзяржаўныя датацыі. Для рынкавых умоваў такі падыход азначае сьмерць кнігі. Аднак жа інэрцыя працягваецца. Толькі апэляцыі да дзяржавы, а калі яны не даюць плёну - дык саркастычная, зьнішчальная крытыка таго ж Лукашэнкі, і больш нічога. Няправільная моўная палітыка і гэтак далей. Усё гэта так. Толькі не адтуль трэба пачынаць. Справа падтрымкі і пашырэньня нацыянальнае эліты пачынаецца не з заканадаўчай дзейнасьці. Наадварот. Яна знаходзіць адлюстраваньне ў законах толькі пасьля таго, як становіцца фактам рэчаіснасьці. Спрошчана кажучы, калі я непатрэбны сам сабе, як я магу патрабаваць закона аб патрэбнасьці мяне іншым?


(С.Харэўскі: ) "Цяпер мала хто ў нас можа ўявіць сабе, што Чашніцкі раён мае багатую гісторыю. А менавіта тут знаходзіцца старажытны Лукомаль, цэнтар некалі слыннага й заможнага княства. Побач ёсьць яшчэ вёска Чарэя. Некалі й тут быў княскі пасад. Чарэя славілася сваім базылянскім кляштарам, што стаяў на высьпе пасярод возера. А яшчэ гэтая мясьціна дала сьвету выбітнага літаратара Оскара Мілаша. Пасьля першай сусьветнай вайны ён стаў літоўскім дыпляматам у Парыжы і ўсе свае сілы аддаў услаўленьню Літвы, хоць да канца дзён гэтак і не акрэсьліў, нават сам для сябе, дзе яе межы... І ўвесь час мроіў пра сваю мітычную Чарэю. Вось як ён апісваў родны край ў адной са сваіх францускіх лекцыяў:

"Хадземце, я павяду вас у думках у край дзівосаў, сутоньня, імглы й ціхіх шэптаў... Вось мы і тут, на ўскраінах польскіх земляў, ужо паўночных, але яшчэ закаханых у колеры. Адзін мах крыла - і мы праляцім над краінай, дзе ўсе рэчы пазначаныя прыгаслым колерам успамінаў. Нас агортвае пах гарлачыкаў, імжыстая лясная смуга..."

У часы маладосьці Мілаша Чарэя лічылася культурным мястэчкам. Тут былі народная вучэльня, касьцёл, сынагога ды царква. У блізкіх Чашніках у тыя самыя часы працавалі ажно тры народныя вучэльні й адна вышэйшая, было шмат розных бажніцаў. І нават у легендарным Лукомлі на 140 хатаў была школа, прыхадзкая вучэльня, ізноў жа царква, касьцёл ды сынагога.

З тых часоў шмат чаго зьмянілася. Чашніцкі раён цяпер - амаль цалкам мэліяраваная раўніна, адзіная слава якое - электрастанцыя імя 50-х угодкаў СССР у Новалукомлі й Лукомскае вадасховішча пры ёй, на дне якога засталіся курганы й магілы...

Нядаўна пра родны край Оскара Мілаша згадалі і ў Менску. У Чашніцкі раён з інспэкцыяй зьезьдзіў Лукашэнкаў памочнік Посахаў. Па выніках ён паклаў на стол свайго начальніка докладную запіску, у якой красамоўна апавёў пра гэты куток Беларусі.

"... Лад жыцьця нават вясковае інтэлігэнцыі (настаўнікаў, спэцыялістаў саўгасаў і гэтак далей), ня кажучы пра простых работнікаў, дэградуе. Людзі сьпяць без пасьцельнае бялізны, ня маюць нармальнага посуду, апранутыя ў лахманы, практычна не карыстаюцца звычайнымі сродкамі гігіены, мыйнымі сродкамі, ня маюць тэлевізараў, не чытаюць газэт. У дамах зусім няма кніг і часопісаў. У большасьці дробных паселішчаў няма тэлефоннае сувязі. У некаторых дамах адлучанае энэргазабесьпячэньне. Выбітыя шыбы заробленыя дыхтай".

Гэткім выглядае Чашніцкі раён напрыканцы 20 стагодзьдзя. Вядома, адсутнасьць кніг на радзіме Мілаша рэч дзікаватая. Але й гэта ня ўсё... Далей Посахаў піша:

"Харчаваньне людзей скрайне беднае - сала ды бульба, бо лядоўняў няма, склепы не выкарыстоўваюць, садавіну й гародніну няма дзе захоўваць. Ды й немагчыма іх набыць. Дзеці вымерханыя, выглядаюць млявымі, неахайна апранутыя. Іх ратуе ад голаду толькі цэнтралізаванае харчаваньне ў школах. Мэдычная абслуга кепская. Клюбы не ацяпляюцца".

На чатырох старонках гэтага дакумэнту паўстае катастрафічная карціна жыцьця беларускай правінцыі. На загад чыноўніка зь Менску ў тым раёне была праведзеная генэральная прыборка. Што маглі - тое зрабілі... Купляць жа кнігі тутэйшым людзям, вядома, ніхто ня будзе. Зрэшты і карміць іх няма каму. А сакрэтныя дакладныя запіскі апошніх гадоў лягуць у архівы. Можна шукаць вінаватых, але сёньня няма сэнсу.

Ёсьць сэнс пачытаць Оскара Мілаша. Ягоная радзіма застанецца ў сусьветнай культуры гэткай, якой яе стварыў ён. Бяз голаду, бруду і брыды запусьценьня...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG