Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іспыт па беларускай гісторыі.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Ці даводзілася вам калі-небудзь рыхтаваць уласнае дзіця да іспытаў па беларускай гісторыі? Звычайна беларускія адраджэнцы лічаць сябе знаўцамі айчыннай мінуўшчыны, прынамсі ў агульных рысах. Але варта засесьці за экзамэнацыйныя пытаньні, як разумееш, што ступіў на шлях многіх асабістых адкрыцьцяў. Вось на гэтую тэму і пойдзе гаворка ў сёньняшняй "Вострай Браме".

Першае экзамэнацыйнае пытаньне, якое прыцягнула маю ўвагу - гэта хрысьціянізацыя Беларусі. Растлумачу чаму. Па-першае, нерэлігійнасьць беларусаў, пра якую мы гаварылі ў адной з папярэдніх перадач, ня можа быць зразуметая без разуменьня пачатку. Як і калі нас хрысьцілі? Па-другое, яшчэ з савецкіх падручнікаў засталося ў памяці тое, як хрысьцілі Кіеў і Ноўгарад. Тады хрышчэньне Русі ўспрымалася ў кантэксьце гісторыі СССР як, дазволю сабе непазьбежны каламбур, хрышчэньне ўсяго савецкага народа, гэта значыць і нас таксама. Але з набыцьцём незалежнасьці і з распадзелам агульнай гісторыі, мы - выпалі. Не знайшоў я ў кнігах пра Беларусь такой велічнай сцэны, як гэта было ў Кіеве, дзе князь Уладзімер заганяе народ у ваду або як гэта падаецца ў гісторыі Літвы, дзе хрышчэньне літоўцаў ажыцьцяўляе Ягайла. У літоўскай гісторыі, дарэчы, ёсьць забаўны эпізод пра тое, што кожнаму літоўцу, якога Ягайла заганяў у ваду пасьля выдавалі цёплы швэдар, прывезены з Польшчы. Гэтым падступныя каталікі-палякі нібыта імкнуліся падкупіць літоўскіх паганцаў. Як бы там ні было, а велічныя сцэны гістарычнага хрышчэньня сталі падставовымі ў нацыянальнай сьведамасьці і расейцаў і літоўцаў. Беларускае хрышчэньне я папрасіў пракамэнтаваць гісторыка Генадзя Сагановіча.

(Г.Сагановіч: ) "Ніякіх сьведчаньняў пра хрост на землях Беларусі, такі як у Кіеве ці Ноўгарадзе, у нас проста няма. У падручніках гісторыі, у папулярнай літаратуры гаворыцца, што адразу пасьля Кіева хрысьціянства было ўведзена і ў старажытнабеларускіх княствах. Але гэта нічым не пацьвярджаецца. На хрысьціянізацыю Полацкай зямлі паўплывала яе адасобленасьць, барацьба за самастойнасьць. Як вядома, мясцовыя князі працівіліся ўвядзеньню новай, універсальнай рэлігіі, што мацавала цэнтральную ўладу імпэрыі. Айчынны гісторык Георгі Філіст ужо даказваў, што хрысьціянства ў Полацку не было ні пры Ізяславе, ні пры Брачыславе. Сапраўды, Ізяслаў на момант кіеўскага хросту ўжо сядзеў у Полацку ды так і не прыняў хрышчэньня. Няхрышчаным заставаўся і тураўскі князь Сьвятаполк. Брачыслаў Ізяславіч сцьвердзіў незалежнасьць Полацка, распачаў барацьбу з Кіевам, узяў Ноўгарад! А праціўленьне палітыцы Кіева азначала і непрыняцьце ягонай веры.
Сытуацыя стала мяняцца толькі пры Ўсяславе, які ў 1062-1066 г. будуе полацкую Сафію – фактычна адзіны ў нас мураваны храм да канца ХІ ст. Падобна, толькі пасьля вяртаньня Ўсяслававых сыноў з бізантыйскае высылкі хрысьціянства тут стала распаўсюджвацца шырэй. Тады ў Полацкай зямлі вырас дзясятак мураваных храмаў. Пад 1105 летапісцы згадваюць ужо і рэальнага япіскапа Полацкай япархіі. Так што ў Беларусь, прынамсі Паўночную і Цэнтральную, Хрыстовая вера прыпазьнілася прыкладна на стагодзьдзе".

(С.Дубавец: ) Калі Генадзь Сагановіч кажа, што хрысьціянства ў Беларусі прыпазьнілася на стагодзьдзе, я думаю, што яно прыпазьнілася ў прынцыпе. Дакладней, не прыпазьнілася, а не было прыдумана нашымі гісторыкамі як галоўны факт нацыянальнае мінуўшчыны. Урэшце, масавыя гісторычныя веды - гэта і ёсьць пэўныя знакавыя формулы на падставе дакумэнтальных зьвестак. А такіх зьвестак ніколі не бракавала і не бракуе. Гэтую думку пацьвярджае Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "У Полацку, там, дзе на высокай гары па-над ракою стаіць сёньня Курган Славы, адзін са шматлікіх савецкіх мэмарыялаў, была некалі сьвятая магіла. Памяць пра яе сьцерлася ня толькі ў людзкой сьведамасьці, але й са старонак нашых старадаўніх кніг. Гэта магіла славутага скандынаўскага місіянэра пачатку Х стагодзьдзя сьвятога Торвальда Вандроўніка, высілкамі якога да веры Хрыстовае была спрычыненая Ісляндыя. Напрыканцы сваіх працаў эвангелічных, сьвятар зьдзейсьніў падарожжа ў Сьвятую Зямлю, у Ерусалім. Па вяртаньні адтуль ён гасьцяваў у канстантынопальскага патрыярха й быў у вялікай пашане ў бізантыйскага імпэратара. Затым сьвяты Торвальд адважыўся на падарожжа ў тады дзікі й малавядомы сьвет - у нетры ўсходняй славяншчыны. Ягоны сьветлы шлях скончыўся ў Полацку, дзе ён заснаваў манастыр Яна Хрысьціцеля. Нястомны прапаведнік Торвальд пасьля сьмерці быў пахаваны на гары, над якой засьвяціўся крыж. Апошнія згадкі пра манастыр сустракаюцца ў летапісах XIV стагодзьдзя й зьнікаюць назаўжды...

Аднак нават сьвяты Торвальд, які хрысьціў нашых продкаў раней за хрост у Кіеве, ня быў першы. Адзін зь летапісаў 834 году распавядае пра Ансгарыя, папскага легата ў паўночных народаў, які дабраўся да крывіцкіх земляў і колькі часу вандраваў там. Які вынік мела тая душапастырская дзейнасьць - невядома, але Ансгары, жывы й здаровы вярнуўся ў Рым і распавёў там пра наш край. Бадай, гэта і ёсьць першае дакумэнтальнае сьведчаньне пра дзейнасьць хрысьціянскіх місіянэраў у Беларусі. Каталіцкая традыцыя ўказвае таксама на нейкага мансьёра Бэрнарда, нібыта ірляндзкага манаха, які ў ІХ стагодзьдзі прапаведаваў у ваколіцах Навагарадка і ўсталяваў там першы крыж...

Ёсьць і яшчэ, праўда, ускосныя падставы сьцьвярджаць, што і да 988 году ў Беларусі былі хрысьціянскія бажніцы. У нямецкіх калёніях у Полацку і Віцебску. Нямецкая царква дакладна йснавала напрыканцы Х стагодзьдзя ў Смаленску. Але наколькі плённымі былі высілкі ўсходніх ды заходніх місіянэраў, наколькі яны здолелі ахапіць увесь край, - невядома.

У артыкуле "Аб беларусах лаціньніках" Янка Станкевіч у 1922 годзе наводзіць на адну нібы нечаканую думку: "Тэба думаць, што дзякуючы арабскаму культурнаму ўплыву, некаторыя Беларусы прыймалі і іслам". Насамрэч, гандлёвыя кантакты Беларусі з Арабскім Халіфатам, Булгарыяй ды Хазарыяй былі вельмі шчыльнымі напрадвесьні хрысьціянізацыі. Пра што сьведчыць вялікая колькасьць у нашай зямлі скарбаў, манэтаў ды рэчаў з мусульманскага Ўсходу. Пра Сьвятога Торвальда нам нядаўна стала вядома са старажытнае скандынаўскае "Сагі пра хрышчэньне" скальда Бранда. Хто ведае, мо ў якой з арабскіх бібліятэк хто-небудзь знойдзе чароўны аповед і пра духоўны подзьвіг якога мусульманіна, што навярнуў на сваю веру дрыгавічоў або ліцьвінаў?..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі пералічыў некалькі гістарычных фактаў, зь якіх беларускія гісторыкі маглі б стварыць прыймальны для масавае сьвядомасьці міт нацыянальнага хрышчэньня. Тут закладзены першы адказ на пытаньне сёньняшняга нашага гістарычнага іспыту. Беларуская навука не напрацавала яшчэ дастатковую колькасьць публічных стэрэатыпаў. Прынамсі, у параўнаньні з суседзямі гэта так. Калі я параўноўваў беларускі і літоўскі школьныя падручнікі, у мяне было два адчуваньні: першае - што яны бессаромна хлусяць, зрабіўшы з гісторыі трэнажор нацыянальнага ўзгадаваньня, другое - што мы ўвесь час сарамліва азіраемся па баках, баючыся каго-небудзь пакрыўдзіць, а ў выніку пагразаем у хітраспляценьнях аб'ектывізму. Для літоўцаў у гісторыі не існуе нас. Для нас адваёўваньне ў сваёй гісторыі іх стала сапраўдным падзьвіжніцтвам яшчэ з часоў савецкай цэнзуры. Але зьвярнуся да фактаў. Усяго адзін эпізод. Сын Міндаўга Яўнут, - кажа беларускі падручнік, - заступіў на вялікакняскі пасад пасьля бацькі, і сядзеў, пакуль ня быў скінуты братамі, уцёк у Масковію, прыняў праваслаўе і быў названы Іванам, вярнуўся дадому і атрымаў ва ўладаньне Заслаўе. Паводле літоўскага падручніка Яўнуціс уцёк у Польшчу, а па вяртаньні атрымаў Трокі. Не бяруся камэнтаваць гэткае рашучае разыходжаньне і зноў зьвяртаюся да гісторыка Генадзя Сагановіча.

(Г.Сагановіч: ) "Яўнут быў зьвергнуты Кейстутам зімою 1344/45 г. Пасьля гэтага ён колькі месяцаў прасядзеў у палоне, а тады ўцёк на Русь. Спачатку затрымаўся ў Смаленску, але там не знайшоў належнай падтрымкі і падаўся ў Маскву. У Маскве Яўнут прыняў праваслаўны хрост. У 1347 г. ён ужо вярнуўся ў айчыну, памірыўся з братамі і атрымаў у валоданьне Заслаўе. Замірэньню і спакою пэўна паспрыяла тое, што вярнуўся ён праваслаўным і цяпер наўрад ці мог прэтэндаваць на вялікакняскі пасад.

Вось вэрсія, якая паўстае з аналізу небагатых зьвестак летапісаў і хронік. Яна даўно прынятая і гісторыкамі, такімі аўтарытэтамі, - як Стадніцкі, Любаўскі, Пашкевіч. Нават Віснэр, вялікі летувафіл, піша, што Яўнут шукаў дапамогі ў Маскве. Не разумею, чаму і на якой падставе літоўцы пішуць іншае. У Польшчу Яўнут не ўцякаў бы, бо Кейстут і Альгерд, рыхтуючы пераварот, зносіліся акурат з Польшчаю, схіляючы яе да антыордэнскага саюзу. І Трокі ён атрымаць ня мог, бо гэта была сталіца ўладаньняў Кейстута".

(С.Дубавец: ) Цікава, што на такія сьцьверджаньні Генадзя Сагановіча мог бы сказаць літоўскі гісторык. Зрэшты, адказ ня стаў бы пачаткам дыялёгу. Літоўцы палічылі выгадным для сябе выкрэсьліць беларусаў з уласнай гісторыі і зрабілі гэта. Вы скажаце, а як жа старабеларуская мова, якая ў Вялікім Княстве Літоўскім была афіцыйнай? Яны адкажуць, што афіцыйнай была не беларуская, а канцылярская мова. Гэта значыць, мова, у якой не было жывога носьбіта. А калі б і быў, дык называўся б мусіць народам канцыляраў ці канцылярытаў ці канцылярцаў. Яшчэ адно наша гістарычнае імя.

Зрэшты, палеміка зь літоўцамі на гістарычныя тэмы ніяк не ўваходзіла ў пляны сёньняшняе перадачы. А паралелі я прывёў толькі для таго, каб паказаць, што школьная гісторыя ў нашых суседзяў абсалютна выразна пастаўленая на службу не абстрактнаму аб'ектывізму, а сыстэме нацыянальнага ўзгадаваньня. Да чаго ў нас пакуль не дайшло.

Яшчэ адно пытаньне - хто мог бы сёньня ў Беларусі праводзіць нацыянальную гістарычную ітдэалёгію ў школе і для публікі. Энтузіязм колішніх Талакоўцаў згас разам з абвешчаньнем сувэрэнітэту краіны, што большасьць зь іх успрыняла як зьдзяйсьненьне ідэалаў маладосьці. Наступнае ў сярэдзіне 90-х заявіла пра сябе пакаленьне студэнтаў-гуманітарыяў, сярод якіх найбольш яркіх асобаў вылучылася на гістарычным факультэце БДУ. Колькі здаровага аптымізму было ў іх. Гэта яны прыходзілі ў нацыянальныя арганізацыі і прэсу - беларускамоўныя і адукаваныя, гатовыя да адраджэнскае працы. А колькі гаварылася пра першыя рэпрэсіі супраць іх, пра зьмену кіраўніцтва факультэту. І вось усё скончылася. Чаму? Я спытаўся пра гэта ў аднаго з прадстаўнікоў пакаленьня гісторыкаў - Севярына Квяткоўскага.

(С.Квяткоўскі: ) "Ранкам 31 траўня ў цэнтры сталіцы я пачуў фразу з гутаркі двух юнакоў: "Такое магло здарыцца толькi ў Менску". Пра сябе дадаў - i толькi цяпер...

У натоўпе, што напярэдадні мкнуў ад маланак да станцыi мэтро "Нямiга", не было маiх аднакурсьнiкаў, тых, хто паступiў на гiстарычны факультэт БДУ ў 1991 годзе. Можа таму, што яны лiчаць сябе засталымi, каб наведваць "падлеткавыя" iмпрэзы. А можа, гэта тое адчуваньне "элiтнасьцi", што панавала над намi зь першых дзён навучаньня, не дазваляе браць удзел у сёньняшнiх масавых забавах, падагнаных пад бэпээсэмаўскiя ўзоры...

Тады, у 91-м мы сапраўды адчулі сябе элітай. Цi не палова аднакурсьнiкаў гаварылі мiжсобку па-беларуску. А пазьней менавiта з iнiцыятывы студэнтаў-гiсторыкаў пачаўся адлiк менскага вулiчнага супрацiву. 24 траўня 1995 году каля трох сотняў юнакоў абышлі з закінутымі за галаву рукамі рэзыдэнцыю Лукашэнкі - былое ЦК, а затым спалілі каля грамадзкай прыбіральні сьцяг БССР. І гэта была падзея на фоне павольнага, але няўмольнага спаўзаньня ў прыватных дачыненьнях да расейскае мовы.

Так здарылася з маім аднагрупнікам Віцьком. На першым курсе ён сьпяваў уласныя вершы пад гітару, займаўся ўсходнімі адзінаборствамі і марыў зарабіць багата грошай, каб мець магчымасьць выхоўваць маладых нацыяналістаў - фізычна і духоўна. Віцёк, ці не адзіны з усіх, сапраўды ўвайшоў у вялікі бізнэс, на ідэю забыўся, а сёньня... сідзіць у сьледчым ізалятары.

Сьпіс няспраўджаных праектаў можна працягваць доўга... Зрэшты, я рэдка бачуся з былымі аднакурсьнікамі. Хіба пару разоў сустрэў іх на мітынгах. Праўда, ня тых, з кім дзяліў ідэалы юнацтва, а тых, што пайшлі вучыцца ў КГБ.

Мне зараз цяжка прыгадаць якую-кольвек звышiдэю, якая б панавала сярод студэнтаў-гiсторыкаў на пачатку 90-х. Было абсалютна ясна, што створыцца паўнавартасная беларуская
дзяржава, i што "элiта" зойме ў ёй адпаведнае месца, якое гарантаванае валоданьнем мовай i веданьнем акалiчнасьцяў паўставаньня Вялiкага Княства Лiтоўскага, недасяжных для
большасьцi суграмадзянаў. Гэтага адчуваньня я не знаходжу і ў сёньняшнiх падлеткаў-юнакоў. Тых, што душылi адзiн аднаго ў пераходзе на "Нямiзе".

Я паспрабаваў уявiць, што здарылася б, калi б падобнага кшталту "сьвята" ў тых жа маштабах расьцягнулi ў часе па прыкладзе славутага бразыльскага карнавалу. І зараз адчуў, што наш прэзыдэнцкі карнавал, якi колькі гадоў таму падкупiў сваёй прастатой i дасягальнасьцю i сьвядомых, i несьвядомых, не перапыняўся нi на дзень. Мае "элiтныя" аднакурсьнiкi-гiсторыкi распусьцiлiся ў гэтым "сьвяце жыцьця", так i не дачакаўшыся прыходу незалежнай "сьветлай будучынi".

Ранак 31 траўня быў падобны да раптоўнага працьверазеньня ня толькi ва ўскосным, але і ў непасрэдным сэнсе. Мяркую, ня толькi я, акрамя жаху й шоку, паспытаў пачуцьцё сораму. Гэта была квiнтэсэнцыя сораму, якi набрыньваў апошнiя пяць гадоў.

"Такое магло здарыцца толькi ў Менску, i толькi цяпер". Такое здараецца кожны дзень i кожную сэкунду па ўсёй Беларусi. Ёсьць процьма беларусаў, якiх ужо растапталi, альбо топчуць зараз. Ёсьць беларусы, якiя спрабуюць выратавацца. Яшчэ меншая колькасьць беларусаў спрабуе выратаваць iншых, але большасьць з рогатам нясецца пад зямлю, штурхаючы адзiн аднаго.

Кожны выбiрае свой шлях, але ранак будзе агульны для ўсiх".

(С.Дубавец: ) Севярын Квяткоўскі распавёў пра сваё пакаленьне студэнтаў гісторыкаў. Пасьля разбурэньня гэтага атраду адраджэнцаў ніякага поступу ў нацыянальнай гістарычнай адукацыі не прадбачыцца. Хутчэй наадварот. Дырэктывы Замяталіна адну за адной рэжуць школьныя кніжкі з патрабаваньнем "единого взгляда на історію страны в соответствіі с требованіем презідента РБ". Ніякай творчай свабоды. У зьвязку з гэтым у мяне яшчэ адно пытаньне да гісторыка Генадзя Сагановіча. Генадзь, якія пэрспэктывы школьнае гістарычнае адукацыі ў Беларусі бачыш ты?

(Г.Сагановіч: ) "У савецкія часы гісторыі Беларусі як асобнага прадмету ў школах проста не існавала. Яна была неабавязковым дадаткам да галоўнага курсу - гісторыі СССР (фактычна Расеі). Пасьля развалу Саюзу становішча стала хутка мяняцца. Ужо ў 91-м была апублікаваная новая канцэпцыя гістарычнай адукацыі ў Беларусі, якая ўпершыню скасавала гісторыю СССР, а гісторыі Беларусі надала статус асобнай дысцыпліны. Канцэпцыя арыентавала выкладаньне гісторыі на адраджэньне гістарычнай памяці і нацыянальнай сьвядомасьці, на выхаваньне патрыётаў Беларусі незалежна ад нацыянальнасьці. Так што прынцыпы пасьпелі закласьці нармальныя. На іх распрацаваная Праграма па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школаў, якая выйшла ў 95-м і пакуль не адмененая. Да праграмы дастасаваныя новыя падручнікі, па якіх таксама яшчэ вучацца. Праўда, ужо некалькі гадоў іх фільтруе ад крамолы спэцыяльная ўрадавая камісія, а вэтэраны і камуністы пішуць свае, альтэрнатыўныя падручнікі. На курс гісторыі Беларусі ў нас адводзіцца 152 гадзіны, а на сусьветную гісторыю – 300. Ці нармальная гэта прапорцыя? Наўрад ці. Ва Ўкраіне, напрыклад, 225 гадзін – на ўкраінскую гісторыю, і 272 – на сусьветную. На жаль, пакуль пануе цяперашні рэжым - сытуацыя з нашай гісторыяй будзе пагаршацца. Прагназуецца, што ў бліжэйшым часе ў сувязі з пераходам на 12-годку будзе скарочана колькасць гадзінаў на гісторыю наагул, і зробяць гэта найперш за кошт гісторыі Беларусі".

(С.Дубавец: ) Генадзь Сагановіч намаляваў карціну фактычнага развалу школьнай гістарычнай адукацыі. Якія ж сутнасныя зьмены нясе перагляд беларускай гісторыі на манер Лукашэнкі і Зямталіна. Пра гэта распавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

(Уладзімер Арлоў: ) "Гадоў пяць таму ў менскую школу, дзе вучылася мая пляменьніца, зачасьцілі місіянэры з аднаго тутэйшага праваслаўнага брацтва. На сустрэчах з вучнямі адбывалася раздача кніжак пад немудрагелістымі назвамі "Спасение России" або "Молитвы за Россию". Сярод прадукцыі такога кшталту дзеці - напэўна для сямейнага чытаньня - атрымлівалі і нумары "Вестника Белорусского экзархата".

Адзін з нумароў гэтага даволі прэзэнтабэльнага выданьня пляменьніца прынесла мне. "Дзядзя Ўладзя, а вось тут пішуць няпраўду". Усьлед ха пальчыкам дзяўчынкі я пачаў чытаць пра "незабвенного деятеля Белорусского края, графа Михаила Николаевича Муравьева, неутомимого радетеля об укреплении в белорусском народе христианских добродетелей, строителя в белорусских городах и весях православных храмов, ходатая о переносе мощей белорусских святых" і прочая і прочая.

Мне заставалася ўдакладніць, чаму канкрэтна дзяўчынка лічыць, што дарослыя дзядзькі з "Вестніка" хлусяць. І тады з вуснаў пяціклясьніцы, якая яшчэ не праходзіла тэму нацыянальна-вызвольнае барацьбы на ўроках, я пачуў, што насамрэч гэты Мураўёў забараняў беларускую мову, душыў паўстаньне Каліноўскага, аддаваў загады вешаць і расстрэльваць паўстанцаў, за што і атрымаў мянушку Вешальнік. Ці трэба казаць, што я застаўся цалкам задаволены і настаўнікамі маёй пляменьніцы, і наогул курсам, узятым беларускай сыстэмай адукацыі.

Паглядзіўшы разумную дзяўчынку па галоўцы, я ўзгадаў францускага гісторыка Шуля Мішле, які назваў сваю навуку ўваскрашэньнем. Я падумаў, што гэтае мэтафарычнае азначэньне, магчыма, як ніякае іншае, сугучнае беларускаму нацыянальнаму кантэксту, і сеў пісаць водгук на публікацыю "Вестника".

Мне здавалася, што я яшчэ пасьпею растлумачыць пляменьніцы і тое, што "Вестник Белорусского экзархата" - гэта часопіс мясцовага аддзяленьня Расейскай праваслаўнай царквы, і тое, каму служыла і служыць гэтая царква разам з аддзяленьнямі. Я толькі зьвярнуў увагу дзяўчынкі на тое, што артыкул у "Вестнике" не падпісаны, а значыць дарослы дзядзька аўтар ведаў, што хлусіць.

Прамінуў год ці два. Краіна атрымала прэзыдэнта і новы ўрад, а Міністэрства адукацыі - новага міністра. У адзін цудоўны дзень я разгарнуў сьвежы нумар не, ня "Весніка Беларускага экзархату", а "Настаўніцкай газеты". Менавіта там, у органе Міністэрства адукацыі краіны, мяне чакаў працяг сюжэту, зьвязанага зь "незабвенным графом".

Пад рубрыкай "У дапамогу настаўніку" газэта пісала пра таго самага начальніка "Северо-Западного края, яго сіяцельства Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва". Настаўнікам і іхным вучням належала ведаць, што "гэта быў энэргічны дзяржаўны дзяяч, які зь веданьнем справы рабіў тое, да чаго быў закліканы. У Вільню ён прыехаў з плянамі дзеяньняў і неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Ён быў першым зь дзяржаўных дзеячоў Расеі, што ўзьняў пытаньне аб пастаноўцы шырокай народнай адукацыі ў краі, прычым на "местном наречии", пад якім ён, безумоўна, разумеў беларускую мову. Я чытаў далей і прыкідваў, дзе будзе абранае месца пад помнік гэтаму выбітнаму чалавеку нашага краю, які любіў, між іншага, паўтараць, што ён ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць.

Мне захацелася прапанаваць аўтару публікацыі ў "Настаўніцкай газеце" шэраг пытаньняў, самым мяккім зь якіх, напэўна, было б пытаньне пра тое, чаму ж яго сіяцельства Мураўёў так і не адчыніў У Беларусі ніводнай школкі на "местном наречии"?

Але артыкул у "Настаўніцкай газэце", як некалі і ў "Весніку Беларускага экзархату" быў непадпісаны. Праўда, у гэтай ананімнасьці было адно істотнае адрозьненьне: у першым выпадку аўтар апалёгіі ката Беларусі ўжо баяўся. У другім, у "Настаўніцкай газеце" - яшчэ баяўся".

(С.Дубавец: ) Уладзімер Арлоў казаў пра рэсаветызацыю беларускай гістарычнай адукацыі. Мне ж застаецца толькі ўдакладніць тэрмін. Тое, што робяць з нашай гуманітарнай навукай Лукашэнка і Замяталін безумоўна ня новае і бярэ пачатак недзе ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, у часы таго самага Мураўёва, для якога таксама не існавала Беларусі, а быў, як на сёньня сувэрэнны і незалежны, Северно-Западный край.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG