Яшчэ напачатку 80-х менскiя студэнты-фiлёлягi распавядалi показку пра аднаго свайго прафэсара, выкладчыка беларускай мовы, якi ў кафэтэрыi прасiў фiлiжанку кавы. Мажная прадавачка зьмянялася з твару й кiдала прафэсару зьняважлiвае «Чыво?» На што абамлелы мэтр тоненька адказваў: «Стаканчык чаю, пажалуста». Сьмяялiся студэнты ня так зь перамены мовы, як зь перамены зьместу: фiлiжанка кавы ператварылася ў шклянку гарбаты. Але сёньня гутарка пойдзе менавiта пра перамену мовы. Пра тое, што народ па-беларуску не гаворыць, а ў менскiх адраджэнскiх асяродках, у патрыятычных групоўках, у рэдакцыях беларускiх газэт, памiж пiсьменьнiкаў усё часьцей чуваць небеларускае слова. У нас няма нi падставаў, нi права, нi жаданьня выступаць у ролi моўнае палiцыi або асуджаць людзей за тое, што яны штодзённа i штогадзiну раздвойваюцца. Нас цiкавiць сама зьява, калi заяўлены тэбээмавец або бээнэфавец, або майстар прыгожага пiсьменства пасярод нацыянальна-адраджэнскае гаманы перарываецца на тэлефонны званок уласнаму дзiцяцi, каб распавесьцi, што «борщ возьмешь в большой кастрюле в холодильнике». Пасьля гэтага наш герой працягвае заўзятую дыскусiю пра тое, што рабiць, каб беларускi народ нарэшце загаварыў...
«Моўная аўтаномiя» — найбольш пашыраная форма iснаваньня жывога роднага слова. Натуральнае моўнае асяродзьдзе яшчэ застаецца ў вёсцы, а ў вялiкiх гарадах адраджэнцы гуртуюцца ў суполкi й сябрыны, каб адгарадзiцца ад вонкавага пабытовага сьвету. Досьвед апошнiх дваццацi гадоў паказаў на нетрываласьць моўных аўтаномiяў, якiя не разрастаюцца й не зьлiваюцца, як таго можна было б чакаць, а разбураюцца звонку. Бо ўвесь час трымаць сябе ў напружаньнi да зьнешняга жыцьця, у гатовасьцi даць здачы вельмi цяжка. Зь iншага боку, кожнаму зразумела, што Беларусь нiколi ня стане беларускамоўнай, пакуль людзi — i гэта мусяць быць першыя людзi, прыклад для астатнiх, не пераломяць у сабе той псыхалягiчны бар'ер. Дзяржаўная падтрымка, законы i ўсё, што iдзе зьверху, можа мець сэнс толькi пасьля таго, як зьдзейсьнiцца пералом, калi на гарадзкой вулiцы сяды-тады пачуеш беларускае слова, i калi яно, слова, ужо ня будзе шакаваць публiку.
Нешта падобнае адбылося ў нас з рэлiгiяй. Згадайце, як гадоў дзесяць таму прыцягваў увагу абразок у кабiне кiроўцы тралейбуса. Ага, — думалi сабе людзi, — вернiк. Альбо калi бухгалтар Нiна Пятроўна сустракала суседку, таксама бухгалтара Зiнаiду Васiлеўну i тая на пытаньне «А вы адкуль?» адказвала: «З царквы». Для Нiны Пятроўны гэты адказ быў сапраўдным шокам. А потым пайшло-паехала.
Штотыднёвыя радыётрансьляцыi з Чырвонага касьцёлу i штогадовыя ўсяночныя шоў у тэлевiзары. Людзi прызвычаiлiся да праяваў рэлiгii й рэлiгiйнасьцi, і цяпер гэта ўжо нiкога ня ўражвае. Аднак варта згадаць, што пачалося такое стаўленьне зь першых стаiчных учынкаў кiроўцы тралейбуса i Зiнаiды Васiлеўны, якiя вытрымалi тысячы неўразумелых позiркаў i сьцьвердзiлi сваё права на веру.
Напэўна, тое самае мусiць адбыцца i з публiчным стаўленьнем да мовы. З чаго пачаць? Хоць бы з таго, што адзiн дзень пражыць па-беларуску, без чужога слова.
(Сяргей Харэўскi: ) "Адзiн зь ясных успамiнаў майго дзяцiнства — цыганскi табар на менскай вулiцы Пулiхава. Звон падковаў, колаў фурманак i кiбiтак на бруку, конi, каровы, козы, перагукваньнi дзiўных смуглявых людзей. Апошнiм, што я запомнiў з таго цёплага кастрычнiцкага вечара, было тое, што гэтыя непадобныя да нас людзi гаварылi па-беларуску, перасыпаючы нашу мову сваiмi словамi.
Значна пазьней я згадаў гэты свой дзiцячы подзiў, калi, падкiдаючы нагамi жоўтае лiсьце, сьпяшаўся некуды паўз парк iмя Горкага. Быў будзёны дзень, зiхоткi й чысты. У парку бязьлюдна. Ажно зьнянацку мяне паспрабавала перастрэць сiвая цыганка. Каб хутчэй адчапiцца, я падкрэсьлена пачаў гаварыць на мове, спадзеючыся, што яна зьбянтэжыцца. Яна ж усьлед адказала мне таксама па-беларуску. Я зьнiякавеў i аддаў сваю далонь у яе сухiя брунатныя пальцы. «У мяне няма грошай», — цi то сказаў, цi то падумаў. «Я ведаю...» — нiбы адказала яна. Але ўсё ж паваражыла, трапна прадказаўшы мне пару маiх блiжэйшых гадоў. Я пайшоў шчасьлiвы. Ад таго, што здолеў пераадолець страх. Ад таго, што ўпершыню празь беларускасьць убачыў сваю будучыню.
Цыганы й сёньня, асаблiва далей ад вялiкiх гарадоў, захавалi нашую мову. Чаму? Бадай таму, што яны не падпадалi саветызацыi, а таму заўсёды мелi гонар жыць i казаць гэтак, як хочацца. Яны ня ймкнулiся пазбыцца свайго, а таму й сваю беларушчыну ўспрымалi натуральна, не чытаючы нi газэтаў, нi кнiг. А яшчэ таму, што заўсёды жылi купiнамi, не зважаючы на лад, на ўладу, на мяшчанскiя прымхi.
Беларуская мова вось ужо колькi дзясяткаў гадоў iснуе менавiта як нiзка купiнаў сярод iнакшага, не свайго сьвету. Большая цi меншая, гэта не iстотна. Яна можа звацца творчым саюзам, музэем, рэдакцыяй, але перадусiм яна йснуе аўтаномна. Выйсьце за межы аўтаномii азначае пераключэньне моўнага тумблера. Беларускi пiсьменьнiк ушчувае ўнучка: «Не надо тебе этой игрушки, я тебе и так понакупил». Вяртаецца да стала i пiша для чыiхсьцi дзяцей. Па-беларуску. Вядомы выпадак? Альбо мастакi ў майстэрнях: усе суседзi свае людзi, тут i ёсьць наша беларушчына. Выйшаў у краму па батон: «чигирик-чигирик». Боязь быць незразуметым? Цi нежаданьне падацца няветлiвым? Чаго папрасiць, кАВЫ цi кОФА? Непрыемна, сорамна за самога сябе, за свой сорам. Падняўся на колькi прыступак назад, i ты зноў носьбiт мовы. Усё на месцах. Пара-тройка сяброў. Любiмыя касэты, кнiгi, любiмая газэта. Але ж трэба йзноў iсьцi ў гэты нязносны, апанаваны чужымi горад. Быў бы цыганом, дык сыйшоў бы адсюль наогул.
Такiя спробы сыйсьцi былi. Пасесьцi гуртом дзе ў Заслаўi, на летнiках вакол Менску, цi аж пад Блакiтныя азёры. Нехта спрабаваў усё пачаць па-новаму ў Навагарадку, iншыя — у Залесьсi (Забродзьдзi, Завосьсi, Загародзьдзi). Каб не дваiцца, не змагацца, не... паддавацца. Вось тут цiха, усе свае. «А паветра, паветра якое!» Папрыжылiся... А аднае з добрых ранiцаў пачуеш: «Доброе утро! И в самом деле, хорошо тут у вас!» Быў бы цыганом, цябе б абмiналi.
Самае цяжкое — стаць ня гэткiм, як быў учора. Я здолеў нешта ў сябе змагчы, толькi калi пакiнуў школу. Паступiў у вучэльню — нiбы ўсё новае, нiбы новы й я. Каб не зьбiвацца з тропу, пятнаццацiгадовым, прыпальваў сабе далонь запалкаю. Пакуль будзе балець — не саступлю. Але вось жа насустрач — былыя аднакашнiкi: «Ты чё Серёга, в натуре? Или ты для прикола? Ну, ты маньяк!..» Быў бы цыганом — вышчарыў бы зубы, а то й пугаю...
Пасьля саветаў, калi мова пачала нешта важыць, яна, нiбы вада ў паводку, выйшла зь берагоў, шырока разьлiлася там, дзе й цяжка было ўявiць — па габiнэтах, па пляцах, па трыбунах. Вада аднак жа спала. Мова ўвайшла ў сваё звычнае, абвалаванае рэчышча.
... Каб запрудзiць, разьлiць шырока ваду, часам хапае аднаго камля, уваленага ўвадначасьсе ўпоперак плынi гуртом руплiвых баброў.
Калi хоць бы ў адзiн дзень, разам, не сказаць нiводнага чужога слова, можа спынiлася б звычная плынь, разьлiлася б шырэй?
Цi сыйсьцi са СВАIМI за небакрай, усьмiхаючыся, гледзячы, як ЧУЖЫЯ адганяюць ад нас сваiх дзяцей?.. Каб не пабачыць, як, нiбы пасьля таго цыганскага табару на вулiцу Пулiхава, на нашыя сьляды ляжа бэтон".
(Сяргей Шупа: ) "Чаму беларускiя адраджэнцы ў побыце, як правiла, гавораць па-расейску?
Вiнцук Вячорка:
- Беларускiя адраджэнцы ў побыце гавораць па-беларуску. Што да тых, якiя не гавораць, тыя не адраджэнцы.
Вiктар Iвашкевiч:
- Таму што хочуць мiра, а не вайны. Бо iнакш у сям'i трэба ваяваць з жонкай, якая выходзiла замуж не за нацыяналiста, а за звычайнага, нармальнага чалавека. Гэта потым ён стаў нацыяналiстам. I калi хто прыходзiць дахаты i кажа: усё, гаварыць буду па-беларуску, - гэта сустракае адтаржэньне. На працы - тое самае, сярод сяброў - тое самае. Яшчэ бывае ў
грамадзкiм транспарце, у краме... Хаця, з другога боку, хочацца ж набыць канкрэтны прадукт, а не ўстрайваць дыскусiю на прадмет - што такое локшыны. I таму застаецца толькi махаць сьцягамi i крычаць "Жыве Беларусь!" у канкрэтна вызначаныя днi.
Iгар Бабкоў:
- Я ня ведаю такiх фактаў. Тыя людзi, якiх я ведаю, яны якраз у побыце гавораць па-беларуску. Мы можам знайсьцi такiя рэчы, як размовы па-расейску, але я асабiста стаўлюся да гэтага без фанатызму. Я не ўспрымаю гэта як факт, якi б сьведчыў пра маральныя недахопы. Звычайна гэта традыцыя, якая склалася ў канкрэтных абставiнах або ў вынiку няведаньня мовы.
Iгар Гермянчук:
- Таму што, вiдаць, у сям'i астатнiя члены сям'i гавораць па-расейску. Iншая рэч, што можна пераламiць гэтую сытуацыю, калi, дапусьцiм, муж або жонка будуць прынцыпова да гэтага пытаньня ставiцца. Я думаю, што другi член сям'i зразумее i будзе беларускамоўная сям'я.
- А праца, сябры...
- Тут таксама, калi сябры рускамоўныя... Калi я, дапусьцiм, гавару са сваiм родным братам, рускамоўным, я зь iм гавару па-руску. Я тут асаблiвай праблемы ня бачу.
Вячаслаў Сiўчык:
- Гэта няпраўда. Беларускiя адраджэнцы гавораць па-беларуску, калi яны беларускiя адраджэнцы. Я па сваiх знаёмых, тых людзях, якiя здаўна гэтым займаюцца, ведаю, што працэнт людзей, якiя размаўляюць не па-беларуску ў побыце, дастаткова маленькi.
Мусiць гэта якраз наадварот, тыя людзi, якiя нядаўна прыйшлi. У iх ёсьць чыста псыхалягiчная праблема. Таму што чалавеку дастаткова цяжка адразу зрабiць усё дакладна i правiльна. Ёсьць, вядома, такiя выпадкi, калi людзi, якiя дэкляруюць вернасьць беларускаму адраджэньню ўжо некалькi дзесяцiгодзьдзяў, у побыце карыстаюцца расейскай мовай. Але ж, наколькi я ведаю, гэта выключэньнi. Iншая справа, чым яшчэ адметны рэжым Аляксандра Лукашэнкi, тым, што нават людзям, якiя заўсёдна карысталiся беларускай мовай, у пэўныя пэрыяды пад цiскам прыходзiлася ня ў побыце, а для таго, каб захаваць сваю свабоду, пераходзiць на расейскую мову, каб ня быць арыштаванымi. Такiя выпадкi былi, у тым лiку i са мной.
Адам Глёбус:
- Я не лiчу, што ўсе гавораць па-расейску i што гэта правiла. Я думаю, што ўсё ж нельга так задаваць пытаньне. Я сябе таксама адношу да адраджэнцаў. Мы гаворым па-расейску, але ў
душы мы ўсё адно гаворым па-беларуску.
Зянон Пазьняк:
- Адраджэнцы ў побыце па-расейску не гавораць. Тут блытанiна ў пытаньнi".
(Сяргей Шупа: ) "Чаму, на Вашую думку, людзi, якiя ў прафэсiйным i грамадзкiм жыцьцi гавораць па-беларуску, - палiтыкi, пiсьменьнiкi i г.д. - вельмi часта ў побыце мовай не карыстаюцца?
Янка Брыль:
- Мне прыходзiлася спатыкацца з гэтым i на Беласточчыне, дзе мiж сабою спэцыялiсты гавораць i пiшуць па-беларуску, а дома iх хiлiць на польскую. I там быўшы, мне гэта заўсёды здавалася вельмi дзiўным, таксама як i нашыя гэтыя ненармальныя пераходы. Тут, чорт яго знае, iнэрцыя нейкая дурная.
Я ведаю, ня хочацца называць прозьвiшча, што адзiн харошы беларус, на жаль яго ўжо няма, скардзiўся мне, як ён прыйшоў зь дзiцячай экскурсiяй да аднаго вельмi паважанага
пiсьменьнiка на дачы, нагаварыўшы папярэдне дзецям пра яго ўсяго добрага, а той пачаў зь iмi гаварыць па-руску. I ён кажа, быў такi жах, такi правал, што я ня ведаў, куды мне ад дзяцей дзявацца.
Гэта iнэрцыя, нейкая такая бяздумная. Скажаш, а потым спахопiсься, а чаму гэта я сказаў не на роднай мове. Гэта адно з наступстваў асiмiляцыi, якая з двух бакоў на нас iдзе -
расейскай i польскай.
Уладзiмер Някляеў:
- Значыць, так лягчэй. Значыць, так у iх у сям'i наладжана. Пераважае нават ня руская мова, а мешанка нейкая. Размаўляюць як умеюць. Гэта асаблiвасьць нашага народа, якi да гэтае пары
нiяк ня звыкне да таго, каб стаць народам з усiмi атрыбутамi, якiя народ мае. Тут мы самi можам, вядома, паразважаць пра гэта, але без высiлкаў дзяржаўных, палiтычных, тут наўрад цi што-небудзь зьменiш.
Дзень Мовы - тут ёсьць нешта ад гульнi. Я асабiста нiколi нiкога не заклiкаю, маўляў, давайце, беларусы, гаварыць па-беларуску. Натуральна неяк павiнна адбывацца. Калi я са сцэны, з трыбуны размаўляю так як звык, з гэтага само сабою вынiкае... I хiба iх мала заклiкалi? Колькi я сябе памятаю, стаiць амаль што лямант: гiне, гiне, прападае. Гэта таксама мае i адмоўнае ўзьдзеяньне.
Генадзь Бураўкiн:
- Гэта вельмi няпростае пытаньне i, я думаю, на такое пытаньне кожны павiнен адказваць сам. Бо абагульняць вельмi цяжка. Я ведаю такiх людзей, у беларускасьцi якiх нi на хвiлiнку не сумняваюся, але часам бываюць такiя абставiны, што яны вымушаныя карыстацца расейскай мовай. А бывае й так, што блiзкiя й дарагiя для iх людзi карыстаюцца ў побыце расейскай мовай, ня ўмеюць гаварыць па-беларуску, i з павагi да гэтых людзей, людзi, якiх я ведаю, паўтараю, як абсалютна шчырых, адданых беларусаў, самi робяць выключэньне з сваiх паводзiн. Я б iх за гэта ня надта караў маральна.
- Але чаму з тае самае павагi найчасьцей беларус саступае, а не наадварот?
- Што зробiш, калi i ўлада, i атмасфэра грамадзкая, i мэнталiтэт беларускi спрыяюць гэтаму. Бясьсьледна цэлыя вякi не праходзяць. Бясьсьледна гэтая беспардонная русiфiкатарская
палiтыка, якая была пры савецкай уладзе i пышным цьветам расьцьвiтае цяпер, не праходзiць. Гэта вельмi непрыемная для беларусаў i Беларусi зьява. I калi я бачу, як у час сустрэчы зь пiсьменьнiкамi нават, калi на тэлебачаньне прыводзяць сваiх дзетак, а тыя ня ўмеюць па-беларуску гаварыць, мяне гэта i зьдзiўляе i нават, як беларуса, як пiсьменьнiка, абражае. Дзецi павiнны, хацяб з павагi да бацькоў i да той справы, якой займаюцца бацькi. Павiнны валодаць i павiнны карыстацца, паважаць гэтую мову.
- На Вашую думку, якая галоўная прычына гэтага?
- Галоўная прычына ў тым, што, на жаль, наш народ ня меў дзяржаўнасьцi нашай мовы вельмi доўга. А дзяржаўнасьць мовы вельмi моцна ўзтдзейнiчае на штодзённыя побытавыя звычкi й стэрэатыпы. Калi б у нас гэта было, калi б дзяржава з самага пачатку ўсюды паказвала, што яна беларуская, гэтага б не было. Але я веру, што ўсё роўна раз мова выжыла столькi вякоў цемрадзi i цiску, то яна не памрэ, але, на жаль, такога бытаваньня як бы мне хацелася, як бы вам хацелася, трэба пачакаць.
Прысутнасьць побач такой вялiзнай суседкi як Расея зь яе мовай, зь яе мэнталiтэтам iмпэрскасьцi, зь яе культурай, цiкавай i ў той жа час з абсалютна масавым шавiнiстычным настроем, бясьсьледна прайсьцi ня можа. Тым болей для беларусаў, людзей зь мяккiм мэнталiтэтам, мяккай душой, не ваяўнiчых, не агрэсiўных".
(Севярын Квяткоўскі: ) " Як ставяцца мiнакi на менскай вулiцы да iдэi Дня беларускай
мовы? З гэтым пытаньнем я выйшаў да рэчавага рынку "Дынама". Мой першы суразмоўца аказаўся адзiным у гэты дзень, хто паставiўся да Дня без чужога слова адмоўна. Што праўда, ён ня вылучыўся з агульнае плынi ўжо тым, што iмкнуўся адказваць па-беларуску:
- Ну як я стаўлюся? Кожны павiнен глядзець на свае перакананьнi. Я б не падтрымаў, бо я не беларус, а iўрыт тут не пашыраны. Я, напрыклад, за ангельскую мову - каб уся Беларусь загаварыла на ангельскай мове.
Наступнай маёй суразмоўцы - маладой кабеце iдэя адразу спадабалася:
- Я ў прынцыпе за. Так, я б магла паспрабаваць. Можа быць у мяне гэта трохi б карава атрымалася, але я б хацела, каб такi Дзень правёўся.
Два хлопцы-кантралёры на ўваходзе ў рынак выглядалi на навучэнцаў тэхнiкуму, якiя падпрацоўваюць у вольны час. Маё пытаньне iх крыху разьвесялiла, але, паразважаўшы, адзiн зь iх наважыўся на адказ:
- Падтрымаць, вядома, можна. Я нармальна да гэтага стаўлюся.
Але дзейнiчаць далей за маральную падтрымку хлопцы адмовiлiся. Сказалi, што могуць паспрабаваць размаўляць па-беларуску, але зусiм крыху. Падобны настрой я сустрэў у дзьвюх студэнтак:
- Я б падтрымала, чаму не. Мы проста вучымся на фiлфаку. Нам гэта блiзка, i мы гэта разумеем - што такое беларуская мова i ўсё астатняе. Лекцыi ў нас некаторыя чытаюцца на беларускай мове, напрыклад, ангельская лiтаратура.
Што да пэрспэктываў Дня беларускае мовы, студэнткi былi пэсымiсткамi. Яны лiчаць што наўрад цi падобная акцыя можа знайсьцi водгук у менчукоў:
- Я сама жыву ў Менску i бачу што адбываецца.
Каля пастарунку мiлiцыi на вулiцы Карла Маркса я сустрэў нядаўнюю студэнтку наргасу. Ейны адказ быў самы кароткi, але цi ня самы радыкальны:
- Трэба паспрабаваць правесьцi год беларускай мовы.
Прызнацца, мне хацелася сустрэць i радыкалаў зь iншага боку. Кажуць, у Менску ёсьць апантаныя расейскiя шавiнiсты, якiя ўспрымаюць беларускую мову надзвычай варожа. Але знайсьцi такiх не пашчасьцiла. Найчасьцей траплялiся або настроеныя патрыятычна, або пасыўныя прыхiльнiкi ўсходнеславянскага трыадзiнства, як, напрыклад, вось гэтая сямейная пара:
- З задавальненьнем падтрымалi б такую акцыю. Мы за беларускую мову, i таксама за рускую мову. Мы славяне. Таму ўкраiнцы, беларусы i рускiя - гэта адзiны народ. Пашыраць мову? Па-мойму, яна ў нас ёсьць, больш яе ня трэба. Хто хоча яе больш вывучаць, дык няхай i вывучае.
Побач з намi апынуўся яшчэ адзiн сталы спадар i таксама ўступiў у размову наконт Дня беларускае мовы:
- Я б падтрымаў, добрая iдэя. Я, прабачце, сам рускi, але ў роднай рэспублiцы павiнна быць родная мова.
На рагу побач з МакДональдс'ам стаяў задуменны чалавек. Ён нiкуды не сьпяшаўся, i з выгляду нiкога не чакаў, а папросту сузiраў плынь мiнакоў, што цекла ад выхаду з мэтро:
- Можна i падтрымаць. Але якая патрэба ў гэтым? Што гэта будзе? Цiкава, вядома, але, думаю, гэта нешта вельмi небывалае, цi што, цуд. Прывучыць трэба iншым шляхам. Гэта трэба дзяржаўная палiтыка, каб людзi ва ўстановах размаўлялi на нашай мове, але гэта пацiху трэба...
А вось дзесяцiгадовы хлопец, якi сядзеў побач на парэнчах падземнага пераходу, сказаў, што акцыю падтрымала б большая частка ягонае школьнае клясы, i што ўвогуле трэба было б перавесьцi навучаньне на беларускую мову.
- Я люблю беларускую мову.
Сьцьвярджальны настрой у адказах менчукоў увесь час перамяжоўваўся з сумневам i недаверам да ўласнага народу:
- Я ня супраць. Iдэя слушная такая, але наконт канцовай мэты - ня ведаю. Калi паглядзець на наш просты люд, то нiчога не атрымаецца. Тыповая беларуская зьява - усе нiбыта за, але,
калi што-небудзь будзе, усе схаваюцца.
Спадар з нашыўкай "Служба аховы" на камуфляжным бушлаце паведамiў мне, што калiсьцi аддаў свайго сына ў беларускую школу, але праз тры гады яе перавялi на расейскую мову:
- Падтрымаць можна, але цi ведае хто наогул беларускую мову? Наша пакаленьне вельмi мала вучылi па-беларуску: з пятага класа, i то - два раза ў тыдзень. Гэтага было недастаткова -
мы ня ведаем мовы.
Далей ахоўнiк распавёў, што цяпер ягоны сын ня ведае анi беларускай, анi расейскай мовы. За лета ў вёсцы дзецi пачынаюць размаўляць па-беларуску, а за зiму ў горадзе iзноў забываюцца. Тым ня менш...
- Паспрабаваць абавязкова трэба. - У сваёй краiне абавязаны гаварыць на сваёй мове i ведаць яе дасканала.
Падсумоўваючы, заўважу, што не сустрэў анiводнага чалавека, якi б застаўся абыякавым да iдэi Дня беларускай мовы. Адзiн дзень - гэта магчымасьць новай гiсторыi, магчымасьць зьмены прыватнага жыцьця кожнага беларуса. За апошнiя дзесяць гадоў беларуская мова ператварылася ў сымбаль свабоды. Але пакуль для большасьцi грамадзянаў стан свабоды застаецца элiтарным адчуваньнем, якое даступнае выбраным".