Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Залатое кальцо Беларусi".


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Ёсьць такое адчуваньне, што заяўленае ў Беларусi напачатку дзевяностых нацыянальнае адраджэньне не iдзе. Магчыма таму, што яно й ня можа iсьцi ў падпольлi. Бо такiя сфэры як сыстэма адукацыi, культурная спадчына, прырода, турызм выжываюць толькi як частка дзяржаўнай палiтыкi. Усё гэта ня можа функцыянаваць у апазыцыi. У апазыцыi можна стварыць лятучы унiвэрсытэт або выдаць кнiжку, але нельга адраджаць Культуру.

Да апошняга часу i дзяржава не зьвяртала на гэтыя сфэры нiякае ўвагi. Парадаксальным чынам адрынуўшы каштоўнасьць нацыянальнае культуры i спадчыны, загнаўшы лепшых спэцыялiстаў у апазыцыю, яна, дзяржава, апынулася сам-насам з каласальнымi
гуманiтарнымi рэсурсамi краiны. Прырода i спадчына Беларусi, ад савецкага часу не прынятыя ўладамi як найвялiкшая нацыянальная каштоўнасьць i пакiнутыя на волю лёсу, разбураюцца i прыходзяць у заняпад. Нават ня любячы ўсё гэта, ня ведаючы мэтафiзычнае каштоўнасьцi ўсяго гэтага, прагматычны розум ня можа не заўважыць на прыкладзе iншых краiнаў, што
нацыянальная спадчына -- гэта залатая даходнаю жыла. За савецкiм часам абыякавае да беларушчыны i культуры чынавенства ня надта цiкавiлася i матэрыяльным бокам справы. Бо адкрыта, на вачах ва ўсiх разжыцца не выпадала. Сёньня ж тыя самыя па сутнасьцi сваёй чыноўнiкi, якiя сканцэнтравалi ў руках усю ўладу i ўсё багацьце краiны, пачынаюць рузумець, што цяпер нiхто iх за руку ня схопiць. Яны будуць выпампоўваць грошы зь Беларусi, яе прыроды, яе спадчыны, нават зь яе мовы прагматычна i бяздушна як з чагосьцi кiнутага (i сапраўды ж кiнутае!), зусiм ня дбаючы пра наступствы, пра будучыню, пра зьмест. Нездарма нават назву свайму праекту яны ўзялi "Залатое кальцо Беларусi" -- што цалкам упiсваецца ў iхнае разуменьне нашай краiны як нечага другаснага, як расейскай правiнцыi. Iх
беспардоннасьць у стаўленьнi да нашых сьвятыняў можа абураць, але найперш мы мусiм ведаць усе дэталi гэтага заяўленага на заўтра доўгатэрмiновага злачынства.

Дакумэнты "Залатога кальца", народжаныя ў нэтрах лукашэнкаўскае вэртыкалi, днямi сталi даступныя Сяргею Харэўскаму i мы зь iм вырашылi прысьвяцiць гэтай тэме сёньняшнi выпуск "Вострае Брамы".

(Сяргей Харэўскі: ) "Гэты праект прыцягнуў маю ўвагу з трох прычынаў. Па-першае, ён
сапраўды глябальны i мусiць ахапiць усю тэрыторыю краiны. Яго iдэя -- стварэньне свабоднай эканамiчнай зоны з уключэньнем у яе прыродаахоўных i гiсторыка-культурных тэрыторыяў з помнiкамi прыроды, архiтэктуры i гiсторыi. Iдэя ня новая, але ўпершыню яна прапануецца як суцэльны комплекс з асаблiвым рэжымам гаспадараньня ў агульнанацыянальным маштабе.

Па-другое, праект нараджаўся ў сакрэтнасьцi яшчэ ў 1996 годзе, i да сёньня пра яго мала хто ведае што-небудзь пэўнае. Летась у сакавiку на традыцыйных "Браслаўскiх чытаньнях", якiя
зьбiраюць гумантарыяў зь Беларусi, Лiтвы, Польшчы й Расеi, нечакана для ўсiх выйшаў дакладчык i з аплёмбам далажыў пра неаслабную рупнасьць адмiнiстрацыi Лукашэнкi аб ахове помнiкаў i прыроды Беларусi. На рукi слухачам была перададзена пульхная тэчка са здымкам сям'i жыбракоў ХIХ стагодзьдзя i залачоным подпiсам сынадальнага шрыфту "Золотое кольцо Беларуси". Ненадоўга зьнямелая публiка задала дакладчыку некалькi пытаньняў: "Як рыхтаваўся гэты праект?", "Хто будзе даваць дазвол на адчужэньне тэрыторыяў i помнiкаў?" i "Каму будзе падначаленая гэтая "свабодная зона"?" Дакладчык адказаў ня даў. Затое на сьцiплую заўвагу, што праект нават у такiм чарнавым выглядзе груба парушае заканадаўства, ён заўважыў: "Гэта дэталi. Спатрэбiцца -- прымем закон!" Большага нiхто пра гэты таемны праект ня чуў...

Нарэшце, па-трэцяе, сам факт спробы ацанiць маштабы i стан нацыянальнае спадчыны, так бы мовiць, акiнуць гаспадарскiм вокам -- зусiм новая рэальнасьць. Аўтарытарны рэжым дбае пра
сваё выжываньне i iмкнецца знайсьцi новыя крынiцы фiнансаў, задзейнiчаць некранутыя рэзэрвы. Праект новай "зоны", з аднаго боку, мусiць вызначыць геапалiтычнае месца Беларусi, а з другога -- абаперцiся на ўласна нацыянальныя рэсурсы.

Я не надаў тады гэтаму здарэньню ў Браславе вялiкае ўвагi, але празь нейкi час на маiм стале зьявiлiся дакумэнты, якiя пралiлi крыху больш сьвятла на гэтую справу. Адныя зь iх патрапiлi ў мае рукi ажно зь Пецярбургу, другiя -- ад старых знаёмых з МЗС. Лiшне казаць, што тыя, хто даваў мне гэтыя паперы, прасiлi ня згадваць iхныя прозьвiшчы. Пакрысе справа
"Залатога кальца" набыла iншы ракурс, зусiм далёкi ад таго, як гэта было пададзена дакладчыкам на "Браслаўскiх чытаньнях"...

Падрыхтоўка першага мiнi-праекту "Залатога кальца Беларусi" распачалася ў лiстападзе 1996 году за горшы Арганiзацыi Аб'яднаных Нацыяў у межах прагамы "Садзеяньня
сацыяльна-эканамiчнаму разьвiцьцю Рэспублiкi Беларусь у пераходны пэрыяд", i была даручана творчай майстэрнi Чадовiча. Аляксандар Чадовiч прыехаў у Беларусь з Курганскае вобласьцi. Яшчэ не атрымаўшы адукацыi, ён з 1980 году ўжо быў галоўным iнжынэрам праектаў у iнстытуце "Менскпраект", а з 90-га кiруе пэрсанальнай творчай майстэрняй.

На тры месяцы для падрыхтоўкi прапановаў было выдаткавана 25 тысячаў даляраў на 17 чалавек кансультантаў. Пад дакумэнтамi стаяць подпiсы намесьнiка мiнiстра эканомiкi Зайчанкi, кiраўнiка праекту ПРААН Даўгавечнага i мэнэджэра майстэрнi Чадовiча Прыбыля. У прэамбуле чытаем:

"... Из общего количества памятников истории и культуры, представляющих интераес для туристско-экскурсионного показа (около 11 тысяч), используется около 5%. Значительное число памятников не реставрировано, к ним отсутствуют подъездные пути, их территории неблагоустроены".

Мэты праекту гучалi высакародна. Яны, як дэкляруецца, накiраваныя "... на возрождение национальной культуры, историко-культурного наследия; на более полное и эффективное
использование природных комплексов...; на развитие туризма; на выпуск экологически чистых продуктов..." i гэтак далей. Ну што тут кепскага мог угледзець Сталы Прадстаўнiк ААН у Беларусi спадар Крал, якi даў згоду Мiнiстэрству эканомiкi на гэты кантракт i на прызначэньне кiраўнiком нейкага Парфiяновiча?

Але ўжо Парфiяновiч на гэтым не спынiўся. Праз тыдзень на стол Дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекi Шэймана лёг дакумэнт на блянку нейкае "Беларускае Маладзёжнае Палаты": "Золотое кольцо Беларуси":

"Глубокоуважаемый Виктор Владимирович! Прошу Вас рассмотреть предложение о создании при Совете Безопасности Республики Беларусь координационного Совета (Департамента) по проблемам сохранения и рационального использования историко-культурного и природного наследия Республики Беларусь (далее Совет). Необходимость такого Совета диктуется также всевозможными фальсифиациями истории белорусского народа, республики, которая в настоящее время приобретает черты независимого европейского государства. Руководствуясь (...) личной гражданской позицией, полагаю своевременным создание органа,
способного консолидировать интеллектуальный и духовный потенциал Республики Беларусь по достижению следующих целей и задач: (...)

3. Осуществление контроля за ведущимися и планируемыми программами, мероприятиями, направленными на использование природно-биологической среды, памятников истории, культуры, науки, традиций народа Республики Беларусь; (...)

7. Освоение и сохранение аутентичных форм фольклора;

8. Возрождение и развитие народных промыслов и ремёсел;

9. Формирование здоровых моральных ценностей, идеалов и традиций белорусов...

... создание предлагаемого Совета будет крайне необходимым и важным в успешной реализации данного проекта.

Приложения на 5 листах: 1. Проект Указа Президента Республики Беларусь, 2. Проект положения о Совете и 3. Копия письма Министерства культуры в адрес Министерства внешних экономических связей. С глубоким уважением..."

Неўзабаве Парфiяновiч ужо ня просiць, а даводзiць да ведама Вiцебскага аблвыканкаму пра ўключэньне ў праект "Золотое кольцо" дэмiлiтарызаваных аб'ектаў на тэрыторыi Вiцебскай
вобласьцi:

"... в результате проведённых исследований... считать целесообразным и возможным включение бывшей авиационной базы "Журжево" -- г. Витебск, военных городков "Костени",
"Тешелово", "5-й городок" -- Поставский район, "Плисса"-- Глубокский район... в число объектов СЭЗ "Золотое кольцо Беларуси".

Да кожнага аб'екту дадаюцца кароткiя тлумачэньнi -- што яны сабою ўяўляюць. Але што да базы "Журжава", то ёсьць нарэшце, i красамоўнае самавыкрыцьцё:

"... коллектив разработчиков СЭЗ "Золотое кольцо Беларуси" обратил внимание на следующие... возможности объекта: 1) Транзит грузов с фруктами через Витебск по маршруту Южная Америка -- порт Санкт-Петербурга -- Витебск -- центральные районы России нуждается в обработке груза, а именно: таможенная обработка груза, перепаковка, расфасовка, и т.д. Пример тому -- коммерческое предложение от российской компании
"МКМ", общий объем поставок которой, по вышеуказанному маршруту, составил за 1996 г. -- 150 млн. долларов США".

Цiкава, навошта вазiць садавiну з Расеi на мытню ў Беларусь i назад у Расею? Цi хто чуў, што за мiнулы год, як высьвятляецца, толькi адна расейская фiрма пракруцiла празь Вiцебск 150 млн. даляраў! А колькi праварочана гэткiх апэрацыяў сёлета? Сапраўды, праект Парфiяновiча можа апынуцца "залатым" без усялякiх мэтафараў. Натуральна, толькi на карысьць народу! Вось ужо i чуваць ягоны глас:

"Кроме того, к нам поступила копия письма от Витебской городской организации ветеранов локальных войн, адресованное ряду министерств и ведомств, с инициативой создания свободной экономической зоны на базе военного городка "Журжево", на правах правопреемника ветеранских организаций авиагарнизона "Журжево".

Летась у сакавiку мiнi-праект для Праграмы Разьвiцьця ААН быў гатовы. У iм -- даўжэзны й непiсьменны пералiк помнiкаў гiсторыi й дойлiдзтва. Чэрыкаў названы "Черниковым", Iшкальдзь -- "Ишкольцами" i гэтак па тэксьце далей. Да "праекту" дадаюцца прэамбула, накiды пастановаў i ўказаў, варыянты назвы свабоднай эканамiчнай зоны: "Золотое кольцо Беларуси,
Белорусский меридиан, Белорусский экватор, Белорусский треугольник (дарма што не Бэрмудзкi), Альба-Руссия, Белая Русь, Вайс Руссен (як гучыць!), Из варяг в греки, i нарэшце
Альба Ротсман (от старонемецкого "вясьляр, гребец" -- морской человек)". Усё толькi за 25 тысячаў даляраў!

Зусiм нядаўна я дазнаўся, што ў саноўных калiдорах Парфiяновiча не ўспрымаюць усур'ёз i пацiскаюць плячыма: "Адкуль ён узяўся?" Мiж тым, увесь апошнi год усе мiнiстэрствы
Беларусi разам з Кiраўнiцтвам справамi Лукашэнкi паглыблялi й разьвiвалi праект. У вынiку гэтага сьпiс тэрыторыяў i аб'ектаў, асуджаных на адчужэньне на карысьць новае зоны
iстотна павялiчыўся. Сёньня, апроч узятых наўздагад помнiкаў па ўсёй Беларусi, у iм ужо фiгуруюць усе помнiкi i ахоўныя тэрыторыi Менску, Бярэзiнскi запаведнiк, цэлыя групы азёраў, заказьнiкаў, паркаў. Звыш таго, уключаюцца агулам вайсковыя базы "расположенные в Поставском, Гродненском, Глубокским и других районах". Вы мяркуеце, што ўжо досыць? Не! Падлучаюцца 7 гiдраэлектрастанцыяў, вузкакалейных дарог, уся фiрма "Беларуськурорт", аб'яднаньне "Белтурыст", "Мiжкалгасздраўнiца" i -- сьцiпла -- "другие объекты
хозяйствования"... Хто ж гэтым усiм будзе распараджацца?

Зьвернемся да "Концепции функционирования СЭЗ -- сферы благоприятной экономической деятельности (СБЭД) "Золотое кольцо Беларуси", толькi нядаўна завершанай:

"Администрация специальной зоны -- СБЭД является распорядителем и владельцем от имени государства (!) соответствующих объектов культуры, памятников истории, природы..."

Калi просьба Парфiяновiча аб падначаленьнi гэтай зоны ведамству Шэймана будзе задаволеная, няцяжка здагадацца, хто будзе адзiным у краiне гаспадаром усёй спадчыны Беларусi. Чытаем далей:

"Администрация зоны является полномочным представителем государства, с которым имеют отношения все инвесторы по всем вопросам деятельности..."

Для кiраваньня гэткай глябальнай "зонай" спатрэбiцца не адзiн легiён апаратчыкаў. За якi кошт яны будуць iснаваць? Чытаем задачы, параграф 1, пункт б): "Легализация национального
капитала, вкладываемого в соответствующие отрасли производства": "Первоначальные расходы для открытия и становления Сферы Благоприятной Экономической Деятельности
берёт на себя Администрация зоны". Пра культуру, мастацтва, помнiкi таксама не забылiся:

"... через прямую систему финансирования... преодолевается царящяя до сих пор обезличенная система финансирования объектов культуры и природы, что несомненно, сдерживает присущее славянству меценатство в области искусства, науки, культуры..."

Найбольш складанай i "фундамэнтальнай" праблемаю для пражэкцёраў уяўляецца наступная:

"... отсутствие какого то ни было стабилизатора страны в виде традиций, института монархии, правящей элиты и т. п. История, культура, идеология и т.п. пишутся как бы с "чистого листа".

Як жа iм, бедым, патрапiць у гэты струмень невядома яшчэ якой iдэалёгii, iзноў перапiсаць гiсторыю i як-небудзь усё стабiлiзаваць, каб спакойна гойсаць па нашых пушчах i баляваць у нашых замках за кошт "легалiзаванага" свайго капiталу?...

Калi ў іх усё атрымаецца, дык у новым годзе сотнi цэркваў i касьцёлаў, замкi i палацы, музэi i паркi, лясы i азёры будуць ужо ня НАШЫЯ а IХНЫЯ. Яны самi будуць вырашаць лёс музэяў у Строчыцах i ў Ракуцёўшчыне, касьцёлаў у Нясьвiжы й Наваградку, замкаў у Крэве i Гораднi i нават лёс бярэзiнскiх баброў... Як бы далей нi разьвiвалася сытуацыя ў краiне, "зона" разам са сваiм тайным бюджэтам, чыгункамi, аэрадромамi, сувязьзю й энэргетычным комплексам ператвараецца ў суцэльную крэпасьць, за мурамi якое будуць дзейнiчаць свае законы. Сытуацыя можа стаць катастрафiчнаю, калi на гэта ўсё й сапраўды паквапяцца iнвэстары, ведаць якiх будуць толькi ў кабiнэтах Адмiнiстрацыi. Па-першае, як i ўсе часовыя людзi, якiя
адчуваюць злачыннасьць сваiх учынкаў, яны будуць iмкнуцца выцiснуць з нашае зямлi па-максiмуму, а гэта азначае, што прэс на прыроду i гiстарычнае асяродзьдзе ўзрасьце шматкроць. З-за закрытасьцi "зоны" пра рэальны стан рэчаў будуць у краiне ведаць адзiнкi. Пра незалежны кантроль на гэтых тэрыторыях нават няма гаворкi. Па-другое, калi вернецца ў Беларусь канстытуцыйны парадак, тыя сотнi, магчыма тысячы новасьпечаных суб'ектаў гаспадараньня ў "зоне" застануцца... Пры спробе ўнармаваць iхную дзейнасьць канфлiкт непазьбежны. Прычым у маштабе краiны глябальная праблема справакуе менавiта
глябальны канфлiкт, выбiрацца зь якога нам або нават нашым дзецям давядзецца не адзiн год..."

(Сяргей Дубавец: ) Сяргею Харэўскаму патрапiлi ў рукi дакумэнты з плянамi сёньняшнiх гаспадароў краiны.

Праект "Залатога кальца" нагадаў мне "абшчак" у крымiнальнiкаў. Банда зьбiрае на стол у каго што ёсьць. А тыя, хто ня банда, усе астатнiя, застаюцца заложнiкамi гэтых дбайцаў пра спадчыну i культуру. Драма ж у тым, што iхны "абшчак" -- гэта наша краiна, Беларусь.

Зрэшты, у Беларусi i раней iснавала нямала таемных праектаў, пра большасьць зь якiх беларусы гэтак i не дазналiся. Як было, напрыклад, з праектам Балтыйска-Чарнаморскага канала пры Хрушчове, калi плянавалася пусьцiць пад ваду 15 нашых раёнаў, злучыўшы Нёман з басэйнам Дняпра. Стаялi б мы сёньня на ўзьбярэжжы ў Менску i праводзiлi позiркам акiянскiя ляйнэры! Ня сталася... Але нiкуды не падзелiся тыя людзi, якiя запраста
гатовыя былi каторы раз панявечыць наш край. Сёньня ўжо паднялi галаву iхныя нашчадкi.

Шчыра кажучы, ня толькi i ня столькi сакрэтнасьць кранае за жывое ў гэтых пражэктах. Кранае тое, якая ж каша ў галовах у людзей, што захапiлi пасад Беларусi. Iм бы яшчэ паболей
мэцэнацтва, так уласьцiвага для славянаў, iм бы яшчэ якую-небудзь манархiю. Ды праўда галоўнае i ня гэта. Галоўнае, што вялiкая колькасьць насельнiкаў краiны без ваганьняў
ухвалiла б любыя самыя анальфабэтычныя захады папулiсцкае ўлады. Сказалi б: ну i правiльна, даўно нада была этат, как яго, Чэрыкаў цi Чэрнiкаў -- таго. Бо ўрэшце мала хто ведае, дзе той
гарадок i чым ён цiкавы. А калi памылкова i прыхопяць "Залатым кальцом" адно мястэчка замест другога, дык такой бяды. Мястэчак у нас шмат i падобныя яны як блiзьняты.

Неяк у перадачы я згадаў, што рэдакцыю "Нашай Нiвы" тэрарызуюць жанчынкi з Саюздруку. Маўляў, у газэце загаловак трэба ставiць на самым версе старонкi, iначай кiяскёркам
нязручна раскладаць. Усе газэты ставяць уверсе i толькi "Наша Нiва" выпендрываецца. Дык вось днямi ў мяне адбылася яшчэ адна такая размова, спадзяюся, апошняя. Жанчынка то ўпрошвала, то крычала ў слухаўку пагрозы. Ну чаму, маўляў, ваша газэта адзiная не такая, як усе? Быццам быць як усе -- гэта плюс для газэты. Я нарэшце ня вытрываў i спытаўся ў яе: а
чаму, на вашу думку, наша краiна не такая як усе? Чаму толькi ў ёй паўстаюць такiя праблемы? Я адмыслова цiкавiўся i ў Польшчы, i ў Лiтве, i нават у Расеi -- паўсюль газэты ставяць
загаловак дзе хочуць, у поўнай згодзе са сваiм разуменьнем эстэтыкi. I толькi ў Беларусi магчымае такое ўсенароднае iмкненьне да казармавае унiфiкацыi. Кабетка на тым баку
ўздыхнула глыбока i сказала: Знаеце, мы так як яны жыць яшчэ доўга ня будзем. Тут ужо, на вялiкую маю шкоду, я мусiў уздыхнуць у адказ i пагадзiцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG